Месца дзеі — Чавускі раён

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Гэтымі днямі, а менавіта 10, 11 і 12 ліпеня, Чавусы ўпершыню сталі цэнтрам прыцягнення і ўвагі для аматараў рок-музыкі з трох суседніх дзяржаў: Беларусі, Украіны і Расіі. Сімвалам еднасці на міжнародным музычным фестывалі выступае не толькі альтэрнатыўная песня, але і рака Днепр, агульная для тэрыторыі ўсходнеславянскіх краін. Вось такая простая, на першы погляд, філасофія ў фэсту “ДнеПраРок”, пра які і пойдзе гаворка. Як задуму, а заадно і арганізацыю мерапрыемства, успрыме публіка — засведчыць час.

/i/content/pi/cult/541/11810/12-2.jpgАрганізатарам фестывалю стала Магілёўская абласная філармонія, у планах якой значылася правядзенне “ДнеПраРоку” непасрэдна ў Магілёве. Але пэўныя абставіны вымусілі шукаць іншую пляцоўку, і выбар спыніўся на Чавусах. Па прызнанні начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чавускага раёна Таццяны Радзівілінай, такое рашэнне можна лічыць адначасова і выпадковым, і заканамерным. Магчымасці раёна, а таксама непадробная цікавасць і ініцыятыўнасць аддзела канчаткова пераканалі арганізатараў у будучай пляцоўцы для імпрэзы. 

Дакладная геаграфія фэста — спартыўна-аздараўленчы цэнтр “Рудэя”, што ў 38 кіламетрах ад Магілёва і ў дзвюх сотнях кіламетраў ад Смаленска. Чавускі раённы выканаўчы камітэт як прымаючы бок паклапаціўся аб тым, як будзе арганізаваны вольны час і побыт гасцей “ДнеПраРока”. Слухачам прапанавана заняць месца ў палатачным гарадку, да паслуг таксама чавускі і магілёўскія гатэлі. Усе тры дні ў зоне адпачынку дзейнічаюць выязныя гандлёвыя кропкі, якія вырашаюць пытанні з харчаваннем і, у некаторым сэнсе, з дадатковымі да канцэрта забаўкамі.

Свята паўплывала на жыцце Чавусаў: адказнасць за дзею і давер з боку Магілёўскай філармоніі актывізаваў насельніцтва. А імкнуцца людзям ёсць да чаго: Чавускі раён плануе не толькі пакінуць за сабой права прымаць фестываль штогод (а ладзіцца ён з перспектывай пераўтварыцца у традыцыйны), але і, у выніку, стаць яго паўнавартасным арганізатарам. Спадарыня Радзівіліна заўпэўніла, што меркантыльныя мэты — гэта апошняе, што клапоціць і Магілёўскую філармонію, і мясцовы райвыканкам. Па шчырасці, установы нават гатовыя застацца ў “мінусе”, бо галоўнае цяпер — рызыкнуць, адпрацаваць на сумленне і зрабіць задзел на будучыню. Самая важная задача фестывалю сёння — іміджавая, а з добрай рэпутацыяй можна далёка пайсці.

А хто лепш створыць станоўчы імідж як не запрошаныя музыканты? Сапраўдныя замежныя і айчынныя рок-легенды ахвотна пагадзіліся стаць удзельнікамі фестывалю, нягледзячы на тое, што фэст толькі дэбютуе. Хэдлайнерамі былі “Кукрыніксы”, “Наіў”, “Лінда”, “Пілот”, “Глеб Самойлаў і The Matrixx”, “Браты Карамазавы” — улюбёнцы не аднаго пакалення прыхільнікаў альтэрнатыўнай музыкі. Больш за тое, слухачы самі выбіралі электронным галасаваннем тых, каго жадаюць пачуць у гэтыя выхадныя.

Атрымалася нават звярнуцца да статыстыкі, якая паказала, што публіка на фестывалі “ДнеПраРок” збярэцца вельмі цікавая і размаітая: ад свецка-кансерватыўнай да нефармальна-рокерскай. І кожная асоба для арганізатараў стане (ды ўжо стала, у чым можна пераканацца на месцы дзеі!) аднолькава важнай: ці гэта офісны клерк, ці байкер. Пра дакладныя лічбы даведаемся на наступным тыдні, але напярэдадні фэста было прададзена больш за дзве тысячы білетаў. Астатнія можна набыць на месцы.

Таццяна Мікалаеўна як кіраўнік аддзела не стала бегчы наперадзе паравоза, хвалячыся дасягненнямі і даючы парады сваім калегам па цэху, але абяцалася падзяліцца ўражаннямі пасля імпрэзы. Таму пажадаем рок-піянерам ажыццяўлення мэт і добрага гуку.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст