Вышыванка… ад Антона

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Антон ТАЛАШКА, майстар з Маларыты
Нядаўна я атрымаў дыплом інжынера-энергетыка скончыўшы энергетычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Паўла Сухога. На першае месца працы размеркаваны ў Гомель, а каб не сядзець без справы, у вольны час вышываю крыжыкам на швейнай машынцы.

/i/content/pi/cult/546/11905/5-2.jpgМайму захапленню толькі 5 месяцаў. А мая мама, Алена Аляксандраўна, выдатна шые на машынцы, але жадання самому сесці і нешта пашыць не ўзнікала. Лічыў, што гэта зусім не мужчынскі занятак. Бавячы час у інтэрнэт-прасторы, выпадкова трапіў на сайт, які быў прысвечаны вышыўцы на машынцы. Там мужчыны з веданнем справы распавядалі пра сваё захапленне і паказвалі гатовыя работы. Мне захацелася зрабіць прыемны і нечаканы падарунак для сваёй мамы. Вось і ўзяўся за ажыццяўленне задуманага.

Унікнуць у сутнасць справы было не так і цяжка, быццам бы адразу ўсё стала атрымлівацца. Пра захапленне даведалася і мама: стала падказваць, дапамагаць, раіць.

Цяпер я сябе магу, напэўна, лічыць спецыялістам. На 60 футболках ужо вышыты ўзоры. Але яны не паўтараюцца, не аднолькавыя, а зусім розныя. Таму кожная вышытая футболка — штучны тавар, эксклюзіўны. Спачатку былі простыя ўзоры, затым — больш складаныя. Цяпер жа я пераключыўся на маларыцкі строй адзення, што захапляе сваёй самабытнасцю, непаўторнасцю: мы звыкла ацэньваем тканыя і вышытыя рэчы з пазіцыі прыгажосці, асаблівасці арнаменту, гармоніі каларыту. Але народная вышыўка і ткацтва — яшчэ і бяздонная крыніца культурна-гістарычных звестак. Што ні ўзор — то сімвал! Цікава ж даведацца, пра што распавядаюць яны. У гэтым мне дапамагае спецыяльная літаратура. Хлопец ці дзяўчына ў вышытай у народным стылі футболцы выглядае вельмі эфектна, стыльна… Адным словам, прыгожа. Акрамя таго, я заўважыў, што ў сучаснай моладзі ёсць пэўная патрэба ў нацыянальнай сімволіцы, цяга да роднага. Адзенне ў народным стылі становіцца модным, запатрабаваным.

Калі вельмі сціпла апісаць, то спачатку выбіраю ўзор, затым арнамент (малюнак) пераношу ў камп’ютар. Сам жа працэс вышывання адной футболкі ў мяне займае недзе тры гадзіны… Неабходныя кансультацыі мне дае дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец.

Ужо падрыхтавана (у камп’ютарным варыянце) 26 мужчынскіх і 14 жаночых арнаментаў, а таксама яшчэ 50 адвольных узораў. Усё гэта можна ў любы момант запусціць у вытворчасць. Цяпер пераводжу у камп’ютар узоры маларыцкага строю адзення. Між іншым, пяць мужчынскіх на сённяшні дзень ужо гатовы.

Занатаваў Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара