“…Лэдзі” і джэнтльмены

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Вынікі адаб’юцца ў далейшым
Мінулы сезон упершыню прынёс Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму музычнаму тэатру суквецце ўзнагарод Нацыянальнай тэатральнай прэміі. І тым прыцягнуў да яго асаблівую ўвагу грамадскасці: чым далей здзівіць колішні “тэатр музкамедыі”? Ён сапраўды здзівіў: спачатку прэм’ерай беларускага мюзікла — “Шалом Алейхэм! Мір вам, людзі!” Алега Хадоскі, потым — новай пастаноўкай “Маёй чароўнай лэдзі” Фрыдэрыка Лоу. Вось толькі здзівіў — у розных сэнсах гэтага слова.

/i/content/pi/cult/548/11948/8-1.jpgДа апошняга са згаданых твораў тэатр упершыню звярнуўся ў 1982-м. Лёс той пастаноўкі Аляксандра Штэйна быў зайздросным. Публіка хадзіла на яе натоўпамі, забяспечваючы аншлагі. А псіхалагічна тонкае партнёрскае суладдзе Наталлі Гайды і Рыгора Харыка, які ў 1990-я з’ехаў у ЗША, нават з самых грозных крытыкаў выціскала не толькі замілаванне з кампліментамі, але і скупую слязу.

Зразумела, паўтараць той спектакль, хаця б часткова, было нельга — трэба было рабіць штосьці прынцыпова іншае. Ці не ставіць увогуле. Няцяжка здагадацца, чым кіравалася кіраўніцтва тэатра, прымаючы рашэнне аб пастаноўцы. Твор — раскручаны (у адным толькі Мінску аднайменная п’еса Бернарда Шоу, паводле якой напісаны і мюзікл, ідзе адразу ў двух тэатрах). Музыка — цудоўная (песню Элізы “Я танцаваць хачу!” ведае кожны). А тое, ці ёсць патрэбныя выканаўцы, — дробязі: трэба — значыць, будуць.

З аднаго боку, можна толькі радавацца, што маладыя артысты, ледзь прыйшоўшы ў тэатр, атрымліваюць адразу цэнтральныя партыі, часта — на выраст. Яшчэ часцей — не адпаведнага сабе старога ўзросту. З іншага ж боку, няблага задумацца і над тым, каб той самай моладзі не нашкодзіць — і маральна і вакальна. З “…Лэдзі” ў гэтым сэнсе прасцей: маладая, але ўжо вядомая сваёй крэатыўнасцю рэжысёр Ганна Маторная вырашыла скарэктаваць класічны мюзікл — наблізіць дзеянне да сучаснасці і тым самым “амаладзіць” герояў, бо сёння імклівы кар’ерны рост ад маладога амбіцыйнага спецыяліста да прафесара не такая ўжо рэдкасць. Адначасова вырашалася задача і амалажэння аўдыторыі тэатра, бо пакуль туды ходзіць пераважна больш сталае пакаленне. Адпаведна, трэба было неяк скарэктаваць і сюжэт, бо ў адрозненне ад п’есы, музычны твор вельмі падобны на так званы “мюзікл Папялушкі” — меладраму пра тое, як бедная дзяўчына ў адну раніцу прачнулася багатай і знакамітай. Цяперашнія дзяўчаты таксама мараць паўтарыць у сваім жыцці гісторыю казачнай гераіні, але разумеюць, што крышталёвыя пантофлікі ў краме і нават прэстыжным буціку не купіш, а каб выйсці замуж за Прынца, адзінага балю будзе малавата. Ідэя такіх пераробак — шыкоўная! А вось яе практычнае ўвасабленне?

Рэжысёр звярнулася да таленавітага Дзмітрыя Багаслаўскага — маладога, але ўжо вядомага ў нас і ў СНД драматурга і адначасова артыста Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Ён зрабіў мікст між існуючым лібрэта Алана Джэй Лернера і арыгіналам Шоу, дапісаў свае фрагменты. Атрымалася добрая п’еса, ды… не для мюзікла, а тым больш, у выкананні артыстаў Музычнага тэатра. У сапраўдным мюзікле менавіта музычныя нумары рухаюць драматургію, размоўныя ж дыялогі застаюцца ўсяго толькі звязкай, якая дапамагае іх хутчэй злучыць. А тут — паўнавартасная драматычная п’еса, у якую пры жаданні можна і музыку дадаць — не зашкодзіць. Дый артыстам (а тым больш, маладым), для якіх галоўным выразным сродкам застаюцца ўсё ж спевы, а не размовы, цяжкавата трымаць аўдыторыю ажно тры гадзіны, асабліва ў час працяглых дыялогаў, дзе музыка ім не дапамагае.

Тым не менш, гледачы генеральнага прагону, які праводзіўся “на публіку”, паставіліся да прэм’еры прыязна. А вось мастацкая рада спектакль не прыняла. Выпадак унікальны, бо раней у тым жа тэатры, не гаворачы пра іншыя, звычайна прымалі і адкрытыя мастацкія правалы — спектаклі, дзе ўвогуле цяжка было знайсці хаця б штосьці з прэтэнзіяй на высокую мастацкасць і добры густ. Вынеслі рашэнне — спектакль дапрацаваць у тэрмін да трэцяга паказа. Першыя ж два не забаранілі (квіткі на іх ужо былі прададзены!), проста артыстам не выплацілі ганарар: маўляў, усё па закону, юрыдычна правільна. Але ж ёсць яшчэ этычныя тонкасці!

Заўважу, што пасля скарачэнняў спектакль, атрымаўшы-такі афіцыйнае “дабро”, не стаў… лепш, як падаецца. Ён і сапраўды крыху скараціўся, але не паводле ўспрыняцця сцэнічнага часу, бо знізіўся тэмпарытм, знікла былая энергетыка і акцёрская эйфарыя (“Мы гэта зрабілі!”), парушылася драматургія. Але не будзем шукаць правых і вінаватых. Звернем увагу на саму тэндэнцыю, што паспяхова развівалася ў тэатры дагэтуль, сыходзячы, у тым ліку, ад кіраўніцтва калектыву.

Некалькі гадоў таму Музычны тэатр пачаў актыўна ўключаць у рэпертуар оперы, прычым не толькі камічныя. Але публіка, прывучаная да іншых жанраў, “не пайшла”. І ўзнік крэн у супрацьлеглы бок — да спектакляў музычна-драматычных, з акцэнтам на апошнім складніку. Гэта тэндэнцыя выяўляецца і ў неаднаразовых гастролях расійскіх драматычных тэатраў на сцэне нашага Музычнага, і ў яго ўласных прэм’ерах — апошніх і будучай. Калі верыць сайту, у лістападзе нас чакае новая пастаноўка “Вяселля ў Малінаўцы”. А нядаўні “Шалом Алейхэм!..” меў акурат тыя ж недахопы, што былі прад’яўлены “… Лэдзі”: зацягнутасць па часе, ухіл у бок драматычнага дзеяння. А да іх — яшчэ і некаторыя этычныя пытанні, звязаныя з аўтарствам: у дадатак да партытуры Алег Хадоскі (дакладней, замест некаторых яе фрагментаў) выкарыстаны ўсе асноўныя хіты з легендарнага брадвейскага мюзікла “Скрыпач на даху”. Да ўсяго, было ў “Шалом…” і пэўныя парушэнні паліткарэктнасці, пра якія ў “К” у свой час згадвалася. Ды ўсё “цудоўна”!

Што ж да “…Лэдзі”, дык пры ўсіх недахопах (зацягнутасць, адмова ад псіхалагічнай дэталізацыі на карысць яркаму відовішчу, прыцягальнаму для моладзі, выкарыстанне ўстаўных нумароў у аўдыязапісе, нелагічнасць, неапраўданасць фіналу і іншых) спектакль трэба ўспрымаць як творчы эксперымент. Сярод адметнасцей пастаноўкі адзначым імкненне ўзняць, як у Бернарда Шоу, тэму жаночай самастойнасці, спробу звярнуцца да полістылістыкі, уключаючы рэп, шматлікасць (нават залішнюю) і яркасць сцэнічных строяў, добрыя акцёрскія працы — асабліва Лідзіі Кузьміцкай ў ролі маці (следам за яе ж маці ў “Шалом Алейхэм!..”). Хай не ўсё ў спектаклі атрымалася (на штосьці элементарна часу не хапіла, бо тэрмін на падрыхтоўку быў скарочаны), але праца была праведзена вялізная — у тым ліку, у дачыненні да моладзі, дзе вылучаецца каларытная Аляксандра Рымкевіч. І вынікі абавязкова адаб’юцца ў далейшым.