“Мы былі моцныя духам...”

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Партызанская адысея Леаніда Дробава
У аўтабіяграфіі (ад 10 студзеня 1994 года) пра сваю маладосць Дробаў піша: “З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у партызанскім руху. Спачатку як сувязны, а з 1943 года — як баец атрада №752 I-ай Бабруйскай партызанскай брыгады. Пасля злучэння ў 1944 годзе з войскамі Чырвонай арміі, якія вызвалялі Беларусь, Леанід Дробаў трапіў у дзеючую армію.

/i/content/pi/cult/540/11780/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у № 26.)

Некаторы час працаваў як вольнанаёмны ў ваеннай часцы №25725, а потым як салдат тэрміновай службы ў войсках Паўночнай групы войск. У 1950 годзе, пасля дэмабілізацыі з войска, некаторы час працаваў мастаком-афарміцелем у гарнізонным Доме афіцэраў ваеннай часткі ў Сцяпянцы Мінскай вобласці. Працаваў і адначасова да 1958-га вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на Факультэце журналістыкі. Потым паступіў на Мастацкі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, які скончыў у 1965 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць мастака-жывапісца. Адначасова вучыўся ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. У 1962 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX стст.”, а праз 21 год — доктарскую “Станаўленне і развіццё рэалізму ў беларускім жывапісе XIX — пачатку XX стст.”.

І напрыканцы аўтабіяграфіі: “За час творчай працы напісаў каля дзесяці тэматычных карцін і вялікую колькасць партрэтаў і пейзажаў. Пастаянна ўдзельнічаю ў рэспубліканскіх і замежных выстаўках. Маю баявыя і юбілейныя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны II ступені, 13 медалёў, Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР, а таксама залаты медаль Акадэміі мастацтваў СССР”.

Такім чынам наш расповед стане спробай высветліць “белыя плямы” менавіта ў ваеннай біяграфіі Дробава, якая для многіх так і засталася практычна невядомай да сённяшняга дня. І ў гэтым сэнсе мне вельмі дапамог рукапіс Леаніда Міканоравіча…

Для 15-гадовага Лёні, жыхара вёскі Пятровічы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, які перад самай вайной вучыўся на першым курсе Мінскага педагагічнага тэхнікума імя Надзеі Крупскай, дзень 22 чэрвеня 1941 года аказаўся нечаканым, як і для большасці савецкіх людзей. Да гэтага было ўсё цудоўна: хлопчык рос у добрай сям’і настаўнікаў (бацька за добрасумленную працу ў выхаванні моладзі быў нават узнагароджаны ордэнам Леніна — на той час гэта была не пусцяковая ўзнагарода).

Канешне, пра тое, што фашысцкая Германія можа ў любы час нарушыць усе дамовы і пайсці вайной на Савецкі Саюз, думалі многія. Але не хацелася верыць, што гэта адбудзецца хутка. І вось — здарылася. На сёмы дзень вайны Мінск быў захоплены, як і Бабруйск. Але студэнт Леанід Дробаў паспеў вярнуцца на радзіму.

А падзеі разгортваліся вельмі драматычна. Многія злучэнні Чырвонай Арміі трапілі ў акружэнне… Тыя, хто пазбегнуў палона, праз лясы і балоты прабіраліся на ўсход. Лёня памятаў, як “акружэнцы” пераапраналіся ў сялянскую вопратку і знаходзілі прытулак у беларускіх вёсках: хто як далёкі родзіч, а больш спрытныя ішлі ў прымы. З часова створаных фашысцкіх лагераў для савецкіх ваеннапалонных вясковым жанчынам удавалася за каштоўныя рэчы (самагонку, “млека і яйка” ды іншы харч) “вызваляць” некаторых вайскоўцаў. Маўляў, гэта мой сваяк, брат, муж… І вызваленыя салдаты станавіліся майстрамі, скажам, краўцамі, каб застацца жывымі і не трапіць пад фашысцкую кулю.

А яшчэ Лёня запомніў, як на людныя пляцоўкі ў вёсках прыбывалі нямецкія агітмашыны. І каб сабраць народ, яны ўключалі на ўсю моц савецкую музыку. З дынамікаў чуліся “Катюша”, “Широка страна моя родная” ды іншыя песні. Некаторыя жыхары сыходзіліся да гэтых машын, і тут, лічы, гвалтам атрымлівалі варожую прапагандысцкую літаратуру: чытайце і ведайце, як хораша, сыта жывецца ў Германіі ў адрозненне ад “жабрацкага” існавання ў савецкіх гарадах і вёсках.

Аднак большасць людзей не пакідала сваіх хат. Праз платы і вокны яны назіралі, як пылілі па дарозе матарызаваныя калоны ворага. Асноўныя нямецкія часткі рухаліся па бальшаках, а ў вёскі, аддаленыя ад гаманкіх дарог, заязджалі хіба выпадковыя абозы. Дзеці, хаваючыся за хлявамі і хатамі, палахліва назіралі за акупантамі.

Лёню запомніўся адзін эпізод, калі па вуліцы рухаўся такі абоз. Наперадзе на дужым, агромністым кані сядзеў руды немец, а ў самім абозе — некалькі ўзброеных салдат. Коннік час ад часу паўтараў недзе пачутыя словы: “вeдро”, “вoда”, “лошад”, “піць”. Вядома ж, жанчыны здагадваліся, што немец хоча напаіць каня: яны прыносілі ваду ў вёдрах. Калі абоз спыняўся, салдаты, якія сядзелі на ім, адразу пачыналі сваю “агітацыю”. Трымаючы ў руках каскі і выціраючы пот са лба, немцы весела гарланілі: “Масква — бум-бум! Сталін — капут!” І потым нахабна вымагалі: “Матка — яйка!” Напалоханыя жанчыны неслі ім яйкі. Набраўшы поўную каску яек, немцы рухаліся далей, у суседнюю вёску.

З успамінаў Леаніда Дробава: “Але вайна вайной, а жыць трэба. Наша сям’я жыла вельмі дрэнна, бо гаспадаркі, апрача каровы, не было. Даводзілася шукаць іншыя крыніцы для выжывання. Я адрамантаваў швейную машынку “Падолка”, якая доўгі час бяздзейнічала, і навучыўся шыць так званыя “буркі”, выстрачаныя з тканіны і ваты, на ўзор валёнкаў. А праз некаторы час амаль усе жыхары вёскі насілі “лёнькавы буркі”, і такім чынам заробленай бульбай і салам я карміў сям’ю... Тата таксама не сядзеў склаўшы рукі. Ад свайго бацькі Іванчыка Дробава ён навучыўся віць вяроўкі, якія ў гаспадарцы вяскоўцаў былі таксама вельмі неабходнымі: гэта таксама давала некаторы заробак”.

Канешне, Лёня яшчэ не ведаў, што паступова наладжвалася антыфашысцкае супраціўленне ў варожым тыле. Каб даць адпор ворагу, ужо ў жніўні ствараліся першыя партызанскія атрады. На пачатку яны ў асноўным складаліся з асобных салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Потым да іх далучаліся і патрыёты з ліку мясцовага насельніцтва, у тым ліку і партыйныя работнікі, якія былі спецыяльна пакінуты для прафесійнай арганізацыі супраціўлення ворагу.

Напрыканцы жніўня 1941 года, у месяцовую ноч, у акно мясцовай школы, дзе жыла сям’я настаўнікаў Дробавых, асцярожна пагрукалі. Маці Ганна Маркаўна падбегла да акна. Прыглушаны голас запытаў: “Ці жыве тут сям’я Міканора Іванавіча Дробава?” “Так, — адказала перапалоханая жанчына. — Але гаспадара зараз няма…” — “А ці дома Лёнька?” Атрымаўшы станоўчы адказ, мужчына спытаў: “Ці можна яго папрасіць на хвіліну выйсці да нас? Ён мяне добра ведае...”

Хуценька апрануўшыся, Лёнька вышмыгнуў на двор. Тут яго сустрэлі двое немаладых мужчын у вопратцы чыгуначнікаў. У адным з іх Лёнька адразу пазнаў свайго былога настаўніка з 13-й бабруйскай сярэдняй школы, дзе вучыўся да вайны. Гэта быў Павел Іванавіч Штыцко — паважаны, таварыскі, душэўны челавек. З ім прыйшоў колішні дырэктар Бабруйскага педвучылішча Цвяткоў.

Лёню было даручана даведацца, якія настроі ў мясцовага насельніцтва ў адносінах да акупантаў і хто патэнцыйна мог бы ўзяць у рукі зброю. Таксама ён павінен быў вызначыць колькасць камуністаў, якія засталіся ў вёсцы. Спакваля, крок за крокам, з вялікай асцярожнасцю Леанід выканаў гэта даручэнне.

Паступова складвалася ядро партызанскага атрада, якое ў верасні налічвала 13 чалавек. Так пачалася новая старонка баявога жыцця 15-гадовага беларускага хлопца, партызанскага сувязнога. Але гэта быў толькі пачатак. Каб давесці мясцоваму насельніцтву, што савецкая ўлада існуе, атрад вырашыў здзейсніць першую дыверсію: узарваць мост праз раку. Адсюль дарога вяла на станцыю Брожа, што ў пяці кіламетрах ад вёскі Пятровічы. Але не было выбухоўкі. І таму вырашылі зляпіць міну з праціватанкавых гранат. Скончылася гэта трагічна: граната рванула ў руках нявопытных “падрыўнікоў”. Цывільныя людзі, якія не валодалі сакрэтамі ўзрыўной справы, загінулі на самаробнай міне.

Далей падзеі былі яшчэ больш драматычнымі. Група партызан, створаная Паўлам Штыцко, нечакана распалася з-за здрадніцтва аднаго паскудніка. У выніку, некалькі чалавек трапіла ў лапы да фашыстаў. Сам Штыцко і яго памочнік, таксама настаўнік Мікалай Дзятлаў, цудам паспелі схавацца ў лесе, дзе і прабылі амаль да пачатку вясны 1942 года.

Лёнька на той момант заставаўся ў вёсцы, у роднай хаце. Так бы мовіць, у ролі канспіратара, які на нейкі час затаіўся. Пакуль ён падазрэння з боку “чужынцаў” не выклікаў. Сакратаром падпольнага райкама партыі працаваў тады Даніла Лемяшонак, які часта наведваўся ў вёску Пятровічы і даваў асабістыя даручэнні Леаніду Дробаву і камсамолцы Алёне Баландзінай, якая заставалася ў фашысцкім тыле для актывізацыі маладзёжнага падполля...

А ў гэты перыяд на Гомельшчыне і Магілёўшчыне адбываліся важныя падзеі стратэгічнага значэння. Яны разгортваліся наступным чынам. У канцы лістапада 1941 года 752-і партызанскі атрад, сфарміраваны 23-гадовым афіцэрам Віктарам Лівенцавым, прыняў першы бой з карнікамі на хутары Цяцерына, пасля чаго ліквідаваў фашысцкія гарнізоны ў вёсцы Курын і пасёлку Азарычы. А ў сакавіку 1942-га атрад перабазіраваўся ў Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці. Дзіўна тое, што ад красавіка да жніўня гэтага года вялікая тэрыторыя Клічаўскага, Бярэзінскага, Кіраўскага і Бялыніцкага раёнаў была ачышчана ад ворагаў! І ў гэтым выдатная заслуга Лівенцава. Кадравы афіцэр (дарэчы, мой зямляк з расійскай Варонежчыны) Віктар Ільіч паспеў прыняць удзел у савецка-фінскай вайне, у вызваленні Заходняй Беларусі, змагаўся ў самых першых баях на заходняй мяжы 22 чэрвеня 1941 года, дзе трапіў у акружэнне, але з гонарам выйшаў з пасткі з групай аднапалчан і замацаваўся ў беларускіх лясах. І такім чынам лёс зрабіў Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава адным з першых партызанскіх камандзіраў Вялікай Айчыннай вайны.

У жніўні 1942-га супраць Клічаўскага савецкага раёна немцы кінулі аж чатыры дывізіі, і атраду Лівенцава з баямі давялося адысці ў Бабруйскі раён ды злучыцца з іншымі разрозненымі атрадамі, якія там дзейнічалі. Такім чынам было створана моцнае партызанскае злучэнне, яно стала сапраўднай пагрозай для нямецкіх захопнікаў.

У пачатку 1943-га атрад Лівенцава загадам Цэнтральнага штаба партызанскага руху быў пераўтвораны ў 1-ю Бабруйскую партызанскую брыгаду, якая склалася з трох атрадаў: 752-га (галоўны атрад, непасрэдны камандзір — Віктар Лівенцаў), 753-га (камсамольскі атрад, камандзір — Уладзімір Комін) і 751-га (камандзір — Уладзімір Урбановіч). Вось у гэтую брыгаду і ўліліся ацалелыя члены партызанскай групы Паўла Штыцко.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"