Свой сярод сваіх

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Міністэрскі партфель: Юрый Міхневіч / Пра міністра культуры БССР цягам 18 гадоў
У размовах з мэтрамі мастацтва часта ўсплывае прозвішча колішняга міністра культуры БССР Юрыя Міхневіча. Аднак у шырокім доступе інфармацыі аб чалавеку, які амаль 18 гадоў узначальваў сферу культуры Беларусі, акрамя некалькіх радкоў у інтэрв’ю і не знайсці... Успамінамі пра бацьку, для каго не было дробязей у прафесіі, падзяліўся з “К” першы намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр МІХНЕВІЧ.

/i/content/pi/cult/551/12023/14-2.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 35.)

Паспець за две гадзіны

— Юрый Міхневіч быў чалавекам вельмі дысціплінаваным, патрабавальным да сабе. Ён стала сачыў за тым, што адбываецца ў развіцці сусветнага мастацтва. Дома заўсёды ляжаў часопіс “Тэатр”, усе газеты, што датычыліся культуры — “Літаратура і мастацтва”, “Савецкая культура”, “Літаратурная газета” і гэтак далей — былі настольныя.

Ён вельмі любіў жывапіс, сабраў шыкоўную калекцыю кніг па выяўленчым мастацтве. І ўсе ўважліва прачытаў, перыядычна вяртаўся да іх, прагледжваў, рабіў занатоўкі. Сучасныя плыні ніколі не адмаўляў, бліскуча разбіраўся ў абстракцыянізме, мадэрнізме...

Юрый Міхайлавіч шмат чытаў, у тым ліку філасофскіх кніг. Не ведаю нават, калі паспяваў, бо пасада вымагала прымаць удзел у вечаровых мерапрыемствах, і ён рэдка вяртаўся дамоў раней 22-й гадзіны. Але штотыднёва дзве гадзіны імкнуўся аддаць чытанню. І нас заўсёды далучаў. Колькі разоў мы чулі: “Вось пачытайце, у “Иностранке” выйшаў новы раман Франсуазы Саган!”. Ці: “Глядзіце, нарэшце афіцыйна надрукаваны “Майстар і Маргарыта”!” (Як памятаеце, доўгі час гэты раман “хадзіў” толькі ў самвыдаце.)

Бацька заўсёды нас арыентаваў. Падчас маёй вучобы ў маскоўскай ВНУ бацьку прызначылі на міністэрскі пост. Зразумела, ён стаў часта наведвацца ў саюзную сталіцу па рабочых справах. Дык вось, я не памятаю ніводнага выпадку, каб мы сядзелі ўвечары ў рэстаране (хаця мне, галоднаму студэнту, можа гэтага і хацелася). Ён жа складаў план: “Сёння пойдзем на прэм’еру ў Вялікі, заўтра нас чакаюць “Сталевары” у МХАТ, трэцяга дня будзем на Таганцы, бо нам патрэбна абавязкова паглядзець “Гамлета” з Высоцкім, ды і “Юнону” і “Авось” нельга прапусціць у "Ленкоме”. І ў кожны прыезд мы з ім хадзілі па тэатрах. Таму яму было проста спрачацца на айчынных мастацкіх саветах, даводзіць сваю слушнасць, бо меў бацька з чым параўноўваць. І гэта ён часта ўмела скарыстоўваў.

Адчуванне неабыякавасці

— Для такога чалавека, як мой бацька, у рабоце не было дробязей. Як ён страшэнна злаваўся, калі спектакль пачынаўся са спазненнем! Памятаю, як ён кагосьці адчытваў за гэта. Крый божа, каб нешта было не так з мікрафонамі, каб заслону заела ці хтосьці дзесьці спатыкнуўся. Прыдзірліва ставіўся да касцюмаў: “У чым яны выйшлі на сцэну? Касцюмы не адгладжаныя! Як сабе могуць такое дазволіць?”. У тэхнічных дробязях ён быў бязлітасны, бо лічыў гэта расхлябанасцю, недысцыплінаванасцю. Зрэшты, да сябе ён гэтак жа ставіўся: заўсёды вельмі сачыў за сваім знешнім выглядам, быў падцягнутым, акуратным.

Пры гэтым да пытанняў па творчым працэсе Юрый Міхайлавіч падыходзіў мякка і тонка. Ён ніколі не заставаўся абыякавым, не баяўся выказаць сваё меркаванне. Мне часта нагадваюць дзеячы культуры, як пасля кожнай прэм’еры, канцэрта ці адкрыцця выстаўкі бацька абавязкова заставаўся, каб падзяліцца з удзельнікамі сваімі ўражаннямі, пахваліць ці выказаць слушныя заўвагі. “Мне патрэбна пагутарыць з артыстамі”, — такімі словамі ён адпраўляў мяне пасля заканчэння мерапрыемства дадому, а сам заўсёды ішоў за кулісы. Мае суразмоўцы прызнаюцца, што такой неабыякавасці ім не стае сёння...

У Міністра культуры ў тыя часы хапала ўлады забараніць ці зняць нумар, але бацька гэтым ніколі не карыстаўся. Прасцей за ўсё закляйміць, напрыклад, словамі кшталту “антысаветчына!”. Ён жа аргументаваў, што спектакль прафесійна слабы. Прасіў растлумачыць, што пэўны аўтарскі погляд дае новага развіццю нацыянальнага мастацтва. Імкнуўся, каб рэжысёры самі зразумелі, што ў такім выглядзе спектакль выпускаць нельга, а канцэрт з гэтым нумарам будзе выглядаць шэранька. Юрый Міхневіч быў чалавекам, які ўспрымаў аргументы, яго можна было запэўніць, калі доказна патлумачыць. Але непрафесіяналізму не цярпеў!

Канешне, бывала рознае... Памятаю выпадак: ён сказаў аднаму вельмі вядомаму беларускаму скульптару, работу якога з помпай адкрылі ў Мінску: “Так, помнік, у прынцыпе, атрымаўся, але дзе ты бачыў мысляра, у якога галава меншая за каленку?” Не размаўлялі бацька з тым творцам потым пару гадоў, дык дакладна. Але бацька меў рацыю...

Не трываў ён местачковасці, сырога матэрыялу. З гэтымі прынцыпамі падыходзіў як да прафесійнага мастацтва, так і да народнай творчасці. Патрабаваў, каб усё было зроблена па вышэйшым разрадзе: ад касцюма, паклона да ідэі, рэплікі, дыкцыі. Канешне, першай рэакцыяй пасля такіх гутарак часта была крыўда. Але потым усё роўна перапытвалі думку Міхневіча, калі наступным разам збяруцца на абмеркаванне.Усе чакалі, калі ён прыйдзе. Тыя разборы іх творчасці станавіліся нечым кшталту лакмусавай паперкі.

Стварэнне руху

— Сёння 1970-я называюць застоем. А вось я не сказаў бы, што для культуры — беларускай ці саюзнай — той перыяд не быў плённым. Паглядзіце: расквітнеў Тэатр на Таганцы, “Современник” займеў імя, з’явіўся “Ленком” Захарава і гэтак далей. Пачаўся ўздым беларускага тэатра. І ў апошняе меўся ўнёсак бацькі.

Прынамсі, быў момант, калі айчыны Оперны тэатр знаходзіўся ў вельмі цяжкім стане, нават намесніка міністра культуры прызначылі дырэктарам тэатра. Год бацька спалучаў гэтыя пасады, а ўжо на пасадзе міністра шукаў новых людзей. Згадваю, як на наша лецішча завітала маладая пара. Бацька пазнаёміў: “Валянцін Елізар’еў. Вось угаворваю яго застацца ў Беларусі, стаць балетмайстрам тэатра”. Маладыя былі, смажылі шашлыкі, Маргарыта Ізворска дапамагала са сталом, а Валенцін Мікалаевіч расказваў, што практычна вырашыў пагадзіцца на прапанову. Ужо праз год усе апладзіравалі балету “Стварэнне свету”, які хутка стаў легендарным. Тата да апошняга дня ганарыўся росквітам беларускага Вялікага тэатра.

Памятаю, як бацьку падабаўся аркестр Поля Марыа. Ён часта слухаў яго запісы, а потым падзяліўся са мной марай стварыць такі калектыў на радзіме. Я засумняваўся: “Тата, магчыма, яшчэ музыкантаў-віртуозаў падбярэш, але дзе ты знойдзеш падобнага па таленту кіраўніка?” Ён не стаў спрачацца: “Паглядзім”. А тыдні праз два паклікаў нас у цырк і шэпша: “Зараз паглядзі вось на таго хлопца, што стаіць за дырыжорскім пультам. Упэўнены, ён выцягне задуму!” Так я пазнаёміўся з Міхаілам Фінбергам. Як вы ведаеце, усё атрымалася. А мы з Міхаілам Якаўлевічам дагэтуль сазвоньваемся.

Ці ўзяць “Песняроў”. Гэта быў непартыйны калектыў, у нечым — супярэчлівы, тым не менш ім дазволілі паездку ў ЗША. Бацька хадзіў узрушаны, маўляў, тыя гастролі стануць для “Песняроў” школай прафесійнага майстэрства. Прынамсі, такіх гукааператараў, як за акіянам, у нас яшчэ пашукаць трэба! Потым Мулявін распавядаў: “Юрый Міхайлавіч, вы мелі рацыю. Мы прыйшлі на канцэрт, а нам вылучылі вакал, прыбраўшы лішні гук. Тыя агрэхі, што раней прыхоўваліся поліфанічным фонам, раптам сталі бачнымі. Там іншыя падыходы да арганізацыі канцэрта, больш жорсткія патрабаванні. Мы шмат вынеслі ў плане рамяства з гэтай паездкі”.

Зрэшты, сваю каманду Юрый Міхайлавіч заўсёды хваліў, падтрымліваў. Разумеў, што адзін у полі не воін. І з кіраўніком БССР Пятром Машэравым у іх атрымаліся добрыя адносіны. У тыя часы на любога неардынарнага творцу часта глядзелі з асцярогай. Бацька і Пётр Міронавіч дапамагалі талентам прабівацца, бесперашкодна займацца творчасцю. Гэта вельмі дапамагала і міністру культуры.

Хаця былі розныя выпадкі... Аднойчы ўбачыў бацьку нейкім засмучаным. Выявілася, што вызывалі яго ў ЦК партыі, бо прыйшла на яго ананімка. У Мастацкім музеі рыхтавалася выстаўка французскіх імпрэсіяністаў. Бацька прыйшоў праверыць экспазіцыю перад афіцыйным адкрыццём: каля паўсотні шыкоўных работ чакалі мінчан, але першае, што кідалася ў вочы, быў бюст Брэжнева і цытата з яго выступленняў. Юрый Міхайлавіч накінуўся на музейшчыкаў: “Да вы што! Мала таго, што гэта не да месца, мы фактычна дыскрэдытуем самога Леаніда Ільіча. Неадкладна прыбраць!”. Хутка ў ЦК прыйшла ананімка, што міністр распарадзіўся прыбраць бюст кіраўніка партыі і ўрада.... Добра, што Машэраў у гэтым плане быў мудрым чалавекам. Толькі ўсміхнуўся ды папрасіў працаваць больш лагодна і тактычна.

Бліскучы сезон

— Рэспубліканскія конкурсы мастацкай самадзейнасці, якія існуюць у нас да гэтай пары, узніклі з падачы Юрыя Міхайлавіча. Ён часта браў нас з сабой у Літву і Латвію, каб паказаць знакамітыя конкурсы творчасці. На так званым Спеўным полі збіралася безліч калектываў. Тады мы і пазнаёміліся з Пахмутавай, Паулсам і з цэлай плеядай выдатных музыкантаў. Адтуль ён прывёз ідэю конкурсу ў родную Беларусь.

Ён падтрымліваў кантакты з Надзяй Лежэ. Імкнуўся дапамагчы ёй наведаць Радзіму, сустаркаў яе на пероне. Спадзяваліся, што яна перадасць у наш музей свае знакавыя работы. На жаль, не склалася...

Дарэчы, у нашым доме бывала шмат цікавых людзей. Бацька сябраваў з Яўгенам Еўсцігнеевым і Алегам Яфрэмавым. Часам мне шчасціла апынуцца ў кампаніі гэтых яскравых дзядзькаў з шыкоўным пачуццём гумару. Іх гісторыямі можна было заслухацца! Але бывала, Алег Мікалаевіч моцна спрачаўся з бацькам: ім было што абмеркаваць.

Да слова, пры бацьку лета ў Мінску заўсёды было бліскучым сезонам. У адзін год у горад мог прыехаць Тэатр Массавета і Тэатр на Таганцы. На другі замаўлялі Вялікі з Масквы і тэатр імя Маякоўскага. Уявіце сабе, што такое Тэатр на Таганцы ў той час і як складана было яго выцягнуць сюды! А ён гастраляваў у Беларусі тры ці чатыры гады запар! Бацька ўмеў дамаўляцца, прывозіў у Мінск лепшае. Я меў магчымасць паглядзець на тутэйшых сцэнах тых жа масквічоў, але ведаў, што ўсе знакавыя пастаноўкі змагу даглядзець у Беларусі.

Як можна было зацягнуць у Мінск тэнара Уладзіміра Атлантава і сапрана Тамару Мілашкіну? Як Алена Абразцова магла завітваць у Мінск па 2-3 разы за сезон, калі яе гастрольнае турнэ было распісана ці не на год наперад? Таму што сябравала, ёй хацелася бываць тут, таму што разумела, што ў Мінску усё пройдзе выдатна. Беларусь прываблівала акцёраў гарачым прыёмам. Рэжысёры былі спакойныя за арганізацыйную частку і разлічвалі на цёплы глядацкі водгук. Але бацька заўсёды папярэджваў масквічоў: “Хлопцы, давайце дамовімся, Беларусь — значна больш на захад ад Масквы. Халтура тут не пройдзе. Лічыце, што вы ў сябе дома, толькі глядач больш патрабавальны”.

Юрый Міхайлавіч добра ставіўся да Кацярыны Фурцавай, якая тады курыравала Міністэрства культуры СССР, называў яе бліскучым міністрам. Казаў, што яна ўмела годна прадстаўляць за мяжой сваю краіну. Распавядаў, як усе ўставалі, калі яна ўваходзіла ў залу пасяджэнняў: так яна сябе несла — бы каралеву. Мала каму вядома, што ў сярэдзіне 1970-х беларускага міністра настойліва запрашалі ў Маскву. Ён адмовіўся, запэўніваючы, што ўсё яго жыццё звязана з Беларуссю...

У сямейным асяроддзі

— З бацькам мы вельмі сябравалі. Свае выхадныя ён імкнуўся праводзіць у сям’і. Мы маглі выправіцца ў грыбы ці проста ў лес, на рыбалку. Ён вадзіў, паказваў, дзяліўся ўражаннямі, успамінаў. Гэта быў вельмі цікавы чалавек з добрым пачуццём гумару. Маглі часам і паспрачацца па пэўным пытанні, але часцей усё ж абмяркоўвалі.

Я бачыў, што калі па жыцці даводзілася прайграваць, то бацька прымаў тое блізка да сэрца. Але мне падабалася яго імкненне выправіць недарэчнасць. Няўдачы яго загартоўвалі, дапамагалі ўзняцца над сітуацыяй, так бы мовіць, раскручвалі на новыя дасягненні.

Калі тату неабходна было падрыхтавацца да выступлення, напрыклад, пленума ЦК партыі ці справаздачнага бюро ЦК, то ён раіўся з намі, асабліва з жонкай Раісай Яраслаўцавай. У маці было чуццё на тое, што цікава людзям, а што не вельмі, як правільна падаць інфармацыю. Магчыма, таму, што маці прайшла ўсю Беларусь, хаця сама прыехала за бацькам з расійскай глыбінкі. Яна надзвычай палюбіла беларускую культуру, на Палессі запісвала песні ды абрады. Дарэчы, стала кандыдатам філалагічных навук, вядомай збіральніцай фальклору.

Бацьку хацелася заўсёды быць бліжэй да культуры. Цікава, што тыя дзесяць гадоў, якія тата пражыў пасля выхаду на пенсію, ён быў надзвычай запатрабаваны. Я б нават не сказаў, што часу ў Юрыя Міхайлавіча стала больш. Здавалася б, чалавек ужо не пры пасадзе, але каб быў ён нецікавы як асоба, пра яго ніхто не узгадаваў бы. На справе ж усе вечары ў бацькі былі распісаны: яго запрашалі на канцэрты, спектаклі. Яму было цікава з гэтымі людзьмі, да яго ж прыслухоўваліся, чакалі яго меркавання. Юрый Міхайлавіч і без міністэрскага партфеля заўсёды пачуваўся сваім у творчым асяроддзі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"