Характар і асацыяцыі

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Нацыянальныя арнаменты і ўзоры на адзенні — энцыклапедыя, па якой шмат чаго можна даведацца пра краіну і народ. Пра гэта задумалася, наведаўшы выстаўку жаночага адзення “To be Estonian” (“Эстонскія асацыяцыі”), якая экспанавалася ў мінскім Цэнтры сучасных мастацтваў (а раней — у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі).

/i/content/pi/cult/548/11954/12-1.jpg“To be Estonian” (“Эстонскія асацыяцыі”) складалася з некалькіх сэнсавых частак — народныя, паўсядзённыя і вячэрнія жаночыя ўборы. У кожным вобразе заўважная гульня з кантрастамі каляровых элементаў і фактур, якія адначасова аб’ядноўваліся ва ўзвышаныя, строгія, лаканічныя сілуэты.

Архітэктурны крой, строгасць ліній і формаў, у асноўным чорна-чырвоная колеравая гама вылучае эстонскі народны касцюм. У гэтым адзенні няма жаночай лёгкасці, “паветранасці”, бо тканіна шчыльная (лямец, воўна). Жаночыя касцюмы настолькі стрыманыя, “самавітыя”, што, падаецца, у іх затаіўся мужчынскі дух. Эстонія — краіна паўночная, і там, напэўна ж, заўважныя яркія сонечныя блікі, святло, таму і арнаменты на адзенні яркія, іншы раз “індывідуалістычныя”, выразныя. Народны касцюм паказвае свой характар праз насычаныя, яркія элементы (жоўты, чырвоны, абрыкосавы), якія вышыты, у асноўным, па верхняй частцы жаночага адзення.

У паўсядзённым адзенні колеравая гама больш мяккая, спакойная, а тканіна — аднатонная (шэры, малочны), але з яркімі ўзорамі. Сакрэт эстонскага адзення ў тым, што яно пашыта выразным архітэктурным кроем, які знакаміты сваёй вымеранасцю і вытанчанасцю ліній. Вячэрнія строі больш выразныя, можна казаць, што яны з характарам. Чорны колер дапаўняецца залацістым адценнем — дэкаратыўнымі вышытымі манеткамі і рознакаляровым букетам з яркіх кветак. Каляровая і кампазіцыйная раўнавага вячэрніх вобразаў, здаецца, робіць жанчыну Эстоніі больш упэўненай у сабе. Нацыянальныя ж матывы прасочваюцца ў сучасным жаночым адзенні ў выглядзе круга, зоркі, кветак, якія раней успрымаліся як талісманы. Такія ўзоры не выглядаюць старамоднымі, а наадварот — падкрэсліваюць індывідуальнасць.

Каб палюбіць нешта, трэба спачатку тую з'яву вывучыць. Зараз дызайнеры не толькі беларускія, але і замежныя, “уплятаюць” у сучасныя мадэлі нітачкі айчыннай традыцыйнай культуры. Скажам, наш адмыслоўца ў стварэнні адзення Маша Мароз, калі робіць эскізы адзення, абапіраецца на сілуэт і кампазіцыйна-каларыстычнае вырашэнне беларускіх народных строяў. Яе работы вылучаюцца мінімалізмам у каляровай гаме і строгасцю сілуэтных формаў. Нашымі адметнасцямі захапіліся амерыканскі рэпер Snoop Dogg, які прысвяціў Беларусі калекцыю “Snoop loves Belarus” і дызайнеры новай лініі Valentino.

Вольга РОПАТ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

На зыдмку з матэрыялаў выстаўкіадна з работ праекта "To be Estonian".