“Чытайце Адамовіча і Быкава…”

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Ігар МОЦІН, кіраўнік Бабруйскай гарадской студыі выяўленчага мастацтва “Радуга”
Я трыццаць гадоў працую педагогам, узначальваю студыю выяўленчага мастацтва. Выхаванцы яе неаднойчы бралі ўдзел у рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных праектах у галіне дзіцячай і юнацкай творчасці, дзе іх талент і творчыя здольнасці нязменна атрымлівалі высокую ацэнку.

/i/content/pi/cult/541/11805/5-2.jpgГэта пленэры, фестывалі, выстаўкі ў гонар Янкі Купалы і Якуба Коласа, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Алеся Адамовіча, значных для краіны памятных і юбілейных дат. Часта юныя мастакі нашай студыі звяртаюцца да падзей Вялікай Айчыннай вайны, якая для іх толькі гісторыя, а не факт уласнай біяграфіі. Пра вайну яны ведаюць з аповедаў дзядоў, з кніг і кінафільмаў. Хачу падкрэсліць, што да гэтага іх ніхто не прымушае. Хоць педагог і мае магчымасць уплываць на светапогляд вучняў, але ў дадзеным выпадку зварот да названай тэмы — іх свядомы выбар. Асабіста мяне вельмі радуе, што ў студыйцаў ёсць цікавасць да айчыннай гісторыі, да подзвігу продкаў.

Напярэдадні Дня Незалежнасці, які адначасова з’яўляецца Днём вызвалення Беларусі ад немецка-фашысцкіх захопнікаў, Бабруйская гарадская студыя выяўленчага мастацтва “Радуга” прадставіла ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выстаўку пад назвай “Спадкаемцы Вялікай Перамогі”. Гэта беларуска-расійскі праект. У ім мы супольна працуем з юнымі мастакамі з Ульянаўска. Я ўдзячны дырэктару музея Мікалаю Скобелеву за магчымасць прадставіць нашу творчасць у сталіцы краіны і менавіта ў гэтых сценах. Бо сталічны Музей гісторыі Вялікай Айчыннай для беларусаў заўжды быў і застаецца святым месцам. Ды і пабачаць работы студыйцаў тут тысячы людзей, якія прыйдуць ў музей на экскурсію. Дарэчы, атрымалася вельмі сімвалічна: дзіцячыя карціны на тэму вайны насупраць плакатаў часоў Вялікай Айчыннай, тых, якія натхнялі байцоў і працаўнікоў тыла на подзвігі дзеля Радзімы. Такім чынам нібыта сустрэліся твар у твар рэаліі вайны і памяць пра яе.

У нашай студыі па ваеннай тэматыцы мы працуем ужо бадай два дзесяцігоддзі, і сёння яна, як я казаў вышэй, адна з прыярытэтных, хоць звяртаемся мы і да літаратурнай класікі, беларускай і рускай, да біблейскіх сюжэтаў, не забываемся на сённяшні дзёнь, ды і фантастыка ў дзіцячай творчасці — рэч натуральная. Згадаю, што ваенная тэматыка з’яўляецца важным чыннікам у выхаванні патрыятызму, але… не ўсім бацькам студыйцаў яна даспадобы. Гэта можа выглядаць даволі дзіўна, калі ведаць, што гэтая тэма для нашай культуры — стрыжнявая, а для беларускай свядомасці — вызначальная. Ці то пакаленне, якое было дзецьмі на зломе эпох, а цяпер само стала бацькамі, з аб’ектыўных прычын не ведае гісторыі, ці то з нейкіх суб’ектыўных меркаванняў не хоча яе ведаць, каб не тлуміцца…

А ў нейкім сэнсе вайна доўжыцца і дагэтуль: у людской свядомасці. Я сам неаднойчы быў сведкай таго, як людзі ваеннага пакалення былі гатовыя ледзь не біцца, калі згадвалі свае няскочаныя справы сямідзесяцігадовай даўніны.

Я ж раю і аднагодкам, і маладзейшым, калі яны хочуць ведаць праўду пра вайну, чытаць кнігі тых, хто ваяваў. Чытайце Алеся Адамовіча, чытайце Васіля Быкава. Адзін увасабляе праўду партызанскую, другі — “лейтэнанцкую”. Яны не прыдумлялі, а бралі з жыцця.

А вось сённяшні кінематограф (узяць таго ж “Снайпера”, якога здымалі ў Мірскім замку), што мае найбольшы ўплыў на грамадскую свядомасць, у ваеннай тэматыцы часта змяшчае далёкія ад рэальнасці вобразы ў штучныя сюжэтныя схемы.

Мы ж у студыі спрабуем навучыць дзяцей думаць, разважаць, звяртацца да першакрыніц. І яны пачынаюць цікавіцца гісторыяй уласных сем’яў, становяцца такім чынам даследчыкамі, стваральнікамі сямейных хронік. Яны размаўляюць з бабулямі і дзядулямі, якія самі ў вайну былі дзецьмі. Ветэранаў жа сёння ўжо мала засталося, пра вайну штосьці асабістае могуць апавесці збольшага тыя, хто быў дзіцём у той час. Да стварэння некаторых карцін гэтай выстаўкі юных аўтараў падштурхнулі якраз успаміны сваякоў і знаёмства з некаторымі не надта вядомымі эпізодамі вайны ў нашых краях. Гаворка ідзе не пра дакладнае адлюстраванне фактаў, але пра пэўны вобразны лад.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"