Дубровеншчына, Гродзеншчына, Ушаччына, Шчучыншчына...

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

На людным месцы: аглядавая пляцоўка

/i/content/pi/cult/540/11782/10-2.jpg

Дубровеншчына / Салаўіныя трэлі

27 чэрвеня Дуброўна Віцебскай вобласці прымала ўдзельнікаў першага ў рэспубліцы Конкурсу майстроў традыцыйнай свістулькі “Салавейка”, які праходзіў у рамках Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.

Нездарма месцам правядзення конкурсу стаў менавіта гэты горад на Дняпры: сімвалам фестываля з’яўляецца салавей. Дубровенская зямля здаўна славілася сваімі глінянымі промысламі, раней тут існавалі цэлыя кварталы з майстэрнямі. На вуліцы Ганчарная жыла вядомая майстрыха Ганна Марачова. Яе работы — “марачоўскія” конікі, птушкі і іншыя персанажы — былі вядомы далёка за межамі Віцебскай губерніі. Калекцыі яе прац маюцца ў музеях Мінска, Масквы і Санкт-Пецярбурга. Сучасныя ж майстры Дубровеншчыны працягваюць традыцыі майстрыхі, захоўваюць характэрныя знешнія і гукавыя асаблівасці.

Старшыня журы конкурсу, прафесар, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута адзначыў, што кожная свістулька нешта сімвалізуе. Так, напрыклад, Конь — галоўны сімвал сонца і абярэг, Мядзведзь — сімвал магутнасці, абуджэння прыроды, Баран, Карова — багацце, урадлівасць, Алень — сімвал дабрабыту, Жаваранак жа нясе на крылах вясну. Наогул, Птушка — сімвал радасці, шчасця.

Першы конкурс сабраў 16 ўдзельнікаў з 8 раёнаў вобласці, а таксама майстроў з нашай Магілёўскай і суседняй расійскай Смаленшчыны. Гран-пры атрымаў сябра Саюза майстроў народнай творчасці Мікалай Пратасеня, Першае месца за Алесяй Аўчыннікавай з Бешанковіцкага раённага Дома рамёстваў, Другое заняла майстар з Дуброўна Людміла Чарвінская, а прыз за Трэцяе месца ў касцюковіцкага майстра Віктара Бацаленкі. Таксама былі вызначаны пераможцы ў чатырох намінацыях “Лепшая дамашняя калекцыя”, “Творчы дэбют”, “Аўтарскі падыход у вырабе свістулькі” і “Захаванне народных традыцый”.

Цягам конкурсу ўсе ахотныя маглі прыняць удзел у майстар-класах і паназіраць за працай прафесіяналаў, дзівячыся таму, як звычайны камячок гліны можа стаць маленькім творам мастацтва.

Ірына ШАЦІЛА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці 

Фота аўтара

Гродзеншчына / Спявае Панямонне

У Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылася прэзентацыя кнігі “Гродзеншчына спяваючая” Марыны Петуховай і Марка Копа, якую ладзіў аддзел краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага.

Да кнігі вельмі добра стасуецца слова “першая”. Упершыню не толькі на Гродзеншчыне, але і ва ўсёй Беларусі з’явілася даследаванне па гісторыі станаўлення і развіцця харавой культуры рэгіёна. Выданне засведчыла і наяўнасць першай творчай дынастыі даследчыкаў на гродзенскіх землях: бацька і дачка, падрыхтавалі ўнікальную кнігу, якая, не паспеўшы выйсці, адразу ж стала бібліяграфічнай рэдкасцю.

Амаль 30 гадоў Марк Аляксандравіч узначальваў Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, 10 гадоў выкладаў у абласным культасветвучылішчы, а ў яго кампазітарскім багажы каля дзвюх соцень песень. У 1993 — 1998 гадах Коп быў абраны старшынёй Рэспубліканскага Савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці пры Інстытуце праблем культуры. Таксама Марк Аляксандравіч — ініцыятар і кіраўнік клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадцэнтра.

Марына Аляксандраўна працавала артысткай хора Белдзяржтэлерадыёкампаніі, Гродзенскай капэлы, з 1998 года — выкладчык харавых дысцыплін Гродзенскага музычнага каледжа. У 2008 годзе яна стала лаўрэтам прэміі імя Аляксандра Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Настаўнік года”. Яе стараннямі быў створаны Маладзёжны акадэмічны хор “Акварэль” (ён мае статус “народнага”) і на працягу васьмі гадоў Марына Маркаўна была мастацкім кіраўніком і дырыжорам калектыву. Выхаванцы Марыны Маркаўны па класу вакалу і пастаноўкі голасу неаднаразова станавіліся пераможцамі міжнародных конкурсаў.

Кніга “Гродзеншчына спяваючая” — своеасаблівы экскурс па старонках гісторыі харавога мастацтва нашага краю яна дае магчымасць пазнаёміцца з лепшымі харамі рэгіёна, з геаграфіяй іх міжнародных гастроляў, шматлікіх фестываляў і конкурсаў. Упершыню асвятляецца роля інстытуту шэфства вядомых дзеячаў культуры, спецыялістаў АДНТ, ДМШ, сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў над мастацкімі калектывамі. Асобныя раздзелы апавядаюць пра візітоўкі харавога мастацтва Гродзеншчыны: Дзяляціцкую народную харавую капэлу, Запольскі народны хор, народны ансамбль песні і танца “Нёман”. Асаблівая ўвага надаецца фарміраванню гродзенскай вакальна-харавой і кампазітарскай школы. На старонках кнігі паўстаюць творчыя партрэты выбітных хормайстараў і кампазітараў.

Любоў ТУРМАСАВА, загадчык аддзела краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага

Ушаччына / І ткачы, і разбяры…

У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці працуе выстаўка народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне” Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Клуб пачаў сваю дзейнасць з 1993 года, калі майстроў Ушаччыны ўпершыню запрасілі паўдзельнічаць у “Горадзе майстроў” пад час правядзення “Славянскага базару ў Віцебску”. З таго часу і склаўся калектыў, у які сёння ўваходзіць 28 адмыслоўцаў. Яны займаюцца саломкапляценнем, разьбой па дрэве, ткацтвам, вышываннем, выцінанкай, жывапісам і іншымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У 1996 годзе клубу народных майстроў і самадзейных мастакоў было прысвоена званне “народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. З 2009 года яго кіраўніком з’яўляецца Ала Кузусёнак, якая праводзіць мноства экспедыцыйных паездак для збору звестак пра народных умельцаў Ушацкай зямлі.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці 

Шчучыншчына / “Псалтыр” з бібліятэкі-музея

Куляшоўская бібліятэка-музей сялянскага побыту — адна з многіх на шчучынскай зямлі, што займаецца краязнаўчай дзейнасцю ды адраджэннем культурнай спадчыны. Установа створана яшчэ ў 1949 годзе ў хаце мясцовай жыхаркі Антаніны Круповіч. Загадчыцай працавала Ніна Грыцько. Ішоў час, мяняліся будынкі ўстановы і яе работнікі…

Лёс бібліятэкі вызначыўся толькі ў 1975-м, калі яе канчаткова перанеслі ў калгасную хату, у якой культасветустанова існуе і па сённяшні дзень. З ліпеня 2007 года яна рэарганізавана ў бібліятэку-музей сялянскага побыту, установу, якая сумяшчае ў сваёй дзейнасці функцыі бібліятэкі па абслугоўванні насельніцтва літаратурай і задачы грамадскага музея па прапагандзе культурнай гістарычнай спадчыны. Працуе ва ўстанове Людміла Павядайка.

У зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзіць 23 вёскі, дзе пражывае 704 чалавекі. Бібліятэкай-музеем карыстаецца каля 500 чалавек, штогадовая ж кнігавыдача складае больш за 8 тысяч асобнікаў.

Цягам многіх гадоў Людміла Мікалаеўна старанна збірае краязнаўчыя матэрыялы: успаміны старажылаў вёскі, фотаматэрыялы, дакументы па яе гісторыі, а таксама пра калгас, удзел землякоў у Вялікай Айчыннай вайне. У летапісе вёскі ёсць гістарычныя даведкі, таксама запісаны падзеі перыяду ўстанаўлення Савецкай улады, стварэння гаспадаркі, сабраны матэрыялы па вуснай спадчыне: народныя песні, прымаўкі, казкі.

Прыходзіць наведвальнік, выбірае кнігі, потым абавязкова завітвае ў музей. А тут ёсць вельмі цікавыя рэчы: куфэрак з аддзеннем, лапці, плеценая калыска, прылады для часання лёну і для таго, каб кудзелю прасці. А на палічцы — збаны ды лыжкі, гаршкі ды міскі. І самае ўнікальнае, што ёсць у музеі, — старажытная кніга “Псалтыр”.

Таццяна СОСНА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай ЦБС

Фота аўтара