Што відаць за завядзёнкай?

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Раз на два гады ў Беларусі адбываецца Нацыянальны фестываль архітэктуры. Сёлетні — адзінаццаты. Першая такая імпрэза прайшла ў Брэсце ў 1999 годзе і да 2003-га ладзілася штогадова ў розных гарадах краіны. А з 2005-га ўсталяваўся двухгадовы цыкл і вызначылася пастаяннае месца правядзення — Мінск. Фестываль складаецца з наступных мерапрыемстваў: Рэспубліканскага конкурсу лепшых архітэктурных твораў за апошнія два гады, Міжнароднага біенале маладых архітэктараў “Леанарда”, Рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ краіны, конкурсу дзіцячай мастацкай творчасці на архітэктурную тэматыку, агляду твораў нацыянальных саюзаў архітэктараў постсавецкай прасторы ды іншага замежжа. Зразумела, што праектныя арганізацыі і прадпрыемствы, задзейнічаныя ў нашым будаўнічым рынку, скарыстоўваюць фестываль для рэкламы паслуг, тавараў і тэхналогій. Гран-пры фестывалю атрымлівалі такія будынкі, як сталічны аўтавакзал “Маскоўскі”, Чыгуначны вакзал Мінска, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, культурна-спартыўны комплекс “Мінск-Арэна”… Сёлета архітэктурны Гран-пры атрымаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/552/12045/9-2.jpg

/i/content/pi/cult/552/12045/9-1.jpg

Выглядае так, што Гран-пры стала прапісаны ў сталіцы. Бадай, адзінае выключэнне з гэтай завядзёнкі, калі галоўны прыз паехаў у рэгіён, — 2003 год, тады ім быў уганараваны будынак Спецдыспансера ў Гомелі. Але ж гэта і зразумела, бо менавіта ў сэрцы краіны рэалізуюцца найбольш амбітныя праекты. Разам з тым, у сталіцы больш выразна выяўлены і “болевыя кропкі” архітэктуры і горадабудаўніцтва. На прэс-канферэнцыі, што ладзілі арганізатары фестывалю, менавіта на падставе мінскага досведу быў агучаны шэраг надзённых праблем фарміравання паўнавартаснага жыццёвага асяроддзя гараджаніна. Калі ж браць да ўвагі ступень урбанізаванасці Беларусі, дык названыя праблемы датычныя краіны ўвогуле. На жаль, даводзіцца канстатаваць адсутнаць эфектыўнага творчага сумоўя архітэктараў і мастакоў. Гаворка ідзе не пра ўнікальныя аб’екты, кшталту Нацыянальнай бібліятэкі альбо Палаца Незалежнасці. Тут усё якраз як мае быць. А вось вялікая гарадская прастора, асабліва ў новых, яшчэ па-сапраўднаму не абжытых раёнах, нават пры наяўнасці даволі прыгожай архітэктуры, з-за адсутнасці арт-аб’ектаў і дызайну асяроддзя, уяўляецца не вельмі ўтульнай — халоднай, інакш кажучы. Тым часам у Верхнім горадзе ўжо адчуваецца перабор скульптурнай пластыкі — тут і бронзавая губернатарская пралётка, і скульптура войта, і гарадскія шалі. Яно і не здзіва, кожнаму мастаку хочацца, каб ягоны твор аздабляў цэнтр сталіцы. Але варта не абмінуць увагай і іншыя раёны, падумаць пра больш-менш раўнамернае распаўсюджанне эстэтыкі па ўсёй гарадской тэрыторыі.

Зрэшты, вырашыць названае пытанне не так ужо і цяжка. Дастаткова паразумення двух творчых саюзаў і гарадской улады. Ёсць праблемы больш складаныя. Калісьці адзіным замоўцам архітэктуры была дзяржава. Гэта акалічнасць дазваляла планаваць вуліцы, раёны, цэлыя гарады і быць упэўненымі, што пры рэалізацыі маштабных праектаў нечаканасці і недарэчнасці будуць зведзеныя да мінімуму. Як намалявалі — так і пабудуюць. Сёння такой упэўненасці ў горадабудаўнікоў няма. Бо, як адзначыў на прэс-канферэнцыі адзін з сяброў аргкамітэта фестывалю, прыватны інвестар, пры наяўнасці вялікіх грошай, можа ўплішчыць свой “дамок” у якую заўгодна забудову, можа праігнараваць афіцыйна зацверджаныя генеральныя планы і горадабудаўнічыя канцэпцыі. А “дамок” гэты — паверхаў у дваццаць пяць… Прыводзіліся і канкрэтныя прыклады некарэктнага ўмяшальніцтва ў гарадское асяроддзе.

“Газпрам”, які зараз будуе на месцы колішняга аўтавакзала “Маскоўскі” свой шматфункцыянальны комплекс-гмах, скарыстаў фестываль, каб прапіярыяць гэты праект. У памяшканні Ратушы быў прадстаўлены макет комплексу, побач з макетам на вялікім экране сродкамі анімацыі распавядалася пра тое, як “Газпрам-цэнтр” упрыгожыць нашу сталіцу, паспрыяе развіццю бізнесу ў Беларусі, колькі рабочых месцаў дасць гэты гмах гораду. Гэтая ж інфармацыя была прадублявана і ў буклетах, якія ляжалі побач на палічках. Паглядзіць-паслухае-пагартае чалавек паспаліты, і пачне думаць, а мо і насамрэч невялікая страта — той аўтавакзал? Вунь якую прыгажосць на ягоным месцы збудуюць… Паслухаўшы размову двух архітэктараў, што абмяркоўвалі праект “Газпрам-цэнтра”, я запытаўся ў іх, ці не створыць гэты гмах для Нацыянальнай бібліятэкі, якую мы пазіцыянуем як сімвал новага Мінска, нязручнага суседства? Вышыня бібліятэкі — каля 74 метраў, а “Газпрам-цэнтра” — 189. Побач з “Газпрамам” наша “Нацыяналка” будзе выглядаць не так манументальна. Мяне запэўнілі, што не. Я ж застаўся пры сваім меркаванні.

Мяне, як мінчаніна, зацікавіў праект рэканструкцыі набярэжнай Свіслачы ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Янкі Купалы. Сёння “аправа” ракі ў гэтым сегменце выглядае надта ж не сталічна, надта непрэзентабельна. Як кажуць, даўно пара. Гэты праект, на маю думку, адлюстроўвае актуальную для беларускай архітэктуры тэндэнцыю — выкарыстанне напоўніцу эстэтычнага патэнцыялу, закладзенага ў савецкім неакласіцызме. Прыклады: новы бульвар у старых формах на сталічнай вуліцы Леніна і новая скульптурная рэтра-пластыка на плошчы Леніна. Не толькі Мінск, але і іншыя буйныя гарады Беларусі можна лічыць комплекснымі помнікамі “сталінскага ампіру”. Менавіта ў гэтых формах адраджаліся нашы гарады пасля вайны. Але будавалі тады ў танных матэрыялах, свядома ішлі на спрашчэнне форм, засяроджваліся на фасадах, не надта турбаваліся пра перыферыю, двары, унутрыквартальную аздобу. Сёння ж мы можам дарабіць у якасных матэрыялах і з добрай якасцю тое, на што ў будаўнікоў другой паловы 1940-х — першай паловы 1950-х не было грошай і кваліфікацыі. Мне прыйшлося б да спадобы, калі б ампірны праспект у самым цэнтры горада дапоўніла ампірная набярэжная Свіслачы.

Студэнцкія работы пакінулі прыемнае ўражанне, але без захаплення. Мне падалося, што ім бракуе пачуцця ансамблевасці, нават калі ансамбль замоўлены ў назве праекта. Гэта рэчы самі па сабе прыгожыя, але яшчэ пытанне, ці будуць яны прынятыя асяроддзем. Са згаданага шэрагу станоўча вылучаецца праект рэвіталізацыі (інакш кажучы, адраджэння) забудовы Шпітальнай выспы Брэсцкай крэпасці. Вядома, што Расійская імперыя дзеля таго, каб пабудаваць Брэсцкую крэпасць, знішчыла старажытны і прыгожы горад Бярэсце. Шпітальная выспа знаходзіцца, так бы мовіць, на ўскрайку ад Мемарыяла, ніяк не задзейнічана ў структуры крэпасці як помніка, і як турыстычнага аб’екта. Вось студэнты і прапаноўваюць адрадзіць там старое Бярэсце, але ў формах не аўтэнтычных, а стылізаваных. Зрабіць наватвор, які даваў бы ўяўленне пра тое, што было тут у старадаўнасці. Падобныя ідэі даўно лунаюць у паветы, а цяпер набываюць і матэрыяльнае ўвасабленне.

Як кожная сістэмная праца, работа архітэктара мае ў падмурку руціну, вырашэнне штодзённых актуальных задач. Беларускія архітэктары будуюць неабходныя краіне жытло, прамысловыя, гаспадарчыя, сацыяльна-культурныя аб’екты. Пры гэтым імкнуцца надаць ім стылёвыя рысы, што адпавядаюць сусветным стандартам эстэтыкі і функцыянальнасці. Адным словам — руціна, будзённасць. Але ад прагляду экспазіцыі архітэктурнага форуму ў мяне склалася ўражанне, што гэта штодзённая праца мае мэтай пошук шляху, па якім мусіць ісці Беларусь. Як нам быць — станавіцца краінай у стылі хай-тэк, капіраваць чужыя хмарачосы, чужую эстэтыку і ментальнасць, падстройвацца пад сусветныя трэнды або мэтанакіравана захоўваць аблічча невялікай утульнай, сумаштабнай чалавеку, культурна і гістарычна насычанай еўрапейскай краіны? А вы як лічыце?

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"