Раскідвацца мастацтвам нельга!

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Валерый ШКАРУБА, мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны
Я пабываў не толькі амаль ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах, але і ў невялікіх тамтэйшых гарадах. У апошніх уся культура сканцэнтравана вакол мясцовых цэркваў.

/i/content/pi/cult/545/11877/5-2.jpgПаблізу іх праходзяць выстаўкі, ладзяцца пэўныя акцыі, выступаюць артысты, людзі збіраюцца проста пагаварыць. І тут жа побач знаходзяцца галоўны музей, бібліятэка, нешта яшчэ з устаноў культуры. У нас жа стаўленне да рэлігіі асаблівае, царква сама крыху адхiляецца ад свецкага жыцця, таму сёння цяжка ўявіць яе цэнтрам, вакол якога б’е ключом жыццё культурнае. У музеі аўстрыйскага Лінца можна ўбачыць работы лепшых еўрапейскіх мастакоў XVII — XIX стагоддзяў. У якім беларускім горадзе 150-тысячніке знойдзецца што-небудзь аналагічнае? Мы сваіх жывапісцаў зараз па макулінках збіраем па свеце, бо творы іх некалі змарнавалі, прадаўшы амаль задарма за мяжу, а то і знішчыўшы ў рамках ідэалагічных кампаній. А на там назапашвалі і назапашвалі сваё, чужое — гадамі, дзесяцігоддзямі, стагоддзямі. Сцены многіх прыватных дамоў еўрапейцаў літаральна абвешаны карцінамі. І не толькі сучаснымі. Я пытаюся ў гаспадароў: “Адкуль такое багацце?!”. “Бабулі і дзядулі збіралі”, — адказваюць яны.

У такіх мястэчках вельмі беражліва ставяцца да сваіх мясцовых мастакоў. Да сучаснікаў стаўленне паважлівае, імі ганарацца, усяляк славяць, адгукаюцца на іх просьбы і пажаданні. Сучаснае выяўленчае мастацтва — звычайная з’ява ў маленькіх еўрапейскіх музеях. І будынкi для іх ствараюць сучасныя, якія нагадваюць спартыўныя пабудовы, са шкла і металу.

Альбо Італія. Мяне там уразіла вялікая колькасць скульптур на вуліцах самых розных гарадоў. Не “жанчын з вяслом”, а нармальных скульптур, з гісторыяй. Мы толькі-толькі пачалі развіваць гарадскую скульптуру, бо гэта — культурны фон, асяроддзе, якое, вядома ж, падспудна і напрамую ўплывае на чалавека, на яго адукацыйны, інтэлектуальны ўзровень. А з гэтым у нас... па-рознаму.

Адзін з музеяў у Дзюсельдорфе, дзе выстаўлена і традыцыйнае мастацтва: класічнае, эпохі Адраджэння, і цяперашніх аўтараў, — пакінуў дзіўнае ўражанне. Усё ў ім перамяшана: на адной сцяне палотны Дзюрэра і цвікі Юккера. Супрацоўнікі расказалі, што спачатку ў будынку было два музеі, якія знаходзіліся ў розных памяшканнях з асобнымі ўваходамі. У музей з класікай людзі хадзілі, а ў сучасны — мала. І новы дырэктар вырашыў іх аб’яднаць, стварыць “кактэйль” з жанраў, краін і стагоддзяў. На мой погляд, выйшла дзікавата, цяжка на ўсё гэта глядзець, галава пачынае балець ад суседства якога-небудзь абстракцыяніста і традыцыяналіста. Арыгінальна? Так. Ці прыцягвае такі мікс публіку? Напэўна.

Нам нялёгка, вядома. Было і ёсць. Беларусь заўсёды знаходзілася на скрыжаванні чыіх-небудзь інтарэсаў: белыя прыходзілі — рабавалі, чырвоныя — рабавалі. Рабавалі і культуру. Дый грошай на яе ў дзяржавы не было і няма ў тым аб’ёме, які ёй жыццёва неабходны. У Лондане, да прыкладу, усе асноўныя музеі для наведвальнікаў бясплатныя, іх цалкам фінансуе дзяржава — ад і да. Білеты там прадаюцца толькі на камерцыйныя выстаўкі, калі, дапусцім, нейкі праект уяўляе з сябе зборную перасоўную экспазіцыю карцін з усяго свету.

Цяпер і нам прадставіўся шанец паспрабаваць сабраць хаця б што-небудзь са, здавалася б, назаўжды страчанага беларускага мастацтва. І ні ў якім разе нельга раскідвацца мастацтвам сучаснасці, няхай нават і спрэчным. Што можна параіць нашым музеям у маленькіх гарадах, зыходзячы з існуючых рэалій, каб да іх была пастаянная цікавасць, каб людзі ў іх хадзілі? Браць прыклад з нашага... Нацыянальнага мастацкага музея. У такім плане: калі ёсць магчымасць, худа-бедна наладжаныя кантакты з калегамі (а калі няма ў дадзены момант, значыць, трэба пачынаць працаваць у гэтым кірунку), трэба актыўна займацца зменнымі выстаўкамі, музею неабходна, як кажа моладзь, пастаянная дзвіжуха. Даведаліся, што нейкі мастак паедзе па краіне са сваімі карцінамі — выходзьце на сувязь з ім, запрашайце да сябе. У тым жа Нацыянальным чаго толькі няма ў запасніках, звярніцеся туды, упэўнены, што Уладзімір Пракапцоў не адмовіць. Сапраўды, справа клопатная і патрабуе выканання шэрагу ўмоў, але ж у гэтым і заключаецца праца музейшчыкаў! Можна мець стасункі з бізнесменамі — сярод іх ёсць людзі, якія адгукаюцца на, падавалася б, нечаканыя для іх праекты. Бянтэжыць статус Нацыянальнага, палохаецеся, маўляў, у яго ўласных клопатаў хапае, задачы перад ім маштабныя, не да адцягнення? Наводзьце масты з іншым музеем, які, скажам, спецыялізуецца на канкрэтным мастаку, кірунку. Напэўна і там ёсць тое, што чакае свайго часу быць прадстаўленым шырокай публіцы. Могілкамі ў мастацтве стаць прасцей за ўсё, а жыць ім і з ім — значна цяжэй. Але мы ж паміраць не збіраемся?..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"