Не “…Базарам” адзіным

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Пра перспектывы, “прыдатны момант” і музейны квартал / Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Віцебск
Напярэдадні “забегу” па ўстановах культуры Віцебска жонка акцёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргея ЖБАНКОВА нарадзіла дачушку, якой далі прыгожае рэдкае імя Ясенія. Але Сяргей, нягледзячы на турботы з недасыпам, усё ж склаў мне кампанію ў наведванні тых устаноў, з якімі былі звязаны яго юнацкія гады.

/i/content/pi/cult/552/12046/10-1.jpgФутбол на сцэну прамяняў

— У дзяцінстве культурнае жыццё Віцебска праходзіла не тое каб міма мяне, але занурваўся ў яго выбарачна і нерэгулярна, — здзіўляе мяне Жбанкоў. — Былі паходы разам з мамай і татам у Тэатр імя Якуба Коласа, магчыма, у “Ляльку”. Праўда, “шагалаўскі” музей — гэта, само сабой. На “Славянскі базар у Віцебску” я толькі аднойчы трапіў на бясплатны канцэрт маладых выканаўцаў у Летнім амфітэатры. Замест культуры аддаваў перавагу спорту. Але, з іншага боку, колькі сябе памятаю, марыў спяваць, прычым — прафесійна. Вучачыся ў школе, сур’ёзна займаўся футболам, але настаўнік спеваў Валянціна Мацулевіч неяк сказала: “Сярожа, ні ў якім разе не губі футболам вакал!”, — i стала дадаткова даваць мне ўрокі. А калі я ў 2002 годзе скончыў школу, яна мяне літаральна за руку прывяла ў вучылішча мастацтваў на харавое аддзяленне. Але яго скасавалі!..

Прыпыняю ўспамін Жбанкова, бо па плане першым у нас ідзе Культурна-спартыўны цэнтр — колішні Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў...

Зрэшты, новая назва пакуль на будынку адсутнічае, а мы праз службовы ўваход смела праходзім ўнутр, дзе нас сустракае нядаўна прызначаная мастацкім кіраўніком КСЦ Алена МАЛІНОЎСКАЯ. У памяшканні ходзяць людзі ў спяцоўках, стаіць будаўнічы рыштунак.

— У мой час тут таксама нярэдка нешта рамантавалася і абнаўлялася, — заўважае Сяргей. — У ЧПК (як усе называлі і называюць Палац/Цэнтр) я прыйшоў у тым жа 2002-м, каб спяваць у фальклорным ансамблі “Лелiя”, які арганізавала Вера Яршова. У ім развучваў першыя вакальныя партыі — сапраўдныя, складаныя, а музычнай адукацыі не меў. У “Лелiю” я прыходзіў пасля заняткаў у вучылішчы і знікаў тут да гадзіны дзявятай-дзясятай. Кірунак ансамбля можна назваць “мадэрн-фолк” — магчыма, калектыў стаў першапраходцам у такім жанры ў горадзе. (Ці мог падумаць Сярожа пра тое, што калі-небудзь выканае ў драматычным творы ў жанры мюзікла “Пясняр” ролю чалавека, які разам са сваім ВІА лічыцца бацькам сучаснага беларускага фольку?! — А.К.) Наогул, першага ў жыцці для мяне ў ЧПК ставала! Адсюль я паехаў у першую творчую камандзіроўку за мяжу — у Германію. Упершыню ўвайшоў у склад журы, якое адбірала вакалістаў у “Лелiю”. І столькі людзей прыйшло на кастынг: што там “Фабрыка зорак”!

— Шчыра кажучы, хаця я працую ў віцебскай культуры ўжо нямала, асаблівых успамінаў пра ЧПК таго часу і раней у мяне не захавалася, — прызнаецца Алена Аляксандраўна. — Напэўна, таму, што ў сілу сваёй ведамаснай прыналежнасці ён быў адасоблены ад іншых устаноў. Але ў апошнія гады Цэнтр усё больш убудоўваецца ў культурнае жыццё Віцебска: ні адно буйное гарадское мерапрыемства не абыходзіцца без удзелу ягоных калектываў.

Кажучы пра папулярнасць Цэнтра ў жыхароў горада, спадарыня Маліноўская сказала, што тыя, хто жыве паблізу вакзала, у курсе падзей у КСЦ. Аднак сярод удзельнікаў творчых аб’яднанняў нямала і людзей з іншых раёнаў горада. Гурткі цэнтра, акрамя хору, — платныя (штомесячна — 100-150 тысяч рублёў). Пазабюджэтныя сродкі атрымліваюць тут і за кошт правядзення заказных канцэртаў. Алена Аляксандраўна адзначыла, што Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі фінансуе сваё “дзіця” ў магчымым аб’ёме, але ж хочацца большага! Часцей мяняць, напрыклад, касцюмы, якія зношваюцца хутка, рэквізіт, апаратуру, прызначаную для правядзення дыскатэк. Але ў грашовым сэнсе “ўсё тут весялейшае, чым у некаторых установах культуры Віцебска”.

— Нават у некаторых мінскіх не так весела, — дадае Сяргей Жбанкоў.

P.S. ад Жбанкова

— Мне здаецца, каб Мулявін жыў да гэтага часу, ён працягваў бы дзейнасць ансамбля “Песняры” і перадаваў вопыт маладым. Выдатна, што ёсць Дзяржаўны ансамбль “Песняры”, які б ён ні быў, што ідзе дарогай, пракладзенай Уладзімірам Георгіевічам, захоўвае і спрабуе развіваць яго ідэі. Інакш пры імклівым з’яўленні і знікненні музычных трэндаў, творчасць Мулявіна магла б апынуцца прыхаванай пад грудай музычнага хламу.

Каледж пачынаецца з...

У Каледж культуры і мастацтваў (былое Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў) мы трапілі таксама ў самы “прыдатны” момант — у той час, калі ў ім працавала прыёмная камісія. У пакоі, у якім яна размяшчалася, Сяргей Жбанкоў душэўна павітаў дырэктара ўстановы Ірыну Абдулаеву і намесніка па выхаваўчай працы Мікалая Грушэўскага.

— На 54 бюджэтныя месцы паступіла 107 заяў, — паведаміла Ірына Станіславаўна. — Конкурс, якому могуць пазайздросціць рэспубліканскія ўстановы падобнага тыпу. (Да таго ж, выпусцілі ў гэтым годзе 44 чалавекі, а было 95 заявак!) Упершыню на акцёрскую спецыяльнасць набіралі студэнтаў на базе дзявятых класаў агульнаадукацыйных школ. Пытанне не ў тым, ці правільна гэта: эксперымент цікавы, але пайсці на яго вымусіла неспрыяльная дэмаграфія, калі ў апошнія гады знізілася колькасць тых, хто паступае ў творчыя ВНУ. Наогул, тэндэнцыя такая: у той жа Расіі аддаюць перавагу абітурыентам, якія маюць за плячыма сярэднюю спецыяльную адукацыю.

— Дык вось, — вяртаецца да тэмы свайго абітурыенцтва Жбанкоў, — даведаўшыся, што харавога аддзялення ў вучылішчы няма, мы з Валянцінай Мацулевіч разгубіліся, але нас спыніла выкладчык акцёрскага майстэрства Марыя Котава. Яна нас прывяла да дошкі, на якой былі напісаны назвы спецыяльнасцей і колькасць месцаў. Я гляджу — тое, што трэба: “Акцёрскае мастацтва тэатра лялек”. Пяць чалавек набіраецца, падало дакументы трое! Я і падаў свае, прайшоўшы двухтыднёвыя падрыхтоўчыя курсы, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вікай, з якой пазней трапіў і ў “Лелiю” (цяпер яна актрыса Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра). Паступіў, а падчас вучобы, акрамя вузкай спецыялізацыі, нам выкладалі яшчэ акцёрскае мастацтва наогул, сцэнічнае маўленне (я яго, дарэчы, ужо гады тры сам выкладаю ў Акадэміі мастацтваў), мы разыгрывалі эцюды. Да таго ж, у спектаклях, праектах удзельнічалі студэнты з розных патокаў, ішло творчае ўзаемапранікненне. І атрымалася так, што і лялькі мне падабаліся, але не сталі пераважваць. Маімі былі спевы, вакал. А размеркаваўся я, натуральна, у віцебскі Беларускі тэатр “Лялька”. Але выправіўся ў Мінск, у Акадэмію мастацтваў, куды ў 2005-м і паступіў на спецыяльнасць “Акцёрскае мастацтва (музычны тэатр)”.

— Мне здаецца, вось з тым выпускам, у які ўваходзіў Сяргей, можа, на пару гадоў раней, у тады яшчэ вучылішчы і пачалі змяняцца ўзаемаадносіны паміж выкладчыкамі і студэнтамі, — разважае спадарыня Абдулаева. — Вучні сталі разглядацца іх настаўнікамі як паплечнікі, мы сышлі ад школьнай сістэмы. А ў творчасці інакш і нельга!

Але выпускнікоў каледжа і тых, хто імкнецца ў яго, Ірына Станіславаўна не ідэалізуе. Хвалюе яе тое, з якім багажом, нягледзячы на яшчэ юны ўзрост, прыходзяць у ККiМ паступаць некаторыя: не начытаныя, аднабока інфармаваныя, са слабымі творчымі задаткамі, якія маюць веды ў галіне мастацтва на ўзроўні тытульных старонак Інтэрнэту, яму прысвечаных. “Забівае” спадарыню Абдулаеву, калі студэнты, тлумачачы прычыну, па якіх яны не ходзяць у музеі, на выстаўкі або на канцэрты: яны тое бачылі, чулі... у Сеціве.

— Адна выпускніца неяк сказала мне: “Я не люблю Шагала і не абавязана яго любіць!”

— Ну, Ірына Станіславаўна, сапраўды ж не абавязана... — кажу ў адказ я.

— Дык яна нават у музеі Шагалаўскім не была, як высветлілася з нашай з ёй гутаркі! Разумееце, вось гэтая “апрыёрнасць” — жорсткая, безапеляцыйная, пабудаваная на негатыве, нічым, па сутнасці, не падмацаваная, — сустракаецца ў цяперашняга пакалення, выхаванага не лепшымі СМІ. Таму і цяжкая задача педагогаў ССНУ і ВНУ: зацікавіць чалавека, паказаць, даць кірунак, штуршок, а далей усё залежыць ад яго самога, ці хоча і ці можа ён развівацца. Веды ўсім даюцца аднолькавыя, але хтосьці засвойвае іх на 4 балы, а хтосьці — на 10. Я не драматызавала б сітуацыю, што, маўляў, сёння ў невялікія гарады, вёскі размяркоўваюцца толькі тыя, хто так-сяк атрымаў профільную адукацыю. У далёкай вёсачцы можна сустрэць выдатных, разумных, таленавітых клубных работнікаў, выкладчыкаў! І, як правіла, “шэрасць” там не затрымліваецца, ды і не трымаюць яе. Але дэфіцыт якасных спецыялістаў ёсць. Гэта сапраўды дзяржаўная праблема, і не проста ў галіне культуры: чаму ў нас з году ў год праходзяць адны і тыя ж фэсты, адны і тыя ж святы, звязаныя з традыцыямі? Колькі іх — беларускіх, агульнаславянскіх?! Процьма! Дык лягчэй жа ўсё зрабіць па гатовай метадычцы або сцэнарыі з Інтэрнэту.

Не ведае спадарыня Абдулаева, калі каледж адрамантуюць (аўдыторыі літаральна “стогнуць”). Распрацаваны праект вучэбнага корпуса — з мансардай, канферэнц-залай. З дапамогай пазабюджэту (аплата вучобы, выязныя канцэрты) глядзельная зала мае амаль той выгляд, як задумвалася, — з новым абсталяваннем, крэсламі, пафарбаванымi сценамі; “перазагружаны” прыбіральні; у новае памяшканне заехала сталоўка.

P.S. ад Жбанкова

— Апошнія значныя для мяне работы ў тэатры — капуснік “Капуста па-russki” і спектакль “Кола кахання” па Самерсэту Моэму (граю ролю Тэдзі). На жаль, з-за праблем з нагамі (прыйшлося нават звярнуцца да дактароў) мяне не задзейнічалі ў “Дванаццатай ночы”, прэм’ера якой прызначана на сярэдзіну восені. У кіно — серыялы “У сузор’і Стральца” (пра знакамітага савецкага футбаліста Эдуарда Стральцова) і “Дзяржаўная мяжа” (фільм “Чорнае павуцінне”). Іх яшчэ не паказвалі па тэлебачанні, а таму я з лёгкім мандражом чакаю прэм’ер.

У прыватнасці і ў цэлым

Заўсёднікам Абласнога краязнаўчага музея Жбанкоў не быў. Калі што і вабіла яго сюды, дык выстаўкі зброі. Краязнаўства, гісторыі Сяргею хапала ў школе. Сапраўдная цікавасць да роднага краю, традыцый, мовы ў ім прачнулася нядаўна: літаральна на парозе леташняга 30-годдзя. Ён прыгадвае выпадак, калі на адной з FM-станцый яго папрасілі даваць інтэрв’ю на беларускай мове, якой, як аказалася, артыст валодаў сярэдне. Гэты канфуз і стаў адпраўной кропкай, каб паглыбіцца ў беларускую культуру наогул.

— У тым і адна з задач музея, — кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце Валерый Шышанаў, — каб спрыяць ліквідацыі прабелаў у адукацыі чалавека. Я працую тут 23 гады і магу падзяліцца наступным назіраннем. Не сказаў бы, што за гэты час узровень ведаў у віцябчан пра рэгіён і пра краіну вырас. Але магчымасцей здабыць тыя веды стала значна больш, і тут усё залежыць ад таго, ці ёсць жаданне канкрэтнай асобы. Аднак, пры гэтым, на мой погляд, людзі абмяжоўваюцца мінімальным базісам, не ідуць глыбей, перастаюць хадзіць у бібліятэкі, не так актыўна наведваюць музеі, задавальняючыся Інтэрнэтам. Не ўсё, вядома, блага, але тэндэнцыі — відавочныя.

На наведвальнасць музея Валерый Аляксеевіч не скардзіцца: паток наведвальнікаў дастаткова роўны, без спадаў. А да недахопаў у працы ўстановы адносіць тое, што ў ёй так і не змаглі стварыць паўнавартасныя экспазіцыі: у асноўным тут пададзены доўгатэрміновыя і зменныя выстаўкі. Няма фінансавых магчымасцей і на сучасныя тэхналогіі: так, мультымедыя тут выкарыстоўваецца па-мінімуму. Марыць жа спадар Шышанаў аб тым, што Абласны музей калі-небудзь пераедзе ў будынак колішняга Губернатарскага палаца, стаўшы для Віцебска тым, чым з’яўляецца, напрыклад, для Гомеля Палацава-паркавы ансамбль. Гаворачы аб перспектыўных музейных планах горада наогул, намеснік дырэктара згадаў пра музейны квартал, стварэнне якога падтрымана мясцовымі ўладамі і гаворка аб тым ідзе не першы год. У яго павінны ўвайсці Галерэя Пэна, Арт-цэнтр Шагала і Музей сучаснага мастацтва. Спадзяецца Шышанаў і на хуткае завяршэнне рамонту будынка, у якi, верагодна, і пераедзе Музей прыватных калекцый. Турбуе Валерыя Аляксеевіча пытанне рэстаўрацыі экспанатаў: у рэспубліцы відавочны недахоп спецыялістаў, а таксама адсутнасць агульнай стратэгіі.

Святы і будні

Развітваючыся з Віцебскам, думаю пра тое, што, мабыць, святы ў ім не завяршаюцца круглы год: “Славянскі базар…” даўно скончыўся, а з якойсьці з адкрытых пляцовак (а мо і з некалькіх) грае на ўвесь вячэрні горад гучная музыка.

— Для мяне Віцебск — гэта, гледзячы скрозь “культурную” прызму, і горад-“вiзiтоўка” для краіны (прычым “вокладкавасць”, "постэрнасць" яго грунтуецца на гісторыі, традыцыях), і сучасны, — рэзюмуе Сяргей Жбанкоў. — Два гады таму ў рамках “Славянскага базару…” Горкаўскі тэатр паказваў тут “Пане Каханку”. Мне ўдалося паблукаць па фестывальным Віцебску, адзначыць нейкія культурныя праекты і акцыі. Што заўгодна можна казаць пра фестываль, але тое, што ён рухае беларускую культуру, беларускае мастацтва, для мяне відавочна!

P.S. ад аўтара

А праблема камфортнай дастаўкі турыстаў у Музей-сядзібу Рэпіна “Здраўнёва”, пра якую мы неаднаразова пісалі, на жаль, так і не вырашылася да канца...

Мінск — Віцебск — Мінск

Фота аўтара
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"