Не сышоўся на білетах клінам свет

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ, дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі
Некалькі разоў бачыў у СМІ неадназначныя выказванні ў бок новага фармату РТБД — маўляў, зашмат у нас стала калятэатральных праектаў. Але мы жывем у рэаліях новага часу.

/i/content/pi/cult/545/11876/5-1.jpgКультурны здабытак у пэўным сэнсе таксама прадукт і таму патрабуе адмысловага прасоўвання. Тое даўно разумеюць на Захадзе. Пацікаўцеся, за кошт чаго выжываюць, прынамсі, у Вялікабрытаніі тыя ж тэатр “Глобус”, тэатр “Чэлсі”, Шатландскі нацыянальны музей сучаснага мастацтва, Брытанскі музей… Не толькі продажам білетаў!

Мне давялося пабываць у дзелавой паездцы па Вялікабрытаніі, падчас якой удзельнікам дэманстравалі сучасныя прыёмы прасоўвання культурнага прадукту, паказвалі, як працуюць вядучыя арганізацыі краіны, а таксама знаёмілі з актуальнымі метадамі правядзення мерапрыемстваў. Цікава тое, што брытанскія калегі не робяць стаўку непасрэдна на продаж білетаў. Яны шмат увагі надаюць прыцягненню дадатковых формаў фінансавання, пошуку новых хадоў. На першы план выходзяць сістэма скідак для наведвальнікаў, шматлікая промапрадукцыя, разнастайная рэклама, піяр-акцыі і нават продаж аўтарскіх правоў. Прынамсі, у знакаміты Брытанскі музей уваход увогуле бясплатны! Але ўнутры ўстановы шмат дадатковых “месцаў”, дзе наведвальнік можа пакінуць свае грошы, паспрыяўшы тым самым фінансаваму дабрабыту галерэі: сувенірная лаўка, крама з друкаванай прадукцыяй, нават уласны рэстаран. Гэта новы агульнаеўрапейскі падыход да справы, час якога прыходзіць і да нас.

Увосень на першым паверсе будынка мы плануем адчыніць сувенірную лаўку. Зразумела, не станем запаўняць яе цалкам уласнай прадукцыяй. У нас наладжаны сувязі з пэўнымі майстрамі, з’явіліся ўзоры аўтэнтычных падарункаў на памяць, якія будуць перадавацца тэатру на рэалізацыю. З’явяцца ў продажы, натуральна, і фотаздымкі са сцэнамі са спектакляў, сувеніры з лагатыпам РТБД. Упэўнены, гэта таксама паспрыяе папулярызацыі калектыву.

Апошнім годам у нас праходзяць некамерцыйныя выстаўкі фатографаў, дызайнераў, скульптараў. Мы прывучаем публіку, што ў тэатры, акрамя непасрэдна спектакляў, можна пабачыць і адмысловую экспазіцыю айчынных творцаў. Летась закупілі спецыяльнае абсталяванне для размяшчэння прафесійных выставак. Дарэчы, час ад часу можам запрашаць на імпрэзу нават тых, хто не купляў білетаў на спектакль. Мы ўзнавілі вопыт былога часу: пачалі праводзіць творчыя сустрэчы з гледачамі. Падчас абменных гастроляў з Беластоцкім тэатрам тыя гутаркі-абмеркаванні былі вельмі запатрабаваныя ў прыхільнікаў сцэнічнага мастацтва. Мяркую, у новым сезоне мы працягнем падобную практыку.

Увогуле, калі я прыйшоў у тэатр, то пачаў перагледжваць каманду, што абслугоўвае творчую частку нашага калектыву. Прынамсі, у РТБД зараз няма літчасткі ў тым выглядзе, да якога прызвычаіліся ў савецкія часы. Новыя рэаліі патрабуюць іншых спецыялістаў. Кадры вырашаюць усё, таму ў нас з’явіўся аддзел па рэкламе і сувязях з грамадскасцю. Зараз на плечы ўзноўленай каманды кладзецца адказнасць за правядзенне ІІ Маладзёжнага тэатральнага форуму краін СНД, Балтыі і Грузіі, што стане сапраўднай прафесійнай школай для нашых супрацоўнікаў. Упэўнены, пасля такога іспыту наша каманда зможа на высокім узроўні займацца прасоўваннем брэнда РТБД на міжнароднай арэне, самастойна праводзіць буйныя міжнародныя праекты і заключаць перспектыўныя замежныя кантракты.

Нягледзячы на малады ўзрост тэатра, за 24 гады ён набыў цікавую гісторыю. Чаго толькі каштуе наша драматургічная лабараторыя, з якой выйшлі і сталі знакамітымі драматургамі Мікалай Рудкоўскі, Андрэй Курэйчык, Дзіяна Балыка, Дзмітрый Багаслаўскі — можна пералічваць далей. РТБД займаецца прасоўваннем нацыянальных драматургічных твораў. Нашы п’есы ставяць у Польшчы, Францыі, Расіі. Прынамсі, п’есы Багаслаўскага маюць поспех на пляцоўках расійскіх тэатраў. Напрыклад, у Маскоўскім акадэмічным тэатры імя Уладзіміра Маякоўскага ідзе спектакль “Каханне людзей”. (Дарэчы, прэм’еру гэтай п’есы Багаслаўскага наш тэатр пакажа ўвосень).

Зараз мы рыхтуем прапанову ў Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі аб падрыхтоўцы Анталогіі беларускай драматургіі. Таксама хочам правесці пры падтрымцы органаў дзяржкіравання нацыянальны конкурс па стварэнні новых драматургічных твораў. У РТБД шмат планаў, бо нам вельмі хочацца, каб такі феномен, як сучасная беларуская драматургія, стаў сапраўдным нацыянальным брэндам.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"