“Фармаліст, але малайчына!..”

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Андрэй Бембель і яго лінія жыцця
“Фармаліст, але малайчына!..” Гэтыя словы, адрасаваныя яшчэ ў 1943 годзе герою майго сённяшняга нарыса — Андрэю Бембелю, належаць знакамітаму савецкаму скульптару Мацвею Манізеру, які стварыў помнік Уладзіміру Леніну, што стаіць перад Домам урада ў Мінску.

/i/content/pi/cult/546/11892/15-1.jpgНабліжаецца 110-я гадавіна з дня нараджэння Бембеля — 17 кастрычніка (па новым стылі — 30-га). У наступным, 2016 годзе, споўніцца 30 гадоў з таго дня, як адышоў з жыцця гэты славуты майстар, выдатны педагог, грамадскі дзеяч і незвычайны па сваёй харызме чалавек.

Час ідзе, і тут нічога не зробіш. Але ў гісторыі беларускай культуры ёсць асобы, якіх забыць нельга. Такім чалавекам быў Андрэй Бембель, пра якога ў артыкуле і пойдзе гаворка. Яго імя добра вядома не толькі ў нашай краіне. І гэтая вядомасць звязана, галоўным чынам, з яго працай над такімі творамі, як манументальныя рэльефы ў інтэр’еры Дома ўрада і на помніку-абеліску на плошчы Перамогі ў Мінску, партрэт Мікалая Гастэлы, мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць — герой” і, канешне ж, славуты манумент “Курган Славы” на 21-м кіламетры Маскоўскай шашы.

Але мала каму вядомы той няпросты жыццёвы шлях, напоўнены перамогамі і паражэннямі, поспехамі і расчараваннямі, па якім прыйшлося прайсці скульптару, каб дасягнуць гэтых і іншых вяршынь. І незадоўга да смерці ён вельмі шкадаваў, што не ўдалося ажыццявіць свае даўнія мары: стварыць помнік Канстанціну Заслонаву, мемарыял героям Сталінграда, паставіць у Навагрудку помнік Адаму Міцкевічу і помнік-бюст Аляксандру Блоку ў вёсцы Лапаціна на Піншчыне, дзе паэт, ён жа “табельшчык 13-й інжынерна-будаўнічай дружыны”, правёў амаль 200 дзён — са жніўня 1915 па сакавік 1917 года, будучы на Заходнім фронце Першай сусветнай вайны. І яшчэ, помню, вельмі шкадаваў мастак, што ў кастрычніку 1980 года не пабываў там на адкрыцці музея А.Блока — першага літаратурнага музея паэта ў СССР. Ды што казаць — многія задумы Андрэя Ануфрыевіча засталіся нерэалізаванымі. Урэшце, гэта лёс кожнага выдатнага майстра…

Нязменная, непазбыўная думка аб творчасці не пакідала скульптара нават у перыяд яго цяжкай хваробы. Да самай смерці ён думаў, разважаў, гаварыў пра мастацтва, якое было для яго надзеяй, сумленнем, існаваннем. І я таму сведка, бо сустракаўся з маэстра вельмі часта на працягу апошніх дваццаці гадоў яго неспакойнага, бурнага жыцця і нават працаваў побач з ім, калі ён у першай палове 1980-х узначальваў Саюз мастакоў БССР. Так, я ўспамінаю тыя часы, калі мы былі побач — і ў творчасці (я пісаў пра яго ў СМІ шмат разоў і быў аўтарам сцэнарыя для тэлефільма пра скульптара), і ў сямейнай прасторы, і проста ў нашых сяброўскіх адносінах, нягледзячы на вялікую паміж намі розніцу ва ўзросце — 35 гадоў.

Прыгадваю першую сустрэчу з Бембелем восенню 1965-га, калі я, выпускнік Ленінградскага ўніверсітэта, пачаў працаваць у Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. Мяне пазнаёміла з ім Алена Васільеўна Аладава. Упершыню пабачыўшы яго, я вельмі разгубіўся. Бембель быў ледзь не адзіным выдатным беларускім мастаком, якога я ведаў яшчэ ў Піцеры па рэпрадукцыях яго знакамітага партрэта Мікалая Гастелы.

А трошкі пазней мы пасябравалі. Андрэй Ануфрыевіч быў чалавекам няпростым, супярэчлівым, меў складаны, часам узрыўны характар, і кантактаваць з ім было не заўсёды “ўтульна”. У параўнанні з ім мае ўзаемаадносіны з яго калегамі — Аляксеем Глебавым, Сяргеем Селіханавым ці Заірам Азгурам — былі больш роўнымі. І многія здзіўляліся, як гэта мне ўдавалася знаходзіць з “некіраваным” Бембелем агульную тэму для добрых сяброўскіх гаворак і няпростых дыскусій.

Словам, Андрэя Ануфрыевіча як чалавека я паспеў нейкім чынам “вывучыць” знутры. Да таго ж, я добра ведаў і другую (апошнюю) жонку Бембеля — Марыю Вікенцеўну Мякінікаву, прафесара, доктара медыцынскіх навук, выдатнага спецыяліста па склеромнай праблеме; і быў знаёмы з яго дзяцьмі ад першай жонкі Вольгі Анатольеўны Дзядок — Кларай і Алегам, вядомым філосафам, паэтам, публіцыстам, які ўрэшце рэшт стаў святаром. А зараз я сябрую і з унучкай Андрэя Ануфрыевіча — арт-крытыкам Таццянай Алегаўнай Бембель.

Андрэй Ануфрыевіч быў натурай складанай і вельмі неадназначнай. Ён часам мог быць несправедлівым да сваіх калег, іншы раз шумна і надоўга разыходзіўся з кімсьці ў поглядах на што-небудзь, звязанае з творчасцю, альбо на педагагічнай і грамадскай глебе. Прызнаваць свае памылкі Бембель не вельмі любіў.

Іншы раз мне даводзілася, праўда, не заўсёды паспяхова, быць “трацейскім суддзёй” у вырашэнні такіх канфліктаў, як гэта было, напрыклад, з Анатолем Анікейчыкам, у адносінах да якога Бембель у апошнія гады быў не зусім справядлівы. Разам з Леанідам Шчамялёвым, якога Бембель паважаў, мы неяк памірылі абодвух, але, як аказалася, не да канца. На пахаванне свайго настаўніка Анікейчык так і не прыйшоў. Мо проста не змог — па нейкіх аб’ектыўных прычынах… Зараз дакладна сказаць не магу…

Мяркую, што ўпершыню “чорная кошка” прабегла паміж імі, калі з двух конкурсных партрэтных бюстаў Янкі Купалы, створаных Бембелем і Анікейчыкам для ўстаноўкі ў 1973 годзе дароўнага помніка ў Араў-парку пад Нью-Ёркам, эксперты аддалі перавагу апошняму, гэта значыць вучню Бембеля. Такое, канешне, самалюбіваму маэстра перажыць было цяжка, хаця, уласна кажучы, Анікейчык тут быў зусім ні пры чым…

Даводзілася ўладжваць нейкія канфлікты Бембеля і з іншымі яго калегамі па мастацтве. Напрыклад, з яго яшчэ адным вучнем — Анатолем Арцімовічам, сааўтарам “Кургана Славы”, якога “забылі” ўключыць у спіс прэтэндэнтаў на Дзяржаўную прэмію БССР, а Андрэй Ануфрыевіч, так бы мовіць, прамаўчаў. Канфліктаваў Бембель (я таму сведка) нават з галоўным мастацкім кіраўніком праекта мемарыяла “Брэсцкая крэпасць — герой”, народным мастаком СССР Аляксандрам Кібальнікавым з прычыны якасці створаных ім у сааўтарстве з Уладзімірам Бабылём тэматычных рэльефаў у скульптурнай кампазіцыі “Мужнасць” (галава Воіна).

З іншага боку, Бембель рознымі спосабамі вельмі шчыра дапамагаў сваім некаторым студэнтам, часам засцерагаючы іх ад памылак у творчых і бытавых дзеяннях. Асабліва шанаваў “некіруемага”, але таленавітага мастака і спартсмена Канстанціна Сароку (з яго бацькам, таксама скульптарам, — цяпер зусім забытым, Бембель пасябраваў адразу пасля вайны); прадказаў вялікую будучыню Льву Гумілеўскаму і Анатолю Анікейчыку, паважаў мастакоўскі дар Івана Міско, Уладзіміра Слабодчыкава, Леаніда Давідзенкі, Генадзя Буралкіна, Галіны Гаравой, Уладзіміра Панцялеева, Аляксандра Каструкова, Уладзіміра Жбанава, Аляксандра Фінскага, Юрыя Палякова…

Карацей кажучы, з “гнязда Бембелева” выйшлі амаль усе скульптары 1960 — 1980-х гадоў. Хтосьці з іх часам атрымліваў ежу і часовы прытулак у прасторным доме Бембеля на вуліцы Беламорскай, а таксама прысутнічаў на хатніх святах у гонар дня нараджэння маэстра. У мяне захавалася фатаграфія: у доме Андрэя Ануфрыевіча мы святкуем яго 70-гадовы юбілей. За багатым сталом побач са мной — Клара Бембель, Віктар Грамыка, Віктар Вярсоцкі, Канстанцін Сарока з гітарай, Павел Цомпель, Аляксандр Веліксонаў, Генадзь Мурамцаў, Раіса Часнова і іншыя, хто не трапіў у кадр. А здымаў нашу цёплую кампанію архітэктар Юрый Казакоў, адзін з сааўтараў Бембеля па Брэсцкім мемарыяле.

І наогул, Бембель быў чалавекам, далёкім ад паказнога арыстакратызму і піжонства. Вельмі мала звяртаў увагі на быт... Я бачыў яго і ў хатняй піжаме, і на кухні з пяльмешкамі, і са шклянкай каньяку ў адной руце і цыгарэтай — у другой, і аднойчы — з нейкай маскоўскай камандай на стадыёне ў час футбольнага матча мінскага “Дынама” (з Э.Малафеевым). Дома ў яго была звычайная мэбля, халадзільнік, тэлевізар і — вельмі многа кніг, часопісаў, газет і прадметаў мастацтва. На гэта ён грошай не шкадаваў!

Затое, бываючы “на людзях” — у Тэатральна-мастацкім інстытуце, Саюзе мастакоў, на розных канферэнцыях, з’ездах, партыйных і творчых пленумах, на вернісажах выставак і гэтак далей, — ён заўсёды быў акуратна і з густам апрануты, хадзіў звычайна ў беласнежнай сарочцы, цёмным касцюме і пры цудоўным гальштуку. А ў кішэньцы пінжака заўжды ляжала белая насоўка. Дэндзі, дый годзе!

А вось што казала пра яго Вольга Дзядок — жанчына, якая ведала пра свайго мужа быццам бы ўсё: “Андрэй — вялікі талент. Адданасць сваёй справе. Жыццё ў мастацтве — гэта вызначае ўсё. Выдатны мастак. Манументаліст. І ў жыцці, і ў творчасці. Ён разумее і любіць жыццё ў шырокім маштабе. Чалавецтва — яго маштаб. Альбо як мінімум — краіна. Але які складаны і супярэчлівы гэты чалавек! Рысы, якія ўзаемна выключаюць адна аднаму. Усё пераблытана ў гэтым чалавеку, не разабраць, які ён ёсць на самой справе. А сам ён і не спрабуе ў сабе разабрацца, лічыць проста, што ён самы лепшы. Якая страсць у ім не загаворыць — так, маўляў, і трэба…”

(Працяг артыкула — у наступных нумарах "К".)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"