Карфаген мусіць быць зруйнаваны? Альтэрнатыва — на А4

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Дыскусіі вакол мастацкай адукацыі на Беларусі вядуцца ўжо гадамі, але пераважна на розных пляцоўках — як рэальных, так і віртуальных. Таму і не дзіва, што кожны з іх удзельнікаў зазвычай застаецца пры сваім меркаванні, а апаненты наўрад ці бываюць пачутымі нават супрацьлеглым лагерам. Мы ж вырашылі парушыць гэтую заганную традыцыю і прадаставіць для зацятых “халівараў” свае палосы: акурат па сканчэнні юбілейных мерапрыемстваў з нагоды 70-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вельмі хочацца верыць, што ў дадзеным выпадку спрацуе вядомая прымаўка “Discussio mater veritas est”. Але адразу заўважым, што ісціна адкрываецца толькі тады, калі самі ўдзельнікі спрэчак імкнуцца яе дасягнуць.

Урэшце, фактычна размову на гэту тэму мы распачалі некалькі тыдняў таму: у № 26 выйшаў матэрыял Пётры Васілеўскага "Акадэмія ў трэндзе".

Якія ж коды нікога не хвалююць?

Школа рамяства альбо канвеер індывідуальнасцей: развагі скульптара

/i/content/pi/cult/541/11801/4-2.jpgНаша размова са скульптарам Максімам ПЕТРУЛЁМ пачалася, лічы, выпадкова — слова за слова... Мастак, які з’яўляецца аўтарам цэлага шэрагу прыкметных праектаў — згадайма хаця б аздабленне станцый метро “Грушаўка” і “Малінаўка”, а таксама Фантан Перамогі ў мінскім Парку Перамогі, сааўтарства ў мемарыяле “Чырвоны бераг”, а яшчэ тое, што творы яго належаць не толькі Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі і Музею сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, але і знаходзяцца ў пекінскай калекцыі алімпійскага мастацтва і ў адным з найбуйнейшых і найпрэстыжных прыватных збораў свету — нямецкага калекцыянера і мецэната Райнальда Вюрта, — вырашыў паразважаць аб сістэме мастацкай адукацыі ў скульптуры і тых супярэчных момантах, якія існуюць у постадукацыйным працэсе ў галіне. 

— Кафедру скульптуры Акадэміі мастацтваў я праігнараваў, але, у той самы час, лічу сябе прадстаўніком нашай “скульптурнай школы”, калі наогул можна так казаць. Я палічыў, што яна дастаткова прафесійна выкладаецца ў Гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка і Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава. І што мае педагогі — Леанід Давыдзенка, Уладзімір Жбанаў ды Святлана Гарбунова — нічым не саступаюць “кафедральным” Уладзіміру Слабодчыкаву ці Анатолю Арцімовічу.

Чатырох гадоў у школе імя Ахрэмчыка і такога самага адмежку часу ў вучылішчы імя Глебава было для мяне цалкам дастаткова, каб навучыцца ляпіць аголеную натуру, рабіць каркасы ды выкарыстоўваць перспектыву, прычым засвоіў я за гэты час і нешта большае за тэхнічныя навыкі… Дык навошта ісці па другім коле, калі можна на этапе сярэднеспецыяльнай адукацыі авалодаць прыкладна ўсім тым, што выкладаецца ў Акадэміі на кафедры?

Тыя мае скульптуры, якія я пачаў рабіць яшчэ ў вучылішчы, былі не абы-як запатрабаваны. “Птушкі” знаходяцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага, “Элефантус” — у калекцыі Райнальда Вюрта, “Стварэнне” усталявана ў грамадскай прасторы Чаньчуня, які лічыцца “скульптурнай” сталіцай Кітая... І, па маіх назіраннях, тыя калегі, якія маюць талент і дбайна працавалі ў час сярэднеспецыяльнага адукацыйнага працэсу — скажам, Косця Касцючэнка альбо Саша Прохараў, — навучыліся рабіць тое, што яны робяць цяпер, яшчэ задоўга да паступлення ў Акадэмію. А яе выпускнік Косця Мужаў не выкарыстоўвае скульптурныя навыкі, бо займаецца пераважна перформансам, які ён ніколі не вывучаў у Акадэміі, бо там такому не вучаць.

Урэшце, гэтая ВНУ можа выхоўваць Асобу, мастака, але і ўсе астатнія навучальныя ўстановы ва ўсім свеце — не толькі вышэйшыя — займаюцца менавіта гэтым. Добры прыклад у такіх адносінах — Аляксей Шынкарэнка, аўтар канцэпцыі беларускага павільёна на Венецыянскім біенале. Ён не мае дачынення да Акадэміі, але, у той самы час, прэзентаваць краіну на такім сур’езным узроўні даверана было яму.

— Даруй, але “выхоўваць мастака” — гэта як?

— Знаёміць з патрэбнай літаратурай, прывіваць густ у мастацтве і жыцці, вучыць асэнсоўваць зробленае, працаваць з тэкстам, што ў наш час абсалютна неабходна. Без ведаў у культуры і сучаснай філасофіі сёння таксама вельмі складана. Добра, што Косця Селіханаў у вольны час пачытваў Ніцшэ. Можа, дзякуючы гэтаму ён і стаў тым, кім стаў. Але я не разумею, чаму ў калонцы для вашай газеты гэты мастак так упарта ўжывае слова “рамяство” ў дачыненні да навучання ў Акадэміі на кафедры скульптуры. Хіба ж рамяство — гэта мэта Акадэміі?

— А хіба рамяство — дрэнна?

— Думаю, гэта паняцце ўвогуле непрымальнае не толькі для акадэмічнай, але і для сярэднеспецыяльнай мастацкай адукацыі, і тым больш для сучаснага мастацтва. Гледзячы на бляшанку супа “Кэмпбэл” Эндзі Уорхала альбо знакамітую распалавіненую акулу Дэм’яна Хэрста, ты задумваешся: а дзе ж тут рамяство аўтара? У чым яно праявілася — у якаснай заліўцы фармаліна?

— Тым больш, не сам ён, пэўна, заліваў...

— Ды якое гэта мае значэнне? Наўрад ці калекцыянераў хвалюе тое, што на Аніша Капура працуе цэлая скульптурная фабрыка, бо гэта — нармальна. І што значыць — “рабіць сваімі рукамі”, як з пафасам любяць прамаўляць некаторыя? А калі не рукамі, а нейкай іншай часткай цела? Але мы хочам зачапіцца за нейкія сэрэднявечныя ўяўленні ды вызначэнні.

Калі нехта распісвае лыжкі — гэта сапраўды рамяство. А выдаць арыгінальную ідэю — ужо нешта прынцыпова іншае. Паняцці “рамяство” альбо “школа” прымяняльныя да традыцыйных народных умельстваў, а не да арт-працэса і мастацкай адукацыі. Код рамяства і школы ў метафізічнай прасторы не только contemporary art, але і fine art нікога не хвалюе. Істотныя талент мастака, яго арыгінальнасць, адчуванне прасторы, веданне ўласцівасцей матэрыялу... Але ж гэтыя рэчы рамяством не назавеш.

Урэшце, нам нават хадзіць далёка не трэба, каб гэта ўсвядоміць. Прыклад хаця б таго ж Шагала безапеляцыйна сведчыць: самае важнае для мастака — індывідуальнасць. Таму за час навучання важна не падаўляць яе, падганяючы пад нейкія “школьныя” шаблоны, але, наадварот, спрыяць ейнаму развіццю. А калі ў мастацкай адукацыі ўсе ідзе па тэхнічных правілах “рамяства”, то “на выхадзе” атрымліваецца шмат вельмі падобных “мастакоў”, якіх можна параўнаць з рэчамі, зробленымі на кітайскім глабальным канвееры.

— Але ці ёсць сэнс запускаць інкубатар па гадаванні індывідуальнасцей? Ці можна неяк штучна спрыяць іх станаўленню? Я вось лічу, што адукацыя павінна даваць, перадусім, прафесію. А індывідуальнасць здатная развіцца толькі сама сабой.

— Ну так, ідзеш сабе па вуліцы — і развіваеш індывідуальнаць... Гаворка ж не пра інкубатар і не пра канвеер, а пра нармальнае фарміраванне арыгінальнага і не падобнага ні на кога мастака — Асобу. Групы невялікія, людзі ў іх розныя... І, можа, не трэба патрабаваць ад усіх рабіць адно і тое ж? Прычым рабіць двойчы — падчас сярэдняй адукацыі, а потым ізноў у Акадэміі. Замест таго, каб ляпіць “адну і тую ж галоўку” 15 гадоў, варта пераарыентаваць увагу мастацкай адукацыі менавіта на выхаванне індывідуальнасці. Чытаў неяк артыкул пра хлопца, які скончыў Акадэмію, з’ехаў у Лондан, сядзіць там у ліцейцы і робіць скульптуры нейкім вядомым мастакам. Дык што, мы павінны рыхтаваць чаляднікаў для замежных аўтараў? Ды яшчэ з гонарам казаць пра добры ўзровень рамяства?

— Урэшце, і такі чыста практычны аспект. Мастакоў канцэптуалісцкага кшталту, здатных зарабляць сабе на жыццё менавіта як творчыя адзінкі, у нас можна палічыць літаральна па пальцах. А абсалютная большасць творыць “для душы”, зарабляючы пры гэтым зусім іншымі справамі...

— А не трэба саджаць сябе на “школьны” ланцуг, трэба ісці далей, паўнавартасна развівацца, пачынаючы гэта рабіць яшчэ з сярэднеспецыяльнай школы. І тады табе не давядзецца займацца самаапраўданнем: маўляў, куды ж мне, такому таленавітаму, прабіцца са сваім рамяством... Аднак, паўтаруся, у сусветнай арт-прасторы, і ўжо ў нашай таксама, каштоўная індывідуальнасць, а не навыкі. Напрыклад, Андрэй Асташоў, які вучыўся ў той самай “школе”, зусім не падобны сваімі творамі ні на Геннадзя Мурамцава ні на Міхаіла Шкробата, якія выкладалі яму скульптуру і кампазіцыю.

— Але ж “прабіцца” за мяжой ды і ў нас сапраўды надзвычай складана...

— А што такое “прабіцца”? Стаць Хэрстам ці Муракамі складана, але... можа яно і не патрэбна? Ты толькі сабе ўяві, колькі ў свеце існуе галерэй! І колькі мастакоў проста нармальна жывуць за кошт аўтарскай актыўнасці і продажу сваіх твораў. Іх купляюць проста таму, што яны арыгінальныя і ні на кога не падобныя асобы, якія ствараюць сваё мастацтва. Прычым я маю на ўвазе далёка не топавых аўтараў, але і не якіхсьці ананімных рамеснікаў з брыгадных падрадаў сацрэалізму. Я проста кажу пра паўнавартасных мастакоў, якія здолелі інтэгравацца ў разгалінаваную арт-прастору.

Як скульптар, чые творы належна запатрабаваны — у тым ліку і за мяжой, — магу сказаць, што сакрэт тут вельмі просты. Трэба мець сваю аўтарскую пазіцыю і бачанне таго, што ёсць скульптура, тады і будеш цікавы. А аднатыпныя працы нікога не цікавяць. Вядома, важную ролю грае таксама біяграфія. Калі творца па сканчэнні Акадэміі спецыялізаваўся выключна на надмагільных помніках, ён наўрад ці выкліча цікавасць абазнаных замежнікаў, ды і нешматліткіх нашых калекцыянераў. Але калі ягоны “паслужны спіс” стракаціць, скажам, удзелам у буйных міжнародных біенале — тады зусім іншая справа. Я вось, напрыклад, сёлета збіраюся на Пекінскую, і буду там удзельнічаць у другі раз.

Арт-прастора — гэта не рэстаранны бізнес, які развіваецца хаатычна, толькі па законах попыту. Гэта інстытуцыялізаваная прастора са сваімі канвенцыямі, і нам трэба імкнуцца да яе далучыцца — як, напрыклад, гэта сёння робяць у Кітаі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Катары... — і не адгаворвацца сваімі "казкамі", прызначанымі выключна для ўнутранага спажывання. Але замест работы над памылкамі мы ўпарта цвердзім пра сваё выкшталцонае рамяство і бліскучую школу.

— Што ні кажы, падыходы да адукацыі на Беларусі даволі прагматычныя, ад выпускнікоў патрабуюць пэўнай “аддачы”...

— Я таксама за прагматызм, але... чаму ў нас ён такі элементарны? Нельга ж настолькі ўсё спрашчаць ды патрабаваць ад скульптара тое самае, што і ад выпускніка ПТВ муляроў. Хай тут будзе нейкае размежаванне паводле сферы 
дзейнасці.

Вось тут часта кажуць пра сацзаказ, дзяржзаказ... І я таксама не раз атрымліваў свой ганарар з дзяржбюджэту, выконваючы важныя і знакавыя аб’екты і знаходзячы для іх нестандартныя рашэнні. Камусьці падабаецца, хтосьці крытыкуе, але відавочна адно: рэакцыя публікі ў кожным разе прысутнічае. А калі ставяць толькі звыклыя аднатыпныя бронзавыя помнікі, да іх проста губляецца інтарэс грамадства .

Адпаведна, попыт на свежыя ідэі ёсць і ў сферы дзяржаказу. І калі б арыгінальных аўтараў былі не адзінкі, а дзясяткі, жыццё ў нас стала б куды цікавейшым. А так адкрываеш альбом сучаснай беларускай скульптуры — і бачыш набор амаль аднолькавых твораў, толькі прозвішчы пад імі розныя.

— Каб не занурыцца тут у дыскусію, задам апошняе пытанне: што ж, на тваю думку, трэба рабіць?

— Быць больш карэктным да тых маладых людзей, якія прыходзяць ў мастацтва. Шукаць таленты і здольнасці ў іх, не навязваць ім вучэбныя працы па састарэлых правілах і аднатыпныя творы. Зрабіць адукацыю больш адраснай, надаць асаблівую ўвагу стасункам паміж выкладчыкам і студэнтам — першы павінен стаць сапраўдным прыкладам, аўтарытэтам, калі хочаце, гуру... Адным словам, патрэбны рэформы.

Вось за спорт у нас, так бы мовіць, узяліся, і як вынік — шэраг яркіх перамог. Тое самае цалкам магчыма дасягнуць і ў мастацтве. Вядома, тут мне адразу скажуць пра грошы, аднак... Патрэбны не толькі інвестыцыі, але перадусім воля. Сацыяльныя працэсы адбываюцца менавіта па волі лідараў. Гэта самае важнае, але чамусьці мы пра гэта не гаворым.

 

Рамонт не спалучыш з мадэрнізацыяй?

"Час у Акадэміі мастацтваў не лічу страчаным!"

/i/content/pi/cult/541/11801/4-3.jpgТрыццацігадовы скульптар і выкладчык Іван АРЦІМОВІЧ сярэднеспецыяльнай адукацыяй не задаволіўся і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў не праігнараваў. У дадатак да атрыманых там дзвюх спецыяльнасцей (уласна скульптура і графічны дызайн) у яго актыве таксама магістарская дысертацыя па мастацтвазнаўстве, а цяпер ён працягвае навучанне ў аспірантуры.

— Ці не шкадуеце пра старачаны ў Акадэміі час?

— Зусім наадварот: лічу, што навучанне там стала асновай для маёй далейшай прафесійнай дзейнасці. Без атрыманых навыкаў я наўрад ці змог бы цяпер пачувацца канкурэнтаздольным у мастацкай прасторы. Дарэчы, гісторыя ведае і іншыя прыклады — згадайма хаця б такіх грандаў айчыннай скульптуры, як народныя мастакі Заір Азгур, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў і Сяргей Селіханаў. Фармальна кажучы, яны вышэйшай адукацыі не атрымалі, абмежаваўшыся Віцебскім мастацкім тэхнікумам. Але калі прыгадаць, якую высокую планку там задаў выпускнік Імператарскай акадэміі мастацтваў Міхаіл Керзін, можна смела сцвярджаць, што атрыманая навучэнцамі падрыхтоўка не саступала вышэйшай адукацыі.

— Першы і галоўны папрок на адрас беларускай Акадэміі — празмерная ўвага менавіта да “рамесніцкіх”, тэхнічных навыкаў...

— Такая ўвага і сапраўды ёсць. Даць прафесійны “падмурак”, рамяство — гэта было першаснай функцыяй Акадэміі ад самага пачатку яе стварэння. Яна ставіць перад сабой задачу выпусціць майстра найвышэйшага ўзроўню падрыхтоўкі. А ўжо другая яе функцыя, якая базіруецца на энтузіязме педагогаў і саміх студэнтаў, палягае ў развіцці творчай індывідуальнасці. Іначай, зрэшты, і быць не можа, бо выкладчыкі — гэта, уласна, не рамеснікі, а менавіта мастакі, кожны з якіх мае сваё творчае крэда, жыццёвы светапогляд, грамадзянскую пазіцыю... Натуральна, яны транслююць сваім вучням не толькі ўласнае майстэрства, але і пэўнае разуменне таго, чым павінна быць мастацтва.

— Але сучаснае мастацтва — гэта, перадусім, мастацтва ідэй, якія не патрабуюць асаблівых “рамесніцкіх навыкаў”…

— Смелых ідэй сёння вельмі шмат (мяркуючы, прынамсі, па тым, колькі іх лунае ў Інтэрнэце). Але хіба адзінкі з тысячаў увасабляюцца. Навучанне ў Акадэміі і прызначана дапамагчы аўтару не толькі спарадзіць ідэю, але і ажыццявіць яе, прычым на самым высокім “тэхнічным” узроўні. Што тут дрэннага?

— А ці не дастаткова для засваення “асноў прафесіі” сярэднеспецыяльнай адукацыі?

— Я сам працую ў сферы адукацыі сярэдняга звяна — Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка — і магу з гонарам сказаць, што нашы вучні атрымліваюць тут усю неабходную падрыхтоўку, засвойваючы ладны арсенал сродкаў выяўленчага мастацтва. Калі я правяду вас зараз па нашых калідорах, пераўтвораных у імправізаваную галерэю, вы самі пераканаецеся ў тым, што намяляваць, скажам, добры партрэт для іх не праблема. Мы стараемся даваць па максімуме, але... Падаецца, мастак — гэта акурат тая прафесія, якой трэба вучыцца недзе гадоў 10-12. Таму ніводнае з адукацыйных звенняў не будзе залішнім — ні каледж, ні Акадэмія, ні тыя Вышэйшыя акадэмічныя майстэрні, якія, на жаль, ужо зніклі, пакінуўшы па сабе добрую памяць у многіх маіх калегаў.

— Ёсць таксама меркаванне, нібы падчас вучобы мэтры “заціскаюць” індывідуальнасць студэнтаў, скіроўваючы іх творчы патэнцыял у “бетонныя берагі" акадэмічнай традыцыі…

— Цягам свайго шасцігадовага навучання я ні разу не сутыкаўся з неразуменнем і асабіста на сабе ніякага ціску не адчуў. Увогуле, кафедра скульптуры — вельмі дэмакратычная, і педагогі аднолькава адэкватна ўспрымаюць як фармалістычныя пошукі, так і звыклыя фігуратыўныя творы. Пра тое сведчыць хаця б штогадовая абарона дыпломаў. Сёлета там можна было пабачыць і традыцыйную скульптуру, і экспрэсіўную пластыку, якая прадугледжвае работу з натурай, але выяўляе перадусім аўтарскія эмоцыі, і чысты фармалізм. Карацей, самы шырокі дыяпазон. А леташняя дыпломная работа Аляксандра Сакалова “Сэрца” была ўстаноўлена ў бронзе ля Мінскага кардыялагічнага цэнтра. Пагадзіцеся, рэалістычным гэты твор не назавеш, што зусім не перашкодзіла яго высокай ацэнцы.

— А ці ўзнікаюць светапоглядныя канфлікты паміж выкладчыкамі і студэнтамі?

— Натуральна, як жа без іх! Бо і выкладчык, і студэнт — яны ж мастакі! Таму несупадзенні поглядаў на творчасць, грамадзянскіх пазіцый альбо іншых складаных матэрый здараюцца і будуць здарацца заўсёды. Вельмі часта ў такіх выпадках студэнты робяць насуперак педагогу, і такая канфрантацыя часам спараджае надзвычай цікавыя вынікі. Вядома, калі гэта не пустое адмаўленне досведу папярэднікаў, не “базараўшчына”, кажучы мовай Тургенева, але менавіта спелы творчы дыялог — хай і на павышаных нотках.

— Але ж пазіцыі ўдзельнікаў дыялогу адназначана няроўныя: ёсць пэўная субардынацыя…

— На кафедры скульптуры, пра якую я, натуральна, ведаю куды лепш, чым пра іншыя, мне не даводзілася сутыкацца з прыкладамі рэпрэсій. Але чуў, што нехта з выкладчыкаў жывапісу старэйшага пакалення і сапраўды мог стукнуць па стале ды сказаць: “Ты будзеш маляваць іржавы танк і ветэрана, а не якія-небудзь абстракцыі”. Аднак гэта было даўно. Я катэгарычна не згодны з тымі, хто сцвярджае, нібы ў Акадэміі нічога не мяняецца. Туды прыходзіць новае пакаленне педагогаў, здатных адэкватна ацаніць новыя павевы ў мастацтве, ды і “ветэраны” стараюцца трымаць руку на пульсе часу.

— Яшчэ распаўсюджанае абвінавачванне: студэнты Акадэміі не атрымліваюць належны культуралагічны базіс, прычым гаворка, перадусім, пра тэорыю і гісторыю сучаснага мастацтва…

— А вось гэтая крытыка і сапраўды справядлівая. Узровень выкладання гісторыі мастацтваў у Акадэміі падаецца мне яўна недастатковым, хаця ў нашы дні для мастака гэты прадмет папросту неабходны. Творчасць у эпоху постмадэрну прадугледжвае дасканалае веданне здабыткаў сусветнага мастацтва і, вядома, цяперашнія яго напрамкі, якія мяняюцца настолькі хутка, што даследчыкі не паспяваюць забяспечваць гэты працэс паняційным апаратам.

Але ж у нас ХХ стагоддзе амаль поўнасцю выпадае з праграмы падрыхтоўкі мастакоў. Прынамсі, калі я вучыўся, гэта была вялікая праблема, і падазраю, што не вырашылася яна і па сёння. Прыходзіш у Акадэмію — і зноў чуеш пра егіпецкія піраміды, пра якія ты ўжо ведаў з каледжа. А першыя курсы — гэта акурат тая пара, калі адбываецца фармаванне светапогляду маладога мастака, і менавіта тады яму трэба “набрыньваць” інфармацыяй.

З іншага боку, мастацкая адукацыя ў аснове сваёй — гэта перадусім менавіта самаадукацыя. Чакаць ад педагогаў, што яны забяспечаць цябе ўсім неабходным багажом ведаў, наўрад ці выпадае: трэба, каб у цябе самога было жаданне ахвяраваць свой час. Можна ж пайсці ў бібліятэку, адкрыць кніжку… Балазе, у Акадэміі ёсць цудоўны фонд, дзе можна знайсці тыя выданні, якіх няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы. Натуральна, ніхто не забараняе студэнтам ім карыстацца. Але, як вы самі разумееце, студэнтаў трэба скіроўваць ці нават падштурхоўваць. Не кожны яшчэ разумее, што без ведання сучаснага мастацтва табе давядзецца намацваць свой творчы шлях усляпую.

— Дасюль я агучваў фармулёўкі тых, каго можна лічыць вашымі апанентамі. Цяпер жа спытаю: а якія праблемы навучальнага працэсу адзначылі вы?

— Я магу казаць толькі за нас, скульптараў. Прыкладам, сёння на вельмі нізкім узроўні вядзецца дыялог з архітэктарамі. Скульптура, якая выходзіць за межы галерэй у публічную прастору, патрабуе арганічнага спалучэння з навакольным асяроддзем. Здавалася б, у нас выкладаў легендарны Юрый Градаў, які за смешныя грошы працаваў пагадзіннікам у Акадэміі. Але тых карысных гадзін было вельмі мала.

Далей… На кафедры скульптуры не вучаць камп’ютарнай графіцы, але ў сучасным праектаванні яна неабходная: не заўсёды патрэбна ляпіць з пластыліна, калі можна стварыць віртуальную мадэль у 3D-фармаце, вызначыць матэрыял, крыніцы асвятлення. Усё гэта студэнтам даводзіцца засвойваць сваімі сіламі.

Яшчэ адна даўно не вырашаная праблема — брак наладжаных сувязяў са студэнтамі і выкладчыкамі архітэктурнага факультэта БНТУ, якія маглі б спарадзіць многія цікавыя супольныя праекты. Прычым пра гэта пастаянна гавораць і педагогі, і студэнты, і выпускнікі. Але чамусьці далей за размовы справы пакуль не ідуць.

— Ці прыдаліся атрыманыя ў Акадэміі веды і навыкі ў вашай мастацкай практыцы?

— Ёсць вядомы ў мастакоўскіх колах афарызм: атрымаўшы дыплом Акадэміі, трэба адразу забыць усё, чаму цябе там навучылі. Але гэта ў кожным разе не атрымаецца — бо рукі ж памятаюць, навыкі застаюцца… Скончыўшы шэсць гадоў таму Акадэмію, я ўжо паспеў сур’ёзна змяніцца як творца і сёння стаўлю перад сабой нейкія іншыя задачы, ніж тады. Мастак увогуле развіваецца і фарміруецца цягам усяго жыцця. У Пікаса, як мы ведаем, былі розныя перыяды: ён пастаянна спасцігаў нешта новае. Акадэмія — гэта толькі адзін з этапаў станаўлення, але этап вельмі сур’ёзны, які прадугледжвае атрыманне базісу.

Часам Акадэмію папікаюць, што яна не рыхтуе да тых рэаліяў, з якімі сустракаецца малады мастак па атрыманні дыплома — няма майстэрні, няма замоваў, трэба карміць сям’ю… Тут не паспрачаешся. Але ж гэта натуральны момант — ты выляцеў з гнязда і пэўны час знаходзішся ў стане вольнага падзення. Ці адкрыюцца крылы альбо не, залежыць ужо ад цябе. Галоўнае, што гэты орган табе дадзены. Калі ў цябе нешта закладзена ад пачатку, ёсць жаданне тварыць, ты праб’ешся.

— Ужо не першы год вядуцца размовы пра неабходнасць адкрыцця ў краіне нейкага іншага творчага ВНУ. Можа, гэты крок здатны вырашыць хаця б некаторыя з непаразуменняў?

— Згода! У Польшчы ці не ў кожным буйным горадзе ёсць свая вышэйшая мастацкая школа, і яны спакойна суседнічаюць у адзінай культурнай прасторы. Нехта спавядае навучальныя методыкі, правераныя часам, нехта — сваім асабістым досведам, нехта эксперыментуе… Адпаведна, студэнту ёсць з чаго выбіраць. У нас жа альтэрнатывы няма, і гэтая праблема дужа даецца ў знакі. Думаецца, і сама Акадэмія не рада свайму эксклюзіўнаму статусу, бо на яе плечы ўскладаецца адказнасць за ўсё.

Напэўна, такая альтэрнатыва ўжо даўно магла паўстаць — скажам, у тым жа Віцебску ці Гродне, дзе ёсць і глыбокая мастацкая гісторыя, і творчы дух. Тады з’явіцца і нейкая станоўчая канкурэнцыя, здатная актывізаваць творчы працэс.

Але вернемся з неба на зямлю. Абмяркоўваючы ўсе згаданыя праблемы, мы забываемся ці не пра самую набалелую: рамонт у галоўным корпусе доўжыцца ўжо пяць гадоў. Гэта азначае, што “намоленыя” сцены мастацкага факультэта для выкладчыкаў і студэнтаў сёння недаступныя, а навучальны працэс адбываецца ва ўмовах, далёкіх ад “штатных”. Пра якую мадэрнізацыю ў такіх варунках можна гаварыць?

 

Карфаген мусіць быць зруйнаваны? Альтэрнатыва — на А4_MG_1757.tif

Незалік па акадэмічнай спецыяльнасці_MG_1765.tif

Неяк мой пражскі сябра зацягнуў мяне ў адну са шматлікіх “анамальных” кавярняў гэтага горада. На плазмах, усталяваных па-над столікамі, дэманстравалася не звыклая для нас “спеўная бялізна”, а творы Біла Віёлы і Нам Джун Пайка. Больш за тое — асобная зала была пераўтворана ў суцэльны “белы куб” галерэі. І па форме і па змесце выстаўленыя там артэфакты бясспрэчна належылі да самага што ні ёсць contemporary art, прычым некаторыя з іх былі настолькі... смелымі, што рэдактар наўрад ці дазволіць мне іх апісаць.

/i/content/pi/cult/541/11801/4-1.jpg

Але, у той самы час... падсвядома і няўмольна адчувалася нейкая другаснасць: як быццам гэтыя творы ўжо нешта паўтаралі. Я зразумеў прычыну такой сваёй рэакцыі, калі прачытаў, што патрапіў на выстаўку твораў студэнтаў Пражскай акадэміі мастацтваў. Вучнёўскую, то бок, выстаўку.

Гэта і не дзівіць — такія выкладчыкі... Студэнт, што вучыцца, скажам, у Рэбэкі Хорн, якая даўно выкладае перформанс у Берліне, наўрад ці будзе маляваць рэалістычныя пейзажы — хіба толькі з пратэстных меркаванняў. Уласна, менавіта з тых самых меркаванняў студэнты беларускага тады яшчэ Тэатральна-мастацкага ладзілі свае перформансы і хэпэнінгі. Пра адзін з іх — аўтарства светлай памяці Генадзя Хацкевіча — згадваецца ў гістарычнай частцы выстаўкі “Дыплом”, якая прайшла ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” з нагоды юбілею Акадэміі.

З таго дня, калі Гена зрабіў сабе “харакіры” на нейкім з капуснікаў, закідаўшы публіку свінымі кішкамі, прайшло не адно дзесяцігоддзе. І вельмі шмат вады ўцякло за гэты час нават па няспешнай Свіслачы. Акадэмія ўжо даўно не лічыцца адзінай “брамай у прафесію”, яе рэктар ніяк не ўяўляецца ў ролі святога Пётры з наборам адпаведных ключоў, перформансы часам здараюцца нават у Нацыянальным мастацкім музеі... Але свінымі кішкамі ўсё адно нехта кідаецца — хаця гэта, здавалася б, цяпер не меншы маветон, чым тыя самыя пейзажы.

Выстаўка, удзел у якой узялі рэальныя дыпломнікі Акадэміі, падаецца нейкім тоўстым і занудлівым тролінгам. Прэзерватывы, што ўвасабляюць сумныя лёсы студэнтаў, пакаёвыя расліны са штучным святлом... На маю думку, “пратэстантам” бракуе літаральна таго самага, чаго і іх “канвенцыйным” аднакурснікам, якія паслухмяна малююць пейзажы — драйву і самабытнасці. Комар і Меламід сталі сусветна вядомымі мастакамі зусім не таму, што яны былі супраць савецкай улады, але перадусім праз сам характар яе крытыкі — дасціпны ды вынаходлівы.

Адзін з твораў падчас вернісажу быў заменены свайго кшталту “тызерам”. Выпускніца Алеся Жыткевіч вырашыла дачакацца абароны ўласнага дыплому. Пасля таго, як мастачка паспяхова развіталася са сваёй alma mater, а яе праца з’явілася ў экспазіцыі, прычына такой перасцярогі стала зразумелай. Жарты і іронія з тэмы сэксуальных дамагальніцтваў, зразумела ж, недапушчальныя. У той самы час, дадзены твор відэаарту уяўляе не столькі мастацкую, колькі крыміналістычную цікавасць, і найлепшым ягоным гледачом мусіў бы стаць той, хто на тое ўпаўнаважаны. Праўда, тады давялося б пазбавіцца ананімнасці: у фільме не фігуруе ніводнага твару і прозвішча. Але ж дзявочая адвага і сапраўды магла б зрабіць Акадэмію лепей.

А вось у агульны куратарскі наратыў такі твор наўрад ці хоць неяк упісваецца. Абвінавачваем у замшэласці — а тут выяўляецца, што замест крэмзання пейзажаў “акадэмісты” назапашваюць матэрыял для новага “Тропіка Рака”. Тым больш, зусім побач дэманструецца стэнд з “дубовымі” цытатамі з выступаў на адкрыцці афіцыйнай акадэмічнай выстаўкі — і гэта акурат той выпадак, калі героі справядліва атрымалі на арэхі.

Увогуле, наратыў рассыпаецца — на мастацкія творы, чыстую журналістыку (фільм Тані Сяцко пра падрыхтоўку акцёраў), бязладную падборку фактаў з нядаўняй гісторыі... Але выснова, да якой вядуць аўтары, кожным разе зразумелая: маўляў, Карфаген мусіць быць зруйнаваны. А на тых руінах, без сумневу, адразу паўстане новая творчая ВНУ, праект якой у выкананні Марыны Напрушкінай выглядае даволі маляўніча — на аркушы А4.

Гучыць і больш сціплае патрабаванне — рэформаў! Перад вачыма вымалёўваецца фантасмагарычная карціна: натоўп патлатых хлопцаў атакуе кансерваторыю з патрабаваннем выкладаць замест сальфеджыа гроўлінг і бластбіт. Сярод іх ёсць і сціплы з выгляду нойз-экстрэміст, які вымагае ад сівога прафесара — лаўрэата міжнароднага конкурса па выкананні “Лебядзінага возера” ў 1972 годзе — навучыць яго правільна падносіць мікрафон да дынамікаў панарамы, каб атрыманы, у выніку, дзікі свіст быў “па нотах”.

Думкі пра стварэнне нейкага “сучаснага” творчага ВНУ альбо хаця б адпаведнага факультэта ў структуры Акадэміі, якія лунаюць ужо вельмі даўно, без сумневу вартыя самага сур’ёзнага абмеркавання. Але наўрад ці ўзорам для пераймання ў дадзеным выпадку можна стаць Факультэт агітацыйнай крытыкі (скарочана — ФАК), які выступіў ініцыятарам выстаўкі. Баюся, яго праблемы з метадычным забеспячэннем заўважаць не толькі заскарузлыя бюракраты...

Ідэйны натхняльнік ФАК — колішні студэнт Акадэміі Сяргей Шабохін — бы камета ўварваўся ў тутэйшае арт-жыццё са сваёй зухаватай постмадэрнісцкай іроніяй. Прычым адна з прац, якая зрабіла яму імя — гэта акурат візуалізацыя руйнавання Акадэміі: з вокнаў “будынка з калонамі” валіць густы “фоташопны” дым. Таму пытанне, адкуль у такога дасціпнага ды інтэлектуальнага аўтара з’явіўся ўвесь гэты прамалінейны пафас даўно не дае мне спакою.

Каб зразумець, пра што выстаўка “Дыплом”, варта адгарнуць колькі старонак назад і завітаць на мультымедыйны каталог “Suchart”, выдадзены прыблізна той самай тусоўкай на інтэрнэт-лэйбле “34mag”. Там ёсць цэлая падборка маніфестаў, кожны з якіх чамусьці прысвечаны той ці іншай “афіцыйнай” арт-інстытуцыі: 1. Міністэрства культуры — падзяліць на рэгіянальныя арганізацыі; 2. Акадэмія мастацтваў (“Мы за кансалідацыю і стварэнне ўласнага інстытута”); 3. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва... 4. Нацыянальны мастацкі музей...

Рэтрансляваць і каментаваць усе гэтыя пасылы бадай бессэнсоўна. З той элементарнай прычыны, што ніякага “мы” (а гэты займеннік утрапёна згадваецца ў маніфесце), папросту не існуе. Ёсць пэўны кангламерат аўтараў, цікавых і розных, якія жывуць у розных кутках свету — ці Мінска, што, у прынцыпе, тое самае — ды часам нават не ведаюць адзін аднаго. Няма кансалідаванай арт-супольнасці, якая магла б артыкуляваць і вырашаць злабадзённыя для кожнага праблемы (пералічваць іх мы тут не будзем, бо яны навідавоку). Амаль няма artist run арганізацый ды ініцыятыў — як лакальных, так і маштабных. Няма (ну добра, гады ў рады...) праектаў з open call — магчымасцю для кожнага ахвотнага прапанаваць свае творы да ўдзелу. У выніку, маладняку папросту няма куды сунуцца. Амаль няма інфармацыйнага забеспячэння і крытычнага асэнсавання тых выставак і імпрэз, якім, усё ж, пашчасціла адбыцца. Альтэрнатыўнага адукацыйнага праекта (хаця б у фармаце адкрытых вечаровых курсаў) таксама няма.

Затое, ёсць інстытуцыйная крытыка. Бязлітасная і бессэнсоўная.

Вінаваціць у гэтым персанальна Сяргея Шабохіна было б кашчунна: ён акурат шчыруе ці не больш за каго-кольвечы. Але ўсё адно ўзнікае пытанне: на халеру лезці на чужую тэрыторыю, калі не атрымліваецца нават узараць свой уласны гарод? Балазе, у Акадэміі мастацтваў можна ж проста... не вучыцца. Не вучыцца — і ўсё! А іншыя хай вучацца там маляваць свае пейзажыкі.

Урэшце, на выстаўцы абмінутая і ці не самая вялікая, на мой погляд, праблема: пасіянарнасць саміх студэнтаў. На думку чалавека, які пастаянна “ўзорвае” Інтэрнэт у пошуку нейкіх праяў маладой арт-актыўнасці з прысмакам здаровага вар’яцтва і культуралагічнага нігілізму, яна недзе “ў радыюсе нуля”. Балазе, ёсць, з чым параўноўваць — з пакаленнем ужо згаданага Гены Хацкевіча плюс-мінус пару курсаў. Русава, Кашкурэвіч, Цішын, Глобус, Пушкін і шмат-шмат хто яшчэ вучыліся ў тым самым будынку з калонамі ў куды менш спрыяльны для індывідуальных творчых пошукаў час, чым цяпер. І што? Гэта перашкодзіла ім стаць асобамі?

Адсюль напрошваецца рэзюмэ: Акадэмія, пры ўсім сваім старанні альбо яго адсутнасці, не здатная ані запаліць агонь у пэўным месцы, ані яго пагасіць. Ды і ўвогуле — ці ёй належыць гэтая функцыя?

...Неспадзеўкі для ўсіх, падхаплю нітку, згубленую яшчэ на пачатку артыкула. Запытаў у сябра: а навошта кавярня аддала столькі каштоўнай арэнднай плошчы пад нейкі “сучарт”? І даведаўся, што прычын тут некалькі. Па-першае, прыцягненне наведвальнікаў праз нетрывіяльны імідж, і, па-другое, магчымасць атрымаць муніцыпальную датацыю як установа, што мае дачыненне да культуры. Перакананы: калі б падобных пляцовак у Мінску былі дзясяткі, многія са зламаных на палосах гэтага нумара дзідаў засталіся б цэлымі — альбо былі б пераробленыя на сельгасінвентар. Але само сабою нічога не зробіцца. І Акадэмія тут ні пры чым.

Ілья СВІРЫН