“Фармаліст, але малайчына!..”

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Андрэй Бембель і яго лінія жыцця
Не ведаю, чаму Андрэй Ануфрыевіч так давяраў мне, майму густу, маім прынцыпам у разуменні сучасных і мінулых мастацкіх з’яў, хаця погляды нашы на так званы “сацрэалізм” і нейкія плыні ў еўрапейскім мастацтве зусім не супадалі. Нарэшце, сваёй думкі ён мне ніколі не навязваў. І наадварот... Аднак заўсёды Бембель прасіў мяне, асабліва ў час нашай сумеснай працы ў Саюзе мастакоў, дапамагчы яму скласці тэзісы даклада для якога-небудзь значнага пленума альбо з’езда мастакоў, адрэдактаваць нейкія яго метадычныя праграмы для кафедры скульптуры БДТМІ, якую ён, прафесар, узначальваў шмат гадоў. Асабліва мы зблізіліся ў час падрыхтоўкі майго манаграфічнага альбома пра яго жыццё. На жаль, гэты альбом выйшаў ужо пасля смерці Андрэя Ануфрыевіча ў выдавецтве “Беларусь” і пакуль застаецца, на думку спецыялістаў, найбольш фундаментальным. Хаця многія цікавыя факты з творчай біяграфіі маэстра туды з розных прычы не ўвайшлі.

/i/content/pi/cult/548/11953/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у № 32.)

Тады, у пачатку 1980-х, Бембель на працягу некалькіх месяцаў распавядаў мне пра сваё жыццё, пачынаючы з дзіцячых гадоў. Яго дзяцінства прайшло ў павятовым гарадку Веліжы Віцебскай губерні, які жывапісна размясціўся на беразе паўнаводнай Заходняй Дзвіны ў акружэнні лясоў, лугоў і рэк. Андрэй Ануфрыевіч вельмі шкадаваў, што ў 1924 годзе губерню “па жывому” парэзалі на часткі, у выніку чаго Невель, Себеж і яго родны Веліж апынуліся ў Расіі. Зараз горад знаходзіцца ў складзе Смаленскай вобласці ўсяго ў 15 кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы Беларусі. На шчасце, жыхары Веліжа памятаюць свайго знакамітага зямляка і адну з вуліц назвалі імем Андрэя Бембеля…

У год нараджэння Андрэя Веліж меў больш за 12 тысяч жыхароў, тузін цэркваў і каля сотні харчовых, прамысловых крам і шынкоў. У сям’і Андрэя ніхто нават ускосна не меў дачынення да мастацтва. Але шляхі творчасці не спазнаныя, і немагчыма рацыянальна расшыфраваць, як і калі нараджаецца ў чалавека тая самая “божая іскра”, з якой разгараецца полымя вялікага мастацтва. У кожнага, вядома, закладзены свой прыродны або касмічны дар. Не ва ўсіх ён праяўляецца адразу, імкліва, паслядоўна. Ён як зерне: адно прарастае хутка, іншае доўга ляжыць у зямлі і выходзіць на свет нясмела, няўпэўнена. Так, напрыклад, было ў Ван Гога. І ўвогуле, многім людзям на досвітку іх жыцця патрэбны нейкія спрыяльныя фактары, пэўны духоўны штуршок.

Цяжка знайсці мастака, творчы шлях якога ўяўляў бы сабой роўную ўзыходзячую лінію. Часцей за ўсё гэты шлях можна параўнаць з лесвіцай, дзе кожную прыступку трэба пераадольваць, каб узыходжанне было няспынным. І першай прыступкай гэтай лесвіцы стала хрышчэнне маленькага Андрэя ў веліжскай царкве Трох Свяціцеляў. Дарэчы, праз такую прыступку прайшлі браты і сёстры будучага мастака, які нарадзіўся, уявіце сабе, адзінаццатым! Бацька гэтай вялікай сям’і, казначэйскі службовец Ануфрый Емяльянавіч, і яго жонка Стэфаніда Дзмітрыеўна ў гэтых адносінах былі сапраўднымі праваслаўнымі людзьмі.

А хрышчэнне Андрэя, прынамсі, адбылося ў адзін дзень з хрышчэннем яшчэ аднаго веліжаніна, сына святара — будучага вядомага эмігранцкага пісьменніка Серафіма Шчарбакова, які ўзяў псеўданім Юрка Віцьбіч. Бембель называў яго Георгіем. І хаця яны абодва праз некаторы час разам вучыліся ў веліжскай гімназіі, сядзелі, так бы мовіць, за адной партай, Андрэй Ануфрыевіч не любіў прыгадваць гэтага чалавека. Лічыў, што той у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Віцебску “працаваў на фашыстаў”, уцёк з імі ў Германію, а потым падаўся з сям’ёй у ЗША, дзе займаўся антыкамуністычнай дзейнасцю ў галіне журналістыкі і пісьменніцтва. Бембель распавядаў мне, што гэты самы Шчарбакоў перавёз у кастрычніку 1943 года з краязнаўчага музея Віцебска, які быў акупіраваны немцамі, у Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр мошчы Ефрасінні Полацкай, якія дагэтуль дэманстраваліся ў Маскве, на атэістычнай выстаўцы. Не ведаю, ці праўда гэта, ці плёткі, але Бембель настойваў, што гэта факт. Але адкуль ён пра яго ведаў, таемна прамаўчаў.

У час, калі мы размаўлялі аб тым, мастак прасіў мяне нідзе не ўзгадваць факт іх “агульнага дзяцінства”. Але прайшоў час, я дастаў свае старыя запісы маіх з Бембелем дыялогаў і падумаў: чаму б не “агучыць” гэты даволі цікавы факт з жыцця маэстра з пачатку ХХ стагоддзя? Тады, яшчэ да рэвалюцыі, Веліж быў не проста тыповым правінцыйным гарадком: у ім нарадзіліся такія знакамітыя людзі, як Андрэй Яроменка, будучы савецкі маршал, Герой Савецкага Саюза, мастакі Уладзімір Хрусталёў, Абрам Забораў, Самуіл Даўжанскі, кінааператар Міхаіл Бераў, савецкі разведчык Фёдар Парпараў. Ну і той жа Юрка Віцьбіч, імя якога сёння можна знайсці і ў постсавецкіх энцыклапедыях.

Андрэю споўнілася 12 гадоў, калі над краінай зашумелі жорсткія вятры рэвалюцыі. Веліж уяўляў сабой маленькі вірлівы кацёл, у якім рушыліся традыцыі, узнікалі новыя адносіны паміж людзьмі, яшчэ ўчора немагчымае станавілася рэальным, недаступнае — даступным. Людзі радыкальна змяняліся — змяняўся і мой герой.

Менавіта тут, у Веліжы, Андрэйка ўпершыню сустрэўся ў гімназіі з Міхаілам Георгіевічам Эндэ, які ў 1918-м пераехаў сюды з галоднага і халоднага Петраграда. Цяжка зараз сказаць, якім ветрам трыццацігадовага мастака занесла ў гэтую беларускую глыбінку. Спачатку ён настаўнічаў у школе II ступені і Мужчынскай гімназіі, якую наведваў Андрэйка. Менавіта тут Бембель пад даглядам Эндэ дакрануўся да малявання і лепкі.

Трошкі пазней на вуліцы Прыроўскай (у савецкія часы яна стала вуліцай Энгельса) Эндэ арандаваў невялічкае паўпадвальнае памяшканне, дзе нечакана для жыхароў Веліжа арганізаваў так званую народную мастацкую школу. Амаль усе мастацтвазнаўцы і гісторыкі беларускага мастацтва лічаць, што арганізатарам гэтай школы быў Міхаіл Керзін (раней я таксама так лічыў). Але насамрэч яе “нарадзіў” Міхаіл Георгіевіч Эндэ, зараз, на жаль, зусім забыты мастак і педагог, у якога вучыліся ў 1920-я гады амаль усе будучыя знакамітыя беларускія жывапісцы. У 1932 годзе ён трагічна пайшоў з жыцця…

Вяртаюся ў Веліж. Юнакоў, якія жадалі вучыцца ў народнай мастацкай школе, з’явілася шмат, а педагогаў — з камароў нос. І тады Эндэ праз Наркамсавет РСФСР запрасіў з Петраграда сваіх даўніх сяброў па пецярбургскай Акадэміі мастацтваў — Міхаіла Керзіна, Валянціна Волкава і Марыю Лебедзеву. Тут, дакладаў ім Эндэ, ёсць не толькі харч і прытулак, але і духоўная спажыва, пажытак для розуму.

Яшчэ ў гімназіі юнак Бембель выляпіў з шэрай веліжскай гліны па нейкай рэпрадукцыі бюст чалавека, падобнага на Льва Талстога, і некалькі “партрэтаў” родных. Але ён марыў усё ж такі зрабіцца жывапісцам. Таму, калі адкрылася мастацкая школа, прыйшоў вучыцца з мэтай стаць “падобным да Рэпіна”. Яго першым настаўнікам быў Валянцін Віктаравіч Волкаў. Аднак у Волкава Андрэй прабыў нядоўга. Неяк на занятках ён напісаў акварэллю нацюрморт — медны самавар. Волкаў доўга і ўважліва глядзеў на малюнак, а потым сказаў: “Самавар жа ў вас, даражэнькі, не медны атрымаўся, а гліняны. Вы яго не напісалі, а вылепілі…”

Разгублены Бембель маўчаў, не разумеючы, ухваляе настаўнік яго работу ці не. Але той добразычліва параіў: “Ідзіце, малады чалавек, у суседні клас, да Міхаіла Аркадзьевіча Керзіна. Ён майстра, выдатны скульптар, любімы вучань самога акадэміка Гуга Робертавіча Залемана! Паспрабуйце ў яго памясіць глінку. Вы добра адчуваеце аб’ём, форму, прапорцыі… Можа, з вас і атрымаецца скульптар…”

І чатырнаццацігадовы Андрэй, ніколі не чуўшы, хто такі Залеман, паціскаў плячыма і накіраваўся ў клас Керзіна. Ніводнай жывой душы там не было, затое на сценах віселі дзіўныя гіпсавыя ўзоры — вочы, вусны, насы… Усё гэта былі злепкі з твораў Мікеланджэла. Цуд уразіў хлопчыка. У той жа вечар дома ён закрыўся ў пакоі і пачаў па памяці старанна ляпіць тыя самыя ўзоры. Шэрая гліна вызначалася цудоўнай якасцю: не дэфармавалася, станавілася ў руках падатлівай, мяккай, адчувальнай да лёгкага дотыку пальцаў.

Скончыўшы працу над глінянымі насамі і вуснамі, юнак акуратна загарнуў іх у чыстую анучку і зранку пайшоў у школу. У кішэні ляжала заява з просьбай дазволіць наведваць урокі лепкі ў Керзіна. Выбраўшы зручны момант, калі ў класе Керзіна нікога не было, ён хуценька зняў са сцяны мікеланджэлаўскія злепкі і на іх месца павесіў свае. І ў той жа момант пачуў крокі ў калідоры. Андрэй паспеў схавацца за станком. Міхаіл Аркадзьевіч, нягучна напяваючы “Карманьёлу”, адкрыў дзверы і збянтэжыўся ад нечаканасці. Не паверыўшы сваім вачам, пакратаў пальцамі новыя “экспанаты”, паківаў галавой і голасна вымавіў: “Бацюхны! Хто ж гэты варвар? Хто гэты таленавіты машэннік, які ўчыніў кашчунства над геніяльным мастаком?” Усхваляваны Бембель бокам вылез са схованкі і пачаў штосьці блытана тлумачыць. Потым працягнуў уражанаму маэстра заяву і вокамгненна ўцёк. На наступны дзень без усялякіх пытанняў ён быў залічаны ў клас Керзіна.

Але дзе вучыцца мастацтву далей, ён пакуль што не ведаў. У 1922 годзе, скончыўшы поўны курс школы другой ступені, уладкаваўся на працу ў якасці сакратара Веліжскага гарфінаддзела. А ў вольныя часы нават кіраваў мастацкай самадзейнасцю горада. Шмат чытаў, маляваў з натуры, рыбачыў у Дзвіне, спусташаў з крутымі хлопцамі-сябрамі чужыя фруктовыя сады, але адчуваў сябе сярод равеснікаў і нават у вялікім асяроддзі роднай сям’і адзінокім, самотным, “як той Гекльберы Фін”.

Міхаіла Аркадзьевіча Керзіна і іншых педагогаў у Веліжы ўжо не было — усе ў жніўні 1923 года з’ехалі ў Віцебск рэарганізоўваць на фундаменце “левага” Мастацка-практычнага інстытута новы мастацкі тэхнікум. Пастанова аб яго стварэнні была ўпершыню “агучана” 3 жніўня таго ж года ў газеце “Известия Витебского губисполкома и губкома РКП(б)”. Адразу пачаліся гарачыя дыскусіі наконт таго, ці патрэбны гораду такі тэхнікум. Праз 12 дзён у газеце за подпісам “мастакоў-кіраўнікоў” тэхнікума М.Керзіна, В.Волкава, М.Эндэ з’явілася публікацыя аб тым, што Віцебску мастацкі тэхнікум патрэбны як паветра! Далей ішло прафесійнае абгрунтаванне такой патрэбнасці.

Галоўная задача першага дырэктара тэхнікума Міхаіла Керзіна была простая: навучанне асновам класічнага рэалістычнага мастацтва жывапісу і скульптуры. На яго погляд, мера гэтая правільная, неабходная, своечасовая, якая спрашчае шлях да авалодання мастацкім майстэрствам моладзі з народа, якая пакуль што не мае магчымасці самастойна рыхтавацца да паступлення ў спецыяльныя вышэйшыя ўстановы Масквы і Ленінграда, а маладая краіна Саветаў у такіх кадрах вельмі адчувае патрэбу.

Вось сюды, у Віцебск, і скіраваўся юнак. Міхаіл Аркадзьевіч Керзін сустрэў яго па-бацькоўску цёпла, так, як быццам толькі ўчора рассталіся. А прайшло ж больш за год! На ўступных экзаменах Андрэй выканаў зададзеную кампазіцыю “Касец, які адточвае касу” і быў без усялякіх праблем залічаны адразу на другі курс. Вучоба ў тэхнікуме разлічана на чатыры гады, дзе першы год навучання з’яўляўся агульным для абодвух аддзяленняў — жывапісу і скульптуры, а пачынаючы з другога курса вучань выбіраў сваю будучую канкрэтную прафесію: састаўляць фарбы на палітры і пісаць карціны ці мясіць гліну і ляпіць вобразы “новага савецкага чалавека”.

Бембель да чацвёртага курса скульптурнага аддзялення займаўся добра, асабліва па лепцы, малюнку і кампазіцыі. Сяброў у яго было няшмат: Аляксандр Арлоў, Абрам Жораў, Георгій Ізмайлаў, Мікалай Гусеў, Анатоль Волкаў, Мацвей Беляніцкі, Монас Манасзон і асабліва — Раман Семашкевіч…

Але менавіта на чацвёртым курсе Андрэй апынуўся перад сцяной, зрушыць якую было не пад сілу. Яму здавалася, што ён не можа перайсці ад рамяства да вялікага мастацтва, што яму не стае разумення навакольнага свету і наогул не вядома тое, што добра знаёма яго аднагодкам, якія вучыліся ў Ленінградзе ці Маскве. Прыкладна такія думкі і сумненні не пакідалі і яго сябра Семашкевіча, які ў 1927 годзе, адразу пасля заканчэння тэхнікума, назаўсёды пакінуў рамяство скульптара і працягнуў вучобу на факультэце жывапісу маскоўскага ВХУТЕИНа.

А Бембель наогул вырашыў кінуць мастацтва і паступіць у ваеннае вучылішча. І паехаў. Як прыгадвала Вольга Дзядок, у купэ вагона Андрэй выпадкова сутыкнуўся з… Керзіным. Бывае ж такое! Той, даведаўшыся што да чаго, зараз жа разадраў камандзіровачнае пасведчанне свайго нядаўняга вучня і сказаў поўную пафасу прамову пра талент Андрэя, пра тое, што яго месца толькі ў мастацтве, а не ў арміі. Націск Керзіна зрабіў надзвычайнае ўражанне, і Бембель здаўся…

Ішоў жнівень 1927 года. І замест ваеннага вучылішча дваццацідвухгадовы юнак паехаў паступаць у Ленінградскі вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут, які праз тры гады быў перайменаваны ў Інстытут пралетарскага выяўленчага мастацтва. Да таго ж, яго бацькі пераехалі з Веліжа ў Дзіцячае Сяло, што пад Ленінградам. Так што — сям’я побач.

Андрэй Ануфрыевіч пазней любіў казаць, што менавіта “па віне” Керзіна ён не стаў генералам. Але затое лічыў, што ў мастацтве ў яго самы высокі генеральскі чын, пра што, не саромеючыся, мог сказаць і сапраўдным ваенным генералам.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"