Скуль возьмуцца шэдэўры?

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Канстанцін СЕЛІХАНАЎ, скульптар
Неяк мне задалі не надта карэктнае пытанне: якія творы я набываў бы для мастацкага музея з высокім статусам, каб я быў ягоным дырэктарам? Пэўнае ўяўленне пра тое, як можа фарміравацца такая калекцыя, мае, бадай, кожны, каму мастацтва не абыякавае. Але ж я разумею, што палітыку музея фарміруе не канкрэтная асоба на пасадзе. Тут вызначальныя грамадскія настроі і прыярытэты культурнай палітыкі.

/i/content/pi/cult/545/11878/6-4.jpgЯк добры для мастацтва час я згадваю 1990-я гады. Тады на чале нашага Нацыянальнага мастацкага музея стаяў цудоўны чалавек і выдатны адміністратар Юрый Карачун. Выстаўкі, якія ў той час праходзілі ў музеі, былі надзвычай цікавыя. Памятаю, перыядычна ладзіліся экспазіцыі чатырох-пяці перспектыўных маладых мастакоў. Гэта называлася “На галерэі”. Там прадстаўляліся работы Задорына, Цішына, з гордасцю згадаю, што такі гонар меў і я. У 1990-я мы, на той час маладыя мастакі, больш выстаўляліся ў музеі, чым у якім іншым месцы. Дух быў такі, настрой у грамадзе. Пры гэтым сам Карачун ставіўся да творчасці маладых мастакоў без захаплення, але спакойна і разважліва. Ён так і казаў Вользе Каваленка, якая займалася тымі выстаўкамі: “Ведаеш, я гэта не надта разумею, але рабі. Я цябе, калі што, абараню”. Так было напачатку 1990-х…

Сёння музей успрымаецца як скарбніца твораў мастацтва, якія прэтэндуюць на статус класікі, але сістэма, адзначу, не закрытая. І здараецца так, што ў музей трапляюць творы, якія туды трапляць не павінны. Я доступ да музея абмежаваў бы высокім бар’ерам якасці. Маю на ўвазе найперш персаналіі ў музейных сценах. Тут, мяркую, павінен быць больш строгі адбор: лепш менш, але лепш.

Не буду казаць пра канкрэтныя творы, якія мне недаспадобы і якія не вартыя музейных сцен. Дыскутаваў неяк з супрацоўніцай Нацыянальнага мастацкага музея. Яна кажа, што гэта папулярны мастак, ён прадаецца, яго падтрымліваюць. Я ёй кажу, што на мой погляд, гэта не прычына, каб быць выстаўленым у мастацкім музеі. Адзінае, што дае на гэта права — талент.

У гэтым сэнсе музейная практыка, калі выстаўкі робяць па месяцу, альбо па тры-чатыры тыдні, падаецца мне памылковай. Выстаўкі трэба рабіць так, каб яны былі падзеяй як мінімум на паўгода. Ну, самае малое, на два месяцы. Лічу абсалютна няправільнай палітыку Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, калі кожныя два-тры тыдні праводзіцца новая выстаўка. Экспазіцыя павінна вызываць рэфлексіі, розгалас, шмат усялякіх чыннікаў, якія зробяць яе падзеяй.

Страчаны шанс 1990-х, калі можна было спраецыраваць на грамадскую свядомасць актуальную эстэтыку, адбіўся на ўсім культурным абшары. Сёння мы маем вельмі сур’ёзную, фундаментальную праблему. Гэта праблема дыялогу мастака з гледачом, спажыўцом мастацтва. Спажывец увогуле не разумее, што яму трэба. Людзям падабаецца такое мастацтва, як “Незнаёмка на лаўцы”, якое на пачатку 2000-х стала дамінуючым. Я не адмаўляю такому мастацтву ў праве на існаванне, але тое, што яно запоўніла, бадай, усю візуальную прастору, лічу ненармальным. І калі мне, як прафесіяналу, выбіраць паміж помнікам Леніну работы Манізера на плошчы Незалежнасці і згаданай раней скульптурай, я абяру, канешне, Леніна. Больш за тое, паўсюль і заўжды дылетанты ад мастацтва, калі іх пытаюцца, будуць выбіраць рэчы антыэстэтычныя. Паўтараю, паўсюль і заўжды — аднолькава. Дыскутаваць на гэтую тэму я не вазьмуся, бо можна далёка зайсці… Гэта — па-першае.

А з другога боку, я бачу, што ўзровень нашай скульптуры адпавядае хіба што прывіднай мроі быць прададзеным, спадабацца гіпатэтычнаму замоўцу. І ўсё гэта яшчэ абцяжарана непрафесіяналізмам. Прычын гэтаму некалькі. Возьмем, да прыкладу, тое, як робяцца помнікі. Якой быць скульптуры для грамадскай прасторы, вырашаюць людзі, далёкія ад мастацтва. Яны ж задаюць зусім нерэальныя тэрміны выканання, чым дэманструюць абсалютную непавагу да працы мастака. Прычым, незалежна ад рангу творцы. Як можна, напрыклад, зрабіць скульптуру з бронзы за два месяцы? Канешне, узровень і якасць падаюць прапарцыянальна гэтай пазіцыі. Калі ў савецкі час мастака паважалі хаця б як работніка ідэалагічнай машыны, дык зараз да яго ставяцца як да нейкай недарэчнасці.

Пры такім падыходзе скуль возьмуцца шэдэўры? Ды і проста прынцыповых творцаў, здольных зрабіць нешта арыгінальнае, хутка можна будзе па пальцах адной рукі пералічыць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"