Паралелі на ростанях

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Дзве асобы адной Бацькаўшчыны: кінаверсіі Настассі Мірашнічэнка
Падчас міленіума свет чакаў збою ў камп’ютарах. Але лік на трэцюю тысячу гадоў пайшоў без асаблівых форс-мажораў. Калі не лічыць асабістых: маё першае апавяданне знікла ў “вантробах” камп’ютара адной з рэспубліканскіх газет. У ім я пісаў пра чалавека, які зайшоў у электрычку на станцыі “Беларусь” (так называецца станцыя ў Заслаўі), сказаў, што ён — звычайны беларускі бомж. Размаўляў бомж — па-гутарцы адчувалася, што чалавек адукаваны — па-беларуску. Успамін пра гісторыю 15-гадовай даўніны прыйшоў да мяне пасля прагляду дакументальнага фільма Настассі Мірашнічэнка “Скрыжаванне”. Я гэты фільм з арыгінальнай рускамоўнай назвай “Перекрёсток” па-беларуску назваў бы нават так: “Ростань”. (Пра гэты фільм "К" пісала падрабязна адразу пасля яго прэм'еры. — Рэд.)

/i/content/pi/cult/548/11949/8-2.jpg

Рэжысёр выразнай кінематаграфічнай мовай паказала год жыцця гомельскага мастака Валерыя Ляшкевіча, які жыве і стварае свае работы на вуліцах горада над Сожам. Але 65-гадовы мастак не толькі творыць на свежым паветры. Летам ён праводзіць ноч на лавах у парку, зімой спіць, седзячы на вакзальным крэсле. Ён — “бомж”. На жыццё гамяльчанін амаль не скардзіцца. Больш цікава для яго гутарыць пра мастацтва. “Сваім стылем творчасці я абраў сімвалізм, — красамоўнічае ў фільме Валерый Ляшкевіч. — Збольшага — з практычнага падыходу: каб ствараць гэтыя карціны — не патрэбна майстэрня, можна працаваць у любых умовах. Да таго ж, праца ў стылі сімвалізма дапамагае хутка спраўляцца з творчай задачай і паспяваць падсушваць карціны”.

Гомельскі мастак, які спіць пад летнім небам, кажа пра адчуванне поўнай безабароннасці ў гэтым свеце. І марыць пра сваё ўласнае жытло. Для гэтага ён штогод цёплай парой едзе ў Санкт-Пецярбург, горад, у якім пражыў трынаццаць гадоў, пакуль там яго гідка не звольнілі з працы. На праспектах Паўночнай Пальміры мастак зарабляе капейчыну на сваю мару і кажа, што ў горадзе на Няве адчувае сябе значна горш, чым на Радзіме. “Бо калі я памру ў Гомелі, мяне хоць пахаваюць у роднай зямлі, а калі сканаю тут, невядома, што са мной будзе”.

Лёс мастакоў няпросты ва ўсе часы, але, здавалася б, у XXI стагоддзі на ўсходзе Еўропы творчы чалавек можа мець спадзеў на мінімум дабрабыту. Аказваецца, не заўсёды.

Я зацікавіўся творчасцю рэжысёра і паглядзеў яшчэ адзін фільм спадарыні Мірашнічэнка “Рана ў сэрцы” — пра жыццё Міхала Клеафаса Агінскага. (Названая стужка таксама была адрэцанзавана ў свой час "К". — Рэд.) Багацце роду Агінскіх, прыбытковыя маёнткі Міхала Клеафаса давалі магчымасць іх гаспадару жыць бязбедна. Але ўдзел вядомага музыкі ў паўстанні 1794 года, тое, што ён не прызнаў уладу Расійкай Імперыі на захопленай частцы Рэчы Паспалітай, зніштожыла яго права на валоданне маёмасцю. То бок князь Агінскі застаўся без сродкаў да існавання і быў вымушаны ўладкоўваць сваю кар’еру і побыт на Захадзе. Сувязі ў яго меліся сур’ёзныя, імя — важкае, таму кампазітар-паўстанец выконваў ролю дыпламата ў стасунках паміж еўрапейскімі краінамі.

Ён стаў тым, каго пазбавілі роднай зямлі. Але жыць на чужыне, здабываць славу для іншых народаў — не кожнаму пад сілу. І на пачатку XIX стагоддзя Міхал Клеафас пачаў пісаць просьбы, каб атрымаць дазвол і вярнуцца на родную Смаргоншчыну. Не з першага разу, але атрымаў яго, і ў 1802 годзе яны разам з маладой жонкай узяліся аднаўляць маёнтак і наладжваць культурнае жыццё ў Залессі. З гадамі ягоны маёнтак пераўтварыўся ў культурны цэнтр, дзе збіраліся мастакі, пісьменнікі, музыкі — выбітныя асобы свайго часу. У Паўночных Афінах (так з цягам часу сталі называць сядзібу ў Залессі) і зараз пануе дух мастацкіх выставак, літаратурных чытанняў і музычных вечароў. Канешне, у сэрцы Агінскага была надзея (і такія размовы ішлі), што беларускаму краю будзе нададзена пэўная аўтаномія. Князь жыў гэтай надзеяй, дзесь употай, а дзесь і адкрыта працаваў дзеля яе. Але на працягу дваццаці год гэтай мары не было наканавана спраўдзіцца. Маючы цалкам наладжанае жыццё, павагу ў асяроддзі лепшых людзей краю, Агінскі ўсё адно не адчуваў сябе ўтульна, не адчуваў сябе цалкам дома. Неспраўджаная надзея на свабодную Бацькаўшчыну развярэдзіла рану, рану ў сэрцы, з якой, напэўна, і нарадзілася мелодыя сусветнавядомага паланэза. Пасля наш знакаміты зямляк паехаў у Італію, дзе і сустрэў смерць.

Здавалася б, дзве гісторыі пра абсалютна розных людзей розных часоў. І аб’яднаць лёсы Валерыя Ляшкевіча ды Міхала Клеафаса Агінскага можа толькі імя рэжысёра, якая ўзяла іх за галоўных героеў сваіх фільмаў. Але — не толькі гэта.

Дзве асобы, сучаснік-мастак і кампазітар эпохі класіцызму, сталіся непатрэбнымі радзіме. Калі Міхал Клеафас і стаў прарокам у Бацькаўшчыне, дык не адразу. Лёс Валерыя Ляшкевіча, будзем спадзявацца, асветліцца божай ласкай пры яго жыцці. І пакуль ён ідзе сваім шляхам (гомельскі мастак зараз адчувае шчырую дапамогу з усіх бакоў), нам не варта чакаць, калі ўласных творцаў для пачатку прызнаюць за мяжой, каб потым падключыцца і самім да ўслаўлення землякоў. Не трэба прыслухоўвацца да чужога меркавання ў боязі не падацца знаўцам. Калі вы ўжо цікавіцеся культурай — у вас ёсць імкненне да прыгожага, ёсць густ. Неабходна браць на сябе адказнасць прызнаваць лепшыя праявы сваёй роднай культуры кшталтам сусветнага ўзроўню.

Так, бачыць у чалавеку чалавечае ў наш час вымагае высілкаў. Для таго, каб угледзець у “бамжы”, які жыве побач з табой, іскру Божага таленту і не пабаяцца данесці гэтую іскру да іншых людзей, патрэбна асаблівая мужнасць. Прынамсі, мастацкая мужнасць спадарыні Мірашнічэнка.

Да слова, у 1994 годзе па беларускім тэлебачанні пачуў цытату з Адама Глобуса. Яна запала мне ў душу. Прывяду яе па памяці: “Стаю на крыжы беларускіх дарог і не бачу напрамку, дзе Бог”. Так і розныя героі рэжысёра: гістарычны герой два з лішкам стагоддзі таму бачыў, дзе ягоны Бог і ўсімі сіламі ішоў да свайго ідэала. Сучаснік з фільма “Ростань” да гэтай пары стаіць на крыжы дарог і не мае сілы выбраць, куды ісці. Па інерцыі ездзіць у суседнюю дзяржаву, думае здабыць свой дабрабыт праз яе, хаця, як бачна з ягонай прамовы ў фільме, не надта і верыць у такі спосаб стаць багацей. А ці мала нашых землякоў шукае свой дабрабыт па свеце?

“Цаніце сваё. Бараніце сваё”, — кажуць фільмы Настассі Мірашнічэнка.

Аляксей ЧУБАТ, журналіст