Ізноў пра аснову...

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Аб навучальным працэсе на кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў
У якасці адказу на меркаванне скульптара Канстанціна Селіханава "Аснова — тая ж, але...", апублікаванага ў "К" № 24, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў накіравала ў рэдакцыю нашай газеты службовыя запіскі дэкана мастацкага факультэта ўстановы Аляксандра Прохарава і загадчыка кафедры скульптуры Уладзіміра Слабодчыкава. Дзякуем вядучай мастацкай ВНУ краіны за ўвагу да публікацый "К" і прапануем пазнаёміцца з выказваннямі названых прадстаўнікоў як творчага цэху, так і прафесарска-выкладчыцкага складу Акадэміі. Таксама будзем рады працягу дыскусіі, датычнага стану мастацкай адукацыі, якая цягам летніх месяцаў перыядычна ўзнікае на старонках газеты.

"Лічу, што кафедра скульптуры Мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі па забеспячэнні нашай дзяржавы спецыялістамі, а менавіта: мастакамі-скульптарамі, выкладчыкамі.

Беларуская школа скульптуры з’яўляецца вядомай, і ў гэтым безумоўная заслуга БДАМ. Дэканат МФ і кафедра скульптуры робіць усё, каб студэнт атрымліваў класічную мастацкую адукацыю і, разам з тым, быў гатовы да рэалій сучаснага мастацкага рынку.

Дэканатам МФ былі ініціяваны для ўключэння ў праграму навучання 2013 г. на кафедрах скульптуры і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва БДАМ новыя прадметы: “Уводзіны ў архітэктуру” (тэарэтычная дысцыпліна) 4-6 семестры ІІІ курса; “Макетаванне” (практычная дысцыпліна) 5-10 семестры III-V курсаў; “Камп’ютарная графіка” 8-10 семестры IV-V курса.

Рэзкае рэфармаванне працэсу навучання можа прывесці да страты традыцый беларускай школы скульптуры, яе абязлічванню. Уносіць якія-небудзь змены неабходна паэтапна, захоўваючы асаблівасці нацыянальнай школы скульптуры і ўлічваючы мэтазгоднасць новаўвядзенняў".

Аляксандр ПРОХАРАЎ, дэкан Мастацкага факультэта

"Кафедра скульптуры выпускае, рыхтуе студэнтаў па спецыяльнасці скульптар-мастак, педагог. Мэта — падрыхтаваць адукаванага і ўмелага, прафесійнага спецыяліста ў галіне станковай і манументальнай скульптуры. Вывучаюцца спецыяльныя дысцыпліны: скульптура, кампазіцыя, праца ў матэрыяле, сінтэз скульптуры і архітэктуры, тэхналогіі скульптурных матэрыялаў, вытворчая практыка. Наборы студэнтаў адбываюцца ў майстэрні вядучых выкладчыкаў. Дыпломныя работы выконваюцца пад кіраўніцтвам выбраных педагогаў.

Праграмы па скульптуры распрацоўваюцца кафедрай і зацвярджаюцца метадычным саветам Акадэміі. Яны прымаліся ў 1992 г., 2001 г., 2009 г.

Заданні па кампазіцыі тэматычныя, маюць пад сабой фігуратыўнае і фармальнае рашэнне, у залежнасці ад пастаўленых задач. На кожным курсе ў адным семестры 2 заданні (станковое і манументальнае). Мэта — свабодна выконваць любую пластычную задачу ў творчым жыцці мастака. Ёсць курс фармальнай кампазіцыі. Праграмы па кампазіцыі зацвярджаліся ў 1992 г., 2001 г., 2008 г., 2009 г.

На працягу ўсяго часу навучання студэнты працуюць з матэрыялам (камень, дрэва, метал і іншыя). Абарона дыпломных праектаў ажыццяўляецца альбо ў мадэльным выкананні (гіпс, пластык) альбо ў станковым варыянце ў пэўным матэрыяле, які адпавядае мадэлі кампазіцыі. Дыпломы могуць быць як у фігуратыўным выкананні, так і адвольным. Таксама пастаянна студэнты выязджаюць на летнюю пленэрную практыку ў розныя гарады рэспублікі і за яе межы, дзе працуюць з каменем і іншымі цвёрдымі матэрыяламі.

У 2014 годзе студэнтка Кулагіна К. знаходзілася па абмене на працягу семестра ў Акадэміі мастацтваў г. Лінца (Аўстрыя).

Кафедра скульптуры выпусціла больш за 150 чалавек. Практычна ўсе сталі сябрамі БСМ, многія з іх атрымалі ганаровае званне Рэспублікі Беларусь і сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі нашай краіны. Таксама паспяхова працуюць у многіх краінах свету. Удзел у велізарнай колькасці міжнародных пленэраў кажа аб добрай падрыхтоўцы нашых выпускнікоў. Большасць найважнейшых дзяржаўных замоў у галіне манументальнага мастацтва нашай краіны выконваецца выпускнікамі Акадэміі.

Кафедра таксама разумее неабходнасць пастаяннай актуальнай змены і дапаўнення ў навучальных праграмах. Праца над праграмамі, а таксама правядзенне кадравай палітыкі пастаянна знаходзіцца ў полі зроку кафедры. За апошнія 5 гадоў у склад выкладчыкаў уліліся такія маладыя мастакі, як Прохараў А., Касцючэнка К., Мядзведзеў А. Разам з тым, аналізуючы колькасць і якасць абітурыентаў, кафедра лічыць, што двух сярэдніх навучальных устаноў па падрыхтоўцы скульптараў відавочна мала і неабходна адкрыць яшчэ. Гэта створыць умову ажыццяўляць якасны набор студэнтаў і працаўладкаванне выпускнікоў.

Уладзімір Слабодчыкаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусі, прафесар, загадчык кафедры скульптуры, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў