Чаму пінскі тэатр стацыянарны?

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Замкнулася тэатральнае “кола” Пінска ў 2006 годзе. З гэтага часу вядзе адлік найноўшая гісторыя прафесійнай трупы ў гэтым горадзе. Пра жыццё наймалодшага драматычнага тэатра краіны гутарым з яго дырэктарам — мастацкім кіраўніком Аляксандрам ЛУКАШЭНКАМ.

/i/content/pi/cult/543/11842/6-1.jpg

Але для пачатку невялікая даведка. Тэатр у Пінску мае сваю гісторыю. У 1939 годзе ў горадзе, які толькі-толькі атрымаў статусабласнога цэнтра, быў арганізаваны Палескі абласны драматычны тэатр. Пасля вайны ён называўся ўжо Пінскім абласным драматычным тэатрам. У 1954 годзе, калі горад змяніў свой статус на раённы цэнтр, тэатр быў пераведзены ў Магілёў. Ды тэатральны будынак не “згубіўся” і стаў Гарадскім домам культуры, дзе нарадзіўся самадзейны тэатр, які ў ліку першых самадзейных калектываў Беларусі атрымаў ганаровае званне народнага аматарскага калектыву. З 1980-га цягам трох дзесяцігоддзяў яго ўзначальваў Іван Базан. Пад яго кіраўніцтвам народны тэатр быў пераўтвораны ў Тэатр-студыю “Дыяген”, што стаў адным са знакавых калектываў студыйнага руху краіны. Дзейнасць трупы зрабілася падставай для адкрыцця прафесійнага тэатра, якому вернута гістарычная назва: Палескі драматычны тэатр.

— Пінскі тэатр — жыве альбо выжывае? Якімі былі адметныя падзеі ў працы калектыва за мінулы год: гастролі, паездкі, фестывалі?

— Выжываць павінен той, хто хварэе. Вядома, як і ў кожнага здаровага арганізму, праблемы часам узнікаюць. Але нашаму калектыву ў яго дзевяцігадовым узросце пакуль грэшна на нешта скардзіцца. Увагай гарадскіх уладаў мы не абдзелены, бюджэтнае фінансаванне дазваляе вырашаць асноўныя вытворчыя пытанні, а ўсё астатняе, як кажуць, — у нашых руках. Толькі за мінулы сезон мы пабывалі з гастролямі ў Мінску, Баранавічах, Пскове. Прынялі ўдзел у IV Міжнародным тэатральным фестывалі “Смаленскі каўчэг”, дзе спектакль нашай трупы быў адзначаны спецыяльным дыпломам аргкамітэта, удзельнічалі ў Міжнародным фестывалі “Белая вежа” ў Брэсце і ў абласным фестывалі “Ружанская брама”.

— Пінскі тэатр у большай ступені — выязны альбо стацыянарны? Якая сярэдняя напаўняльнасць залы і даведзены план па колькасці спектакляў?

— Наш тэатр хутчэй стацыянарны. З 80 спектакляў, сыграных у першым квартале 2015 года, толькі 5 былі выязнымі. Сярэдняя ж напаўняльнасць залы складала 94%. Урэшце, мы зусім не супраць таго, каб часцей выязджаць. Балазе, летась пры дапамозе гарадскіх уладаў быў набыты новы аўтобус. Іншая справа, што мы не можам паказваць стацыянарныя спектаклі на тых сцэнах, якія не адпавядаюць тэхнічным патрабаванням тэатра. Час, калі на гастролі, кажучы абагульнена, ездзілі з шырмай, дзвюма елачкамі і карчом, ужо прайшлі. І без нас хапае “трубадураў”, якія здзяйсняюць свой “чос” па дзіцячых садках і школах з прадстаўленнямі сумнеўнай якасці. А мы стараемся свайго гледача любіць і паважаць, і гэта стаўленне практычна заўсёды ўзаемнае. У 2014 годзе мы паказалі 307 спектакляў, якія наведалі без малога 32 тысячы гледачоў. На 2015 год нам даведзены паказчык у 290 спектакляў, але фактычна, думаю, адпрацуем нават больш.

— Па якім прынцыпе адбіраюцца п’есы для рэпертуару і хто адказвае за гэты адбор?

— Бягучы рэпертуар тэатра складаецца з пастановак беларускай, рускай і замежнай драматургіі. П’есы для пастановак прапануюцца кіраўніком літаратурна-драматургічнай часткай і самімі рэжысёрамі, а іх у нас трое: Павел Марыніч, Алена Гаўрыловіч, Настасся Базан. Канчатковае рашэнне аб канкрэтнай пастаноўцы пасля абмеркавання на мастацкім савеце прымаецца мной як дырэктарам — мастацкім кіраўніком.

— У адной асобе вы спалучаеце дзве пасады. Якія функцыі мастацкага кіраўніка выконваеце?

— Сумяшчэнне дадзеных пасад дазваляе разумна аб’яднаць “неабсяжны” творчы патэнцыял рэжысёраў, артыстаў, іх фантазію з фінансава-эканамічнай рэальнасцю. Адсюль і функцыянальныя абавязкі.

— У афішы Палескага драматычнага значыцца спектакль “Nach hause” (“Дадому”) у пастаноўцы Віталя Баркоўскага. Гэтая ж п’еса калісьці была пастаўлена на сцэне Коласаўскага тэатра ў рэжысуры таго ж Віталя Міхайлавіча. Варыянт вашай трупы — гэта рэжысёрскі перанос ці новае асэнсаванне твора Алены Паповай?

— Знаёмства з рэжысёрам адбылося ў красавіку 2014 года на смаленскім Міжнародным тэатральным фестывалі “Славянскі каўчэг”. Як вядома, Віталь Міхайлавіч працуе галоўным рэжысёрам тамтэйшага Драматычнага тэатра імя Аляксандра Грыбаедава. І я шчыра рады, што сустрэча атрымала сваё развіццё ў выглядзе добрага і прадуктыўнага супрацоўніцтва. Да апошняга часу ў тэатра амаль не было досведу працы з запрошанымі рэжысёрамі (калі не лічыць спектакль “Кветкі правінцыі” Георгія Марчука, пастаноўку якога ажыццявіў Вітаўтас Грыгалюнас яшчэ ў 2009 годзе). Я лічу, што сумесная праца з такім прафесіяналам, якім з’яўляецца Віталь Баркоўскі (мяркую, артысты мяне падтрымаюць), дала трупе новы творчы імпульс.

Што да пераносу спектакля “Hach hause” (“Дадому”), то гэтую працу мы больш разглядалі як знаёмства рэжысёра з тэатрам, яго трупай і, умоўна кажучы, як “рэпетыцыю” перад іншымі буйнымі праектамі, адным з якіх і з’явілася аўтарская пастаноўка “Пінскай шляхты”. Спектакль па п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ішоў на сцэне тэатра. Але гэтая прэм’ера — абсалютна новы варыянт, пачынаючы ад дэкарацый ды касцюмаў і заканчваючы рэжысёрскай трактоўкай: расстаноўкай сэнсавых акцэнтаў. І па-ранейшаму спектакль ідзе на паляшуцкай гаворцы: даследчык творчасці Дуніна-Марцінкевіча Язэп Янушкевіч яшчэ на пачатку 1980-х адшукаў у архівах Літвы названы варыянт п’есы, а пасля прэзентаваў копію нашаму тэатру для самай першай пастаноўкі.

— Каго яшчэ з вядомых рэжысёраў вы хацелі б запрасіць на пастаноўку?

— На жаль, мае жаданні і мары як мастацкага кіраўніка, звязаныя з запрашэннем знакамітых рэжысёраў, не заўсёды супадаюць з фінансавымі магчымасцямі дырэктара тэатра. Хоць у перспектыве такое супрацоўніцтва верагоднае.

— Ці зведвае Палескі драматычны дэфіцыт акцёрскіх і рэжысёрскіх кадраў?

— У штаце працуюць 18 артыстаў і 3 рэжысёры. Вакансіі творчага штата запоўненыя. Усе з іх, за выключэннем двух чалавек, маюць спецыяльную адукацыю. А вось ступень таленту, “божьей поцелованности”, вядома, у кожнага свая. Я думаю, што ні адзін кіраўнік не адмовіўся б ад таго, каб яго калектыў папоўнілі больш прафесійныя кадры. Але з самых розных прычын: прэстыж, зарплата, забяспечаннасць жыллём — мы рэальна глядзім на жыццё і стараемся вырашаць нашы творчыя задачы за кошт таго ўнутранага патэнцыялу, які мае на сённяшні дзень тэатр. А гэты патэнцыял не такі і маленькі.

— Як лічыце, ці завяршыўся працэс станаўлення пінскага тэатра як установы культуры, якая перарасла з аматарскага калектыву ў прафесійны?

— Па гэтым пытанні скажу наступнае: “пачатковую” школу мы ўжо скончылі, “сярэднюю адукацыю” атрымалі, а вось уступны іспыт ва “ўніверсітэт” яшчэ спатрэбіцца здаць. Падрыхтоўкай да яго мы і займаемся кожны дзень.

— Традыцыйнае пытанне пра планы і перспектывы…

— Калі казаць аб планах на гэты год, то, акрамя гастроляў у Брэст, Баранавічы, Мінск, мы рыхтуемся восенню здзейсніць паездку ў расійскі Петразаводск. Гэтак жа хацелі б паўдзельнічаць у фестывалях “Белая Вежа” і Рэспубліканскім фестывалі беларускай драматургіі ў Бабруйску.

— Каб паўстала пытанне аб справаздачных гастролях у Мінску, якія спектаклі вы ўключылі б у афішу і пляцоўку якога тэатра выбралі?

— Для выступлення ў Мінску нам падыдзе пляцоўка любога тэатра, які згодны яе прадаставіць. Мы маглі б паказаць там наступныя спектаклі: згаданую ўжо “Пінскую шляхту”, а таксама “Чорную панну Нясвіжа” Аляксея Дударава ды “Гаральд і Мод” Коліна Хігінса і Жана-Клода Кар’ера.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр