У Луўр ці ў Музей Міцкевіча?

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Чаму ў Парыжы варта наведаць… бібліятэку?
У Навагрудку, у Доме-музеі Адама Міцкевіча, працуе выстаўка з фондаў французскага музея нашага земляка пры Польскай бібліятэцы ў Парыжы. Было прывезена 16 гравюр ХІХ стагоддзя да твораў “Гражына”, “Конрад Валенрод” і “Пані Твардоўска”, выдадзеных у 1863-1864-м. Гравюры Станіслава Лукомскага па малюнках Антонія Залескага створаны да познаньскіх выданняў Міцкевіча.

/i/content/pi/cult/543/11861/13-1.jpgАкрамя таго, у межах сумеснага міжнароднага культурнага праекта, рэалізаванага намаганнямі беларускага Пасольства ў Францыі, у Навагрудку экспанаваўся партрэт славутай піяністкі і кампазітара таго часу Марыі Шыманоўскай — цешчы паэта. Арыгінал пэндзля Валенція Ваньковіча сёння захоўваецца ў парыжскім музеі Міцкевіча, а копія — праца нашага мастака Віктара Альшэўскага.

Карыстаючыся нагодай, “К” распытала прадстаўніка французскага Музея Міцкевіча, загадчыка мастацкіх калекцый Польскай бібліятэкі ў Парыжы Анну ЧАРНОЦКУ.

— Наша бібліятэка — гэта не толькі кнігі, але і каштоўныя архіўныя фонды польскай эміграцыі, а таксама калекцыі твораў мастацтва, сувеніраў і фатаграфій. Акрамя таго, пры ўстанове дзейнічаюць чатыры музеі, адзін з якіх прысвечаны Адаму Міцкевічу і ўключае ў сябе творы мастацтва ХІХ і ХХ стагоддзяў. Аснову багатай мастацкай калекцыі заклаў Каміль Гранкоўскі. Вялікую ролю ў яе стварэнні адыгралі таксама ахвяраванні польскіх эмігрантаў і тых французаў, каму была даспадобы культура Рэчы Паспалітай.

Патрабуе асаблівай увагі фонд рукапісаў, карцін, кніг і прыватнай калекцыі рэчаў, якія належалі Адаму Міцкевічу. Прадметы для яго перадаў старэйшы сын паэта Уладзіслаў, які, дарэчы, і стаў першым дырэктарам музея. А было гэта ў далёкім 1901 годзе.

— Мяркую, музей — гэта пастаянныя пошукі новых артэфактаў...

— Безумоўна! Калекцыя рукапісаў, асабліва ў першай палове ХХ стагоддзя, пастаянна павялічвалася. Перш за ўсё дзякуючы актыўнасці Уладзіслава Міцкевіча, яго спадкаемцаў. У 1934 годзе, напрыклад, бібліятэка набыла ліст Адама Міцкевіча да вашага земляка, ураджэнца Ашмяншчыны, паэта Антонія Эдварда Адынца, які датуецца лютым 1825 года. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны музей таксама набыў плакат з запрашэннем наведаць лекцыі Міцкевіча ў Калеж дэ Франс 1844 года. Захоўваюцца ў нас і копіі нядаўна знойдзеных лістоў Адама Міцкевіча да Напалеона Банапарта.

— Якім чынам сёння папаўняюцца вашы фонды?

— Сёння ў гэтым нам дапамагае, галоўным чынам, польскае Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. Таксама наша ўстанова актыўна працуе з прыватнымі спонсарамі і мецэнатамі.

— За які прадмет калекцыі адчуваеце асаблівы гонар?

— Мы ганарымся ўсёй калекцыяй Адама Міцкевіча, перададзенай ягоным сынам Уладзіславам, — рукапісамі, першымі выданнямі, іканаграфічнымі матэрыяламі. Калі выбраць адзін прадмет, то ім, безумоўна, будзе пісьмовы стол, за якім Міцкевіч ствараў “Пана Тадэвуша”.

— Наколькі ў Францыі папулярныя ці, скажам там, запатрабаваныя грамадствам літаратурныя музеі?

— Літаратурныя музеі, мемарыяльныя дамы пісьменнікаў і паэтаў даволі распаўсюджаны ў Францыі. Краіна ганарыцца сваім мінулым і клапоціцца аб сваёй культурнай спадчыне. Толькі ў Парыжы ёсць дамы-музеі Віктора Гюго, Анарэ дэ Бальзака, Адама Міцкевіча…

— Ваша асноўная аўдыторыя — французы ці замежныя турысты?

— Частымі гасцямі ў нашай установе з’яўляюцца французы, а таксама людзі польскага паходжання з розных краін свету. Прыемна, што з кожным годам павялічваецца колькасць беларусаў. А вось тыя ж літоўцы і расіяне — госці рэдкія.

— Як сёння зацікавіць спакушанага Луўрам турыста літаратурным музеем ці бібліятэкай?

— Турысты ведаюць, што яны шукаюць. Нашы госці прыходзяць адмыслова, каб даведацца пра Міцкевіча, Шапэна... Мы стараемся рэгулярна арганізоўваць выстаўкі, лекцыі, канцэрты, словам, пазбягаць статычнасці.

— Творчасць Міцкевіча вывучаецца ў Францыі?

— Так, вядома. Але, на вялікі жаль, творы пісьменніка не ўваходзяць у школьны курс, а вывучаюцца толькі на кафедры славянскай літаратуры.

— Тады напрошваецца пытанне: наколькі сучаснаму французу знаёмае гэта імя?

— Толькі, калі ён цікавіцца культурай і літаратурай ХІХ стагоддзя.

— Ваш музей практыкуе выезды са сваімі калекцыямі па рэгіёнах Францыі?

— Не, наша экспазіцыя пастаянная, таму з ёй можна пазнаёміцца выключна ў Парыжы. Толькі ў асобных выпадках мы разглядаем магчымасць экспанавання прадметаў з калекцыі мастацтва ў іншых музеях. Вельмі прыемна, што магчымасць пазнаёміцца хаця б з невялікай часткай экспазіцыі з’явілася ў жыхароў і гасцей Навагрудка.

— Наколькі для вас актуальнае пытанне фінансавання?

— Гэтае пытанне заўсёды актуальнае! Мы шукаем спонсараў, якія маглі б дапамагчы арганізаваць выставачныя праекты. З кожным годам знайсці неабыякавых да культуры людзей становіцца ўсё цяжэй.

— Вамі разглядаецца магчымасць далейшага супрацоўніцтва з беларускімі музеямі?

— На жаль, доўгі час не адбывалася аніякага супрацоўніцтва, пакуль, дзякуючы актыўнасці Дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Францыі, не былі здзейснены першыя крокі насустрач. Пабачым, што пакажа будучыня і, у прыватнасці, наш сумесны праект. Спадзяюся, найперш, актывізуецца супрацоўніцтва паміж калегамі, а таксама даследчыкамі спадчыны Міцкевіча.

— Што, па-вашаму, можа зацікавіць француза ў Беларусі?

— Я была ў Беларусі ўсяго некалькі дзён, але пераканана, што не толькі француза, але і любога еўрапейца можа зацікавіць гісторыя вашай зямлі, а таксама выдатныя маляўнічыя пейзажы краіны, яе багатыя традыцыі і незвычайныя сувеніры.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"