“Анімаёўка” як сутыкненні часу

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Ад мульцікаў — да анімацыі
Міжнародны фестываль анімацыйнага кіно “Анімаёўка”, які прайшоў сёлета ўжо ў васямнаццаты раз, завяршыўся перамогай іспанскага кіно. Графічная антыутопія Джосі Маліса “Бенедыто машына V: Націснуць на курок” сталася кропкай судакранання міжнароднага журы, геаграфія якога сёння дасягнула Амерыкі. “Малы” конкурс — “Я не чараўнік, я толькі вучуся…”, у якім ацэньваюцца стужкі, створаныя дзецьмі, сёлета “падрос” да 51 фільма і зноў патрабаваў працы асобнага журы. У ім уладальнікамі “Малых крыштальных алоўкаў” сталі выхаванцы дзіцячых студый мультыплікацыі “Пошук” з Новасібірска і "Да" з Санкт-Пецярбурга (Расія) — стужкі “О! Сава!”, “Вялікая памылка”, “Алакай” з Шымкента (Казахстан) — “Легенда аб жэтыгене”, “Хто тут галоўны”, і “Вяснянка” з Днепрапятроўска (Украіна) — “Азірніся на дом свой” і “Вайна і голубы”.

/i/content/pi/cult/552/12043/8-1.jpgТэмы і трэнды

Як бачна ўжо з назваў фільмаў-пераможцаў, зробленых як дарослымі, так і дзецьмі, развагі на тэмы вайны не абмінулі мастакоў. Прычым стужкі былі прысвечаны не толькі войнам мінулым — у прыватнасці, Другой сусветнай — але і разглядалі канфлікты цалкам сучасныя, што праглядаліся праз умоўныя, абстрактныя войны, разабрацца ў якіх не пад сілу не толькі іх удзельнікам. Абсурднасць і жорсткасць гэтых сутыкненняў, іх бязглуздаць — вось тое, што дэманструюць творцы ў работах, незалежна ад свайго ўзросту.

Другі трэнд, якія выявіла праграма — гэта зварот да экалагічнай тэматыкі і, скажам так, культуры талератнасці. Апошняя можа праяўляцца і ў выхаванні, у прыватнасці, культуры харчавання. Алег Ужынаў, вядомы расійскі аніматар, стваральнік нашумелай “Машы і мядзведзя”, у сваёй новай стужцы “Інь і Яна” як заўжды з гумарам распавёў пра асаблівасці рацыёну розных народаў, навучаючы дзяцей (ды і дарослых) элементарнай павазе да Іншага. Пасланне рэжысёра — разнастайнасць: кухняў, культур, народаў, і, адпаведна, — разнастайнасць свету як норма, паліткультурнасць, якой не варта баяцца.

Дазволю сабе правесці падобныя паралелі і ў конкурсе фільмаў, створаных дзецьмі. Юнае пакаленне гэтаксама рэфлексуе з таго, што адбываецца навокал; не прайшла не заўважнай практыка татальнага спажывання, якое можа выражацца хоць бы ў абжорстве. Напрыклад, юныя мастакі магілёўскай студыі “Аловак” даюць сваю версію перастварэння змяі ў вегетарыянку (стужка “Гадзюка-абжора”). А наступствы бяздумнага сілкавання хатніх жывёл выкрывае ў сваёй рабоце “І раптам…” навучэнка “Вяснянкі” — у яе рабоце раскормленая гаспадыняй котка проста напраста… ўзрываецца. Так, фільмы дзяцей поўныя непасрэднасці і гумару, але і іх пасланні часам не горшыя за дыдактыку прафесійных карцін.

А гледачы — хто?

Насамрэч, аналізуючы гэтыя дзве праграмы фестывалю, нельга не прыйсці да высновы, што дзіцячы і дарослы конкурсы, па-сутнасці, выяўляюць два магчымыя кірункі развіцця форуму.

Першы — гэта анімацыя для дарослых. Пры тым, што ў асноўным конкурсе прысутнічаюць фільмы, створаныя для сямейнага прагляду, год за годам ён становіцца, выбачайце за таўталогію, болей дарослым. Геаграфія форуму расце — і адпаведна ў яго праграме павялічваецца прысутнасць аўтарскай анімацыі, якая ў заходніх краінах — такі ж раўнапраўны суб’ект экрана, як і знаёмыя мультфільмы. Калі расійскія і беларускія аніматары яшчэ імкнуцца захаваць дзіцячага гледача, то многія аўтары сусветнага экрана ўжо даўно арыентуюцца на дарослую і прафесійную публіку. Эксперыменты, пошукі новай візуальнай мовы, — вось тое, што іх цікавіць, і, адпаведна, прагляд падобных карцін патрабуе ад гледача пэўных высілкаў. Ці ёсць такі — падрыхтаваны — глядач ў “Анімаёўкі”? Складана сказаць. Так, аніматары, так, адмыслоўцы, але разумныя, адкрытыя да эксперымента кінагледачы — колькі мы іх, прызнаемся шчыра, маем?

Другі накірунак — гэта акцэнт менавіта на дзіцячую анімацыю. Акурат яго і падтрымлівае конкурс стужак, створаных дзецьмі “Я не чараўнік, я толькі вучуся…”. Але і тут выкрываюцца вялікія праблемы, што засведчыў сумесны прагляд дзіцячых фільмаў разам са школьнікамі. Першыя дзесяць хвілін сеансу — і дзеці ўжо лезуць ў мабільнікі і планшэты. А можна яшчэ гуляць і глядзець “мульты” адначасова. І вось ён, гэты парадокс: з аднаго боку, цудоўныя вопыты дзяцей, якія самі робяць маленькія гісторыі. І па другі бок экрана — маленькія спажыўцы, якія ўспрымаюць падобныя “каляровыя карцінкі” як штосьці нязвыклае і незразумелае, не падобнае да выяў “дыснееўскіх” і “піксараўскіх” фільмаў, да яскравай камп’ютарнай анімацыі. Хто ў гэтым вінаваты? Можна сказаць, вінаваты час, Інтэрнэт, але тое будзе не зусім праўда. Вінаваты мы самі, бо не паспелі разабрацца ў тым, што анімацыйнае кіно — гэта зусім не забаўка, прадукцыя адмыслова для дзяцей, і далей — зноў мы. Таму што не прывілі сваім дзецям адпаведнага стаўлення да анімацыі — як да розных візуальных практык.

Што ў выніку? Дарослы глядач анімацыі ўсё яшчэ не выхаваны, а дзіцячы — ужо страчаны праз камерцыйнае анімацыйнае кіно. Апошняе не заўсёды бывае дрэнным, але не здзіўляйцеся, калі потым ваша дзіця не захоча глядзець анічога іншага.

Быць і развівацца

Што ж рабіць? Пераламіць сітуацыю хаця б у малым маштабе і здольныя падобныя фестывалі, дзе магчыма ўбачыць іншыя фільмы і іншую візуальную мову. І ў дадзеным кантэксце “Анімаёўка” становіцца тым самы месцам сустрэчы розных культур і падыходаў, якія ўсё болей патрабуюць належнай артыкуляцыі. Нягледзячы на тое, што фестываль па-ранейшаму трымае планку, застаючыся фарпостам “старой добрай мультыплікацыі”, час робіць свае! “Анімаёўка”, магчыма, і выконвае сваю місію, але пакаленні і свет змяняюцца. “Сёння, каб глядач пайшоў у кінатэатр, яму трэба прапанаваць блакбастар альбо… блакбайстар. Бо ўсё астатняе ён знойдзе ў Інтэрнэце”, — міжволі пацвярджае маю думку дырэктар магілёўскага форума і “Кінавідэапракату” Ірына Белякова. Што ж тады мусіць прапаноўнаваць фестываль? Як яму далей канцэптуальна развівацца? Гэтыя пытанні ўжо не проста вісяць, а набрыняюць у паветры. І без паўнавартаснай круглагадовай працы дырэкцыі, якую, урэшце рэшт, ужо колькі год мусіць займець фестываль, тут ніяк не абыйсціся. Але пакуль, як гаворыцца, надзея застаецца толькі надзеяй.

Будучыня — за энтузіястамі

Але, прынамсі, усё ж пэўныя зрухі ў агульнай расстаноўцы сіл назіраюцца.

Вялікім задавальненнем на сённяшнім форуме для мяне сталі стасункі з кіраўнікамі дзіцячых анімацыйных студый. У большасці, гэта энтузіясты, часам нават без мастацкай адукацыі, якія “хворыя” на анімацыйную творчасць. Адзіночкі і сем’і, яны самастойна засвойваюць анімацыйныя праграмы, малюнак, чытаюць адмысловую літаратуру, прыдумваюць, — і натхняюць дзяцей да працы і фантазіі. “Перад тым як паехаць на “Анімаёўку”, я даў сваім заданне прыдумаць тры казкі на новы лад, — дзеліцца са мной заснавальнік дзіцячай анімацыйнай студыі “Вектар” з Гомеля Сяргей Галушкін. — Трэба развіваць мысленне дзяцей, прымушаць фантазіраваць, бо толькі адвярніся — тут жа ўткнуцца ў свае планшэты”. Удалося на форуме пазнаёміцца і з энтузіястамі-аніматарамі, якія заснавалі сямейную анімацыйную студыю. Бацькі Віктар і Вікторыя пачалі дапамагаць свае дачцэ Настассі рабіць мультфільм — і ўцягнуліся, скажам так, у працэс. “Вядома, зараз ужо хацелася б сабраць групу дзяцей, пашырыць вытворчасць, — прызнаецца Вікторыя Мірончык з Барысава, — але не ведаю як гэта ўсё афармляць, ды якая ўстанова прыме, бо рэагуюць па-рознаму”, — выяўляе яна, у тым ліку, і падазронае стаўленне некаторых інстытуцый да падобных ініцыятыў. Чуць тое дзіўна, бо гэтыя энтузіясты — магчыма, адныя з нямногіх, хто спрычыняе дзяцей да творчасці і кіно.

Сваім вопытам працы з дзецьмі падзяліўся і кіраўнік казахскай студыі мультыплікацыі “Алакай” Максут Жарымбетаў. “Калі мы толькі адкрыліся, да мяне прыйшлі ажно 30 чалавек. А сёння засталося толькі 2. Але тыя два — таго вартыя!”, — кажа ён, і знаёміць з Бакбергенам Сапаравым, сваім вучнем, які ўжо ў якасці прызёра “Анімаёўкі”, прыехаў на магілёўскі кінафорум. “Так, я вельмі хачу звязаць свае жыццё з кінематографам, — прызнаецца мне Бакберген, — і вельмі хвалююся, каб у мяне ўсё атрымалася, каб нішто і ніхто не перашкодзіла”. “А чаму сышлі іншыя студыйцы? — удакладняе ён, — Бо думалі, што на занятках, напэўна, будуць гуляць у камп’ютарные гульні, у “Warcraft”… А тут працаваць трэба. Марудна і карпатліва. Але ж вынік таго варты!”.

Хаця б у дачыненні да гэтага хлопчыка можна сказаць, што пакуль у кіно “не ўсё страчана”.

 

Меркаванні аднаго з заснавальнікаў і кіраўніка магілёўскага форуму наконт неабходнасці дырэкцыі “Анімаёўкі”, а таксама водгукі гасцей фэсту можна будзе прачытаць у бліжэйшых нумарах "К".

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"