Маэстра і яго сад у квецені

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Ігар і Вольга Паліводы: дыялог праз 19 гадоў. Частка V
У гэтым нумары “К” працягвае знаёміць чытачоў са старонкамі дзённікавых запісаў вядомага беларускага кампазітара Ігара Паліводы ў фармаце віртуальнага дыялогу з яго ўдавой Вольгай Палівода. З гэтых старонак выглядае складаная натура маэстра з яго трапнымі ацэнкамі і вострым словам.

/i/content/pi/cult/541/11799/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у “К” №№ 18, 20, 23, 25.)

“Знаёмыя… Знаёмыя… Знаёмыя…”

В.П.: — У першай палове 1990-х беларуская эстрада трымалася на рэпертуары аўтарства Ігара Паліводы. Практычна ўсе сучасныя артысты, каго прынята называць “зоркамі беларускай эстрады”, пачыналі шлях на вялікай сцэне з песнямі Ігара. Кажу пра Ірыну Дарафееву, Іну Афанасьеву, Ларысу Грыбалёву, Тарыэла Майсурадзэ… Як бачыце, часта гэта тычыцца тых, хто працаваў у згаданы час у аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Нацыянальны ж фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне мала таго, што пачынаўся з тытульнага спеву аўтарства Ігара Паліводы, дык яшчэ і ягоныя праграмы атрымлівалі там годныя прэзентацыі, аўдыторыяй якім станавіўся, лічы, увесь горад. Ну і Гран-пры першага фэсту атрымала Ігарава песня “Па-над белым пухам вішняў” на верш Максіма Багдановіча з праграмы “Максім” у выкананні Алены Саўленайтэ. Журы тады падкрэслівала, што менавіта песня як твор атрымала найвышэйшы прыз, а не выключна яе канкрэтнае выкананне.

Урэшце, ацэнка Ігарам самога фестывалю не залежыла ад гэтых узнагарод.

І.П: “[…]

1993 год.

Пт. 11.6

А тут прыспеў ФЕСТЫВАЛЬ, […]. ПЕРШЫ ФЕСТЫВАЛЬ БЕЛАРУСКАЙ ПЕСНІ І ПАЭЗІІ ў Маладзечне. Грымнуў на fortissimo фанфарамі аркестра, і ўдзячны вой шматтысячнага натоўпу заглушыў цяжкую медзь.

На вялікую свежаагаблявную сцэну вываліў увесь рэспубліканскі песенна-паэтычны і міністэрска-спонсарскі бамонд-істэблішмэнт. Бамонд пашыхтаваўся ў некалькі няроўных шэрагаў, і пачалося нешта накшталт урачыстага партсхода. Заўважна не ставала чырвонага абруса і графіна.

Усё гэта мы з сужэнкай назіралі на хатнім тэлеэкране. […]

Потым было шмат усялякага. Адзін знаёмы твар змяняўся іншым знаёмым тварам, гэтыя знаёмыя твары, шырока адкрываючы рты, спявалі знаёмыя песні і знаёмыя словы, а ў аркестры гучалі знаёмыя аранжаменты. Усё было знаёмым. Гарэлка з куранём “табакі” ўсё не сканчаліся, і скончыліся яны адначасова з канцэртам, увянчаным жыццесцвярджальнай “Талакой”, якую падпявала рознааблічная і рознагалосая публіка.

Свята ўдалося.

[…]”

В.П.: — Калі запытаць людзей, дасведчаных у беларускай музычнай культуры, пра выбітных асоб на сучасным яе этапе, дык Ігара Паліводу называюць фігурай пад нумарам адзін. І таму хацелася б, каб песні і праграмы Ігара Паліводы гучалі, каб часцей знаходзілася месца для іх узнаўлення як у архіўных запісах, так і ў выканнанні сучасных артыстаў. І каб памяць пра кампазітара была жывая.

З удзелам групы энтузіястаў удалося зняць два дакументальныя фільмы пра кампазітара. Атрымлася ў мяне і зладзіць некалькі вечароў памяці Ігара, выпусціць зборнік з нотамі ягоных твораў. На вялікі жаль, не магу прыгадаць сталай практыкі выканання хаця б асобных нумароў з праграм цягам 19 гадоў з часу сыходу Ігара. Разам з тым, камерныя рэчы больш-менш гучаць, але гэта, скажам так, — не масавая культура.

“Кампазітар-цыклавік. — А?!”

В.П.: — Калі гучыць песня Паліводы, музыканты адназначна ўказваюць на яе непаўторнага аўтара. Ён у пэўным сэнсе здолеў быць мастаком-адзіночкай, які не імітваў і не капіраваў нікога — ні “Песняроў”, дзе нямала працаваў сам, ні іншых аўтараў. Ігар валодаў уласным музычным почыркам.

Мо з гэтай прычыны песні Ігара Паліводы складаныя, далёкія ад прынятага цяпер разумення музыкі як забаўкі. Не такое іх прызначэнне. Хаця ёсць у даробку кампазітара энергічныя, рытмічныя рэчы ў песенным жанры, яны ўсё роўна філасофскія па сваёй сутнасці. Над імі трэба задумвацца, разважаць. А ці ахвота нашаму сучасніку з нейкай нагоды хаця б прыпыніцца і азірнуцца? Наўрад ці… Разам з тым, абсалютна ўсе творы Ігара — выключна меладычныя. У той жа праграмнай творчасці Паліводы мноства песень якія проста прыемна паслухаць. У “Матчыным спеве” — “Зіма ўцякае начамі”, у “Беларушчыне” — “Мусіць, трэба было…” Гэты нумар асабіста я проста не магу чуць без слёз…

Дарэчы, пра гісторыю стварэння цыкла “Матчын спеў” на вершы Аркадзя Куляшова і пойдзе гаворка ў наступным фрагменце з дзённікаў Ігара.

І.П.:

“1993 год. Кастрычнік.

[…]

А тут акурат юбілей паэта Аркадзя Куляшова. Такі выпадак! Максім Адамавіч з Іванам Дамінікавічам ужо ашчасліўленыя, прыйшла чарга Аркадзя Аляксандравіча. А там, дасць Бог, і іншыя падаспеюць.

Вы ўжо не гнявіцеся, пашанотныя класікі. Час зараз цяжкі, трывожны, трэба неяк карміцца кампазітару ў росквіце гадоў, заваёўваючы падспудна сваю маленькую сумную вядомасць і месца ў асяродку падобных homo composerus. Не ўскрыўдуйце ўжо. Бульба цяпер такая, што і не ўкупіш, а хочацца іншым разам і шчэц з костачкай, і нават — чаго ўжо там! — чарачку ўзняць, вас памянуць. Мы таксама ўсё-такі якія-ніякія, таму не палічыце…

Ды што там, ядрона маць, цырымоніцца! Расшарквацца перад вялікімі. Паплюем на далоні — і наперад, дабраславячыся. Упершыню, хіба! Маэстра наш ужо зарадзіў тэлевізійнае адкрыццё фестывалю “МАЛАДЗЕЧНА-94” на манер мінулагодняга. Тады быў “Максім”. А раптам гэта стане добрай традыцыяй — адкрываць Фестываль маімі цыкламі?

КАМПАЗІТАР-ЦЫКЛАВІК. — А?!

Аўт. 26.10

Замест таго, каб тужыцца ў родах над нотнай паперай, мараю паперу простую. Што невымерна лягчэй. Чыркай сабе першае, што прыйдзе да галавы. Пра дранікі, пра ВЕГЕТАРЫЯНСТВА, музычны цэнтр OSAKA, пра СПІКЕРАЎ-прэзідэнтаў* (* Дарэчы, пра птушачак. Былы расійскі СПІКЕР у кампаніі Прэзідэнта-2 і некалькіх міністраў прыбывае ва ўзілішчы.)… Пра ўсё запар. А нотныя лісткі пустыя. Не дапамагаюць ні свежыя сасіскі, ні стэрэа-радыё, што ўзбадзёрвае, ні гарачы душ, ні моцны чай-кофій, ні нават Габрыэль Гарсія Маркес. Вершы народнага паэта БССР Аркадзя Куляшова ніяк не жадаюць натхняць на стварэнне новых песенных шэдэўраў. А слова ТРЭБА навісла над галавой, як цяжкая гразавая хмара. Баюся, давядзецца гэтым разам абысціся […] і накрэсліць штосьці ў духу ранняга Ігара Лучанка.

[…]

Дурная, няўдзячная работа. Песні давядзецца складаць не інакш, як на ранішнім стульчаку. Хаця і вядома мне, што здзяйсненне дзвюх аднолькава важных спраў адначасова да поспеху прыводзіць надзвычай рэдка.

[…]

Мяркуючы па ўсім, аднак, Маэстра наш […] дае замову, як на пашыў […] па гатовай выкрайцы: “Стары, ты ж майстар, чаго табе каштуе!”

Ну, ярмолкі-дранікі можна клішыраваць на аранжаментах твораў калег. Што і раблю з поспехам. З песенькамі ж засвоіць гэты метад пакуль не ўдаецца. Таму і песенькі ўсе атрымліваюцца НЯПРАВІЛЬНЫМІ. (Менавіта так казаў быў мне Генералісімус Ігар Лучанок: “Ты пішаш НЯПРАВІЛЬНЫЯ песні”. На што я спрабаваў неяк аджартавацца: “ПРАВІЛЬНЫХ песень шмат, няхай будзе некалькі няправільных”.)

Урэшце, ёсць магчымсць папрактыкавацца ў вырабленні ПРАВІЛЬНЫХ — на Аркадзю Куляшове. Ён быў ПРАВІЛЬНЫМ паэтам, і песні павінны быць ПРАВІЛЬНЫЯ. Аднаго баюся: справа гэта даволі заразная — сачыняць на стульчаку. Зацягвае. І можа стаць сумнавата, калі канчаткова перайду на ПРАВІЛЬНЫЯ зонгі.

Бо нехта ж павінен вымучваць і НЯПРАВІЛЬНЫЯ!

Чц. 28.10

Наша з Арк. Куляшовым праца, падаецца, ссунулася з мёртвай кропкі. Дзякуючы, вядома, пазаўчорашнім напружаным развагам на гэтых старонках.

Вас, Аркадзь Аляксандравіч, немінуча спасцігне той жа лёс, што і Вашых вялікіх папярэднікаў.

[…]”

 

***

Нагадаем пра запушчаны працэс стварэння і ўсталявання мемарыяльнай шыльды кампазітару на доме па мінскім адрасе, дзе ён жыў. Мэтазгоднасць праекта падтрымалі Інстытут гісторыі Нацынальнай акадэміі навук Беларусі і Мінгарвыканкам. Аднак паколькі бюджэтнае фінансаванне пад дадзены праект не закладзена, быў адкрыты дабрачынны рахунак (9004-Р/Дабрачынны рахунак BYR, аддзяленне 175 філіяла 529 “Белсувязь” 000033).

Падрыхтоўка і публікацыя дзённікавых запісаў Вольгі ПАЛІВОДА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах