Пра Цітовічава “парцейнае” і ягоны след на столі

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

7 жніўня — 105-годдзе з дня нараджэння Генадзя Іванавіча Цітовіча
Часам здзіўляюцца людзі: “А што, Цітовічу сто гадоў? І на яго даму — мемарыяльная дошка?! Не можа быць! Як жа так? Мы ж з ім у гэтым доме нядаўна чарку кулялі!”. Дык сто гадоў яму было яшчэ ў 2010-м. А які сёння год на белым свеце? А пра чарку… Шмат напісана пра Цітовіча як пра музыку, даследчыка-фалькларыста, няўрымслівага вандроўніка — збірацеля аўтэнтычных вясковых песень, як пра арганізатара хораў, — у тым ліку Дзяржаўнага народнага… Што тут магу дадаць да рэцэнзій на выступленні яго калектываў, да навуковых даследаванняў пра яго, да мемуараў блізкіх сяброў і навукоўцаў? Ці, мо, вось толькі хіба — пра Цітовічава “парцейнае” і ягоны след на столі

/i/content/pi/cult/546/11891/14-1.jpgСталася так, што першым фільмам з маім прозвішчам у цітрах як рэжысёра была стужка “Песни славы боевой” (1963 год, Ансамбль песни и пляски КБВО): я зманціраваў канцэрт замест захварэлага калегі. Калі праз пару год у “Тэлефільме” паўстала пытанне: хто будзе здымаць планавы вялікі фільм-канцэрт Дзяржаўнага народнага хора БССР, то рашэнне кіраўніцтва было адназначным: “Канешне, Арлоў — ён жа ў нас спецыяліст па музычных фільмах”.

Так пазнаёміўся з Генадзем Іванавічам Цітовічам.

Пахвалюся: больш і даўжэй за мяне ніхто не здымаў ні самога майстра, ні народжаны ім славуты сённяшні Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча.

***

Вынікам пераможнага паходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939-га стала злучэнне Заходняй Беларусі з Усходняй. У рэспубліцы з’явіліся новыя вобласці: Баранавіцкая, Вілейская, Беластоцкая, Маладзечанская. Усюды з’явіліся савецкія ўстановы, у кінатэатрах пайшлі савецкія фільмы, па радыё замест спрэс польскіх “пёсэнэк” загучалі беларускія. Але паўтараліся адны і тыя, нешматлікія, бо іхні пералік быў, так бы мовіць, невялікі.

Цітовіч, што да таго скончыў у Вільні духоўную семінарыю, універсітэт і кансерваторыю, узначаліў музычную рэдакцыю Баранавіцкага радыё.

І вось неяк да яго прыйшлі дзве дзяўчыны, сёстры Вольга і Вера Федчыкі. Саромеючыся, папрасілі дазволу праспяваць, але тое, каб іх спеў запісалі і передалі па радыё, дык пры Польшчы, сказалі, такое было абсалютна немагчыма. Песні гучалі незнаёмыя, мясцовыя, сугалоссе сястрыц злівалася, заварожвала. Ён прасіў сястрычак спяваць яшчэ і яшчэ. Спеву канца не было.

— Адкуль вы, дзяўчаткі? З якой вёскі, даражэнькія?

— Непадалёк: з-пад Ляхавічаў, з вёскі Вялікае Падлессе.

— І шмат вас там такіх пявух?

— Уся вёска спявае.

“Пявухі” — так і пайшло з языка Цітовіча.

Да таго часу ён ужо назбіраў па вёсках Беларусі і занатаваў сотні песень. Ці варта гадаць, што неўзабаве гэты цікаўны непаседа быў ужо ў той вёсцы. Сапраўды, яна ўся аказалася пявучай! Што адразу здзівіла — спявалі радзінамі: дзеці, скажам, запявалі высокімі галасамі, бацькі падхоплівалі нізкімі, бабулі вялі падгалоскі. Там аказаўся і свой гарманіст. Канцэрт для Цітовіча, адзінага слухача, доўжыўся не адну гадзіну. Самадзейныя артысты спявалі ў непаўторнай народнай манеры, ды яшчэ й танчылі з прыпеўкамі!

Згадзіцеся, што такі завод-забой не змог бы пачацца “насуха”. А тым больш скончыцца. Цітовіч амаль што літаральна пасяліўся ў Вялікім Падлессі, рэпетыцыі прызначаліся штовечар.

— Мала таго, што спявалі дзяўчаты ды жанчыны, — з захапленнем узгадваў ён у застоллі шмат гадоў пазней, — дык мужыкі былі не так сабе, для запаху, ведаеце, а — басы, барытоны! А якія непаўторныя падгалоскі!

Радзіна Цітовічаў амаль параднілася з пяючымі палешукамі. Дачка Святлана — свецкая прыгажуня, выдатная балерына — узгадвала:

— Хто не прыязджаў у Мінск з Вялікага Падлесся, атабарваліся ў нашай кватэры і жылі колькі ім патрэбна, як родныя.

Прыязджалі ж да гасціннага гаспадара, вядома, не без шчодрых вясковых дароў у напакаваных клунках.

З часам яму ўжо не трэба было хадзіць па хатах той вёскі, шукаючы “пявух” і “певуноў”: людзі самі, скончыўшы справы на раллях, падаіўшы кароў, памыўшыся і пераапрануўшыся, ішлі на спеўку, бы на свята, да ўладальнікаў вялікіх хат. Сялян захапіла сама ідэя стварэння вялікага хору, жаданне “даць 
голас”.

Першыя канцэрты праходзілі ў навакольных вёсках. Дабіраліся туды пешачкі: уласных коней ужо забраў, “абагульніў” калгас. Ішлі ў слату і непагадзь, беражліва хаваючы сцэнічнае адзенне, ішлі, каб данесці да беларусаў іх песні, каб хаця б гэтым узбудзіць нацыянальны гонар.

Салістка Валянціна Іванаўна Праневіч праз шмат гадоў, ужо ў ХХІ стагоддзі, узгадвала:

— Хадзілі спяваць нават у Баранавічы, за дваццаць кіламетраў! Са сваімі клуначкамі ішлі праз завіруху з песнямі. Цітовіч з намі, увесь час жартаваў, падбадзёрваў. Пасля канцэрта, вядома ж, “астывалі” ад поспеху, апладысментаў, сілкаваліся прыхопленым, і тая ж марозная дарога ў адваротны бок, бо заўтра — чакае ў хаце праца.

***

Зорным Алімпам было выступленне Падлесскага хору з канцэртамі ў Маскве падчас правядзення дэкады мастацтва БССР у чэрвені 1940-га. Больш за тое, Цітовічавы палешукі выступалі ў заключным канцэрце! Спрацаваў і палітычны фактар: усяго некалькі месяцаў таму самадзейныя артысты яшчэ гнуліся пад панамі, жылі пры капіталізме, а ўжо пяюць новыя, савецкія песні! Таварыш Сталін апладзіраваў ім стоячы. Паднялася, ляскаючы ў далоні, і зала. Было незразумела, каму авацыі: любімаму правадыру ці хору. Беларусы прынялі апладысменты на свой рахунак і паўтарылі забойную кадрылю.

Вяртаючыся пераможцамі, святкавалі ў цягніку. А роўна праз год і адзін тыдзень пасля заканчэння дэкады на Краіну Саветаў напалі фашысты. Пад акупацыю падпала ўся Беларусь, а першай — яе заходняя частка, у тым ліку Баранавіцкая вобласць з вёскай Вялікае Падлессе.

Хор гэты, як у мадэлі, паўтарыў лёс усіх беларусаў, што апынуліся пад акупацыяй: гарманіста забралі немцы за тое, што адмовіўся граць ім — і болей яго ў вёсцы не бачылі; семярых расстралялі паліцаі за песні пра Сталіна; некага пагналі ў Нямеччыну; траіх пасля вайны рэпрэсавалі органы, бо спявалі на вечарынах у гады акупацыі; найбольш галасістых пасля вайны забраў Цітовіч у Мінск — яны сталі ядром Дзяржаўнага народнага хора БССР. Астатнім засталося ціха дажываць у вёсцы Вялікае Падлессе, дзе няма ні леса, ні ракі, і ўзгадваць выступленне 15 чэрвеня 1940-га года ў Маскве, у Вялікім тэатры, дзе сваю кадрылю яны станцавалі перад таварышам Сталіным.

У апошні раз збяруцца старыя харысты ўвосень 1980-га на прыезд Цітовіча для здымак у маім фільме “Тры тысячы песень”.

***

…Рушылі на Гомельшчыну, да старавераў: Там, сказаў Цітовіч, збіраць песні яму яшчэ не даводзілася. Раніцай, не паспеўшы ад’ехаць ад Мінска і 30 кіламетраў, недзе ля Дукоры, Генадзь Іванавіч сваёй адметнай таропкай гаворкай папрасіў збочыць да прыдарожнай крамы. Купіў некалькі бутэлек таннага партвейна, “парцейнага”, як абазваў гэтае пітво, дадаўшы: “Адзіны сродак, каб людзі пачалі спяваць. Прычым правераны сродак, надзейны”.

I сапраўды: не паспеў ён у Ветцы з адной “прыпеўшчыцай” раскаркаваць бутэлечку, як у хату зайшлі яшчэ некалькі пявуней. Пакаштаваўшы віна, яны ўжо не заўважалі ні кінакамеры, ні пякучага асвятлення, а здымачная група папросту стала для іх слухачамі. Генадзь Іванавіч жа ўспрымаўся імі не толькі як славуты артыст, але і як галантны мужчына. Ён іх проста зачараваў, і да ягонага “парцейнага” кожная з іх дадала, мо, па столькі ж ды плюс частаванне. Цітовіч узрушыў, раззадорыў кабетак; яны спявалі, перабіваючы, перапяваючы адна адну, нават спрабавалі ў цеснай хаціне, збіваючы кінапражэктары, пусціцца ў скокі. Цітовіч падпяваў, уважліва слухаў і нешта запісваў у маленечкі нататнік.

Праз наступныя пару дзён па тым жа, папярэдне адпрацаваным “парцейным сцэнарыі”, папрасіў ён разыграць яму “Гуканне вясны” ў заможнай вёсцы Барталамееўка.

Далей была Уздзеншчына, сумесны спеў Генадзя Іванавіча з самадзейным песнятворцам, амаль сляпым Паўлам Шыдлоўскім. Абодва яны пасля гаспадарскай наліўкі нечакана плёснулі недапіткі на столь — мяне здзівіла, але ім тое было, відаць, звычна. Я міжволі зірнуў ў гару: плямы, размывы, падцёкі па ўсёй столі, спрэс!

— Гэта дзённік гаспадара, — тлумачыў, смеючыся, Цітовіч. — Вось гэты след, — калі я быў тут яшчэ з хорам, кожны з харыстаў пакіснуў.

Уступіў гаспадар:

— Во тут, у куце столі, шырмаўская капэла адзначылася — кожны спявак. А на столі каля вакна Пятра Міронавіча Машэрава след, а там, ля дзвярэй, — пісьменнікі, паэты, касманаўт...

Генадзь Іванавіч узгадваў, як у 30-я гады запісаў недзе ў гэтых мясцінах Усходняй Беларусі (мяжа з Польшчай тады праходзіла праз Уздзеншчыну) песню “Мы брыгадай маладою”, а пасля 1939-га, пасля ўз’яднання, дазнаўся, што аўтар яе — Павел Шыдлоўскі, які жыў тады пад панамі. Песня праз межавы дрот заляцела з Заходняй ва Усходнюю Беларусь.

— Няма для песні межаў! — весела закончыў Генадзь Іванавіч.

(Працяг аповеду пра знакамітага беларуса — у наступных нумарах "К".)

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр