Ці заспявае шляхта ў Дукоры?

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Дзяржаўныя і прыватныя інтарэсы: знайсці кропку перасячэння / Журналісцкі аўтатур газеты "Культура"
Словы "дзяржаўнае" і "прыватнае" лёгка зліць у адно хіба што на пісьме. А ў жыцці пра агульны інтарэс абодвух бакоў, на вялікі жаль, казаць даводзіцца надзвычай рэдка. Сітуацыя цягам часу выправіцца толькі пры адной ўмове: калі дзяржаўнік спатрэбіцца прыватніку і наадварот. Толькі тады інтарэсы перастануць быць паралельнымі і паспяхова перасякуцца. І кропкай перасячэння можа стаць не толькі камерцыйны поспех… Але досыць прэамбул. Мы ў чарговым матэрыяле нашага чарговага аўтапрабегу пастараліся аб’яднаць ды параўнаць тое, што пакуль не надта аб’ядноўваецца ды параўноўваецца. І ўзялі для гэтага дзве ўстановы культуры: дзяржаўны СДК у Дукоры і прыватны Сядзібна-паркавы комплекс "Дукорскі маёнтак". Цікавая рэч атрымалася.

/i/content/pi/cult/548/11963/10-1.jpgПра дынастыі ды ініцыятыву

Культура Пухавіцкага раёна — шматаблічная. Прыехалі зранку ў Дукору і адразу ў гэтым пераканаліся. У першую чаргу, зразумела, СДК наведалі. Будынак дыхтоўны, двухпавярховы, яшчэ савецкага калгасна-заможнага часу. І адразу прыемная навіна (уласцівая, відаць, тым паселішчам, што ад Мінска непадалёк): установай кіруе маладзенькая прыгажуня Каця Гаўрылюк. Тры гады таму скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, стала працаваць у СДК мастацкім кіраўніком, адразу паступіла на завочнае аддзяленне Універсітэта культуры і мастацтваў, стане неўзабаве дырыжорам-харавіком. Кіраўніком клубнай установы ўжо стала. Тактыка правільная! Самы час рухацца наперад, не спаць у шапку, а выдумляць, тварыць і здзіўляць. Тым больш, што маці ў Кацярыны — былы дырэктар і цяперашні акампаніятар Дукорскага СДК. Ніна Сямёнаўна і ў ДШМ папрацаваць паспела: баяніст-віртуоз, і ў нотах разбіраецца, і на слых любую мелодыю ўвобмірг падбярэ. Такія цяпер — у дэфіцыце…

Дык што прыдумаў і ажыццявіў дынастыйны дуэт маладой настырнасці і разважлівага досведу? Як аказалася — перамогу ў рэгіянальным фестывалі песні і музыкі на прыз Ігара Лучанка. За грашовую прэмію два гады таму Каця з’ездзіла з сябрамі на мора. Цяпер кіруе ў СДК эстраднай студыяй. І нягледзячы на этнаадукацыю мяркуе ў далейшым займацца выключна сучаснай эстраднай музыкай. Не цікавяць яе бабульчыны спевы.

Тым не менш дзейнічае ў доме культуры і ансамбль "Сяброўкі". Кіруе ім Алена Губашына, дачка першага кіраўніка Дукорскага СДК Любові Губашынай, якая, між іншым, і цяпер працуе ва ўстанове. Дзейнічае і вакальна-інструментальны ансамбль, а таксама — шматлікія гурткі. План па аказанні платных паслуг на такі гмах з двума заламі — усяго пяць мільёнаў рублёў. І гэта пры тым, што, па словах клубніц, жыве ў пасёлку больш за тысячу насельнікаў. План, шчыра скажам, — малаваты. Бачылі мы па рэспубліцы ўдвая мешыя ўстановы з утрая большымі пазабюджэтнымі заданнямі…

Аднак, дзіва дзіўнае, сённяшні факт выканання складае па Дукоры толькі паўтара мільёны. Натуральна, з заданнем клубніцы справяцца. Да прыкладу, за кошт наладжвання навагодніх святаў… Але навошта іх чакаць? Натуральна, цяжка. Вось і апаратура тут — не з новых, а спонсараў — няма і не прадбачыцца. Дыскатэкі дапамагае арганізоўваць 25-гадовы брат Каці Кірыл, які прафесійна займаецца дзі-джэйствам і мае сваю апаратуру. Стала працуе ён у Мінску, а за сваю працу ў Дукоры грошы не бярэ…

Перакананы, усё ў Каці наладзіцца. Галоўнае, каб была цікавасць да семінараў, што праводзяцца ў вобласці, да прагі самаўдасканалення. А на сёння ўсё ў Дукорскім СДК тыповае, так бы мовіць, усё, як і ва ўсіх. Так што здзівіць чытача перадавым дукорска-клубным досведам мы пакуль не можам. Заедзем сюды праз пару гадоў, калі, спадзяёмся, малады кіраўнік установы атрымае не толькі дыплом, але і досвед.

Даведаліся, што на другім паверсе, у бібліятэцы, працуе таксама малады спецыяліст і былы мэтавік — Марыя Крафт. Не маглі не заскочыць. Пазнаёміліся. Маша скончыла Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Паскардзілася, што пачынае хварэць, што справаздачнай пісаніны шмат, што сумуе... Каемся, развесяліць дзяўчыну мы так і не здолелі. Нават самі трошкі засумавалі. Таму адправіліся да прыватнікаў, якіх нам дзяўчаты самі параілі наведаць.

(Не)лірычнае адступленне Яўген Рагіна

Маю права на старэчыя пытанні. І што яны, маладыя, усё ў папсу ірвуцца, нібыта мёдам беларускі шоўбіз намазаны? Дзе яны, шматлікія пераможцы шматлікіх конкурсаў? У першым эшалоне нашай эстрады — спрэс пустыя месцы. Нават і тэму гэтую працягваць не жадаю.

Няхай Каця Гаўрылюк спявае! І ў мяне ёсць канкрэтная прапанова як ёй стаць для пачатку сапраўднай дукорскай этназоркай. На дапамогу Уладзімір Караткевіч прыйшоў з апісаннем дзядзькавання. Памятаеце, у "Каласах пад сярпом тваім" княжычаў адпраўлялі на некалькі гадоў ў сялянскую сям’ю, каб ведалі дакладна, як хлеб вырошчваецца і каб ад народа не адрываліся.

Дык мо варта супрацоўнікам СДК займець этнападворак з імітацыяй поўнага сельскагаспадарчага кругазвароту? І паколькі ў "Дукорскім маёнтку" за кошт ўласнага ўдзелу ў тэатралізацыі можна адчуць сябе шляхцічам, дык чаму б клубнікам не прапанаваць хаця б паўгадзінную платную паслугу для дзяцей "шляхты" пад назовам "дзядзькаванне"?

Як шаблю ў руцэ трымаць

Ля уваходнай брамы сустрэлі Сяргея Кузменку, дырэктара “Дукорскага маёнтка”. У свой час ён працаваў інжынерам меліярацыі і абслугоўваў мясцовую, тады яшчэ калгасную, гаспадарку. Пару гадоў таму знаёмыя прапанавалі заняцца адраджэннем гістарычнага аб’екта. Пра тое, што ўцягнуўся ў гэтую справу сёння спадар Сяргей не шкадуе. Адно сціпла прызнаецца, што пакуль рэалізавана толькі блізу паловы з задуманага.

Адразу зробім акцэнт на тым, што намеснік дырэктара "Дукорскага маёнтка" Андрэй Захаранка называе ўстанову не камерцыйнай, а асветніцкай. (Вельмі важны нюанс.) Тым не менш, комплекс упэўнена зарабляе на наведвальніках грошы і развіваецца літаральна на вачах. Ініцыятывы нават стрымліваць даводзіцца. Пачаў дзейнічаць "Дукорскі маёнтак" у красавіку. Афіцыйна комплекс адкрыўся 25 чэрвеня, але за кошт публікацый у Інтэрнеце сёння туды завітваюць сотні гасцей, у чым мы пераканаліся па колькасці аўтамабіляў на паркоўцы.

З’явіліся і першыя фінансавыя вынікі: сёння ўсе заробкі супрацоўнікам і бягучыя плацяжы выплачваюцца за заробленыя ад наведання комплексу турыстамі сродкі. Дадатковыя фінансавыя ўліванні інвестара ўкладваюцца толькі ў будаўніцтва і развіццё. Лічыце самі. За адзін уік-энд комплекс прымае каля тысячы чалавек. Кошт білета — 40 тысяч беларускіх рублёў. Атрымліваецца, такую выручку, што атрымлівае прыватны комплекс за пару дзён, мясцовы СДК можа зарабіць толькі цягам васьмі гадоў…

Не наша задача кагосьці ў такой сітуацыі папракаць, бо разумеем — ва ўстаноў розныя фінансавыя магчымасці для развіцця, і, у рэшце рэшт, розныя мэты і розная мэтавая аўдыторыя. Гэта хутчэй добры ўзор, як можна эфектыўна выкарыстоўваць нашу культуру, адначасова прапагандуючы яе і зарабляючы на ёй.

Дзякуючы рэкламе людзі натоўпам пацягнуліся ў комплекс паглядзець на розныя цікавосткі. Згадайма хаця б так званы “перакулены” дом, які нарабіў шмат ажыятажу ў Інтэрнэце. А той жа навакольны парк, які выпраменьвае неверагоднае пачуццё старасвецкасці? Можна пакатацца на конях і навучыцца трымаць сапраўдную шляхецкую шаблю. Здавалася б, стваральнікам можна спыніцца ды пажынаць плады выніковай працы. Але ж не! Яны працягваюць літаральна капаць гісторыю, шукаючы самыя розныя факты адносна палаца ў Дукоры ў айчынных і замежных архівах. Адна з апошніх дакументальных знаходак — прывілей караля Жыгімонта І 1529 года аб наданні шляхецкай годнасці роду Оштарпаў — уладальнікаў Дукоры.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Анатановіча

Кожны наш аўтатур — гэта не толькі само падарожжа, але і грунтоўная падрыхтоўка да яго. Так, часам атрымліваецца завітваць ва ўстановы культуры зусім выпадкова. І ўсё ж, каб не цалаваць замок на яе дзвярах, даводзіцца маніторыць інфармацыю на сайтах ці саміх устаноў культуры (што ў большай ступені тычыцца музеяў), ці райвыканкамаў. Часам безвынікова. Гэтым разам прыемна здзівіла, што на афіцыйных інтэрнэт-старонках раёнаў пачалі з’яўляцца не толькі спісы ўсіх устаноў культуры, але нават іх тэлефоны і расклад працы. Хочацца, верыць, што да нашых публікацый прыслухоўваюцца, а гэтая тэндэнцыя будзе пашырацца на ўсе рэгіёны краіны.

Нам — не паралельна…

Мы пагаджаемся з Андрэем Захаранкам, што Беларусь — не толькі сялянская краіна. Прынамсі, не была такой у мінуўшчыне. Палітыку ліцвінскай незалежнасці і заможнасці старанна "выгаблёўвалі" лепшыя прадстаўнікі шляхты, той, замкавыя муры якой і па сёння нагадваюць нам пра веліч іх думкі і здзяйсненняў… Не ідэалізуем магнатаў, але перакананы, што вытокі беларускай інтэлігентнасці, высакароднасці ў адстойванні нацыянальнага інтарэсу — у шляхетнасці. І няма першага, калі забываешся на другое. Сялянскія народныя песні нашы аўтэнтычныя гурты зберагаюць і прапагандуюць. А песні шляхты? Не толькі ж "…Белага каня" запявалі магнаты пад час баляванняў ды бясед!

Дакладна ведаем толькі адно: за адраджэнне шляхецкай культуры ўзяліся ў "Дукорскім маёнтку" грунтоўна. Справа, на наш погляд, дзяржаўнай важнасці.

Стваральнікі комплексу прапаноўваюць не проста пазнаёміцца, але далучыцца да светапогляду нашых продкаў. Вядома, праз яго матэрыяльнае ўвасабленне, да прыкладу, праз кулінарыю. Не выпадкова, на адкрыцці комплексу арганізатары частавалі гасцей пячыстай верашчакай. Можна навучыцца тут не толькі правільна трымаць шаблю, але і карыстацца ёй, або, у рэшце рэшт, выпіць чарку на лязе.

І ўсё ж арганізатары баяліся, што людзям будзе не цікава. Але рэакцыя шматлікіх гасцей пацвердзіла — наша краіна мае трывалыя арыстакратычныя карані.

Падчас размовы заўважаем, што побач са сталом спадара Андрэя ляжаць шабля, дуда, барабан. Нашы здагадкі пацвярджае сам намеснік дырэктара. Ягоная пазіцыя за годы працы ў сферы краязнаўства і турызму акрэслілася выразна: хочаш нешта рабіць і не ад каго не залежаць — рабі гэта самастойна. А таму супрацоўнікі комплексу сядзяць у сядле, валодаюць шабляй і музычнымі інструментамі, могуць навучыць і старадаўнім танцам.

Яшчэ адзін цікавы момант, з якім нам давялося неаднаразова сутыкнуцца ў гэтым аўтатуры. Андрэй пераехаў разам з сям’ёй з Мінска, зняў хату ў Дукоры, далучыў да шляхецкай культуры сваіх дзецей. Ці не стала тэндэнцыяй, калі людзі, прыхільныя да культуры і чыстай экалогіі змяняюць сталіцу на глыбінку? І, галоўнае, не шкадуюць пра гэта!

Не канкурэнцыя, а...

Калі падсумоўваць, то сённяшняя ява такая. У СДК са спонсарамі — праблема. У дукорскіх прыватнікаў — сталы інвестар. Клубнікам добрай апаратуры не стае, а супрацоўнікі комплексу і шаблі, касцюмы і многае іншае самі робяць. Цікава ўявіць, што атрымаецца, калі далучыць СДК да паспяховай прыватнай установы — хаця б у якасці падшэфнай арганізацыі. Вось толькі наўрад ці інвестары дукорскага комплексу на такі эксперымент пагодзяцца.

Але спадар Андрэй не адмаўляе перспектывы супрацоўніцтва з мясцовым Домам культуры. Іншая справа, стэрэатып, які з савецкіх часоў спадарожнічае з самадзейнай рэгіянальнай культурай. Ён і перашкаджае актыўнаму супрацоўніцтву. Як яго разбурыць — пытанне да метадыстаў, маркетолагаў. Галоўнае ж патрабаванне кіраўніцтва комплексу — пазбяганне патэнцыйнымі партнёрамі стылізацыі. Скажам, калі аўтэнтычны строй — ён мусіць быць аўтэнтычным, як бы цяжка з ім не працавалася.

Закранулі і працу з дамамі рамёстваў. “Дукорскі маёнтак” адкрыты да партнёрскіх адносін, бо разумее: будзе багата турыстаў, спатрэбяцца і сувеніры. Праўда, пакуль ніякіх захадаў з боку мясцовых рамеснікаў не было. А таму комплекс супрацоўнічае з народнымі майстрамі, якія не першы год вырабляюць сувенірную прадукцыю, разумеючы нюансу нацыянальнага і гістарычнага каларыту. Тым часам і свае супрацоўнікі вучацца абыходзіцца з глінай і не толькі. У будучыні плануецца зрабіць працэс вырабу сувенірнай прадукцыі інтэрактыўным. Да прыкладу, маецца задума, каб госці комплексу змаглі не толькі ўбачыць увесь працэс стварэння шляхецкага строя, але і прагуляцца ў ім па парку.

А вось з кім супрацоўнічае “Дукорскі маёнтак”, дык гэта з раённым краязнаўчым музеем. Акрамя выставак мясцовых творцаў, у прасторы комплексу (яшчэ колькі дзесяцігоддзяў таму тут, у Дукоры, размяшчаўся раённы музей) прадстаўлены планшэты з выявамі Дукоры пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Маецца дамоўленасць і са Зміцерам Сасноўскім з гурта “Стары Ольса”. Пры яго дапамозе ў дукорскім комплексе плануецца стварыць Музей беларускай музыкі. Што немалаважна — жывы музей. Возьмем цыстру, колавую ліру... Пералічваць найменні старадаўніх музычных інструментаў можна доўга. Іншая справа, што сярэднестатыстычны чалавек нават не ўяўляе як яны выглядаюць, не кажучы ўжо пра іх гучанне. У Дукоры плануецца гэта выправіць. Спадар Андрэй перакананы, што гісторыя павінна ўваходзіць у чалавека не толькі праз зрок і дотык, але ў тым ліку і праз пачуцці.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Дазволілі сабе раскошу паразважаць, а куды рухацца нашым клубнікам ды бібліятэкарам, калі пад бокам культурна-гістарычным асветніцтвам займаюцца прыватнікі. Адназначна адно: работнікам культуры проста неабходна нос па ветры трымаць. А ў прыватныя ветразі ён дзьме з зайздроснай упэўненасцю. Значыць, па нашым меркаванні, у кільватар варта станавіцца. Безумоўна, на падхопе заставацца ды ў спіну прыватнікам дыхаць крыўдна. А вось стаць патрэбнымі ды незаменнымі — высакародна, шляхетна і, важна ў матэрыяльным плане. Адзін з варыянтаў клубнай патрэбнасці мы ў гэтым матэрыяле прапанавалі. Астатняе — ініцыятыва клубнікаў. Глядзіш, і выкананне плана па аказанні платных праслуг акажацца не такім праблемным. А ў "Дукорскім маёнтку" загучаць урэшце песні беларускай шляхты ў выкананні Кацярыны Гаўрылюк (харавіку тут і карты ў рукі)… Калі хто інакш думае, не маўчыце, пішыце ды тэлефануйце ў "Культуру". Толькі абыякавымі не заставайцеся.

Мінск — Пухавіцкі раён Міншчыны — Асіповіцкі, Кіраўскі раёны Магілёўшчыны — Светлагорскі раён Гомельшчыны — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"