Беларуская нітачка “Спявачкі свету”

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Опера з багатай талентамі зямлі
У брытанскім Кардыфе адбыўся прэстыжны оперны конкурс “BBC Cardiff Singer of the World”, што ладзіцца раз на два гады. Сёлета перамогу святкуе прадстаўніца Беларусі Надзея КУЧАР. Шыкоўнае сапрана, якому апладзіруюць лепшыя оперныя пляцоўкі свету, падзялілася з чытачамі “К” сваімі поглядамі на сучаснае становішча опернага мастацтва ў свеце, прыгадала гады ў хоры айчыннага Вялікага тэатра оперы і балета ды паспрабавала прааналізаваць, чаго не хапае нацыянальнаму опернаму мастацтву, каб стаць больш папулярным у публікі.

/i/content/pi/cult/545/11867/6-1.jpgЖалезныя нервы чароўнага голасу

— Спявак свету” стаў для мяне трынаццатым конкурсам. Я вельмі люблю спаборніцтвы — відаць, у душы я нерэалізаваны спартсмен. Удзел у іх становіцца добрым трэнажам: тут і загартоўка нервовай сістэмы, голасу, дадатковая сцэнічная практыка, магчымасць выйсці на новую публіку. Зрэшты, калі за савецкім часам на такія мерапрыемствы салістаў магла выправіць кансерваторыя альбо тэатр, то зараз любы конкурс — абсалютная ініцыятыва выканаўцы. І ўсё ж яшчэ да таго, як паехаць на фінал, вызначыла для сябе, што гэта будзе мой апошні ўдзел у творчых спаборніцтвах. Рада, што кропка атрымалася эфектная.

Сёлета ў Кардыф было даслана 350 заявак-відэазапісаў арый. Пасля адсеву на першым этапе спецыяльнае журы выпраўлялася ў розныя гарады свету, каб ужо падчас “жывых” праслухоўванняў адабраць тых 20 чалавек, якія будуць удзельнічаць у фінале. Нам не ўстанаўлівалі спецыфічныя правілы, толькі ліміціравалі часавы прамежак, што выдаткоўваецца на выступленне на сцэне. Як бачна па назве, конкурс звязаны з англійскім тэлебачаннем і радыё. Усе выступленні бясплатна ішлі ў прамым эфіры па Вялікабрытаніі. А вось за межамі краіны правы на трансляцыю прадаваліся. Зазначу, што для Еўропы ў прынцыпе звычайная з’ява, калі оперныя конкурсы транслююцца па телевізійных і FM-хвалях, а таксама ў Інтэрнэце.

З кантатай у FM-эфір?

— Мяркую, для статуса краіны было б выдатна займець уласны оперны конкурс высокага класу. (Ведаю, што Вялікі тэатр ладзіць шэраг творчых спаборніцтваў і цяпер.) Шыкоўна, калі пра рэспубліку ў свеце гавораць не толькі ў адной сферы, напрыклад, спорце, але і ў культуры таксама. Канешне, неабходна выхоўваць публіку, падтрымліваць оперныя мерапрыемствы трансляцыямі на тэлебачанні і радыё. Але каб конкурс развіваўся, меў магчымасць запрасіць шыкоўнае журы, неабходны спонсары. У Еўропе прынята, што на статусных творчых спаборніцтвах удзельнікам кампенсуюць выдаткі на дарогу, пражыванне, а на конкурсах самага высокага кшталту нават выплачваюць выканаўцам сутачныя. У тым жа Кардыфе 20 фіналістаў былі на поўным утрыманні ў арганізатараў.

У Мінску дастаткова даўно праводзіцца Міжнародны конкурс вакалістаў імя Ларысы Александроўскай. Але, мяркую, можна вучыцца адміністраванню ў замежных калег. Ведаю, што у айчынным Вялікім тэатры праходзіў сусветна вядомы конкурс выканаўцаў італьянскай оперы “Competizione dell’Opera”. Замежныя заснавальнікі, інтарнацыянальнае журы, лепшыя еўрапейскія спевакі… Тое была маштабная з’ява! Спадзяюся, у тым ліку і добрая школа для айчынных арганізатараў.

Трамплін музыказнаўства

— У маі мяне запрашалі на канцэрт-сустрэчу ў Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І. Глінкі. Так здарылася, што пасля вялікага турнэ я моцна захварэла, прыехала ў Мінск лячыцца. У каледжы скарысталіся магчымасцю арганізаваць гутарку ў Габеленавай зале з колішняй выпускніцай. Як ні дзіўна, у гэтых сценах я вучылася на аддзяленні музыказнаўства. Атрымаўшы дыплом, занялася вакалам. Рыхтавалася да паступлення ў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю імя Мікалая Рымскага-Корсакава і адначасова працавала пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч у хоры Вялікага тэатра. Тры гады я выходзіла на сцэну ў якасці артысткі хора, была задзейнічана ва ўсіх спектаклях, што значыліся ў рэпертуары — гэта каласальны вопыт!

У Пецярбург жа паехала, у першую чаргу, з-за таго, што ў кансерваторыі, наймоцнай па частцы адукацыі спевакоў на прасцягу былога СССР, ёсць паўнавартасны оперны тэатр. Там шыкоўная сцэна, вялікая зала з вельмі складанай акустыкай. Лепшай пляцоўкі для адукацыі прыдумаць нельга!

На жаль, я не выконвала беларускі рэпертуар. Але спадзяюся ўсё ж на гэтую нітачку: я ж спявала тут у хоры, тры гады таму ўдзельнічала ў Калядным форуме. Больш запрашэнняў пакуль не паступала...

Палічы да дзесяці

— Зараз я — вольны мастак. Я працую не толькі ў Расіі, але і па запрашэнні на розных сцэнічных пляцоўках свету. Такі фармат мне бліжэй: заўсёды свежыя праекты, новыя калегі, цікавыя рэжысёрскія задачы. Гэта спрыяе творчаму росту. У Еўропе і Амерыцы амаль няма стацыянарных тэатраў, у штаце толькі хор ды аркестр. Пастановачная каманда, дырыжор, салісты — заўсёды запрошаныя людзі на кожны новы праект. Трымаць бoльшую каманду на акладзе дазваляюць сабе буйныя тэатры накшталт “Mertopolitan Opera”, але і ў іх 50 працэнтаў творцаў усё роўна запрошаны на канкрэтныя праекты. Ёсць пастаянны рэпертуар, але шмат новых праектаў за кошт запрошаных артыстаў, рэжысёраў, дырыжораў, таму за сезон адбываецца безліч прэм’ер.

У замежжы спектакль — гэта такая пастаянная “цякучка”. Запускаецца праект, шыюцца касцюмы, вырабляюцца дэкарацыі, ідзе пастаноўка паўтара месяцы. Год спектакль нідзе не рыхтуюць. Гэта ж нерэнтабельна! У Еўропе ўсё дакладна: трэба ўкласці грошы так, каб атрымаць пэўны прыбытак. Паказваюць з дзесяць спектакляў — і ўсё, ці відовішча закупае іншы тэатр, ці яно проста знікае, застаўшыся ў відэаархіве альбо на фірмовых DVD для аматараў. За тыя дзесяць паказаў, як суайчыннікам не падаецца гэта нязвыклым, маштабная пастаноўка сапраўды акупаецца.

Псіхалогія рэжысёрскага космасу

—  Справа не ў тым, што гэта — класіка ці авангард, бо візуальна можа быць што заўгодна, галоўнае — якое зерне ў гэтым. У рэжысёрскай канцэпцыі павінна быць закладзена: калі адыходзіш ад класічнага прачытання, то павінен даказаць, чаму гэта менавіта так.

Опернае мастацтва развіваецца. Зараз рэжысёрскі пачатак у оперы паўстаў на ўзровень з дырыжорскім. Вельмі часта ў сучасным оперным тэатры нават ідзе спаборніцва паміж рэжысёрам і дырыжорам — хто каго. Салісты ж разглядаюцца як інструмент. На сёння спявак павінен адначасова быць акцёрам. Калі ў Расіі акцёрскае майстэрства ў раскладзе заняткаў опернага выканаўцы хутчэй для “птушачкі”, то ў Еўропе гэта абавязковыя і першасныя заняткі на адным узроўні са спевамі.

Чым адрозніваецца сучасная опера ад папярэдніх перыядаў развіцця? Іншым узроўнем у рэалізацыі музычнага матэрыялу. Напрыклад, Пітэр Сэларс — на сённяшні дзень гэты чалавек адкрыў новае для мяне. Рэжысёр не займаецца расстаноўкамі мізансцэн — гэта іншы ўзровень псіхалогіі, касмічны нават. Альбо оперныя і тэатральныя пастаноўкі Роберта Уілсана. У яго пэўны, толькі яму ўласцівы стыль, утрыраваная статыка. Гэта ж проста фантастыка! Я не разумею, чаму згаданае мае такое неймавернае ўздзеянне, але адарвацца ад прагляду немагчыма.

Васількі на карце свету

— Першае пытанне, якое мне задаюць у Расіі, чаму я прадстаўляю Беларусь? Маўляў, працуе ў Пермскім оперным тэатры, а выйшла на сусветны конкурс не пад расійскім трыкалорам. Нідзе ў свеце не ўзнікае такога пытання! Вось пад карэйскім штандартам за сваю малую радзіму спаборнічаў саліст Венскай оперы. Ці выступаў пад блакітна-жоўтым сцягам украінец, што ўжо 10 гадоў жыве ў Парыжы. Ці гэта так прынцыпова? Зараз, як я ўжо казала, спевакі не “сядзяць” у адным тэатры, а падарожнічаюць па свеце. Аднак, упэўнена, заўсёды памятаюць свае карані.

Усе свае 13 конкурсаў я выступала за Беларусь і заўсёды падкрэслівала, что нарадзілася я ў нашай краіне. На жаль, за рэдкім выключэннем, за мяжой яе не ведаюць. Мяркую, праз тое, што мы мала пра сябе гаворым. Дзякуючы творцам, у тым ліку такім оперным салістам, як Аксана Волкава, Ілля Сільчукоў, Юрый Гарадзецкі, мы можам дадаткова распавесці пра нашу радзіму. Мне вельмі хочацца, каб з тэатральных пляцовак свету ўсё часцей гучала, што ёсць такая багатая талентамі зямля — Беларусь.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"