Маэстра і яго сад у квецені

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Ігар і Вольга Паліводы: дыялог праз 19 гадоў. Частка VІІ
У гэтым нумары “К” працягвае знаёміць чытачоў са старонкамі дзённікавых запісаў вядомага беларускага кампазітара Ігара Паліводы ў фармаце віртуальнага дыялогу з яго ўдавой Вольгай Палівода. З гэтых старонак выглядае складаная натура маэстра з яго трапнымі ацэнкамі і вострым словам адносна стварэння ім праграм на вершы вядомых паэтаў — Роберта Бёрнса, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Аркадзя Куляшова. Падаецца, згадка названых імёнаў і твораў паводле іх літаратурных шэдэўраў цалкам натуральная з нагоды Дня беларускага пісьменства.

/i/content/pi/cult/550/11998/8-1.jpg1981 г. “Вясёлыя жабракі”

В.П.: — У “Песнярах” праграма “Вясёлыя жабракі”, вядома ж, пісалася з улікам спецыфікі калектыву. Таму і паэт быў абраны народны па сваёй сутнасці. Праграма тая даволі бесклапотная, але і ў вершах, і ў іх музычным аздабленні стае цікавых момантаў. А пасля ў краіне прыспеў час, калі патрабаваліся праграмы на вершы беларускіх класікаў. Палівода ішоў ад зямлі, ад нацыянальных каранёў. І сам Ігар вельмі ўзрос як профі з 1981-га па 1991-ы год, паколькі на той час другі раз скончыў кансерваторыю, займеў сапраўдную кампазітарскую сталасць. Гэтыя праграмы больш спелыя.

Мне цяжка ацэньваць зробленае сябрамі, калегамі Ігара Паліводы сучаснае прачытанне “Вясёлых жабракоў”. Не таму, што я выступала супраць гэтага праекта. Уласна, мяне ніхто і не пытаўся. А было б варта, паколькі, лічу, атрымалася парушэнне заканадаўства аб аўтарскіх правах. Але гэта тэма для іншай размовы. Разам з тым, прызнаю: зробленае энтузіястамі — гэта значная праца. Але дзве версіі праграмы нельга параўноўваць: у кардынальна розныя эпохі рабіліся праца. Першы запіс быў нават не дэма-версіяй, а проста запісам з рэпетыцыі, пераведзеным з цягам часу ў “лічбу” і падрэстаўраваным. У стваральнікаў жа новай версіі было на шмат больш магчымасцей. І мяне цешыць тое, што музыка Ігара загучала наноў і сапраўды прымальна для слыху. Там чуваць майстэрства інструменталістаў. Больш мяне засмуціў вакал, які ў некаторых нумарах выглядае выпадковым. Пачуўшы дзясяткі інтэрпрэтацый песень Ігара, магла б падказаць кагосьці з вакалістаў.

А яшчэ ў маім архіве захоўваюцца напісаныя рукой Ігара партытуры ўсіх нумароў з “Вясёлых жабракоў”. Хацелася б, каб звярнуліся па іх у час падрыхтоўкі. Далібог, не давялося б Уладзіміру Ткачэнку па нотцы на слых рабіць новыя партытуры. Па рукапісах Ігара можна было зрабіць сапраўды паліводаўскае гучанне праграмы. Я ж, прызнаюся, пачула ў новым запісе варыянт усіх, апрача Ігара.

І.П.:Чц. 5.2.1981 г.

г. Фрунзэ

Амаль дзевяць месяцаў доўжыўся перапынак у стасунках з нашчадкамі праз гэтыя нататкі. Знайшоў іншы спосаб. Увасобіў тварэнне ў музыцы, якім, калі і не абяссмерціў імя сваё, дык, прынамсі, вырак яго на доўгатэрміновыя рознасклонавыя згадванні і скланенні ў розных месцах.

Ідэю пакласці на музыку вершы Роберта Бёрнса (1759 — 1796) не назавеш новай: вершы яго нібыта створаны для песенек. Але Галава (*Так у дзённіках Палівода называе мастацкага кіраўніка "Песняроў" Уладзіміра Мулявіна. — Рэд.) без задняй думкі падкінула гэту ідэю мне — датычна “Песняроў”. Спярша ўсміхаўся, думаў — жартуе. Але Галаве цяпер не да жартаў, і я прызадумаўся. Прызадумаўся — паспрабаваў, знепакоіў тленны прах Роберта.

Не ведаю, ці такую музыку меў на ўвазе нябожчык, але сёння маецца палатно з тузіну песень, што мае прабіць сабе дарогу ў новыя праграмы “Песняроў”. Да супрацоўніцтва прыцягнуты рэжысёр і мастак, якіх прымушаюць да сумеснай з ансамблем творчасці.

Да сапраўднага моманту дзецішча знаходзіцца ў стане тэрміновай абкаткі ў складаных дарожна-кліматычных умовах. У якасці першага палігона выбраны гарадскі Палац культуры горада Фрунзэ. Наша музыка ўсебакова і зацікаўлена выпрабоўваецца на кіргізах. Кіргізы пераносяць новыя песні з цярпеннем і мужнасцю джыгітаў”.

1991 г. “Максім”

В.П: — Да “Максіма” і песні “Сівы голуб” Ігар мне не прысвячаў сваіх твораў. Для мяне “Максім” крыху бліжэйшы сярод іншых праграм, бо гэты цыкл першы. Хаця гэта ніякая не поп-опера. Такое вызначэнне давалася, каб даць магчымасць аплаціць твор па больш высокіх стаўках — за оперны твор. Натуральна, гэта цыкл песень, аб’яднаны музычна і паэтычна. З цыкла паводле Багдановіча мне найбольш блізкі раманс “Цемнавокая пані”. Ён мяне так па жыцці і называў з таго часу. Ды і ўсе ягоныя творы з гэтай праграмы мне блізкія, можа, апрача “Лявоніхі”.

І.П.:Сб. 25.5

Заклапочана назіраючы за з’яўленнем усё новых і новых антыкрызісных праграм на розных узроўнях, не змог застацца ў баку. 6 мая адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Аркестра, якая прайшла ў цёплай, але дзелавой атмасферы.

Было адзначана: надыходзіць вялікая падзея — 100-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, народнага паэта. Ці можа Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі прайсці міма? — запытала сабе кіраўніцтва строга. Не можа, — быў адказ.

Пачуяўшы, да чаго ідзе справа, я энергічна заківаў буйнай кампазітарскай галавой: у гэтую цяжкую гадзіну прайсці міма такой магчымасці — злачынства. З таго дня стаў думаць, учытвацца ў жоўтыя старонкі старых зборнікаў. Накідваць мелодыі. Прымушаць да супрацоўніцтва знаёмых маладых літаратараў і рэжысёраў. У творчай групе з’явіліся паэт Л.Пранчак і рэжысёр А.Ляляўскі. Мяне стала з новай сілай знабіць і пучыць мелодыямі. Абвастрыўся творчы зуд. На рабочым раялі запалілася маленькая лампадка, і тэматызм пайшоў горлам.

На сённяшні дзень песні начарна гатовыя. Іх 15 — 13 на вершы Багдановіча і 2 ў садружнасці з Пранчаком. Папярэдняя экспертыза на прамы плагіят сіламі аркестравых вакалістаў дала, нібыта, вынік адмоўны.

Пражэкты кіраўніцтва, як звычайна, уражваюць грандыёзнасцю і размахам. Перад чарговым працяглым замежным ваяжам Аркестру неабходна замацаваць і апраўдаць высокі статус Дзяржаўнага і Беларускага.

А нам, аўтарам усіх жанраў і профілей, у смутны час важна быць пры справе. Каб адцягнуцца ад усеагульнай роўнай і абавязковай дэбілізацыі. Праграма павінна быць прыдатная да ўжывання ўнутры розных сацыяльных слаёў і груп, […] а таксама ў любых умовах […].

Пн. 29.7

Такім чынам, букет песень на вершы класіка гатовы, аранжыраваны і праіграны-праспяваны. Замоўца, мяркуючы па ўсім, задаволены. Будуе, як было сказана, вялікія пражэкты. Калі ажыццявіцца з іх і дзясятая частка, восенню будзе шмат шуму. […]”

1992. “Беларушчына”

В.П.: — Купалаўская праграма больш шчымлівая, тужлівая, чым “Максім”. На вершы розных паэтаў пісаў Палівода — і адразу ж інакшай станавілася музыка. У “Беларушчыне”, скажам, больш сімфанізму, што адпавядае філасафічнасці тэксту. Вельмі моцнай песняй лічу тую, што дала назву ўсяму цыклу. На словах “Каб я лёг і ў дамавіне — / Воч ніхто мне не зачыне...” у нумары “Мусіць, трэба было…” заўжды плачу. З гэтай прычыны дадзеную песню стараюся лішні раз нават не ўключаць, хаця яна мне вельмі падабаецца.

І.П.:Аўт. 11.8

[…] Аркестр з 3 жніўня ў адпачынку. Наша combo таксама. Сяджу дома, маючы замову ад маэстра. Пасля Багдановіча алтар беларускай эстрады запатрабаваў новага […]. Чарговай ахвярай прызначаны Янка Купала […].

[…] Вельмі не хацелася б здзеквацца са спачылага Івана Дамінікавіча, ды служба настойліва патрабуе прадукцыі. Вершы падабраны добрыя, з забароненых раней і недрукаваных. У асноўным, грамадзянская лірыка. Ёсць вельмі нават цікавыя ўзоры. Вось, напрыклад, гумар: “Раз абселі беларуса маскалі ды ляхі…” […] 1914 г. Што з гэтым тварыць? Залудзіць heavy metal? Альбо круты funk-rock? А можа, частушкі з падскокам пад цымбалы і гармонік? […] Ці такое: […] “О, слава вам, усебеларускія жыды!” […] Ні храна сабе… Тут ужо як піць даць […] прыпомняць заадно і святкаванне 44-годдзя ўтварэння дзяржавы Ізраіль, і натхнёныя аранжыроўкі яўрэйскіх песень, і, магчыма, штосьці яшчэ. Застанецца толькі надзець-такі ярмолку, прыняць іўдзейскую веру і падаць заяву на выезд…

Карацей, рабацёнку мне падкінулі нясумную. Можна, канешне, і не рабіць. Але тое значыла б — зноў быць засаджаным на аранжыроўкі песень беларускіх кампазітараў, а тое непажадана: і без таго па мне даўно ўжо плача нейкі цыкл Э.Зарыцкага на вершы Ніла Гілевіча.

Буду, відаць, спрабаваць нараджаць. Хаця Купала — гэта ўжо дзядзька сур’ёзны, не Роберт Бёрнс, не Максім Багдановіч і нават не Лявон Пранчак. Тут у два лікі зарыешся ў зямлю па самую шыю, як персанаж папулярнага кіно “Белае сонца пустыні”. Тут трэба камяні, якія за пазухай, пераўтварыць у нейкі будаўнічы матэрыял і не спяшаючыся выкласці з яго нешта не надта змрочнае (нават для нашай роднай Змрокландзіі), але і не надта пацешнае.

Насамрэч:

“Гэй, капайце, далакопы,

Яміну-магілу, —

А шырока, а глыбока,

Колькі хваце сілы.

[…] Што, смешна?

Сапраўды Іван Дамінікавіч глядзеў далёка наперад: “далакопы” цяпер укалваюць — будзь ты здаровы, у тры змены і без выхадных…

Які час, такія і песні. Гэта старое правіла патрэбна не толькі для вялікіх імёнаў — кампазітараў хуткага рэагавання, — але і для нас, простых […].

Пан. 24.8

Працягваю ўсё-такі даіць сваё творчае вымя ва ўпорных спробах завярнуць-такі вершы бедака Купалы ў якую-небудзь музычную абгортку. Надоі пакуль невысокія. […]”

1993. “Матчын спеў”

В.П.: — Магутная па сваім духу і праграма “Матчын спеў”. Загалоўная песня ў ёй набывае шырокі разгорт, пакідаючы ўласна песенны жанр і ўзвышаючыся да кампазіцыйных вяршынь: “Я — матчын спеў, я — матчыны трывогі, / Я — матчын гнеў, які ўставаў на ногі”. Зноў жа высокая паэзія спалучылася з высокай, адпаведнай ёй па маштабе таленту, музыкай. І ў праграмнай творчасці Паліводы мноства песень якія проста прыемна паслухаць. У “Матчыным спеве” для мяне гэта “Зіма ўцякае начамі”.

І.П.:Чц. 28.10

Наша з Арк. Куляшовым работа, падаецца, зрушылася з мёртвай кропкі. Дзякуючы, канешне, пазаўчорашнім напружаным развагам на гэтых старонках.

Вас, Аркадзь Аляксандравіч, немінуча спасцігне той жа лёс, што і Вашых вялікіх папярэднікаў.

У ціхай, змрачнаватай і халоднай кабінет-кватэры ў Серабранцы, на чацвёртым паверсе дзевяціпавярховага монстра з забітым смецце провадам, у пракураным пакоі, за вялікім, пыльным неналаджвальным раялем ля акна сядзіць вусаты ўскудлачаны тып у акулярах +1,5 з неласкавым тварам, мяркуючы па ўсім, НЕ ВЕГЕТАРЫЯНЕЦ, і штосьці размашыста чыркае ў таўсценным нотным сшытку, час ад часу нервова сціраючы накрэсленае вялізным, з томік Вашых вершаў, ласцікам. Аранжавая настольная лямпа з буйным чорным надпісам MONTANA ярка асвятляе завалены паперамі пюпітр. Злева ад таго, хто сядзіць, побач з электронным метраномам “Рытм-2” і шкляной попельніцай памерам з невялікі тазік, маленькая лампада, што гарыць, устаўленая ў гранёны стакан. Справа — незапаленая свечка. Пад стэарынам, што густа аплыў, з цяжкасцю ўгадваецца бутэлька з-пад “Савецкага шампанскага”, у горлышка якой яна калісьці была ўведзена. Перад вачыма таго, хто крэсліць, раскладная школьная падстаўка для кніг. Час ад часу сідзячы кідае кароткія злыя погляды на худы стосік змацаваных жоўтых лісткоў з машынапісам, які стаіць на падстаўцы.

Гэта, Аркадзь Аляксандравіч, Вашы вершы. Яны накладвальныя на музыку”.

В.П.: — Як можна назіраць творчы працэс? Чалавек сядзіць за сталом і піша музыку. Затым падыходзіць да раяля і правярае адну адзіную ноту, у якой, магчыма, засумняваўся. Як правіла, гаворка ішла пра высокую ноту. Затым Ігар зноўку сядаў за стол і зноў пісаў. А сачыняў усё ў галаве. Я ўдзельнічала ўжо ў фінальным працэсе. Калі ён заканчваў, то клікаў мяне і наігрываў, напяваў песню. Затым пытаўся, ці не нагадвае мне нешта гэты твор. Яго вельмі хвалявала, каб, крый божа, не выйшла падсвядомага плагіяту. Але нічога такога чутно не было. Прынамсі, мой музычны слых і скончаная музычная школа дазвалялі ў пэўнай ступені дапамагчы яму на тым этапе. А праслухаўшы творы, я, безумоўна, хваліла Ігара, казала яму, што гучаць яны нова, свежа. Хіба толькі нейкія складаныя словы ў Багдановіча ці Купалы Ігар мне тлумачыў, паколькі сама я не беларуска — прыехала з Расіі.

Тады гэта ўсё падавалася вельмі натуральна, па-сямейнаму, па-сяброўску. Што яшчэ дадаць пра тое, як ён працаваў? Запальваў свечку, заўжды чытаў малітву. За тры-чатыры дні да сыходу ён спавядаўся і прычашчаўся. Таму сышоў чыстым, як дзіця…

Зараз некаторыя папракаюць мяне, што яму не быў своечасова пастаўлены дыягназ. Але ж гэта Ігар… Ён проста не ішоў да ўрачоў, колькі яго ні ўпрошвала, колькі ні прасіла паўплываць знаёмых. Але захворванне Ігара ў якасці лячэння мае толькі перасадку сэрца. Цяпер думаю: мо і добра, што ён не ведаў усяго гэтага. Больш дакладна — не хацеў ведаць. Ігар быў фаталістам чыстай вады. Нярэдка казаў, паказваючы пальцам угару: “Я хутка туды… Я адчуваю…” .

Такія людзі доўга не жывуць, яны згараюць, як свечкі. Што тут скажаш? Павярнуць гісторыю нельга. Але памяць захоўваць трэба. І тая ж мемарыяльная шыльда створыць у горадзе яшчэ адно гістарычнае месца. Як адзначылі ў адказе з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, шыльда “не толькі паслужыць увекавечванню памяці нашага слыннага земляка, але, стаўшы яшчэ адной турыстычнай візітнай карткай краіны, будзе папулярызаваць культуру Беларусі і саму Беларусь у свеце”.

Падрыхтоўка і публікацыя дзённікавых запісаў Вольгі ПАЛІВОДА

Нагадаем пра запушчаны працэс стварэння і ўсталявання мемарыяльнай шыльды кампазітару на доме па мінскім адрасе, дзе ён жыў. Мэтазгоднасць праекта падтрымалі Інстытут гісторыі Нацынальнай акадэміі навук Беларусі і Мінгарвыканкам. Аднак паколькі бюджэтнае фінансаванне пад дадзены праект не закладзена, быў адкрыты дабрачынны рахунак (9004-Р/Дабрачынны рахунак BYR, аддзяленне 175 філіяла 529 “Белсувязь” 000033).

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах