Трапяткі віртуоз

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

У залах Палаца мастацтва прайшла персанальная мемарыяльная выстаўка твораў выдатнага беларускага скульптара, прадстаўніка рэалістычна-класічнага накірунку Віктара Мурашова (1935 — 2009), прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння і 50-годдзю яго надта разнастайнай, насычанай, плённай творчай працы.

/i/content/pi/cult/542/11822/8-2.jpgРытарычнае да банальнасці, але, разам з тым, вельмі актуальнае ды злабадзённае ў наш прагматычны, шмат у чым супярэчлівы постмадэрнавы постсавецкі час ўзнікла ў мяне пад час знаёмства з экспазіцыяй пытанне: ці заўсёды з належнай, адэкватнай абставінам, павагай, увагай, чалавечай шчырасцю ставяцца маладыя прадстаўнікі айчыннай культуры, мастацтва да выключных творчых дасягненняў сваіх настаўнікаў-папярэднікаў? Безумоўна, легендарных асоб, сапраўдных прафесіяналаў-віртуозаў з багатым унутраным светам, энцыклапедычнай шырынёй кругагляду, упартай мэтанакіраванасцю ў годных гуманістычных, грамадзянскіх, маральнага кшталту аўтарскіх пошуках ды светлай верай і надзеяй на лепшае, чым ёсць, прызначэнне людзей?..

Віктар Мурашоў — цудоўны, яркі, цэльны, вельмі сціплы па натуры чалавек, што пакінуў прыкметны след у гісторыі выяўленчага мастацтва краіны. “Шасцідзесятнік”, Віктар Мікалаевіч прымаў важкі ўдзел у пачэснай справе станаўлення беларускай нацыянальнай школы скульптуры, лепшыя пластычныя калектыўныя напрацоўкі-скарбы якой набылі трывалую вядомасць. Сярод прыярытэтных установак перыяду “хрушчоўскай адлігі” можна адзначыць наступнае: неўтаймаваны аптымізм і прага глыбокага пазнання праўды жыцця, бязмежная адкрытасць свету, лірызм і разняволенасць пачуццяў, аўтарскі суб’ектывізм, шырокае ўжыванне прафесіяналамі народных мастацкіх традыцый, а таксама абвостраны псіхалагізм, пэўная сімволіка, абстрагаванасць абраных сюжэтаў ды вобразаў, аналітычнасць, разважлівасць, назіральнасць, пільная ўвага да дэталей. І як мага арганічна і дарэчна агучаныя прынцыпы “на практыцы” увасобіліся ў манахромным, цвёрдым, аб’ёмным матэрыяле — у фігуратыўнай пластыцы і скульптурным партрэце манументальнага або камернага гучання…

На выстаўцы на суд гледачоў было прадстаўлена каля васьмідзесяці твораў музейнай каштоўнасці гэтага ваяцеля-класіка: постацевая скульптура, падгрудныя, паясныя ды пакаленныя партрэты, бюсты, жанравая пластыка, рэльефы і мемарыяльныя дошкі, конкурсныя распрацоўкі-эскізы праектаў буйных ландшафтных кампазіцый і помнікаў, прысвечаных памяці аб падзеях і асобах Другой сусветнай вайны, якасныя фотарэпрадукцыі здзейсненых, увекавечаных у бронзе ці камені ў розных месцах Беларусі і Расіі карысных артэфактаў важкага эстэтычнага, грамадзянска-выхаваўчага значэння, акрамя таго — выразная, лаканічная, унікальная “скульптурная” графіка, замалёкі і накіды, прачула выкананыя вугалём, простым алоўкам, зрэдку таніраваныя крэйдай, сепіяй.

Малавядомы і на першы погляд, здавалася б, нечаканы факт з бурлівай на падзеі і лёсавызначальныя знаёмствы няпростай, часам драматычнай біяграфіі майстра: яшчэ пачынаючы з падлеткавых пасляваенных гадоў і цягам усяго жыцця Віктар Мурашоў сур’ёзна займаўся жывапісам, пісаў і час ад часу з розных нагод, дарыў паважаным калегам, знаёмым, сябрам цудоўныя сібірскія эцюды-краявіды, нацюрморты з шыкоўных лясных і палявых кветак, бясконца эксперыментаваў у пошуках складання выразнай, завершанай карціны-кампазіцыі, але ў гэтым рэчышчы не лічыў сябе публічна запатрабаваным. Тым не менш індывідуальны аўтарскі почырк-стыль скульптара ў сэнсе формы з аднаго боку — канстуктыўна-педантычны, сурова-акадэмічны, дакладна-матэрыяльны, з іншага ж — трапяткі, лірычны, жывапісна мягкі, вытанчаны, з багатай і рухомай гамай бясконцых светлаценявых эфектаў, як на плэнеры.

Мурашоў атрымаў бліскучую прафесійную адукацыю, паспяхова скончыўшы скульптурны факультэт Інстытута імя Ільі Рэпіна Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбурзе (1961), і, яшчэ студэнтам, з 1959 года ўдала дэбютаваў на шэрагу паказальных тагачасных усесаюзных і замежных выстаўках. Ён адразу і адчувальна рэпрэзентаваў савецкай багемнай эліце сябе як адоранага, удумлівага прыхільніка-эксперыментатара культурнай спадчыны рускага “срэбнага веку” ды незабыўных традыцый рэалістычнай школы мастакоў-перасоўнікаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, што падабалася партыйным функцыянерам.

Да таго ж, Мурашову-мастаку як непасрэднаму сведку-сучасніку народнай трагедыі і героікі нядаўна мінулай Вялікай Айчынай вайны, было што пераканаўча, усхвалявана распавесці людзям! Малады, амбіцыйны, моцны прафесіянал-інтэлектуал і адначасова пранікнёны паэт па поклічы сэрца і душы апантана і шмат працуе, хутка ствараючы цэльныя тэматычныя высокамастацкія скульптурныя серыі ў многіх гарадах і вёсках Цэнтральнай, Паўночнай, Паўднёвай Расіі, на Урале, у Заходняй Сібіры, у прыватнасці, Цюмені, якую ён нядоўга абраў як сталае месца жыхарства і творчасці.

У 1977 годзе Віктар Мурашоў вырашае пераехаць на Беларусь, і наш партызанскі край, дзе чыстая, дзіўная прырода, дзе жывуць працавітыя, таленавітыя, чулыя і ветлівыя людзі, спадабаўся яму, і ён стаў для прызнанага майстра, які знаходзіўся на піку духоўных і творчых сіл, назаўсёды другой радзімай, месцам ажыццяўлення шэрагу чаканых творчых планаў.

Бадай, усю велічную і сумленную творчую дзейнасць Віктара Мурашова, што, відавочна, шчасліва пазбегла занадтай штучнай савецкай ідэалагізаванасці, прамінуў і лёс местачковага правінцыялізму ды пэўных часавых "загараджэнняў". Яна працягвае хваляваць і цяпер, паўнавартасна існуючы і натхняючы на добрыя, крэатыўныя ўчынкі і памкненні аматараў прыгожага.

Аляксандр РУНЕЦ