Карысць бурбалак

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Нават цэтлік з беларускім арнаментам...
Сёння мы працягваем гаворку пра культуру Дзятлаўшчыны. Калі вы памятаеце, яна пачалася з таго, што ў раёне максімальна выкарыстоўваецца любы рэзерв для выканання немалога плана па аказанні платных паслуг. Ёсць у аддзела, аказваецца, не толькі батуты, але і электронны цір. Спрабавалі работнікі культуры набыць у пазабюджэтны дадатак абсталяванне для надзімання шарыкаў геліем і для вырабу поп-корна. Але, прагназуючы камерцыйную сітуацыю, высветлілі, што тэхнагляд пры такім раскладзе жыць спакойна ўстановам культуры не дазволіць. Прыватніку, як паказвае практыка, тут разварочвацца прасцей: патрабаванняў і забарон менш. Мы з гэтым, дарэчы, пад час аўтатураў пастаянна сутыкаемся… Можна бясконца разважаць пра ганебнасць залішняй камерцыялізацыі і яе залатую сярэдзіну ў дзейнасці клубаў, бібліятэк ды музеяў. Ясна адно: калі раёну даведзены план, значна павялічаны ў параўнанні з леташнім, яго, як ні круці, неабходна выконваць. Працоўную дысцыпліну, прынамсі, ніхто не адмяняў. Дык вось, план пазабюджэту на Дзятлаўшчыне выконваецца, як нам падаецца, з максімальным стараннем. Але гаворка ў артыкуле — не толькі пра гэта…

/i/content/pi/cult/540/11781/10-1.jpgСола для дуэта

Пераначавалі ў дзятлаўскім гатэльчыку “Дзядзька Ваня”. Файна. Праўда, так і не высветлілі, якое дачыненне мястэчка мае да чэхаўскага персанажа… Зранку адправіліся да радзівілаўскай сядзібы, што месціцца ў двары мясцовай бальніцы. Пісалі пра гэты старадаўні будынак неаднойчы. Менавіта тут мясцовыя ўлады мелі намер размясціць культурны цэнтр. Нічога не змянілася за апошнія гады. Хіба што сцены колішняй рэзідэнцыі сталі больш абшарпанымі. Усё зразумела: грошай няма.

Пазнаёміліся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандрам Камаровым. Ён — з ідэолагаў. Колішні начальнік аддзела культуры Васіль Шыцько, прафесійны музыкант, — цяпер намеснік Камарова. Тандэм, як нам падаецца, вельмі магутны. Першы — арганізатар і стратэг. Пры гэтым перакананы, што калі нават крамны цэтлік будзе з нацыянальным арнаментам, тады ідэалогію цяжка будзе абвінаваціць у бяздзеянні. Другі — таксама арганізатар-практык са стажам, цудоўна ведае, як з максімальнай карысцю выкарыстаць наяўны творчы патэнцыял. Вось так і саліруюць дуэтам. Гаспадарчае і творчае знітавана ў адзінае цэлае.

Як жа вырашаецца праблема матэрыяльна-тэхнічнай базы (згадайце хаця б ДК Наваельні з пячным ацяпленнем, пра які пісалі ў папярэднім артыкуле)? Кіраўнікі аддзела распавялі пра тое, што наваельненскія пярэбары клуба ў будынак крамы не маюць асаблівага сэнсу. Прыблізна такі ж эксперымент быў праведзены калісьці ў Казлоўшчыне. Праектна-каштарысная дакументацыя каштавала столькі, што ахвота эксперыментаваць знікла надоўга. Лепш замяніць дах у ДК Наваельні. Гаспадарчая група зоймецца гэтым тады, калі вызваліцца ад клопатаў, звязаных з падрыхтоўкай да абласных дажынак. А раённыя тры апошнія гады ладзяцца па аграгарадках. Гэта дае магчымасць давесці да ладу ўстановы культуры. Цяпер праблем няма ў Раклевічах, Жукоўшчыне, Хвінявічах…

І нескладаны вывад: на вялікі жаль, яшчэ не паўсюль па раёнах ідэалогія і культура саліруюць суладным дуэтам.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Ідэалогія, на мой капыл, толькі тады набывае сэнс, калі ідэя прысутнічае. І не абы-якая, а нацыянальная. На Дзятлаўшчыне, як мы пераконваемся не першы раз, названая ідэя прысутнічае напоўніцу. Ніхто не займаецца цэнзурай сцэнарыяў, ніхто не адшуквае таго, чаго няма. Замест гэтай “паказальнай” мітусні прысутнічае канкрэтная выніковая павага да нацыянальнай культуры і роднай мовы. Шкада, але далёка не паўсюль такое назіраецца.

Аўтабібліятэка, добры дзень!

А цяпер — пра творчы складнік… Высветлілі, што бібліобус Дзятлаўскай райбібліятэкі толькі што выехаў з райцэнтра і згодна з графікам скіраваўся ў вёску Хадзяўляны. Кінуліся наўздагон. Паспелі. Бусік спыніўся на вясковай вуліцы. Яго ўжо чакалі чытачы. Значыць, усё — па графіку.

Сёння з бібліятэкарам аддзела абслугоўвання Нінай Маліка і бібліятэкарам Святланай Магера вырашыла праехаць на бібліобусе і дырэктар райбібліятэкі Святлана Касцюк. Расказваем ёй, як летась у пэўных вёсках Дзятлаўшчыны нам скардзіліся на тое, што даўно не прыязджае аўтабібліятэка. Дзяўчаты працягваюць нам графік працы аўтабібліятэкі на чэрвень. У ім — 61 вёска. На дзень прыпадае ў сярэднім па 5-6 паселішчаў. Графік, сапраўды, надзвычай шчыльны і не дазваляе расслабіцца. Дзяўчаты смяюцца: “Вяскоўцам, натуральна, хочацца, каб мы завітвалі да іх штодня. Але не атрымаецца”.

Як працуе аўтаклуб, мы бачылі неаднаразова. А вось за аўтабібліятэкай у палявых умовах яшчэ не назіралі. (Чым не доказ таго, што з перыядычнасцю выездаў існуюць тут праблемы хутчэй агульнарэспубліканскага маштабу?) Выкарыстоўваем шчаслівы шанц. Чытачка Алена Грэцкая раней кіравала фермай, цяпер — пенсіянерка, у кніжнай чародцы яна першая. Доўга выбірае чытво. Кожная скрынка, дарэчы, мае жанравыя ўказальнікі на роднай мове. Ды яшчэ і бібліятэкаркі парадамі дапамагаюць. Грэцкая задаволена. Хоць і лета, грады ўвагі патрабуюць, але і для чытання час заўжды знойдзецца. Так што Алена Мікалаеўна — чытачка пажыццёвая і дасведчаная. Такія для бібліятэкараў — на вагу золата.

Мы ж цяпер ведаем, як павінен працаваць бібліобус.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Анатановіча

Пабачыўшы ўпершыню ў жыцці бібліобус, пераканаўся, што ў такім фармаце (некалькі скрынак з кнігамі ў звычайным мікрааўтобусе) ён ніколі не зможа замяніць стацыянарную бібліятэку. Не кажу пра асветніцкую працу (зразумела, што на яго базе не створыш краязнаўчае фарміраванне ці клуб чытальнікаў) — усяго толькі пра кнігавыдачу гаворка. Можа, у такой сітуацыі варта было б прапаноўваць у якасці платнай паслугі электронныя кнігі з магчымасцю арэнды рыдараў ці планшэтаў? І часта не трэба прыязджаць у аддаленую вёску, і асартымент друкаваных кніг можна не павялічваць. А пакуль у якасці рэкламы сваіх твораў маладым беларускім пісьменнікам хочацца прапанаваць хаця б некалькі разоў на год праехацца з бібліобусам. Пераканы, ім будзе цікава даведацца пра попыт на іх кнігі ў сельскіх жыхароў.

“Сектар” у Хвінявічах

Закарцела паглядзець, як адрамантаваны клуб у Хвінявічах. Адрамантаваны цудоўна! Ягоны кіраўнік Алена Сіўка яшчэ не прызвычаілася да таго, што кіруе “сектарам па арганізацыі дасугу “Хвінявіцкі дом культуры”. У кожнай вобласці — свае экзоты, народжаныя аптымізацыяй. Нас жа зацікавіла іншае, сапраўды карыснае для калег Алены Іосіфаўны з іншых абласцей. Справа ў тым, што “сектар” не мае праблем з наладжваннем начных дыскатэк для падлеткаў. Мы вельмі здзівіліся. Звычайна, чуем з нагоды забароны начных дыскатэк толькі скаргі і просьбы вырашыць праблему на міжміністэрскім узроўні. А тут — ніякіх енкаў!

Вось хвінявіцкі дыскатэчны “рэцэпт”: правядзенне разавых начных мерапрыемстваў санкцыянуюць старшыня сельсавета Аляксандр Ядзейка і ўчастковы інспектар Сяргей Шпакоўскі. У выніку дыскатэкі ладзяцца раз на месяц ды у святочныя дні. І ніякіх забарон! Можа, і ў іншых, рэгіёнах асмялеюць?

Так што гадавы план па аказанні платных паслуг — сорак мільёнаў рублёў — выкананы ўжо роўна напалову. Хутка ў Хвінявічах і батут з’явіцца. Чым большы план — тым больш крэатыву ў дзейнасці. У працяг гэтай высновы Алена Сіўка паведаміла, што днямі ў клубных сценах “сектара” прайшоў аншлагавы (чытай — эканамічна выгадны) спектакль БГТРЛ. Пра дадзеную крэатыўную цікавостку — гаворка асобная. Работнікі культуры тых раёнаў, дзе ўсё, як і ва ўсіх, увага!

Што такое БГТРЛ?

Гэта Беларускі гульнявы тэатр роставых лялек, заснаваны Іванам Каско. Мы пісалі пра ягоны праект, калі ён толькі пачаў ажыццяўляцца. Але паўтарэнне — маці навучання (у дадзеным выпадку — практыкаарыентаванага). Таму нагадваем, што Іван Каско — намеснік дырэктара Дзятлаўскага Цэнтра культуры і народнай творчасці па камерцыйнай дзейнасці. Тая сітуацыя, калі пасада з дакладнасцю перадае сутнасць справы, якой нястомна займаецца Іван Іванавіч. Летась ягоная ініцыятыва прынесла аддзелу 120 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. А цяпер патлумачым, як гэта адбылося.

Каско кіруе ўзорнай тэатральнай студыяй “Мелодыя душы”. Студыя мае на сёння два адгалінаванні: узорны гульнявы тэатр роставых лялек і тэатр мыльных бурбалак. З імі “камерцыйны” намеснік (не блытаць з індывідуальным прадпрымальнікам!) гастралюе па ўсёй краіне. Так і пазіцыянуе свае самадзейныя тэатры, дзе акцёрамі — школьнікі: “35 роставых лялек могуць упрыгожыць любое ваша свята, прыехаць у любую кропку Беларусі, правесці ўрокі па правілах дарожнага руху, музычныя спектаклі, дні нараджэння і г.д.” Перавага, натуральна, аддаецца свайму раёну. А ў любую кропку тэатры накіроўваюцца пасля ўзгаднення з аддзелам і так, каб гастролі не заміналі артыстам вучыцца ў школе. Што, такая пастаноўка справы ўражвае? А інакш і быць не можа. Ну не існуе больш у Беларусі тэатра роставых лялек.

Менавіта з гэтай прычыны Іван Каско называе яго “Беларускім”, настойліва адстойваючы гэту прыналежнасць яшчэ і з той прычыны, што можа прапанаваць гледачу дзеі на беларускай мове.

Калі казаць пра канкрэтны спектакль, скажам, у Слуцку, збор з прадстаўлення, дзе і лялькі былі, і бурбалкі, склаў 20 мільёнаў рублёў, у Старобіне — чатыры мільёны. Канешне, ладная частка заробленых сродкаў вяртаецца “Мелодыі душы” ў выглядзе сучаснай апаратуры, што цалкам заканамерна. Вось такая бухгалтэрыя. Быць першым заўжды цяжка, але эканамічна выгадна.

Як сам Іван Каско кажа, яму да пенсіі — аж 15 гадоў. І ёсць у яго запаветная мара: адкрыць прафесійны тэатр. Як вы думаеце, здзнейсніцца задуманае?

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Аўтатуры не перастаюць нас здзіўляць. Падаецца, і пісалі мы пра Беларускі гульнявы тэатр роставых лялек, аднак з гадамі не прыйшла справа ў заняпад. Праект развіваецца, становіцца ўсё больш самадастатковым. І хто пасля гэтага стане сцвярджаць, што ў індывідуальнага прадпрымальніка больш ініцыятывы, чым у дзяржаўнага служачага? Галоўнае — творцам застацца пры любых жыццёвых сітуацыях. Тады нават ад мыльных бурбалак толь немалы будзе. Дарэчы, цяпер кожная бурбалка ў тэатра ўтрымлівае невялічкі агеньчык. Ніколі такога не бачылі. А вы?

Фота аўтараў

Мінск — Дзяржынскі раён Міншчыны — Карэліцкі, Дзятлаўскі, Мастоўскі раёны Гродзеншчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"