“Раскрутка” старадаўніх сцен

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Як зацікавіць наведвальнікаў музея? Як “раскруціць” звычайны двухпавярховы драўляны будынак, у якім месціцца музейная ўстанова? Як зрабіць цікавае мерапрыемства без асаблівых грашовых выдаткаў? На ўсе гэтыя і многія іншыя пытанні мае адказ дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Надзея ДУДАРОНАК.

/i/content/pi/cult/545/11880/12-1.jpg

Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей і яго"аконная" фотавыстаўка. / Фота аўтара

“Меч” і наведвальнікі

Старажытная Замкавая гара, побач з якой месцяцца касцёл і царква, а навокал — азёры, азёры, азёры… Мяркую, адрас гэтай непазначанай мной мясціны даволі пазнавальны. Для паўнаты карціны дадам, што ў гэтых краях можна пабачыць знакаміты “цуд”: гасцініцу, што належыць раённаму музею. А яшчэ менавіта ў гэтым горадзе музейшчыкі ўжо не першы год ладзяць маштабны рыцарскі фэст “Меч Брачыслава”. Прычым ён мае даволі доўгую гісторыю: пачыналася ўсё яшчэ ў 2000-м са “Свята рамёстваў”, якое праходзіла на тэрыторыі Браслаўскага музея традыцыйнай культуры. У 2004 годзе музейшчыкі пачалі запрашаць на свята ўдзельнікаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі з розных гарадоў Беларусі, а летам наступнага, 2005 года, свята ўпершыню правялі ў цэнтры Браслава на Замкавай гары.

— Сёлетні рыцарскі турнір на фестывалі набыў асаблівы размах — да беларускіх рыцараў далучыліся клубы гістарычнай рэканструкцыі з Латвіі і Расіі, — кажа Надзея Дударонак. — А кульмінацыяй свята на Замкавай гары сталася коннае шэсце, якое ўзначаліў вершнік у вобразе князя Брачыслава.

Але гаварыць тут, мабыць, варта не толькі пра сам фестываль, але і пра няўрымслівасць мясцовых музейных супрацоўнікаў, на плечы якіх кладзецца асноўны арганізацыйны клопат аб правядзенні акцыі. Што ж прымушае і дырэктара, і музейшчыкаў вось ужо які год “шчыраваць” над “Мячом Брачыслава”?

— Робім гэта толькі з адной прычыны: хочам, каб было цікава жыхарам і гасцям Браслава, — кажа візаві. — Тым больш, мы ў прыездзе гасцей на фэст таксама зацікаўлены: чым больш турыстаў — тым больш наведвальнікаў завітае ў нашую музейную ўстанову. Бо сёння, кажу гэта без перабольшання, прайсці міма яе проста немагчыма.

Праз акно — у даўніну

Апошняя рэмарка дырэктара музея — не выпадковая. Справа ў тым, што падчас сёлетняга традыцыйнага міжнароднага свята “Ноч музеяў” браслаўскія музейшчыкі вырашылі зрабіць з драўлянага двухпавярховага дома, дзе яны сёння, так бы мовіць, “кватаруюць”, сапраўдны цуд.

— Яшчэ пазалетась, у 2013 годзе, супрацоўнікі музея падрыхтавалі выданне альбома “Браслаў учора і сёння”, у аснову якога былі пакладзены матэрыялы аднайменнай фотавыстаўкі, — патлумачыла праект па абнаўленні будынка Надзея Дударонак. — А сёлета, да 950-годдзя горада, з дапамогай спонсараў мы павялічылі гэтыя калажы і размясцілі іх на вокнах гісторыка-краязнаўчага музея. Назвалі гэтую “аконную” фотавыстаўку “Браслаў: перазагрузка”: у кожным яе кадры можна пабачыць тое, як выглядалі розныя будынкі і вуліцы горада раней, прыкладна сто гадоў таму, і тое, як яны выглядаюць цяпер. Пасля прагляду гэтай незвычайнай фотавыстаўкі многія завітвалі ў музейную ўстанову.

Дадам, што ў тую ж музейную ноч яшчэ адна даволі цікавая акцыя ладзілася ў мясцовым Музеі традыцыйнай культуры. Тут, з дапамогай супрацоўнікаў сталічнага Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, жыхарам горада паказалі выстаўку “Арт-атракцыён”, а таксама правялі майстар-клас па маляванні чорнага квадрата — копіі вядомай карціны Казіміра Малевіча. Акрамя таго, ва ўстанове культуры зладзілі прэзентацыю праекта астрафатографа Віктара Малышчыца “У абдымках зорак”. А калі на вуліцы сцямнела, гледачы змаглі палюбавацца на зоры ў тэлескоп ды паглядзець фільм пра зоры над Беларуссю...

Крэатыў за крэатывам

Хочаце яшчэ крэатыву? Калі ласка! Сёлета ў музеі зладзілі фотавыстаўку “Горка!” аднаго з мясцовых фотамастакоў. Каб прыцягнуць увагу да гэтай імпрэзы і зацікавіць наведвальнікаў, музейшчыкі запрасілі да сябе ў госці дзве мясцовыя фірмы, звязаныя з вясельным рыштункам, а дакладна — кіраўніка адной з дызайн-студый ды прадстаўніка вясельнага салону…

Вось так падчас адкрыцця фотавыстаўкі ў музеі была зладжана дэманстрацыя вясельных сукенак, а госці маглі даведацца пра тое, як найлепш афармляць пакой, дзе адбудзецца вяселле. Таксама ў музеі прайшла бясплатная латарэя для гасцей вечара. Пераможца атрымала ў падарунак магчымасць бясплатна зрабіць сабе выкшталцоную прычоску, макіяж і манікюр.

На іншай музейнай выстаўцы — “Гісторыя рыбалоўства Браслаўшчыны” — сярод наведвальнікаў праводзілася віктарына, дзе задаваліся пытанні па гісторыі ды краязнаўстве мясцовага краю. Выйграла яе заўзяты аматар рыбнай лоўлі Людміла Смірнова, якая атрымала ад Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры” бясплатную гадавую пуцёўку на рыбалку. Радасць жанчыны была бясконцай!

Як ні круці, але гэта — менавіта той музейны крэатыў, за якім “палююць” журналісты не толькі “К” і які мае сапраўдны поспех. І крэатыў гэты — плённы! Да прыкладу, мяне зусім не здзівіла інфармацыя Надзеі Дударонак пра тое, што колькасць наведвальнікаў Браслаўскага музея за мінулы год павялічылася на дзесяць тысяч чалавек. З такой працай гэта — заканамерна.

Спонсар за спонсарам

Падчас камандзіровачных выездаў у рэгіёны Беларусі мне нярэдка даводзіцца чуць наступнае меркаванне: ды мы б тут так размахнуліся, але ж грошай вялікіх на рэалізацыю сваіх задум, на жаль, не маем! Думка, як на мой журналісцкі капыл, досыць спрэчная. Бо знайсці сёння спонсараў можна. Асабліва калі парупіцца дзеля гэтага, а не плакаць над нястачай дзяржаўных сродкаў на рэалізацыю сваіх звышкрэатыўных ідэй.

Вось і Надзея Дударонак над сваімі малымі фінансавымі магчымасцямі нават і не задумваецца, а ўпарта вандруе па шматлікіх адрасах мясцовых прадпрымальнікаў, зацікаўлівае іх праектамі і тымі ідэямі, якія гатовы рэалізаваць музейныя супрацоўнікі разам са спонсарамі. З тымі ж банерамі-калажамі фінансавую падтрымку аказалі прыватнікі, напрыклад, з крамаў па продажы аўтазапчастак і канцылярскіх тавараў. А яшчэ вялікую дапамогу музей мае ад уладальнікаў аграсядзіб, якіх у Браслаўскім раёне больш за 250!

Натуральна, проста так грошы сёння, як і раней, ніхто не дае. Таму музейшчыкі, зачапіўшыся за патэнцыйнага партнёра, дэманструюць яму выгаду ад удзелу ў музейных акцыях. І гэта ў іх, як бачна, атрымліваецца. Сваіх жа мясцовых мецэнатаў музейшчыкі піяраць у газетах і на радыё, на сайтах ды ў сацыяльных сетках, а таксама дзякуюць ім падчас мерапрыемстваў.

Да таго ж, як адзначыла Надзея Дударонак, у іхніх планах наладзіць супрацоўніцтва з калегамі з Латвіі. Балазе, фінансавая падтрымка культурных праектаў з Еўрасаюза — ужо даўно апрабаваны шлях айчынных музейшчыкаў. Згадаю хоць бы праект абнаўлення Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці ці праект, які рэалізаваны ў філіяле Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея — Доме-музеі Максіма Багдановіча.

Дарэчы, яшчэ з пачатку мінулага года пры ўстанове культуры дзейнічае апякунскі савет, у які, акрамя дырэктара музея, уваходзяць прадстаўнік райвыканкама ды пяць кіраўнікоў мясцовых прыватных фірм. Па словах Надзеі Дударонак, апекуны вельмі спрыяюць яе працы і не толькі самі выдаткоўваюць фінансавыя сродкі пад рэалізацыю той або іншай ідэі, але і знаходзяць сярод сваіх сяброў ды аднадумцаў тых, хто можа паспрыяць музейным праектам. Так што слова “апякунства” і “мецэнацтва” ў Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў увасабляюцца ў канкрэтныя справы.

А ў пацвярджэнне сваіх слоў прывяду толькі адну лічбу: у 2014 годзе план платных паслуг установы культуры быў выкананы на 146 працэнтаў. А за першыя шэсць месяцаў 2015 года — ужо на 170 працэнтаў… Вось гэта сапраўды размах!

Замест заключэння

У гэтым артыкуле я не згадаў ні аб праблеме кадраў у Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў, ні аб тым, што ў драўляным будынку, дзе знаходзіцца мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей, ёсць вялікая патрэба ў рамонце ці нават у пярэбарах у іншы, больш зручны цагляны будынак. Падрабязна не апісаў і пра гасцініцу, у якой пражываў падчас камандзіроўкі і якая прыемна здзівіла мяне як умовамі, так і культурай персаналу. Не распавёў і пра Музей традыцыйнай культуры, з багатай і цікавай экспазіцыяй, з рознымі майстар-класамі, на якія завітваюць не толькі сталыя людзі, але і моладзь. Не згадаў пра народны клуб майстроў і мастакоў “Ля возера”, які працуе пры ўстанове культуры ўжо 25 гадоў і ў які ўваходзіць больш за 60 чалавек. Творы майстроў, дарэчы, можна набыць тут жа, у сувенірнай краме, якая атрымлівае шматмільённы прыбытак ад іх рэалізацыі…

Думаецца, пра гэта ўсё варта пагаварыць іншым разам. Зазначу толькі, што прыклад браслаўскіх музейшчыкаў, якія могуць і ўмеюць зацікаўліваць сваімі крэатыўнымі вынаходніцтвамі не толькі мясцовых жыхароў, сапраўды ўражвае.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"