Зноў сабраліся сябры!

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Шосты год запар месцам правядзення свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) застаецца маляўнічы бераг Дняпра ў аграгарадку “Александрыя”, што на Шклоўшчыне — на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Сёлета свята прайшло 4-5 ліпеня пад дэвізам “Днепр — рака сяброўства”.

/i/content/pi/cult/541/11795/3-1.jpgЛетась дзейства наведала больш за 50 тысяч чалавек. Сёлета Александрыя сабрала не менш, і кожнаму знайшоўся занятак па душы.

Вячэрнюю праграму з мюзіклам “Папараць-кветка” адкрыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. У сваёй прамове ён павіншаваў гасцей са святам Купалля, адзначыў, што беларускі народ не забываецца на свае песні, казкі, звычаі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ўжо не адну тысячу гадоў. “І гэта наша вялікае багацце, — упэўнены Прэзідэнт. — Гэта традыцыя па-сапраўднаму жыве да таго часу, пакуль убірае ў сябе нешта новае з дня сённяшняга”. Ён звярнуў увагу на тое, што “народная творчасць блізка ўсім, таму што яна ідзе заўсёды ад душы, ад самаго чалавека. Традыцыйнае народнае мастацтва самае дэмакратычнае. У ім ёсць месца кожнаму, хто прыклаў сілы і авалодаў сапраўдным майстэрствам”.

Ганчарства, кераміка, бісерапляценне, бондарства, вышыўка, карункапляценне, саломапляценне, разьба па дрэве і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадставілі на дынамічнай выстаўцы-продажы вырабаў майстроў з рэгіёнаў нашай краіны, а таксама Расіі і Украіны пад назвай “Каля дняпроўскіх вод — зноў купальскі карагод”! Тут жа ладзіліся майстар-класы па традыцыйных рамёствах. А сярод маладых майстроў быў праведзены конкурс “Залаты майстар”, у якім прыняло ўдзел 20 умельцаў Магілёўскай вобласці. Гран-пры конкурсу заваявала майстар па ткацтве Валянціна Туркіна з Асіповічаў. Дыпломамі I і II ступені ўзнагародзілі майстроў па саломкапляценні Наталлю Аўлысевіч з Горак і Юлію Жалабкевіч з Быхава, а дыплом III ступені ўзяў кераміст Мікалай Арлоў з Бабруйскага раёна.

Шматжанравыя кірункі мела канцэртная праграма “Сябрына ў Александрыі” з удзелам творчых калектываў з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці. Тут былі і тэатралізаваныя праграмы на основе фальклорнага матэрыялу, народныя песні, гульні, танцы. З асаблівым запалам народнай мудрасці гучалі народныя прыпеўкі і гумар. Прайсці міма іх, ня спыніўшыся, было проста немагчыма!

Таксама не давалі сумаваць мабільныя групы, якія спявалі, танцавалі, гралі на музычных інструментах непасрэдна на хаду, усяляк весялілі кожнага, каго сустракалі на сваім шляху, зацягваючы гасцей у карагоды і танцы, прапаноўвалі спяваць разам з імі прыпеўкі.

Адным з новых творчых праектаў сёлятняга свята стаў творчы праект “Купальскі пояс Магілёўшчыны”. Майстры па ткацтву з усіх рэгіёнаў вобласці пачынаючы з сакавіка працавалі над самым доўгім поясам: на сёняшні дзень яго даўжыня складае 35 метраў, а фрагменты адлюстроўваюць узоры ткацтва кожнага рэгіёна вобласці! І гэта яшчэ не канец: з кожным годам падчас свята “Купалля” ён будзе рабіцца яшчэ даўжэй. Кожны ўдзельнік свята меў магчымасць далучыцца да гэтага творчага працэсу.

У межах свята каларытна былі прадстаўлены “Свята сала”, “Свята мёду”, “Свята хлеба”, “Свята квасу”, “Гасцёўня Бульбаша” і г. д., у якіх праводзіліся дэгустацыі прадуктаў, розныя конкурсы, ну і, вядома, не абыйшлося без прыпевак, танцаў і гумару!

Як жа ж было абысціся без сімвала купальскага свята — вянка. Майстрыхі, якія плялі вянкі з жывых кветак і каласоў, занялі асаблівую нішу на гэтым свяце. Амаль кожная дзяўчына і нават некаторыя хлопцы мелі магчымасць упрыгожыць сваю галаву гэтым духмяны сімвалам Купалля.

У Год моладзі, дарэчы, фармат фестывалю быў акцэнтаваны на маладое пакаленне. На пляцоўцы ад БРСМ выступалі маладыя танцавальныя калектывы, бітбоксеры і іншыя прадстаўнікі сучаснай культуры.

Ганна ТУЗЯНКОВА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КАР

Фота аўтара і Алёны БЕЛАНОЖКА