Паняцце “спеўная нацыя”

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Ягор СУРСКІ, музейны супрацоўнік, куратар, культуролаг
Аднойчы гісторык Алесь Смалянчук падзяліўся апавяданнем рэспандэнткі, якое зафіксаваў падчас экспедыцыі па вуснай гісторыі. Сталая жанчына з жалем казала аб маладых: людзі зараз не пяюць. “Надзеўшыся, пад’еўшыся, але не пяюць” — наракала яна.

/i/content/pi/cult/542/11826/5-2.jpgСапраўды, сёння амаль не пачуеш народнай песні ў яе аўтэнтычным, вясковым гучанні. Песня кансалідавала людзей. А вось такое паняцце, як “спеўная нацыя”, наўрад ці актуальнае сёння. З іншага боку прыгадваецца, як аднойчы давялося паўдзельнічаць у вечарыне, якая называлася “глухая дыскатэка”. Паводле задумы, кожны павінен быў прыйсці з плэерам са сваёй музыкай. Звонку выглядала як нейкая таямнічая абрадавая дзея: мноства людзей рухаліся згодна з тым рытмам, які чулі толькі яны праз навушнікі. Гэта быў крэатыўны падыход да правядзення імпрэзы, але ён дастаткова дакладна характарызуе сённяшні індывідуалізм у выбары музыкі, калі кожны мае свой улюбёны стыль. Часам такі індывідуалізм мяжуе з эгаізмам — і гэта таксама ёсць адным з дыягназаў сучаснага чалавека.

Калі ж задумацца, хто ён, “сучасны чалавек”, адзінага і адназначнага падыходу быць не можа. Падаецца, што гэта індывід, які пакутуе ад свайго індывідуалізму, але ўсё яшчэ не ўсведамляе прычыны пакут. І гэты індывідуалізм, на жаль, памножаны на геданізм, вядзе да эгаізму, страты сапраўднай тоеснасці. Канешне, хто сёння свядома пачне абмяжоўваць свае спажывецкія памкненні. Каго адрасна хвалююць глабальныя праблемы чалавецтва, калі наўпрост не закранаюць. Можна было б працягваць пералік гэтых сімптомаў, але ўсё ж, як і любая гуманітарная праблема, яна не будзе на сто працэнтаў пераканаўчай. Як тое часта здараецца, чалавецтва выкараняе наступствы, але не прычыну хваробы. Усё гэта выяўляе сённяшняе стаўленне да культуры і тлумачыць, збольшага, яе стан.

Культура — вельмі асабістая, але адначасова і агульная, калектыўная рэч. Каб прэтэндаваць на гэты статус агульнай каштоўнасці, неабходна валодаць выключнымі якасцямі і вартасцямі. Такі статус бясспрэчна мае традыцыя, якая вылучае ўсё тое, што становіцца спадчынай. Адзінай умовай тут з’яўляецца пераемнасць. Адсутнасць пераемнасці шмат у якіх сферах тлумачыць крызісны стан сучаснага мастацтва, мастацкай крытыкі, адсутнасць змястоўнасці.

З іншага боку, любая інтэрпрэтацыя, эклектызм адпавядае канцэпцыі постмадэрнізму. Адзінае, што зачараванасць рэтра ў любых праявах можа выяўляць і стомленасць постмадэрнізмам. Навошта вынаходзіць авангард наноў? Вяртанне да вытокаў, традыцыі сёння выяўляе тую зону камфорту, да якой імкнецца чалавек, знясілены рознымі небяспечнымі тэхнагеннымі чыннікамі, маскультам, сучаснымі медыя.

Нешта з гэтага можа патлумачыць тое, чаму я пачаў спяваць. Адна мая знаёмая, якая скончыла кансерваторыю, сказала: па манеры выканання — нібы гучыць старая кружэлка, так спявалі недзе з гадоў сто таму. “Гэта не ёсць добра з пункту гледжання цяперашняга акадэмізму, але сёння...” — канстатавала яна. Вось у гэтым “сёння” для мяне і палягае інтрыга адносна таго, чаму я пачаў спяваць.

З аднаго боку гэтае пытанне можа падацца недарэчным. Прырода любой творчасці хавае спантанны, натуральны імпульс. Гэтак жа бяруць аловак і пачынаюць маляваць у дзяцінстве, гэтак жа і спяваюць. Чаму абавязкова рэтра? Таму што натхняе. Інтэрпрэтацыя падобнага рэпертуару адпавядае задумцы пераемнасці традыцыі. Каб захавацца, традыцыя павінна заўсёды абнаўляцца. У яе абнаўленні трэба знайсці адпаведны падыход, каб залішне не прымітызаваць яе. З іншага боку традыцыя мае адначасова і кансервавацца.

Верагодна, мае спевы адпавядаюць адначасова абедзвюм мэтам. Настальгія сёння падаецца дастаткова прадуктыўным стымулам для творчасці, натхнення, таму што свет навокал настолькі зменлівы. З іншага боку чалавек часта без сумневу прымае ўсё новае, пагаджаецца з правіламі гульні, якія могуць быць вельмі небяспечнымі для яго. І настальгія таксама становіцца пэўным рэліктам. Сучаснаму чалавеку проста не хапае на гэта часу. Я імкнуся такі час прызначыць на настальгію. Вынікам і стала захапленне рэтра-рэпертуарам.

Праслухаць записы можна па наступных спасылках:

https://soundcloud.com/tuzinhitou/tuzinfm-10

 

https://soundcloud.com/tags/to%20ostatnia%20niedziela