"Тут людзі разумеюць, як многае збліжае ўсіх нас..."

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на закрыцці “Славянскага базару ў Віцебску-2015”
Дарагія сябры! Вось і прыйшло да завяршэння цудоўнае свята творчасці і вялікай нашай дружбы. Яно парадавала нас яркімі выступленнямі, прыемнымі падзеямі. Падарыла сустрэчы з любімымі артыстамі і адкрыла новыя таленты.

/i/content/pi/cult/542/11832/2-1.jpgДумаю, што гэты “Славянскі базар…” надоўга запомніцца нам багаццем ідэй, радасцю сустрэч і выключна разнастайнай праграмай.

Ад усёй душы хацеў бы павіншаваць усіх паклоннікаў фестывалю з папаўненнем Алеі зорак. Наша Алея аб’ядноўвае куміраў розных пакаленняў і служыць сімвалам культурнай пераемнасці.

Сёння тут стала на адну зорку больш — яна належыць выдатнаму выканаўцу, выдатнаму кампазітару і проста цудоўнаму чалавеку Паладу Бюльбюль аглы.

Няхай жа гэты праект з году ў год узбагачаецца новымі імёнамі і наша Алея ператвараецца ў сапраўдную Плошчу зорак.

Зразумела, самыя цёплыя віншаванні — пераможцам і прызёрам песенных конкурсаў сярод дарослых і дзяцей.

Дарагія лаўрэаты, няхай поспех на такім прэстыжным першынстве стане для кожнага з вас важнай прыступкай да шырокага прызнання. Я спадзяюся, аднойчы і вашы імёны ўпрыгожаць гэту цудоўную Плошчу зорак. Дарэчы, месца для вас там шмат, і гэтыя месцы ўжо для вас зарэзерваваны.

Перамога ў такім няпростым спаборніцтве — гэта сур’ёзная заяўка на будучае. Ва ўмовах конкурснай барацьбы чалавек праяўляе не толькі яркасць свайго даравання, але і сілу свайго характару.

Я, праўда, па тэлебачанні, але гэта ўсё на свае вочы назіраў. Сіла характару, цудоўнае вядзенне, прынамсі конкурснай праграмы... Так, можна ім паапладзіраваць. Словам, малайцы!

Дух саперніцтва ўласцівы чалавечай прыродзе. У антычнай Грэцыі людзі спаборнічалі ў спорце і мастацтве на арэнах Дэльфійскіх і Алімпійскіх гульняў. Мы гэта добра ведаем.

Старажытныя людзі тады ўсвядомілі — спаборнасць народаў і дзяржаў няхай лепш выяўляецца ў спартыўных і творчых спаборніцтвах, а не ў ваенных канфліктах, якія, на жаль, адбываюцца і ў дваццаць першым стагоддзі.

Маштабныя творчыя праекты, конкурсы адыгрываюць выключна важную ролю ва ўмацаванні дружбы паміж народамі. Дапамагаюць людзям розных нацыянальнасцей і культур лепш зразумець адзін аднаго.

Калі гавораць музы, хацелася б, каб гарматы маўчалі.

“Славянскі базар у Віцебску” называюць летняй культурнай Алімпіядай.

Ён ужо зарэкамендаваў сябе як месца, дзе музыканты, мастакі, артысты і знатакі мастацтва знаёмяцца з новымі тэндэнцыямі і творчымі знаходкамі з усіх канцоў зямнога шара. Тут людзі разумеюць, як многае збліжае ўсіх нас і як патрэбны нам мір.

Віцебскі фестываль мастацтваў набывае асаблівае значэнне ў справе ўмацавання міру і ўзаемаразумення паміж краінамі і народамі.

І вось я гавару мір, мір, узаемаразуменне. Вы ведаеце, гэта не на злобу дня, мы шмат дзесяцігоддзяў таму менавіта гэта вызначылі галоўным. І хто б мог падумаць, што мы сёння будзем так актуальны ў нашым славянскім свеце. Таму мір, мір і яшчэ раз мір. І вось гэта дзейства... І вось гэта творчае дзейства, дзе не толькі мы, прадстаўнікі славянскіх народаў, ядро славянства, нашы суседзі, але і многія-многія з іншых краін, далёкіх кантынентаў, а ўсяго сорак дзве краіны прымаюць удзел у гэтым фестывалі, ніколі ў гісторыі такога яшчэ не было, у мінулым годзе недзе было, па-мойму, каля трыццаці, сорак дзве дзяржавы, і паверце, мы зробім усё, каб не сорак дзве, а сто сорак дзве дзяржавы былі тут, на гэтай міралюбівай зямлі.

І ў нас для гэтага ўсё ёсць. Наша Беларусь усё больш упэўнена становіцца цэнтрам не толькі палітычнага, але і культурнага міжнароднага дыялогу. Мы цэнтр Еўропы, дарэчы, вось ён тут, побач з Віцебскам геаграфічны цэнтр Еўропы. І мы свята павінны захоўваць гэту старажытную, развітую еўрапейскую цывілізацыю. І каму як не нам, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, адказваць за гэту цывілізацыю, каб яна была сапраўднай, каб яна была не штучнай, каб яна не рысавалася ў сродках масавай інфармацыі, а каб яна была так, як было ў гэты год на “Славянскім базары…”.

Аб гэтым сведчыць і той факт, што на пасяджэнні савета дырэктараў Сусветнай асацыяцыі фестываляў яе кіраўніком выбраны наш дырэктар “Славянскага базару…”. І гэта безумоўны поспех не толькі Беларусі, усіх нас, “Славянскага базару…” поспех.

Я падтрымліваю ініцыятыву аб размяшчэнні штаб-кватэры Сусветнай асацыяцыі фестываляў у горадзе Віцебску.

Дарагія сябры!

Праўда, часам і ад скептыкаў мы чуем пытанне: “Навошта кожны год такі праводзіць маштабны фестываль, форум, як “Славянскі базар…”, а яшчэ і падтрымліваць яго фінансава?”

Адкажу. Па-першае, мы пастаянна павінны клапаціцца аб папулярызацыі нашай славянскай культуры, яе інтэграцыі ў сусветную прастору.

Хочаце паралель, я вам магу правесці, калі нехта думае, што вось мы, славяне, мы і так ужо сваё месца занялі і ўсе пра нас ведаюць, усё будзе ісці, як па наезджанай каляіне.

Хто мог бы падумаць, што літаральна праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля кровапралітных Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны для нас можа паўстаць пытанне абароны нашай Перамогі. Хто мог бы падумаць, што нас паставяць — многія ўжо сёння — на адну дошку з фашызмам, што нібы Савецкі Саюз некалі развязаў вайну. Хто мог бы падумаць, што праз некалькі дзесяцігоддзяў пры жывым пакаленні пераможцаў у нас хочуць адабраць гэту Перамогу.

Мы вельмі самазаспакоіліся. Мы вельмі думалі аб тым і радаваліся, што свет будзе такі, як мы хочам. Вось як у нашай імперыі тагачаснай, я ў добрым сэнсе гэта гавару, задумана, так будзе ўсё ісці. Не! Калі мы не змагаемся за сваё месца пад сонцам, мы абавязкова яго страцім. Больш таго, мы сутыкнёмся з тымі канфліктамі, якія ўжо адбываюцца ў нас на зямлі.

Таму мы павінны цаніць сваё мастацтва, сваю культуру ў шырокім сэнсе гэтага слова і папулярызаваць яе на ўсіх кантынентах, як гэта робіць “Славянскі базар…”. Гэта па-першае.

Па-другое, мы не маем права пазбаўляць сотні тысяч паклоннікаў, я скажу, мільёны людзей, тэлегледачоў магчымасці трапіць у непаўторную атмасферу гэтага цудоўнага свята.

Ну, гавораць аб грашах, хоць гэта і важная ўмова, але не галоўная мерка для такіх мерапрыемстваў. Тым больш у гэтым годзе многае зроблена для таго, каб фестываль выйшаў на самаакупнасць. Больш таго, ужо скажу вам адкрыта, што мы практычна з дзяржаўнага бюджэту ў гэтым годзе фестываль не фінансавалі. Дзякуй усім тым добрым людзям, мецэнатам, якія ўклалі сродкі ў гэта цудоўнае свята.

Ну і наогул, ведаеце, калі гавораць: “Ну а навошта гэта, навошта вось гэта, фестываль і гэтак далей”, ведаеце, паралель правяду, тады можна сказаць: “Слухайце, а навошта ўбіраць збожжа з палёў? Ну навошта вось?” Так і тут.

Прыязджаюць жа творчыя, ранімыя людзі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, таленавітыя людзі, таленты трэба падтрымліваць і плаціць, і плаціць нямала, каб гэтыя таленты ззялі і нас радавалі. Таму гэта блізка да ўборкі збожжа, гэта іх жніво, гэта яны прыходзяць сюды, каб нас радаваць.

І, калі будуць такія фестывалі, а мы дамовіліся, што як старшыня-краіна фестываляў, і наш старшыня цяпер кіраўнік фестывальнага руху, мы павінны ў Еўропе не толькі зрабіць максімум, каб фестывалі існуючыя, асабліва на еўрапейскім кантыненце, былі не горшыя за “Славянскі базар…”, і каб нашы людзі, нашы славяне, беларусы, расіяне, украінцы, нашы суседзі-славяне ўдзельнічалі ў гэтых фестывалях, паказвалі сябе і перамагалі ў конкурсах.

Сёння мы гаворым дзякуй прыгожаму гасціннаму Віцебску, які ўжо 24-ы раз прымае ў сябе гэты фестываль.

За гэту доўгую і багатую гісторыю на нашай зямлі аб’ядналіся традыцыі розных народаў і дасягненні многіх-многіх пакаленняў. І давайце сёння падзякуем усім, чыя праца, адказнае стаўленне да справы дораць нам гэта цудоўнае свята.

Сёння мы не развітваемся з любімым фестывалем. Сёння мы даём старт падрыхтоўкі новага конкурсу для новага пакалення майстроў эстрады, і не толькі эстрады.

Старт для пачатку сур’ёзных рэпетыцый тым, хто марыць пакарыць гэтыя сцэнічныя пляцоўкі ў наступным годзе.

Я хачу пажадаць вам усім поспеху, міру і дабра!

І да сустрэчы на юбілейным дваццаць пятым Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар” на гэтай цудоўнай віцебскай зямлі!

 

На здымку: Прэзідэнт Беларусі падчас закрыцця фэсту.

Фота Андрэя СТАСЕВІЧА, БелТА