Духоўнасць і музыка

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Ірына ЖАБАРАВА, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама
У Магілёве чарговы раз прайшоў Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”, які сабраў каля 600 удзельнікаў з розных краін свету.

/i/content/pi/cult/540/11775/5-3.jpgФестываль мае даўнія традыцыі, якія складаліся яшчэ ў 1990-я. Але, як і любая культурная з’ява, ён павінен развівацца. Таму працягваючы ўсё лепшае, што было назапашана на ім за гэты час, мы імкнемся ўнесці і нейкія новыя фарбы і адценні.

Так, сёлета намагаліся ўзмацніць асветніцкі характар свята. А для гэтага трэба было максімальна выйсці з зачыненых памяшканняў на вольнае паветра, каб паслухаць выступленні ўдзельнікаў маглі людзі самых розных веравызнанняў. Дарэчы, так задумваўся фестываль адпачаткова. Але калі канцэртныя праграмы праходзілі ля касцёла Успення Найсвяцейшай Панны Марыі, дык праваслаўныя хрысціяне лічылі, што там, маўляў, гучаць адно каталіцкія песняспевы. І прыходзілі хіба на свята перазвону. Ды наадварот: каталікі часам здзіўляліся, чаму ў касцёле і ля яго спяваюць праваслаўныя. Але ж на гэтым фестывалі заўсёды была мэта з’яднаць прадстаўнікоў трох хрысціянскіх канфесій: праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай. І некаторыя цяперашнія змены скіраваны на гэта яднанне.

У прыватнасці, змянілася месца адкрытай пляцоўкі, на якой штодзень выступалі ўдзельнікі. Яна “пераехала” на Плошчу Зорак перад кінатэатрам “Радзіма”. Там можна было не толькі паслухаць выступленні, але і пагутарыць з удзельнікамі. Акрамя ўласна музыкі, гучалі і духоўна-асветніцкія чытанні для дзяцей і моладзі “В душе своей, как в алтаре, зажги свечу!”. Такое далучэнне да фестывалю аблюбаванай моладдзю свецкай пляцоўкі дапамагала паразумецца між сабой прадстаўнікам розных канфесій, уключала ў кола мінакоў, робячы свята ўсеагульным, больш маштабным па колькасці гледачоў.

Сёлета сярод удзельнікаў форуму пашырылася палітра маладзёжных праваслаўных гуртоў. А на Архірэйскім вале праходзіла свята перазвону, да якога далучыліся і каталіцкія хары. Гала-канцэрт увогуле прайшоў на стадыёне “Спартак”.

Раней у цэнтры фестывалю быў конкурс харавых калектываў і салістаў. Цяпер ён стаў часткай агульнага свята. Галоўнае на гэтым фестывалі — падтрымліваць духоўныя памкненні. Таму ў ім удзельнічалі і заўсёды будуць удзельнічаць тыя ж прыхадскія харавыя калектывы, для якіх важная не віртуознасць, а хрысціянскія каштоўнасці, разуменне песняспеваў не як канцэртнага выступлення, а як малітвы, пакладзенай на музыку.

Згаданаму не пярэчыла і эстрадная праграма. Мы запрасілі выступіць Тамару Гвердцытэлі, у рэпертуары якой стае твораў духоўнай тэматыкі, што вучаць быць больш добрымі, паважлівымі, цярпімымі.

Як заўсёды, музыка на фестывалі “Магутны Божа” была ў багатым атачэнні іншых падзей. Гэта святочныя богаслужэнні ў Магілёўскім Трохсвяціцельскім кафедральным саборы і згаданым вышэй касцёле, а таксама шэраг выставак: Міжнародная духоўна-асветніцкая выстаўка-кірмаш “Беларусь праваслаўная”, выстаўка абразоў “Святло нябёсаў на зямлі” з фондаў Музея гісторыі Магілёва, фотавыстаўка “300 гадоў быцця Свята-Троіцкай Аляксандра-Неўскай Лаўры”, тры кніжныя выстаўкі-панарамы, фотавернісаж “Духоўнасць. Вечнасць. Музыка”. Далучыліся і навукоўцы. У рамках ІХ Міжнароднай канферэнцыі “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць” дзейнічала секцыя па канфесійных працэсах і духоўных традыцыях.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"