Не дзеці

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Юрый ВУТА, дырэктар — мастацкі кіраўнік Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра
Нягледзячы на тое, што лета традыцыйна лічыцца не самым тэатральным сезонам, а з рэпертуару публіка часцей выбірае штосьці “адпачынкавае”, на спектакль “СвиДЕТИли” працягваюць паступаць заяўкі.

/i/content/pi/cult/540/11773/5-1.jpgА ён ніяк не забаўляльны! У цэнтры ўвагі — дзеці вайны і іх лёсы. Попыт на яго не змяншаецца. І гэта не можа не радаваць, бо сведчыць, што наша моладзь не такая ўжо “сапсаваная”, як часам кажуць.

Увогуле ж, гэты спектакль прызначаны для розных узростаў. Мы рабілі паказы не толькі для старшакласнікаў. Былі і дабрачынныя акцыі — для ветэранаў, дзяцей вайны, малазабяспечаных сем’яў. Каб мець больш поўнае ўяўленне пра ўражанні гледачоў, завялі асобную кнігу водгукаў на гэты спектакль. Ніхто не вымушаў рабіць туды запісы, тым больш станоўчыя, людзі самі выказвалі свае думкі і эмоцыі. Працытую адзін з водгукаў — 18-гадовага хлопца: “Мяне вельмі цяжка прымусіць плакаць, але вы гэта зрабілі”. Што ж да дзяўчынак, дык некаторых нашым білецёрам даводзіцца супакойваць — літаральна пасля кожнага прагляду.

Спектакль з’явіўся па замове гарвыканкама — як адна з акцый не толькі да юбілею Вялікай Перамогі, але і ў межах Года моладзі. Але гэта не “заказное” мерапрыемства, як яго часам разумеюць: усё рабілася па поклічы душы, а гарвыканкам дапамог аформіцца ў пэўную форму.

Прыемна, што спектакль атрымаў прызнанне не толькі публікі, але і калег. Мы падалі заяўку на яго ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. А на ХІІІ Міжнародны фестываль маладзёжных тэатраў “Славянскае скрыжаванне” ў расійскі Навазыбкаў нас запрасілі самі арганізатары — у апошні момант, літаральна напярэдадні яго адкрыцця, знайшоўшы інфармацыю пра наш спектакль у Інтэрнэце. Гэта ўнікальны форум, бо ў ім разам удзельнічаюць прафесійныя тэатры і аматарскія (сярод апошніх — маладзёжныя і дзіцячыя), і ў кожнага ёсць чаму павучыцца. Журы шмат гадоў запар узначальвае Вячаслаў Спясіўцаў — расійскі акцёр, рэжысёр, педагог, які ачольвае Маскоўскі маладзёжны тэатр. Гран-пры на “Славянскіх скрыжаваннях” прынцыпова прысуджаецца толькі аматарам, прафесійныя ж тэатры могуць разлічваць на прызы. Мы атрымалі два дыпломы: за лепшае драматургічнае рашэнне тэмы вайны і за лепшую жаночую ролю — Галіны Іванаўны ў выкананні Галіны Анчышкінай.

Дадам, што гэта не першы зварот тэатра да творчасці знанай журналісткі і пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Летась наш тэатр падрыхтаваў спектакль “Я не участвую в войне, она участвует во мне” паводле яе кнігі “У вайны не жаночае аблічча”, дзе былі выкарыстаны таксама вершы паэтаў-франтавікоў (радкі аднаго з іх, а менавіта Юрыя Левітанскага, і далі пастаноўцы назву). Сёлета ж у аснову была пакладзена кніга Алексіевіч “Апошнія сведкі”, паводле якой я напісаў і паставіў п’есу са сваёй фабулай: маўляў, здымаецца тэлепраект, і яго ўдзельнікі звяртаюцца да былых “дзяцей вайны” па ўспаміны. Падчас падрыхтоўкі я неаднаразова звязваўся са Святланай Аляксандраўнай: не толькі атрымаў дазвол на выкарыстанне яе матэрыялаў, але і дасылаў ёй свой тэкст, мы з ёй спрачаліся, абмяркоўвалі будучую пастаноўку.

П’еса расклалася на нашу трупу, але граць у такім спектаклі цяжка. І глядзець яго — таксама, бо зала ўдзельнічае разам з намі. Атрымліваецца не звыклая канстатацыя фактаў, а нейкая асабістая, асобасная падача інфармацыі, дзе дакументальныя кадры ўзмацняюць уздзеянне праўдзівых споведзяў.

Але вынікі — ёсць. Цікавасць моладзі да гэтага спектакля відавочная. Гледзячы на сваіх пазбаўленых дзяцінства продкаў, маладыя пачынаюць больш цаніць цяперашнія заваёвы незалежнасці і мірнае неба.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"