Каханыя-родненькія нашы купалаўцы

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Юбілей на адным дыханні
95-цігадовы ўзрост, магчыма, адчувальны для чалавека, але ні ў якім разе не для тэатра. Купалаўскі сёння — свежы, бурлівы, самаўпэўнены, нібы падлетак. У той жа час па-даросламу іранічны, поўны лоску, годнасці і лірыкі.

/i/content/pi/cult/552/12044/8-2.jpgЮбілей было вырашана адзначаць цягам двух дзён. 14 верасня па плану адбылася ўрачыстая цырымонія гашэння маркі ў каміннай зале тэатра. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпусціла ў свет паштовую марку “Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы” з серыі “Тэатры Беларусі”. Такім чынам, канверты з залатой эмблемай галоўнай беларускай сцэны знойдуць сваіх адрасатаў у дзясятках краін, дзе, дарэчы, Купалаўскі ведаюць і любяць. На мерапрыемстве гашэння маркі прысутнічалі генеральны дырэктар Павел Палякоў і мастацкі кіраўнік установы Мікалай Пінігін, а таксама вядучыя артысты тэатра — купалаўцы Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік і Зінаіда Зубкова.

Асноўная дзея прыйшлася на вечар аўторка: была паказана вялікая святочная імпрэза ў 2-х актах. Больш чым праз стагоддзе ў будынку тэатра зноў “дэбютаваў” нетыповы для 2015-га спектакль “Сфінкс” Актава Фелье, некалі модная французская салонная пастаноўка, якая зараз глядзіцца адначасова камічна і экзатычна. Такі зварот да гісторыі тэатра атрымаўся настолькі ўдалым, наколькі гэта ўвогуле магчыма. Тым больш, што гэтаму паспрыяў сам лёс: тэкст п’есы быў нядаўна адшуканы супрацоўнікамі беларускай кампаніі ў архівах адной з пецярбургскіх бібліятэк.

Другі акт юбілейнага вечара складаўся з тэатралізаванага парада, калі глядач змог узнавіць у памяці любімыя спектаклі ці ўпершыню пабачыць культавыя пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага, якіх ужо няма ў дзеючым рэпертуары. “Трыбунал”, “Людзі на балоце”, "Гаральд і Мод" — з дапамогай архіўных відэазапісаў і тэлеспектаклей мінулых гадоў жывыя легенды Купалаўскага перайгралі ўрыўкі з п’ес, у якіх калісьці выконвалі галоўныя ролі са сваімі, цяпер ужо толькі экраннымі, партнёрамі.

Аўгустам Мілаванавым і Галінай Талкачовай бліскуча была прадстаўлена кранальная сцэна з “Памінальнай малітвы”. Пабачылі госці і замалёўкі з візітовак Купалаўскага тэатра — “Паўлінкі”, “Ідыліі”.

Не абыйшлося без гумару напрыканцы вечара, ды такога тонкага, што ад гадзіны суцэльнага смеха ў гледачоў аднімаліся сківіцы. Раптоўная змена жанру — і вось публіка ўжо на Купалаўскім капусніку, дзе кожны нумар уключаны ў праграму невыпадковым чынам. Тэатральныя памфлеты, вострыя і лаканічныя, былі смела звернуты да тых, хто мае да ўстановы хоць нейкае дачыненне: купалаўцы нагадалі крытыкам, чыноўнікам, гледачам, калегам і, гэта важна, самім сабе пра ўзаемапавагу, інтэлігентнасць, рацыяналізатарскі падыход, працавітасць, адданасць прафесіі і іншыя каштоўнасці, на якіх базуецца праца і супрацоўніцтва любога дзейснага мастацкага калектыву. На завяршэнне імпрэзы прагучала песня на знакаміты верш Янкі Купалы “Мая малітва”. Выканалі яе “каханыя-родненькія” купалаўцы.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст