Кветкі для Нэлі

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Успаміны з самага сэрца
Заслужаная артыстка Беларусі Нэлі Багуслаўская сустрэла свой 80-гадовы юбілей. Пра яе жыццёвы і творчы шлях — і гэта частка аповеду.

/i/content/pi/cult/545/11871/14-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № № 25, 27.)

...Дык вось, на сцэне разгараўся сапраўдны скандал. Адзін з музыкантаў, ударнік, няўдала сыграў збіўку, і той, хто, як яна зразумела, быў кіраўніком ансамбля, пачаў гучна на яго раўці.

“Вось гэта нумар! — падумала Нэлі. — Няхай толькі паспрабуе гэтак жа адкрыць рот на мяне! Працоўная кніжка пакуль яшчэ ў сумцы. Разварочваюся і з’язджаю!”

Тым часам вусаты крыкун — а гэта, вядома ж, быў Ізмаіл Капланаў — заўважыў, нарэшце, у глядзельнай зале незнаёмку. Адразу ж спытаў:

— Хто вы? Што тут робіце?

— Я — Нэлі Багуслаўская, залічана ў брыгаду Ірыны Палянскай. Прыйшла на рэпетыцыю.

— І што збіраецеся спяваць?

— Праспяваю, што прапануеце.

— Ну назавіце хаця б адну песню з вашага рэпертуару, — не сунімаўся Капланаў.

— Ну, напрыклад, “Набудзьце фіялкі”.

— Гэтую песню вы спяваць не будзеце.

— Хто гэта вам сказаў?!

— Я вам кажу! Гэтую песню спявае Палянская. А вы будзеце спяваць іншыя песні.

Вось такім нечаканым і “крыху нервовым” было іх першае спатканне. Пазней яна даведалася, што ўдарнік, з якім так эмацыйна, на павышаных танах, “размаўляў” Ізмаіл Капланаў, быў яго сябрам і не крыўдзіўся на капланаўскія “прачуханцы”. Леанід Пазняк — так яго звалі — не меў музычнай адукацыі і сапраўды дрэнна чытаў з ліста. Іграў як мог, а Капланаў не дараваў музычнага непісьменства, таму і даваў волю эмоцыям.

Так яны і пазнаёміліся. У першую гастрольную паездку па Сярэдняй Азіі выправіліся: яна — салісткай, ён — музычным кіраўніком. А вярнуліся з гастроляў ужо сямейнай парай. З той пары яны ніколі не разлучаліся, хаця афіцыйна аформілі шлюб толькі ў 1964 г. Іх зблізілі не толькі шматлікія доўгатэрміновыя гастролі, але — і перш за ўсё — музыка, творчасць.

Шчаслівыя разам

У 1966 годзе Нэлі Багуслаўская стала дыпламантам I Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады ў Маскве. У пачатку 1967-га яна нарадзіла дачку Ганну і неўзабаве пасля невялікага перапынку зноў вярнулася на сцэну, нават з’ездзіла ў Канаду, дзе прадстаўляла беларускае мастацтва на Сусветнай выстаўцы “Экспа-67”. Цяпер яна атрымала афіцыйнае права выступаць з сольным аддзяленнем, для чаго ёй быў патрэбны акампануючы калектыў. Такім калектывам стаў інструментальны ансамбль “Арбіта-67”, які арганізаваў і ўзначаліў Ізмаіл Капланаў. З гуртом яны аб’ездзілі ўвесь Савецкі Саюз ад Брэста да Камчаткі. І паўсюль публіка прыходзіла ў захапленне ад чароўнага голасу Багуслаўскай, якому была падуладная ўся складаная палітра пачуццяў. Песні ў выкананні спявачкі не пакідалі людзей абыякавымі, заўсёды краналі глыбокім пранікненнем у вобразы твораў, майстэрскім уменнем Нэлі Захараўны данесці ў спевах паэтычнае слова, высокай выканальніцкай культурай. Яна неяк адразу ўзляцела на самыя высокія прыступкі творчай сталасці і ўпэўнена трымала заваяваныя пазіцыі ўвесь той час, пакуль заставалася на сцэне.

Самымі блізкімі сябрамі Багуслаўскай і Капланава ў той час былі Уладзімір Мулявін і яго першая жонка Лідзія Кармальская, якія таксама працавалі ў калектыве “Арбіта-67”. Разам яны сустракалі ўсе святы, разам выхоўвалі сваіх дзяцей. Дзве гэтыя шчаслівыя пары былі ўзорам сямейнага дабрабыту. Потым жыццё развяло іх: Капланаў з Багуслаўскай не змірыліся з тым, што Мулявін кінуў Ліду, якая толькі нарадзіла яму жаданага сына. Самі ж яны заўсёды моцна трымаліся адзін за аднаго.

Доўгае вяртанне

У 1986-м у дом прыйшло няшчасце: Нэлі разбіў інсульт. Гэта быў, бадай, самы цяжкі перыяд іх сумеснага жыцця. Ёй не хацелася жыць, яна пакутавала ад сваёй бездапаможнасці, ад таго, што наперадзе чакала інваліднасць з перспектывай назаўсёды застацца прыкаванай да ложку… Хвароба спустошыла яе, знявечыла і разгубіла. Менавіта ў той момант Ізмаіл Капланаў, забыўшыся на ўсё, цалкам прысвяціў сябе яе ўваскрашэнню. Ён вучыў жонку наноў хадзіць, размаўляць і ўвогуле — дыхаць. А калі стала зразумела, што ёй прыйдзецца назаўсёды пакінуць сцэну, Капланаў моўчкі зачыніў крышку фартэпіяна і не дакранаўся да клавішаў амаль 10 гадоў. Ён увогуле кінуў музыку, заняўся адміністрацыйнай працай, каб не траўміраваць Нэлі ўспамінамі аб мінулым. Дзеля каханай жанчыны ён ахвяраваў самым патаемным і глыбінным, тым, без чаго не мог існаваць у прынцыпе — музыкай, прафесіяй. Але здароўе Нэлі было для яго больш важным, чым уласная творчасць, і ён зрабіў свой выбар без ваганняў.

…Самае цікавае, што ён быў катэгарычна супраць яе вяртання на сцэну, калі ў 1995-м Багуслаўскую запрасілі ў Магілёў для ўдзелу ў І Міжнародным фестывалі “Залаты шлягер”. “Ты што, хочаш быць смешнай? Ты хочаш, каб табе спачувалі?” — гаварыў ён рэзка і бязлітасна… Ён вельмі баяўся за яе і таму зноў пускаў у ход свае знакамітыя “павышаныя тоны”. Так ён апраўдваў сваё хваляванне за самага блізкага чалавека… Але яна здолела! Упершыню праз доўгія 9 гадоў зноў спявала з вялікай сцэны. І як спявала! Зала не адпускала яе, апладзіравала зноў і зноў, і яна, павінуючыся, чарговы раз выходзіла на паклоны. За кулісамі Эдуард Хіль па-сяброўску сказаў ёй: “Нэля, не дуры! У цябе ўсё ў парадку. Чаго ты перажываеш? Табе яшчэ спяваць, спяваць і спяваць!”

І яна зноў вярнулася на сцэну. Разам з Ізмаілам. Цяпер яны выступалі ў дуэце з песнямі, якія ён натхнёна ствараў пасля доўгіх гадоў творчага вакууму. Смею сцвярджаць як сведка іх шматлікіх сумесных канцэртаў, што гэтыя выступленні былі незабыўнымі і прыводзілі публіку ў абсалютнае захапленне!

Песні як памяць

Аднойчы ён паехаў выступаць без яе, і не вярнуўся з паездкі… Яго запрасіў на свой сольны канцэрт сябра і сааўтар, паэт Алег Жукаў. Апошні шчаслівы міг свайго артыстычнага жыцця Ізмаіл Капланаў пражыў на сцэне Дзяржынскага дома культуры. Адтуль яго павезла карэта хуткай дапамогі. Ён яшчэ паспеў патэлефанаваць жонцы з рэанімацыі: “Нэля, сэрца прыхапіла. Не хвалюйся, я застануся ў бальніцы”.

Гэта былі апошнія словы, якія ён змог сказаць Нэлі. Праз гадзіну яго не стала.

Яна і дагэтуль не можа дараваць сабе, што ў той дзень не была з ім побач. Але сэрца Ізмаіла Львовіча было зношана так, што бяда магла напаткаць яго ў любую хвіліну.

З яго адыходам Нэлі Багуслаўская нібыта асірацела. Вучылася жыць наноў, у трэці раз, хаця было невыносна цяжка. Але яна ўсё ж здолела — як калісьці. Напэўна, ён мог бы ёю ганарыцца! Яна цалкам упарадкавала ягоны архіў і амаль скончыла кнігу ўспамінаў, засвоіла відэасувязь, каб быць пастаянна на сувязі з дачкой, якая жыве ў Італіі. Радуецца, калі чуе яго песні, і смуткуе, што гучаць яны не так часта, як хацелася б...

Шмат разоў яна магла загінуць дзяўчынкай у гады вайны. Сама сябе дагэтуль лічыць смертніцай… Але ж выжыла! Не зламалася і тады, калі цяжкая хвароба прыбіла да зямлі так, што, здавалася, выхаду няма. І зноў паднялася і пайшла наперад. Яе сіле духу можна пазайздросціць, а яе жыццёвай мудрасці хапае на ўсіх шматлікіх сяброў, якія па-ранейшаму захапляюцца вялікім талентам Нэлі Захараўны. У дзень юбілею ўтульная кватэра Нэлі Багуслаўскай у ціхім завулку на ўзбярэжжы Свіслачы зноў напоўнілася водарам кветак ад блізкіх ёй людзей, якія прыйшлі, каб павіншаваць яе з важнай датай.

…А яна ўпотай змахне слязу, зноў і зноў згадваючы іншыя кветкі — тыя, што ў святы і будні дарыў ён. Цяпер гэтыя ўспаміны — тое адзінае, што даражэй за ўсё. Яны назаўсёды ў сэрцы.

Аўтар: Вольга БРЫЛОН
музыказнаўца