Маларытчына, Аршаншчына, Бераставіччына...

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г


/i/content/pi/cult/552/12047/10-2.jpgМаларытчына / Узяць у рукі кнігу…

Сення людзі сталі менш чытаць. Прычыны для таго — розныя, але ўсе маюць права на існаванне. Аднак, перш чым адмаўляцца ад кніг, зазірнем у бібліятэкі Маларыцкага раёна.

Бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва займаецца 21 бібліятэка: цэнтральная раённая, дзіцячая, 16 сельскіх (9 — у аграгарадках), 2 сельскія бібліятэкі-клубы, перасоўная бібліятэка-філіял (бібліобус). Агульны фонд — больш за 256 тысяч асобнікаў, а наведваюць бібліятэкі звыш 12 тысяч чалавек у год. Сення ж установы сталі не толькі месцам чытання і зносін, але і цэнтрам прыцягнення захопленых і дапытлівых людзей: мясцовых літаратараў, рукадзельніц, майстроў прыкладнога мастацтва. Тут падтрымліваюць любыя творчыя пачынанні і прапановы ўсіх груп насельніцтва.

Адна з эфектыўных форм работы з чытачамі і арганізацыі іх вольнага часу — створаныя пры бібліятэках аматарскія аб’яднанні: клубы па інтарэсах, літаратурна-паэтычныя группы. Іх — паўтара дзясятка.

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма прадстаўлена сайтам (maloritalib.by), дзе наведвальнікам даступна інфармацыя па новых паступленнях у фонды, па мерапрыемствах, якія праводзяць бібліятэкі. Колькасць віртуальных наведванняў, у параўнанні з мінулым годам, павялічылася ўтрая.

Для людзей з праблемамі зроку раённая бібліятэка прапануе рабочае месца з партатыўным электронным відэапавелічальнікам, камп’ютарам з выхадам у Сеціва і спецыяльнымі праграмамі “Павелічэнне”, “Агучванне” (закупленымі ў 2012 годзе). У фондзе РЦБС — 64 адзінкі аўдыявізуальных дакументаў.

Бібліятэкі раёна бяруць удзел у шматлікіх мерапрыемствах і атрымліваюць узнагароды. Так, па выніках XXIII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, Лукаўская сельская бібліятэка (бібліятэкар Ларыса Анішчук) стала пераможцам у намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”.

Дык ці патрэбна сёння бібліятэка? Меркаванне пенсіянеркі, актыўнай чытачкі Маларыцкай раённай бібліятэкі Вольгі Шахавай:

— Маладыя людзі запампоўваюць неабходную літаратуру з камп’ютара. Але ў многіх іншых такой тэхнікі няма, і не прадбачыцца... Ды і, мабыць, позна яе асвойваць… І вось што хачу сказаць: калі бярэш у рукі звычайную “жывую” кнігу, адчуваеш цяпло старонак… Не, нават у самай глухой вёсцы патрэбна бібліятэка. Яшчэ і таму, што яна месца сустрэч ды стасункаў.

А вось меркаванне вучаніцы 10 класа Маларыцкай гімназіі Кацярыны Сілюк:

— Камп’ютар, безумоўна, — гіганцкая дапамога ў вучобе, сродак адпачынку, чытання. Але кніга — гэта не толькі праца пісьменніка, гэта і клопат ілюстратара, выдаўца. Гэта твор мастацтва, які можна пагартаць, патрымаць у руках. Электронныя бібліятэкі, несумненна, зручныя, хуткія, не трэба купляць дарагую кнігу, калі табе проста хочацца яе прачытаць, але… Гэта ўсё адно, што пагуляць па віртуальным лесе і палюбавацца сонейкам на маніторы.

— Я лічу, што сёння бібліятэка патрэбна і для горада, і для вескі, — мяркуе Наталля Кузьміцкая, дырэктар Маларыцкай ЦБС. — Гэта адзіная ўстанова культуры, дзе можна бясплатна ўзяць кнігу і прачытаць яе. Бібліятэка не проста сховішча — тут пануе асаблівая атмасфера ведаў і мудрасці. Бібліятэка ідзе ў нагу з часам. У работу ўкараняюцца новыя тэхналогіі. Мы ствараем электронны каталог, які будзе выстаўлены на нашым сайце. Наша база даных, напрыклад, “Вялікая Айчынная вайна”, складаецца з 12 электронных прадуктаў, большасць з якіх можна лічыць самастойнымі. Алічбавана каля 100 артыкулаў перыёдыкі, раздзелаў кніг, гісторыка-дакументальнай хронікі Маларыччыны, мемуараў, успамінаў, ваенных хронік... Ствараем базы аб вёсках раёна, першая — “Вёска Лукава”. Плануецца стварыць такія базы па ўсіх аграгарадках.

Галіна КУЧЫНА, загагадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай ЦБС


Барань / Пераможцы і прызёры

Навучэнцы фартэпіяннага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў № 3 Барані сталі пераможцамі і прызёрамі VII рэгіянальнага фестывалю дзіцячай творчасці "Славянскі карагод-2015", які адбыўся ў Горках.

"Славянскі карагод" — гэта адкрытая пляцоўка для юных талентаў з Беларусі і Расіі. У склад журы ўвайшлі вядучыя выкладчыкі Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.А. Рымскага-Корсакава і Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў.

З 54-х удзельнікаў інструментальнага кірунку далёка не кожнаму дасталося прызавое месца. Нягледзячы на такую канкурэнцыю, дыплом першай ступені атрымаў наш фартэпіянны ансамбль "Квінтолька": Мар’яна Лесніна і Таццяна Ізмайлава; дыпломамі адзначаны і выступленні Паліны Пастаногавай, Антаніны Панчук, Сафіі Андросавай.

Наталля ЛАТЫШАВА, настаўнік Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 горада Барані

 

Вялікая Бераставіца / На роднай мове

“Каго любіш?" — "Люблю Беларусь!" — "Дык узаемна!” — пра гэты знакаміты дэвіз паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ўзгадаў васьмікласнікам Вялікабераставіцкай СШ вядомы беларускі пісьменнік і даследчык айчыннай гісторыі Анатоль Бутэвіч падчас сустрэчы ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага.

Анатоль Іванавіч падкрэсліў, што трэба любіць і шанаваць Радзіму, ведаць гісторыю сваёй краіны і ні ў якім разе не саромецца беларускай мовы. Гэта, дарэчы, адна з ідэй, якую прапагандуюць і даносяць да розуму і сэрцаў людзей удзельнікі Беларускай рэспубліканскай культурна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў”, якая штогод ладзіцца напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Анатоль Бутэвіч — яе ўдзельнік, таксама як і паэт Міхась Башлакоў, і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Сваімі думкамі наконт захавання еднасці хрысціянскіх асноў і духоўных каштоўнасцяў, якія павінны сёння выхоўваць мастацтва і літаратура, госці падзяліліся з бераставіцкімі юнымі чытачамі.

Распачаў сустрэчу Міхась Башлакоў. Ён распавёў пра сваю творчасць, а потым прачытаў некалькі ўласных вершаў. Прычым, у аўтарскім выкананні яны прагучалі асабліва шчымліва і пранізліва, арганічна. Пачуць гэта, згадзіцеся, дарагога каштуе.

Анатоль Бутэвіч расказаў пра адну з загадак праваслаўнага хрысціянства: Дабрадатны агонь ад Труны Гасподняй, які цудоўным чынам з’яўляецца напярэдадні Уваскрэсення Хрыстова. Цяпер, у адрозненні ад былых часоў, за яго з’яўленнем могуць сачыць не толькі паломнікі, якія знаходзяцца ў храме Уваскрэсення Хрыстова ў Ерусаліме, але і тэлегледачы ва ўсім свеце.

Гаворка ішла і пра Радзівілаў.

— На жаль, яшчэ можна сустрэць крытычныя адносіны да гэтага роду, маўляў, навошта іх гераізаваць, яны — прыгнятальнікі народа, — падкрэсліў Анатоль Іванавіч. — Аднак гэта той са шматлікіх родаў, які для нашай зямлі зрабіў вельмі і вельмі шмат. Яны і будавалі, і кніжкі выдавалі, і карціны збіралі — усё дзеля беларускай зямлі, дзеля беларускіх людзей, дзеля іх узвышэння. І, скажам, тая ж Магдалена Радзівіл спрыяла таму, каб выйшла адзіная кніжачка Максіма Багдановіча “Вянок”. Яна дала на гэта свае грошы. І выдаткоўвала сродкі на іншыя карысныя справы. Радзівілы стваралі тэатры, фундавалі вытворчасць слуцкіх паясоў, арганізавалі знакамітую Смаргонскую акадэмію…

Святлана ГАНЧАРОВА

Фота аўтара