Службовы ўваход для... публікі

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Нэлі МАЦАБЕРЫДЗЭ, мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт
Канцэртны сезон у філармоніі завершаны. Наперадзе — некалькі вечароў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, запланаваных яго арганізатарамі.

/i/content/pi/cult/540/11774/5-2.jpgУ фестывальныя дні, акурат напярэдадні афіцыйнага адкрыцця буйнога форуму, зладзім, са свайго боку, сольнік аднаго з нашых вядучых калектываў — Ансамбля танца, музыкі і песні “Талака” пад кіраўніцтвам Мікалая Падалякі. Выбар менавіта гэтага філарманічнага калектыва не выпадковы. Артысты толькі што вярнуліся з Мілана, дзе цягам чэрвеня выступалі ў павільёне Беларусі на “ЭКСПА-2015”. І цяпер прадэманструюць багацце нашай народнай культуры яшчэ і ўдзельнікам ды гасцям фестывалю.

А неўзабаве — адкрыццё новага сезона, да якога наш калектыў пачаў рыхтавацца яшчэ ў цяперашнім. Планаў — шмат! Але ж і зроблена многа. Галоўныя новаўвядзенні — гэта засваенне гарадскога асяродку, а таксама тэатралізацыя канцэртаў, стварэнне музычна-гульнёва-асветніцкіх праграм для дзяцей.

Упершыню мы выйшлі на вуліцу (больш дакладна — ва ўнутраны дворык філармоніі, што насупраць службовага ўваходу ў будынак) яшчэ летась, закрываючы 25-ы юбілейны сезон. Вядома, такая форма правядзення канцэртаў патрабуе найперш добрага надвор’я. Але гэта прыцягвае публіку, асабліва ўлетку, калі зусім не хочацца марнаваць час у закрытым памяшканні. І пакуль нам шанцавала. Таму сёлета сімфанічны аркестр, як гэта часта практыкуецца ў Еўропе, зноў выйшаў на свежае паветра.

Вулічныя рэаліі дадалі асаблівай “праўдзівасці” музычным гульням “Саша і Маша па дарозе бяспекі”. Мы даўно хацелі звярнуцца да правілаў дарожнага руху, расказаць пра іх дзецям у гульнёвай форме, спалучыць гэта з музыкай — і ўсё здзейснілася ў першыя летнія дні, калі многія школьнікі застаюцца без нагляду дарослых. Дзеці і правілы вучылі, і на асфальце малявалі, а ў канцы нават атрымлівалі спецыяльныя “Пасведчанні ўдзельнікаў дарожнага руху”. Усім вельмі спадабалася, таму ў далейшым мы хочам зрабіць цыкл такіх праграм, дзе нашы артысты ў ролях Сашы і Машы будуць тлумачыць дзецям, як ім паводзіць сябе ў розных сітуацыях. Наступнай тэмай павінны быць правілы добрага тону.

Не забываемся мы і на “гульні” з дарослымі. Яркім і запамінальным мае быць адкрыццё сезона ў кастрычніку. Да яго рыхтуем “Кававую кантату” Баха, выкананую ў выглядзе спектакля. Першае аддзяленне складзе інструментальная музыка. У антракце наведвальнікаў чакае кававы сюрпрыз — не музычны, а гастранамічны. А пасля — спектакль. Ставіць яго колішняя выпускніца Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Кацярына Дыбаль, якая працавала ў Астраханскім Вялікім тэатры. Год таму яна з мужам, барытонам Сяргеем Белавусавым, вярнулася ў родны горад. Цікава, што памятная многім меламанам пастаноўка “Кававай кантаты” ў 2007-м у Вялікім тэатры Беларусі была яе дыпломнай працай. У нас будзе больш камерны варыянт: пры адсутнасці аркестравай ямы вакалістаў будуць суправаджаць раяль з саліруючай скрыпкай. Калі ў нас ёсць такі добры скрыпач, як Улад Міцэнка, дык чаму гэта не выкарыстаць? І нашым спевакам будзе карысна звярнуцца да Баха і музыкі барока, асабліва пасля больш простага песеннага і дзіцячага рэпертуару.

Прыблізна ў лістападзе адбудзецца прэм’ера музычнай фантазіі “Казкі PRO Бармалея” паводле Карнея Чукоўскага. Апошнім часам мы наладзілі плённыя творчыя сувязі з былым выхаванцам Віцебскага музычнага вучылішча, кампазітарам Яўгенам Магаліфам, які цяпер жыве ў ЗША. Плануем яго творчы вечар. А ў згаданай дзіцячай праграме выкарыстаем кантату “Бармалей”, а таксама фрагменты з музыкі расійскага кампазітара Георгія Фірціча да мультсерыяла “Доктар Айбаліт”.

Літаральна днямі, 27 чэрвеня, адбыўся ўжо чацвёрты канцэрт вучняў знакамітай прадстаўніцы рускай фартэпіяннай школы Марыі Юдзінай. Хочацца, каб у наступным сезоне было больш фартэпіянных канцэртаў — з прыездам вядомых музыкантаў, у тым ліку беларускіх. Дый арганныя вечары (гэты інструмент быў устаноўлены ў нас у 2007-м) карыстаюцца вялікім попытам. Бо сэрцы слухачоў адкрыты прыгожаму, адухоўленаму, вечнаму — музыцы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"