Што? Дзе? Калі? без смокінгавага “прыкіду”

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Алесь Мухін — пра клуб, бізнес, нацыянальную ідэю і гарбату
...Бліжэй да фіналу калектыўнага інтэрв’ю Алесь Мухін для праверкі нашых камандна-індывідуальных інтэлектуальных магчымасцей задаў пытанне, каб мы паспрабавалі па вольным часе знайсці на яго адказ: “Чарапаха — зялёная, а кот?” Арэшак гэты мы раскалолі на працягу хвіліны ў найбліжэйшай ад месца сустрэчы, якая толькі што скончылася, “кропцы” фастфуду, дзе злёгку перакусвалі і дзяліліся ўражаннямі ад зносін з Алесем Васільевічам. Гэта значыць, што нашу васьмёрку можна спакойна прымаць у элітарны тэлеклуб “Што? Дзе? Калі?”, які ў пачатку верасня адзначыў 40-гадовы юбілей. Прадзюсарам і вядучым беларускай версіі гульні і з’яўляецца Алесь Мухін. “Паядынак” у “пытанні-адказы” са знакамітым знаўцай, уладальнікам Крыштальнай савы, капітанам адной з каманд найпапулярнага ў свеце тэлепраекта, — сціплым кіраўніком вядомай айчыннай кампаніі па продажы гарбаты і кавы, мы і прапануем вашай увазе. Так, а вам слабО адказаць правільна? І не карыстаючыся інтэрнэт-пошукавікамі, як гэта зрабілі мы?..

/i/content/pi/cult/552/12041/6-1.jpgКруціцца ваўчок

— Якая сувязь паміж галаўным беларускім клубам “Што? Дзе? Калі?” i яго рэгіянальнымі арганізацыямі?

— Вядома ж, у тэлеклубе гуляюць тыя, хто прайшоў праз рэгіянальныя клубы. І сярод тых, хто арганізуе яго працу, ёсць людзі, якія мелі дачыненне да клубаў на месцах. Напрыклад, мой памочнік — галоўны рэдактар па пытаннях, які раней быў дырэктарам “Беларускай лігі інтэлектуальных каманд”, якая аб’ядноўвае клубы і каманды, што займаюцца інтэлектуальнымі гульнямі. Я сам стаяў ля вытокаў спартыўнага “Што? Дзе? Калі?” у Беларусі, і мне захацелася стварыць беларускі тэлеклуб, разумеючы, які высокі інтэлектуальны ўзровень жыхароў нашай краіны і што ў Маскву трапляюць адзінкі.

Рух у краіне сапраўды вялікi. Наколькі я валодаю інфармацыяй, пры кожным палацы моладзі (або ва ўстановах падобнай скіраванасці) ёсць гурток інтэлектуальных гульняў. Перыядычна мы ладзім выязныя пасяджэнні клуба. Так, з дзіцячым цэнтрам “Зубраня” супрацоўнічаем ужо некалькі гадоў. Яго кіраўніцтва арганізоўвае ўнутры кожнай змены інтэлектуальны дзень. Прыязджаюць знаўцы ў смокінгах, я выступаю ў ролі капітана іх каманды, і мы адказваем на адабраныя рэдактарскай групай пытанні, якія загадзя падрыхтавалі дзеці, важатыя. Па баях вядзем, па-мойму, з лікам 3:2.

— У чым спецыфіка беларускага “Што? Дзе? Калі?”?

— Калі мы яго запускалі, першай нашай задачай была — не паўтарыць маскоўскі. Параўноўваючы іх, я заўсёды праводжу аналогію з футболам: правілы, быццам бы, аднолькавыя, але зразумела, што ў Зімбабвэ такі чэмпіянат, у Англіі іншы, у Беларусі трэці. Гэтак жа і “Што? Дзе? Калі?”: маецца нейкая класічная абалонка, але з рознымі начыннямі, з характэрнымі асаблівасцямі ў той ці іншай краіне. Я ў жыцці і ў сваіх прафесіях — традыцыяналіст, і таму мне хацелася зрабіць з нашага клуба “олд скул”, “класіку жанра”. І тэлегледачы ўбачылі гэта, і кажуць, што беларускі тэлеклуб больш варашылаўскі, чым маскоўскі. Тое ж тычыцца і майго стылю, як вядучага, агульнай атмасферы, якая фармуецца “пад уплывам” таго, што беларусы ў адрозненне ад іншых нацый СССР больш захавалі ў сабе савецкага светапогляду, ранейшых адносін да культурных каштоўнасцяў і павагі адзін да аднаго. Каб зусім было зразумела, пра што я кажу, трэба паглядзець “Што? Дзе? Калі?” 80-х, сённяшнюю нашу гульню і сённяшнюю маскоўскую, і стане ўсё ясна. Тое ж самае тычыцца і “Брэйн-рынгу”, вытрыманым у класіцы 90-х. Дарэчы, “...Рынг” быў як бы сацыяльным заказам з боку рэгіянальных клубаў, якія крычалі: “Алесь Васільевіч! У нас жа ў “Што? Дзе? Калі?” усяго 36 чалавек гуляе! А нас так шмат — разумных і цікавых!” І мы разам з “АНТ” пайшлі на тое, каб запусціць гэты праект — адзін з самых дарагіх на нашым тэлебачанні. Магчыма, да нас на чэмпіянаты свету па “Брэйн-рынгу” прыязджаюць з задавальненнем каманды з усяго былога Саюза па той прычыне, што адчуваюць тую еднасць і чалавечнасць. Дарэчы, мы не аплачваем ім праезд, пражыванне.

— Памятаеце рэкламу нейкага чарговага сезону “Што? Дзе? Калі?”, у якой яго вядучы Уладзімір Варашылаў паўставаў у вобразе дрэсіроўшчыка? Вы таксама ў працэсе гульні часам ідзіцё на жорсткія меры ў адносінах да знаўцаў...

— Так, дрэсіроўшчык — гэта дзесьці на мяне падобна!.. Але мне больш падабаецца другі эпізод той рэкламы, калі знаўца паўстае ў выглядзе дзіка, які капытом рые зямлю і ўжо гатовы выбегчы на арэну, каб усіх парваць. У Маскве я з такім настроем і саджуся за гульнявы стол, інакш не выйграеш. Зыходзячы ж з маральна-этычных нормаў, быць вядучым досыць складана, таму што з большасцю хлопцаў і дзяўчат, мы хай і нячаста, але маем зносіны і па-за тэлебачаннем. Але пры гэтым якая-ніякая адлегласць паміж намі ўсё ж існуе. З аднаго боку — я знаўцаў такіх разумею і ведаю іх здольнасці, сілу і слабасці, з другога — ёсць пытанне, і тэлеглядач патрабуе “справядлівага суда”. Роля ў мяне менавіта больш судзейская, чым вядучага. Я павінен да ўсяго ставіцца сумленна і калі бачу, што знаўцы груба парушаюць устаноўленыя правілы, то шляхоў вырашэння канфлікту ў мяне два. Альбо прысудзіць ім паражэнне, альбо, прыняўшы пад увагу ўсе абставіны, стварыць нейкую экстрасiтуацыю і стаць на бок знаўцаў, але каб нават тэлеглядач, якi “справакаваў” сутычку, прыняў мае аргументы.

— Калі вас перасталі параўноўваць з Варашылавым?

— Думаю, што ніколі не перастануць. І я разумею, як цяжка вядучаму маскоўскай тэлеверсіі Барысу Круку, якога да гэтага працягваюць параўноўваць з Уладзімірам Якаўлевічам. Як вядома, чалавечая памяць уладкавана так, што мы стараемся запомніць толькі самае лепшае, а ўвесь негатыў спрабуем забыць. Гульні Варашылава лічацца суперкласiкай да такой ступені, што сённяшнія 14-гадовыя ў нейкіх інтэрнэт-форумах пішуць: “Што? Дзе? Калі?” — ужо не тая”. Таму хай кажуць, што ў Варашылава было лепш, чым у Мухіна, чым наогул Мухіна глядзець не будуць.

— Варашылаў неяк хацеў закрыць праект, сцвярджаючы, што не бачыць у ім патэнцыялу. Вы яго бачыце?

— На мой погляд, справа была ва ўзросце Уладзіміра Якаўлевіча, а не ў патэнцыяле праекта. Апошнія гады жыцця Варашылава вялікую нагрузку ўзяў на сябе Крук, дапамагаючы яму як асістэнт, нават прымаючы нейкія рашэнні падчас эфіраў... Пакуль наша зямля родзіць інтэлектуалаў, пакуль гледачы шлюць пытанні (даходзіць да мяшка лістоў у тыдзень) і не лянуюцца дасылаць на паштамт барану даўжынёй у 3 метры, пакуль ёсць цікавасць — будзе жывая і праграма.

— Сярод лістоў шмат такіх, у якіх гаворка ідзе пра беларускую культуру?

— Так.

— А здаецца, што няма...

— Не ўсе ж пытанні “гуляюць”. Адсоткаў 10 ад агульнай колькасці складаюць пытанні пра культуру. Па мне — гэта... нармальна. Іншая справа, што большасць з іх грунтуецца на нейкіх агульнавядомых фактах ў галіне культуры. Напрыклад: другі том якога выдання спаліў адзін з класікаў? І падобнае сустракаецца нярэдка. А так я нават прымушаю нашых рэдактараў пры выбарцы пытанняў большую ўвагу надаваць тым, у якіх гаворыцца аб нашай краіне, і не толькі пра яе культуру. Гэта мой унутраны запыт, мой дыктат, а не канала або Міністэрства культуры.

— Пра музычныя паўзы. У маскоўскім клубе іх запаўняюць, як правіла, не занадта папсовыя артысты, а то і зусім якая-небудзь “Машына часу” або джазавы склад. У нас жа часта выступаюць тыя, каго ведаюць чалавек 50 або хто “жыўцом” спяваць не ўмее. Чаму так адбываецца?

— У чымсьці згодны. Але не я запрашаю артыстаў, а канал. Магу, вядома, выказаць сваё меркаванне, але не больш. Аднак класічныя музыканты некалькі гадоў таму ўпершыню з’явіліся ў нашай гульні, а не ў Маскве. Чаму ў апошнія пару сезонаў у нас такога не адбываецца, не ведаю. Улічым пажаданне.

— Можа, варта цітрамі даваць нейкую інфармацыю пра тых выканаўцаў, якія не вельмі вядомыя?

— Возьмем на заметку і гэта.

Пытанні аб пытаннях

— Барысу Грабеншчыкову часта, як апошняй інстанцыі, задаюць пытанні на вечныя тэмы: што такое каханне, што такое Бог, у чым сэнс жыцця? Вам іх задаюць?

— У асноўным мае дзеці. Я спрабую ім растлумачыць кантэксты... А міліцыянты, якiя часам спыняюць маю машыну, пазнаючы, пару разоў казалі: “О! Я даўно збіраўся паслаць вам пытанне. Адкажаце зараз, штрафу не будзе”. Я прасіў іх даць мне хвіліну на роздум. Адзін сказаў: “Я памятаю, што ў вашай перадачы званка сябру няма, так што самі”.

— Што чытаюць вашы дзеці?

— Старэйшы, яму 18 гадоў, асвойвае “Дзюну”. Паралельна — “Ганну Карэніну”. Адзінаццацігадовая дачка захапілася моднай серыяй “Молі Мун”. А што я ім “навязваў”?.. Пра Тома Соера, “Цімур і яго каманда”... Сёння я мала ведаю такіх дзяцей, якія самі б адкрывалі кніжкі, для гэтага і патрэбныя бацькі. Яны павінны стаць ці не цэрберамі ў гэтым сенсе і метадычна “цюкаць” сваіх дзяцей па галовах: “Колькі старонак прачытаў?”...

— Самае надакучлівае пытанне, адрасаванае вам?

— “Назавіце ваша любімае пытанне ў “Што? Дзе? Калі?”.

— На якую тэму сёння больш за ўсё пытанняў удзельнічае ў гульнях?

— Яны звязаны з сайтамі, інтэрнэт-блогамі, камп’ютарнымі забаўкамі. Відаць, што чалавецтва рушыць у IT-сферу, папяровыя кніжачкі сыходзяць. Калі ж параўноўваць цяперашнія пытанні з тымі, калі маскоўскі праект толькі пачынаўся, тады яны шмат у чым патрабавалі ад знаўцаў практычнай кемлівасці альбо дакладных лабавых ведаў. Пытанні — як, што, міні-творы, адсутнічалі як клас. Цяпер ні масквічы, ні мы іх у эфір не пусцілі б, палічыўшы рэдактарскім бракам. Сённяшнія пытанні — гэта міні-літаратурныя творы, а не проста факты.

— Ці шмат сярод аўтараў пытанняў ад работнікаў культуры?

— Так. Вельмі прыгожыя пытанні паступаюць ад бібліятэкараў. Шмат ад студэнтаў ВНУ, якія адносяцца да сферы культуры: ці то курсавыя работы пішуць, ці то разлічваюць на прыбаўку да стыпендыі. Шмат ад лекараў, настаўнікаў, вядома ж, ад школьнікаў і пенсіянераў.

— А які, на ваш погляд, сярэднестатыстычны партрэт беларускага знаўцы?

— Пра дапытлівы розум не гаворым?.. Што тычыцца прафесій, то гэта IT-спецыяліст альбо навуковы работнік — дзеючы або былы. Гэта чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які займаецца грамадскай дзейнасцю, шмат вандруе.

— Вы часцей за ўсё задаяце іншым пытанне, якое пачынаецца са слова “што”, “дзе” або “калі”? І ці звяртаюцца да вас з пытаннямі, што пачынаюцца з гэтых слоў?

— На сваёй асноўнай працы я часцей за ўсё пачынаю пытанне са слова “колькі”. І мне гэтае пытанне часцей за іншых задаюць.

/i/content/pi/cult/552/12041/6-2.jpgУласна, пра культуру. І не толькі

— У сувязі з “рэтра-аўрай” беларускага праекта, ці лічыце вы, што і беларуская культура шмат у чым абапіраецца на мінулае і схільная да вызначанага кансерватызму? А, можа, гэта наша нацыянальная рыса? Ці, не валодаючы сёння патэнцыялам ірвануць наперад — даць арыгінальную ідэю, мы вымушаны выкарыстоўваць напрацаваныя схемы?

— Я ўсё ж не праводзіў бы паралель паміж маімі спробамі рэалізацыі класічнага тэлепраекта і тым, што адбываецца ў культуры. Хаця... Дапусцім, на прыкладзе прывазнога шоу-бізнэсу можна сказаць, што тут супала відавочнае з прыемным. У краіне няма такіх грошай, каб масава запрашаць з канцэртамі артыстаў сусветнага ўзроўню, якія знаходзяцца на піку; і ёсць запыт у людзей на настальгію, на той жа гурт “Boney M”, у якiм, напэўна, застаўся ўсяго адзін чалавек з “залатога” складу, і якi, падобна, ужо перасяліўся ў Расію. У нашым грамадстве ёсць запыт на Савецкі Саюз наогул, значная частка людзей жыве каштоўнасцямі мінулых гадоў, калі папулярнымі былі тыя замежныя выканаўцы, што сёння спяваюць на “Залатым шлягеры”.

А, вяртаючыся да “Што? Дзе? Калі?”, калі б я мог прыдумаць такую праграму, я яе прыдумаў бы і з задавальненнем вёў, а калі ўжо ёсць геніяльная ідэя, дык грэх ёй не скарыстацца.

— Вы неяк адсочваеце: ці шмат прапануецца сапраўды новага на модных цяпер конкурсах ідэй, стартап-праектах?

— Новых ідэй не хапае. Не хапае па-сапраўднаму прафесійных і дасведчаных людзей, якія павінны працаваць сучасна ў... сучасных ўмовах. Скажам, як чалавек, які скончыў музычную школу і сёе-тое разумее ў музыцы, я магу сказаць, што ў нас вельмі моцныя філарманічныя традыцыі, моцная адпаведная адукацыя. А менеджменту ў гэтай галіне няма. Наогул менеджмент культуралагічнай прасторы знаходзіцца ў зародкавым стане. Мы ўжо больш як 20 гадоў існуем без “жалезнай заслоны”, і каб быць канкурэнтаздольнымі ў любых галінах, трэба, у тым ліку, умець кіраваць па напрацаваных, апрабаваных гадамі законах цывілізаванага свету. Захоўваючы пры гэтым і сваю ідэнтычнасць. Краіны Балтыі, маючы насельніцтва ў разы менш, чым Беларусь, не толькі не страчваюць сваю самабытнасць, але і з поспехам ўпісваюцца ў сусветны кантэкст. Я, можа, прывяду прыклад не надта высокага мастацтва, але тым не менш. Колькі той Эстоніі? А “Еўрабачанне” выйграла. Латвія выйграла. Значыць, там ёсць сістэма падрыхтоўкі кадраў, якія “варацца” не толькі ў замкнёнай на сабе роднай ВНУ. Відавочна, што ёсць дзяржпраграма, якая дазваляе людзям выхоўвацца ў лепшых кіна- і музычных акадэміях.

Дзякуй Богу, у нас ёсць разуменне гэтага. Я не так даўно меў зносіны з дырэктарам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімірам Карачэўскім, які курыруе лістападаўскі II Маладзёжны тэатральны форум краін СНД, Балтыі і Грузіі. Пра што гэта кажа? Пра тое, што Уладзімір Міхайлавіч набыў неабходны і карысны вопыт, пабываўшы першым намеснікам міністра культуры, падвучыўшыся менеджменту ў Францыі, і цяпер будзе прымяняць атрыманыя за мяжой веды на беларускай тэатральнай ніве. Нам бы з дзясятак такіх людзей для пачатку.

— Нядаўна ў продажы з’явіліся скрыначкі з гарбатай, па ўсёй паверхні якіх налеплены карцінкі з выявай беларускіх гістарычных дзеячаў. Чай такі стаў адразу даражэй удвая. Як вы лічыце, названыя спосабы дазваляюць прасоўваць культуру, ці...

— ...гэта штучна прыцягнутая спроба вылучыць дадзены чай сярод канкурэнтаў. Калі б у Беларусі рос свой чай, тады, напэўна, такі падыход меў бы сэнс. “Гэта гарбата з Полацкага рэгіёну. Дарэчы, адсюль Сімяон Полацкі і Ефрасіння Полацкая…”. Але калі чай завозіцца з Кітая ці В’етнама, то ляпіць на скрынку Ефрасінню Полацкую — гэта не камільфо, ды яшчэ маркетынгавы разрыў свядомасці.

— Што, па-вашаму, з беларускай культуры пры існуючай сёння цікавасці да яе ўнутры краіны можна “прадаць” яе жыхарам?

— У мяне сэрца радуецца, калі ў якім-небудзь нашым не маленькім горадзе я раптам трапляю ў нармальны рэстаран, у якім магу выпіць кубак нармальнай кавы. Такое павінна быць у кожным горадзе. Усё пачынаецца з нізоў: з добрых туалетаў на вакзалах і ў кавярыньках. Культура пачынаецца з туалетаў.

Турыстычная інфраструктура ў нас мінімальная, унутраны турызм мінімальны: мы ездзім да сваякоў на бліны ды на чарку са шкваркай, а ў сезон — на бульбу. Павінна быць цэлая дзяржпраграма ў галіне турызму. Пра тое не так даўно казаў наш Прэзідэнт: у краіне ёсць мясціны, дзе можна добра адпачыць. Для людзей неабходна арганізаваць такі адпачынак, і арганізаваць так, каб яны гэта рабілі на радзiме. Вось тут і будуць патрэбныя даведнікі, брашуры з цікавымі фактамі аб гарадах, разнастайныя інтэлектуальныя конкурсы, прысвечаныя нашай дзяржаве, тэлевізійныя праграмы, накшталт “Я люблю Беларусь!”. Няхай бы яны падавалі нейкія факты ў жартаўлівай форме, але людзі ўспаміналі б пра іх, упершыню даведваючыся.

— Для кагосьці такая “асвета” выглядае дзіўнавата...

— Праграма папулярызавала беларускасць. Задача заключалася ў тым, каб, умоўна кажучы, 5 адсоткаў жыхароў краіны, для якіх усё гэта выглядала дзіўнаватым, свой пункт гледжання не навязвала б астатнім 95-ці, а давала ім магчымасць падцягнуцца да сябе з дапамогай атрымання новых ведаў. Вось у чым заключалася культуралагічная місія перадачы.

— “Што? Дзе? Калі?” нясе культуралагічную місію? Ці гэта проста шоу?

— Ад шоу ў яе павінна быць толькі высокая якасць здымак і “пытальнага” матэрыялу. Перадачу трэба рабіць “смотрибельной”. І я сам не шоумэн, які намагаецца кожны раз даводзіць гульню да рахунку 6:5, каб павысіць рэйтынг праграмы. Гэта інтэлектуальны праект, калі хочаце, мой унёсак і унёсак тых, хто працуе на ім, у беларускую культуралогію.

— А ці існаваў “культурны” складнік у дзейнасці структур, якімі вы кіравалі і кіруеце цяпер: парфумернай, мабільнай сувязі, чайна-кававай? Былы бос маскоўскай кампаніі мабільнай сувязі, беларускае аддзяленне якой вы ўзначальвалі, з выгляду быў увесь “ў культуры” — модны чувак ў модным “прыкідзе”, які слухае рок-н-рол.

— Гэта сапраўды модны чувак, чалавек незвычайны. Дарэчы, мяне называлі яго малодшым братам: я таксама пісаў лісты народу і быў злёгку, як і ён, “бязбашанны” ў адносінах да жыцця. Праўда, з гадамі я стаў менш рызыкоўным.

Немагчыма жыць у сваёй краіне, як у гасцях. І, напрыклад, калі наша “мабільная” кампанія выйшла з мінскіх крам у рэгіёны, мы вельмі актыўна падтрымлівалі розныя мерапрыемствы на месцах. Нам было цікава, чым жывуць беларускія гарады, чым жывуць іх людзі. А холдынг, які я ўзначальваю зараз, з’яўляецца шматгадовым партнёрам “Славянскага базару ў Віцебску”. Будзем мы і партнёрамі тэатральнага форуму, пра які я казаў.

— Нашай краіне патрэбна нацыянальная ідэя?

— Думаю, не патрэбна. Звярніце ўвагу, што сёння краіны, у якіх былі вялікія нацыянальныя ідэі, пакутуюць, спрабуючы неяк іх захаваць і адначасова інтэгравацца ў агульнасусветную прастору. Нам тады трэба прайсці двайны шлях, ці што? Спярша стварыць нацыянальную ідэю, а потым, усвядоміўшы, якія мы крутыя, з кім-небудзь інтэгравацца і зноў яе пахаваць?

Наша “нацыянальная ідэя” заключаецца ў тым, што, зведаўшы на сабе столькі войнаў, мы проста хочам жыць у свеце, ні з кім не канфліктуючы. Беларусь — гэта талерантная краіна, якая імкнецца да дабрабыту. І няма чаго больш прыдумляць, што мы такія асаблівыя — гэта быў бы тупіковы шлях. Іншая справа, што над чынам беларуса працаваць, вядома, трэба, каб людзі ганарыліся, што яны жыхары Рэспублікі Беларусь…

Бацька беларускага рок-бізнесу

— На світанку сваёй бізнес-дзейнасці вы ладзілі канцэрты гуртоў “N.R.M.”, “Ляпіс Трубяцкой”. Чаму сышлі з гэтай сферы?

— Так, жыццё мяне па кутах пакідала... Канцэрты гэтыя нарадзіліся з таго, што мая маладосць прыпала на сярэдзіну 90-х, калі на змену старому сацыякультурнаму вольнаму часу прыйшоў новы. У першую чаргу мы займаліся арганізацыяй дыскатэк для моладзі, калі, дапусцім, дзяўчынкі педуніверсітэта запрашалі на вечар курсантаў ваеннай акадэміі. Мы здымалі клуб, плацілі арэнду, рызыкуючы сваімі грашыма, і ўсталёўвалі кошты на квіткі. Хутчэй, гэта была спроба пяра, чым імкненне зарабіць. “N.R.M.” у той час ужо быў магутным калектывам, “Ляпіс...” толькі з’явіўся, і іх кароткія выступы праходзілі ў рамках такіх студэнцкіх абменаў. Потым, убачыўшы, як на іх рэагуе народ, мы сталі рабіць паўнавартасныя канцэрты. А потым я скончыў ВНУ.

— Маючы зносіны са сферай культуры, ці рэальна было тады зарабіць грошы такім спосабам?

— Першае футра сваёй жонцы я купіў з канцэрта “Ляпіса Трубяцкога”. Праўда, яно было штучнае.

— А зараз рэальна?

— Сярод маіх аднадумцаў ёсць людзі, якія працуюць сёння ў кампаніі, што займаецца такімі мерапрыемствамі. Я, напэўна, не змог бы ў ёй працаваць. Усё ж гэта не такі празрысты, адкрыты бізнес, як мне хацелася б. Маральна было б цяжка. І не цікава. Лягчэй прадаваць неадушаўлёныя прадметы: у маім выпадку — гарбату-каву. Артыстаў “прадаваць” цяжэй хоць бы таму, што тыя ж расіяне лічаць сябе “зоркамі”, параўнальнымі з сапраўднымі заходнімі, а, значыць, і запыты ў іх адпаведныя. І ўзнікае дысананс паміж тым, колькі даводзіцца з імі важдацца, і тым, што маеш з іх у выглядзе інтэлектуальнага і фінансавага “выхлапу”. Не зайздрошчу я людзям, якія знаходзяцца ў гэтым бізнесе.

Пытанні задавалі Дар’я Амяльковiч, Пётра Васiлеўскi, Алег Клiмаў, Настасся Панкратава, Сяргей Трафiлаў,  Алiна Саўчанка,   Юрый Чарнякевiч

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"