"Мы ўсё добра ведаем"

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Амаль дырэктар клубнай сістэмы раёна, метадысты, кар'ерны прадзюсар пра будучыню ў культуры
198 студэнтаў і магістрантаў выпускалася сёлета з факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. “Ярка выражаныя лідары!” — не задумваючыся называе адметную рысу выпуску дэкан Мікалай Каралёў. І падмацоўвае словы фактамі: сярод юнакоў чатыры стыпендыяты спецыяльнага фонда Прэзідэнта, трое маюць іменыя стыпендыі Савета Міністраў і столькі ж — стыпендыі Савета ўніверсітэта, да ўсяго, двое вальсіравалі на выпускным Прэзідэнцкім балі. На факультэце ж імкнуцца да практыкаарыентаванай адукацыі, у аудыторыі запрашаюць дзяліцца вопытам лепшых прадстаўнікоў культурнай прафесіі, дырэктараў музеяў, тэатраў, філармоній. Большасць з абароненых дыпломаў — практыкаарыентаваныя, дзве трэці з іх атрымалі акты аб укараненні. Многія з гэтага выпуску студэнтаў пачалі супрацоўнічаць з установамі культуры ўжо з другога курса, таму яшчэ да заканчэння вучобы вызначыліся з працаўладкаваннем. На размеркаванне ж прэтэндавалі не толькі бюджэтнікі, але і пяць платнікаў. Пра будучыя месцы працы, першыя чаканні, хваляванні і планы ў без пяці хвілін маладых спецыялістаў пад час выпускнога балю ў Маладзёжным тэатры эстрады распытвала карэспандэнт “К”.

/i/content/pi/cult/541/11794/2-2.jpgКацярына ПАКРОЎСКАЯ, будучы педагог-арганізатар Брэсцкага тэатра лялек:

— У мяне ўся сям’я творчая. Тое дало мне штуршок, каб абраць гэты незвычайны творчы ўніверсітэт. Напярэдадні ўступнай кампаніі я прагледзела пералік прадметаў адукацыйнай праграмы і яны мяне вельмі зацікавілі: спрэс усё творчае, накшталт сцэнічнай мовы, рэжысуры культурна-дасугавых праграм, рэкрыацыйна-дасугавай дзейнасці — шмат іншых відаў і тэхналогій. Я не магу доўга сядзець на месцы, хацелася ўдзельнічаць ва ўсім, што прапаноўвала студэнцкае жыццё. Прынамсі, была валанцёрам у нашым студэнцкім клубе “Слон”. Мы праводзілі акцыі для дзяцей з малазабяспечаных сямей і дзіцячых дамоў, ездзілі ў рэабілітацыйныя цэнтры для малеч.

Ведаю, што ў Брэсцкім тэатры лялек вельмі ініцыятыўная дырэкцыя, ладзяць шмат імпрэз, прычым не толькі для ўласных гледачоў, але ўдзельнічаюць і ў гарадскіх мерапрыемствах. Я магу дапамагчы пісаць сцэнарыі. Мяркую, мой вопыт спатрэбіцца, каб праводзіць забаўляльныя імпрэзы для дзяцей.

Вікторыя АЛІФАНАВА, будучы педагог-арганізатар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта:

— Я марыла паступіць менавіта ва Універсітэт культуры і мастацтваў. Дзесяць школьных гадоў займалася харэаграфіяй, назірала, як праводзяць фестывалі і ладзяць выступленні прафесіяналы — і захацелася навучыцца такой справе. Паглядзіце: сацыякультурная сфера набірае абароты, ўсё больш спецыялістаў. Апошняе сведчыць, што мы запатрабаваны. Ды і праектаў узнікае больш: адпаведна, патрэбны людзі для іх. Я вывучала арганізацыю кулінарных фестываляў, прысвяціла гэтаму працэсу сваю дыпломную работу. Фестывалі дранікаў, сыру, смачнага блога… Кулінарных імпрэз з кожным годам становіцца ўсё больш. Беларусы пазычаюць пэўны вопыт і за мяжой, карэлююць з нацыянальнымі здабыткамі, мадэрнізуюць усё гэта. Згаданае паказвае: цікавасць да самабытнай культуры ў нашай краіне набірае абароты.

Атрымала спецыяльнасць мэнеджара міжнародных культурных сувязей і накіроўваюся адпаведна ёй у інтэрнат для замежных студэнтаў БДЭУ. Мяркую, што першым маім заданнем станецца падрыхтоўка сустрэчы першакурснікаў-замежнікаў. Планую ладзіць у інтэрнаце дні беларускай культуры для туркменаў і, адпаведна, дні туркменскай культуры.

Крысціна ЛАПІНА, будучы дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці:

— Я ніколі не шкадавала, што паступіла на спецыяльнасць “Міжнародныя культурныя сувязі”. Хутка стала зразумела, што мне больш падабаецца навуковая плынь гэтай сферы, пачала актыўна ўдзельнічаць у навуковых канферэнцыях. Я сама з Мсціслава, знаёмая з дырэктарам ЦКС нашага раёна, таму добра ўяўляю сабе будучую работу, разумею, што мяне чакае.

Мяркую, буддзе складана па першым часе, я ж адразу прыходжу на адказную пасаду, але ў мяне павінна атрымацца, бо чалавек я гіперадказны. Верагодна, спачатку спатрэбіцца навучыцца правільна растаўляць прыярытэты. Па родным горадзе бачу, што ў рэгіёнах у сферы клубнай сістэмы мора рэчаў, якія было б няблага змяніць. Напрыклад, час адпачынку я б ацаніла на “троечку” па дзесяцібальнай сістэме: мала чаго робіцца для моладзі. Ва ўніверсітэце ж мы мелі добры практычны складнік, мяркую, многае спатрэбіцца, каб крыху змяніць сітуацыю. Галоўнае, каб для гэтага былі магчымасці.

Святлана ПЕРЭЗ ТАВАР, будучы супрацоўнік Белдзяржфілармоніі:

— Размеркаванне для мяне не стала неспадзяванкай: я ўжо паўгода супрацоўнічаю з Белдзяржфілармоніяй, размеркавалася туды ж. На пасадзе графічнага дызайнера раблю афішы для Малой і Вялікай залы, ведаю законы, крокі і правілы правядзення рэкламнай кампаніі ўстановы, навучылася складаць медыяпланы. Бясспрэчна, у нашай культуры высокі ўзровень, але я бачу, што ёй бракуе высокаякаснай рэкламы, сучасных эфектыўных спосабаў прасоўвання. Спадзяюся са сваёй адукацыяй зрабіць унёсак у развіццё гэтага кірунку. Лічу, што самым карысным досведам ва ўніверсітэце стала ўменне лагічна мысліць. ВНУ дае шырокі спектр ведаў, але ж іх яшчэ патрэбна аналізаваць, навучыцца ў любой сітуацыі знайсці патрэбную інфармацыю і правільна яе выкарыстаць.

Таццяна СМАРШЧОК, будучы спецыяліст Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы:

— Я прайшла ў магілёўскім метадцэнтры невялікае сумоўе. Буду займацца працай па спецыяльнасці — міжнароднымі праектамі. Дзейнасць у гэтай установы сапраўды вельмі актыўная, ажыццяўляецца шмат міжнародных акцый, накшталт “Залатой пчолкі”, “Славянскага карагода”, “Вянка дружбы”… Мне нават прапанавалі ўзняць узровень англійскай мовы, таму час канікул я прысвячу лінгвакурсам. Магілёўскі цэнтр — адно з самых цікавых месцаў у вобласці, дзе можна выявіць сябе ў сферы культуры. Я жыла ў вёсцы Бабруйскага раёна, бачу, што ў рэгіёнам вельмі патрэбны ініцыятыўныя людзі, якія будуць імкнуцца зрабіць жыццё моладзі цікавейшым.

Паліна ПАНАМАРОВА, будучы мастацкі кіраўнік Падлескага СДК Слуцкага раёна Мінскай вобласці:

— Я сама з Мінска. Калі, як не ў 20 гадоў, паспытаць новае, адпачыць ад гарадской мітусні і паспрабаваць прасунуць ініцыятывы ў вёсцы. У Падлесскім СДК шыкоўная зала, ёсць апаратура. Аднак мне падаецца, што не выкарыстоўваюцца ў поўнай меры ўсе магчымасці. Не хапае маладёжнага адпачынку, нестандартных форм, якія развітыя ў сталіцы. Тыя ж антыкавярні з улікам, вядома ж, асаблівасцей сельскай мясцовасці можна зрабіць і тут, прычым яны будуць карыстацца попытам. Патрэбны клубы па інтарэсах ці аматарскія тэатры з сучасным рэпертуарам, неабходна выкарыстоўваць магчымасці для запісу музычных кампазіцый. Разумею, што ў поўнай меры нельга калькіраваць сталічную сістэму, неабходна адаптаваць шмат што пад мясцовы менталітэт. Мяркую, неабходна рабіць упор на аматарскую творчасць, на ініцыятыву. Менш захадаў з-пад палкі, больш пошуку ўнутрага імпульсу. Упэўнена, пачынаць неабходна з супрацоўніцтва з мясцовай школай, зацікавіць старшакласнікаў. Пэўна, ёсць творчыя людзі сярод моладзі, якім ўжо надакучыў састарэлы рэпертуар, таму неабходна знайсці новыя магчымасці для прымянення іх таленту. Тады, дарэчы, узнікне і дадатковы стымул заставацца ў сваёй мясцовасці.

Уладзіслаў ПАЛЯНСКІ, будучы дырэктар Падлесскага СДК Слуцкага раёна Мінскай вобласці:

— Ужо намеціў першыя крокі. Усё ж ва ўніверсітэце мы праводзілі нямала мерапрыемстваў — нават гарадскіх, рэспубліканскіх. Напрыклад, я быў у камадзе, што арганізоўвала канцэрт джаз-бэнда з Венесуэлы на адной са сталічных пляцовак. У плане мэнеджмента, арганізацыі, сістэмы мы ўсё добра ведаем, практыкавалі, умеем. Будзем скарыстоўваць на практыцы на новым месцы. Мне хацелася б крыху пашырыць штат. На дадзены момант там усяго тры чалавекі, а неабходна дадаткова знайсці кіраўнікоў гурткоў па інтарэсах. Можна арганізаваць кінатэатр, каб адпачынак мясцовых жыхароў быў больш разнастайным. Я сам з Жодзіна, але новага месца не баюся. Я туды ўжо з’ездіў, агледзеўся, бачыў жыллё, што прадастаўляюць маладым спецыялістам. Умовы вельмі добрыя! У першую чаргу радуе, што СДК — вялікі двухпавярховы адрамантаваны будынак, дзе велізарнае поле для дзейнасці. Галоўнае, мець усё своечасова і каб была падтрымка мясцовых улад. А астатняе залежыць ад нас саміх — было б жаданне і энтузіязм.

Настасся БАТУРА, будучы выкладчык кафедры менеджменту БДУКіМ:

— Я прыехала паступаць у сталіцу з Брэста. Атрымалася вельмі цікава: спачатку я вучылася на факультэце інфармацыйна-дакументальных камунікацый. Дзякуючы Мікалаю Каралёву, зрабіла ўсё магчымае, здала 12 прадметаў акадэмічнай розніцы і на другі курс перайшла на гэты факультэт. І не секунды не шкадую, бо менеджмент сферы культуры — гэта тое, што ў кожнай маёй клетачцы. За час вучобы ўдалося ажыццявіць больш за 35 аўтарскіх праектаў. Верагодна, самы буйны праект, які перарос у нешта больш значнае, — гэта Цэнтр маладзёжных практык крэатыўных рашэнняў “Канструктар”, што вырас з праекта маладзёжных ініцыятыў “Канструктар: будуем універсітэт мары”. У ВНУ з’явіўся новы фірмовы стыль, маецца новы брэнд універсітэцкай газеты, новы промаролік БДУКіМ. Большасць праектаў было скіравана на падтрымку таго сектара, дзецей, якія знаходзяцца ў сацыяльных прыютах, школах-інтэрнатах, дзе дзецям патрабуецца ментарская падтрымка.

Пад час вучобы я знайшла грант ад Дзярждэпартамента ЗША. Дзякуючы вялікай падтрымцы з боку ўніверсітэта, змагла выехаць на год на стажыроўку ў Амерыку і вучыцца там на тэлепрадюсэра. Па вяртанні змагла ажыццявіць атрыманы вопыт у alma mater. Прынамсі, запрацаваў праект кар’ерных магчымасцей “Працавіта”, у межах якога 80 студэнтаў нашага факультэта атрымалі магчымасць прайсці кар’ерна-адукацыйны тыдзень з найлепшымі трэнерамі Мінска па мэтапалажэнні, самапрэзентацыі, юрыдычных пытаннях, звязаных з прафесіяй і напісаннем рэзюме. Пасля гэтага ім прапанавалі “кар’ернае вар’яцтва”, у межах якога яны змаглі паспытаць сваё рэзюме на рэальных HR. Усё скончылася кірмашом вакансій, у якім удзельнічала 27 кампаній у сферы культуры: вядучыя event-агенцтвы, прадюсарскія і забаўляльныя цэнтры — усё, што судакранаецца з нашай дзейнасцю.

На кафедры менеджменту пад кіраўніцтвам Ірыны Смарговіч я буду весці практычныя заняткі па індустрыі адпачынку. Шчыра кажучы, у статусе выкладчыка для мяне будзе самым важным дапамагчы студэнтам зразумець, што менавіта яны хочуць зрабіць у сферы культуры. У наш універсітэт не прыходзяць выпадковыя людзі. Яны разумеюць, што хочуць быць у сферы, але не заўсёды даклана разумеюць, якую нішу могуць заняць. У БДУКіМ даецца вельмі шмат магчымасцей. Ты можаш атрымаць прафесію менеджара — і быць прадюсарам, піяр-менеджарам, менеджарам калектываў, займацца рэкламай, галерэйным бізнесам, вучыць студэнтаў складаць праекты. Я абараніла магістарскую на тэму сацыякультурных тэхналогій прафесійнага самавызначэння моладзі. Буду імкнуцца дапамагчы моладзі самастойна прыняць рашэнне на падставе іх унутраных дэтэрмінант, таго, кім яны хочуць стаць у жыцці. Мару займацца ў будучым кар’ерным прадзюсарствам.

Факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці можа ганарыцца самым вялікім конкурсам ва ўніверсітэце. У мінулым годзе за кожнае сведчанне студэнта спаборнічалі 3,5 чалавекі, на некаторыя спецыяльнасці планка ўзнімалася да планкі 5,5 абітурыентаў на месца. Часта парог пачынаўся з 280-320 балаў па выніках ЦТ. Як правіла, сюды паступае моладзь, якая добра ўяўляе, куды яна ідзе — а гэта ўжо палова поспеха для будучага спецыяліста і лепшае падтрымка для выкладчыкаў. Хочацца верыць, што імпэту, з якім студэнты ажыццяўлялі падчас вучобы праекты і імпрэзы, а зараз збіраюцца на працоўныя месцы, знойдзецца прымяненне ў сталічных і рэгіянальных установах культуры.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"