“Пакутліва перажываю адсутнасць музыкі...”

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Нечаканы Алоўнікаў: аўтар "Лясной песні", гімна Мінска і твора "Радзіма мая дарагая" ва ўспамінах родных і на сямейных здымках
Уладзімір Алоўнікаў быў чалавекам, вельмі стрыманым на эмоцыі. Здавалася, што ён — замкнёны ў сабе, нешматслоўны, той, які не спяшецца адкрываць душу. Але душа ў яго была пяшчотная і ранімая. “Выдавала” ж сапраўдную чалавечую сутнасць знешне строгага і бясстраснага маэстра Алоўнікава яго адухоўленая, эмацыйная, шчырая ў выражэнні пачуццяў музыка, асабліва — песня…

/i/content/pi/cult/540/11767/8-1.jpgЯго ўваходжанне ў прафесію пачалося ў 1927 годзе. Васьмігадовым хлопчыкам ён паступіў у музычную школу па класе фартэпіяна ў сваім родным Бабруйску. Сказаць, што

яму пашанцавала з настаўнікам —

не сказаць нічога. Яшчэ б! У той час у Бабруйскай музычнай школе выкладаў сам Яўген Цікоцкі — будучы класік беларускай кампазітарскай школы. Менавіта яму маленькі Валодзя Алоўнікаў давяраў свае першыя кампазітарскія опусы. Пазней, у сярэдзіне 1930-х, калі Алоўнікаў працягнуў заняткі ў Мінскім музычным тэхнікуме і кансерваторыі, ён вучыўся ствараць музыку ў Мікалая Аладава і Васіля Залатарова — выпускнікоў Пецярбургскай кансерваторыі часоў Рымскага-Корсакава і Глазунова і іх непасрэдных вучняў. Таму Уладзіміра Алоўнікава з поўным правам можна лічыць нашчадкам выдатных традыцый тамтэйшай кампазітарскай школы канца XIX — пачатку ХХ стагоддзяў.

Будучы маэстра павінен быў здаць свой апошні дзяржэкзамен у кансерваторыі 22 чэрвеня 1941 года, але гэтым планам не суджана было спраўдзіцца…

Ужо з першых дзён вайны Уладзімір Алоўнікаў пайшоў на фронт. Камандаванне, якое разумела патрэбу ў кадравых ваенных, накіравала яго ў Падольскае артылерыйскае вучылішча. Ён быў залічаны курсантам 4 кастрычніка 1941 года, а ўжо на другі дзень прыняў свой першы бой, які зацягнуўся на доўгія шэсць сутак. Трэба было любой цаной спыніць наступленне фашыстаў на Маскоўскім кірунку. І маладыя, яшчэ неабстраляныя байцы, адным з якіх быў Алоўнікаў, праявілі сапраўдную адвагу і мужнасць, затрымаўшы і адкінуўшы ворага назад. Пасля заканчэння вучылішча Уладзімір Алоўнікаў прайшоў увесь цяжкі шлях вайны — ад Сталінграда да Аўстрыі — і закончыў яе ў званні гвардыі капітана. На доўгіх шэсць гадоў (канчаткова Уладзімір Алоўнікаў дэмабілізаваўся з арміі ў 1947 годзе)

ён быў адлучаны ад музыкі,

не меў магчымасці ні ствараць яе, ні слухаць. І гэта было для яго не менш цяжкім выпрабаваннем, чым суровыя ваенныя будні. “Пакутліва перажываю адсутнасць музыкі. Паступова губляецца слых”, “…зусім адарваны ад музыкі, і гэта самае вялікае маё няшчасце”, — пісаў ён у ваенных лістах да сяброў.

— Салдаты, падпарадкаваныя бацьку, вельмі яго паважалі, таму што ён ніколі на хаваўся за іх спінамі, ніколі не бегаў ад куль, — гаворыць Ігар Алоўнікаў, сын кампазітара. — Ён быў сапраўдным кадравым ваенным з традыцыямі высокага воінскага гонару і бясстрашнасці. Лічыў, што галоўны на вайне — салдат. Часам бацька распавядаў аб ваенных падзеях. Гэта былі нешматслоўныя, але вельмі ўражвальныя ўспаміны. Напрыклад, быў выпадак, калі ўзнікла неабходнасць перакінуць артылерыйскі разлік на высокі бераг ракі, куды вельмі цяжка было забірацца. І бацька загадаў дэмантаваць гарматы. Уяўляеце?! На вайне — дэмантаваць зброю! Гэта значыць, разабраць яе поўнасцю і па частках падняць! Справа заняла доўгі час, але ў шмат разоў меншы, чым калі б яны чакалі нейкага падмацавання ці абыходзілі бераг.

“Вайна мяне закаліла фізічна і духоўна, навучыла клапаціцца аб людзях, адказваць за іх лёсы і жыццё, распазнаваць людзей не па словах, а па справах”, — згадваў пазней Уладзімір Уладзіміравіч у аўтабіяграфіі.

Пасля вяртання ў мірнае жыццё сваім галоўным прызначэннем кампазітар лічыць стварэнне песень аб героях вайны. Гэта быў свайго роду

творчы зарок,

які Уладзімір Алоўнікаў з вялікай адказнасцю выконваў да апошніх дзён свайго жыцця. Песні яго былі складзены пра Даватара, Гастэла, Заслонава, герояў Брэсцкай крэпасці, Карбышава, Гараўца, пра падольскіх курсантаў, Івана Сіўко, Веру Харужую, маці-патрыётку Настассю Купрыянаву… Кожная з іх, як і многія іншыя яго творы, прысвечаныя тэме вайны, былі напісаны кроўю з сэрца і рабіліся нерукачынным помнікам тым, хто не вярнуўся з вайны. У гэтых творах усхваляўся вялікі подзвіг савецкага салдата, што “вынес войну на собственных плечах”… “Мае творы павінны адпавядаць праўдзе жыцця, адпавядаць самым высокім ідэалам, якія абаранялі нашы савецкія салдаты на вайне, каб быць вартымі памяці тых герояў, што аддалі сваё жыццё за свабоду нашай Радзімы”, — казаў Уладзімір Уладзіміравіч у 1985 годзе ў інтэрв’ю, прысвечаным 40-годдзю Вялікай Перамогі.

— Як чалавек мастацтва, бацька вельмі глыбока і тонка перажываў перыпетыі вайны, — кажа Ігар Алоўнікаў. — І ён палічыў сваім абавязкам зрабіць песню аб вайне, аб яе героях і радавых, цэнтральным аб’ектам сваёй творчасці. Галоўнае, што амаль усе яго песні маюць прыгожую мелодыю і ўнутраны лірычны характар, нягледзячы на тое, што могуць быць напісаны ў рытме марша і з’яўляцца вельмі валявымі, пругкімі па музычнай арганізацыі. Дзіўна, што чалавек, які столькі зведаў на вайне, змог пранесці скрозь гэту страшную навалу пачуццё душэўнай мяккасці і святла, унутранае адчуванне паэзіі?.. Для мяне гэта заўсёды заставалася загадкай, але песні бацькі менавіта такія.

У 1947 годзе Уладзімір Алоўнікаў вярнуўся ў Мінск і пачаў выкладаць тэарэтычныя дысцыпліны ў Белдзяржкансерваторыі. Неўзабаве сярод яго вучаніц аказалася студэнтка вакальнага аддзялення Ларыса Ілюковіч. Праз некаторы час яны ажаніліся і пражылі разам амаль паўстагоддзя.

— Ён пачаў да мяне заляцацца, і я ў яго закахалася! — усміхаецца ад цёплых успамінаў Ларыса Міхайлаўна. — Год мы сустракаліся, а потым ён паехаў у Наварасійск, дзе жылі мае бацькі, і папрасіў дазволу на наш шлюб — па-старадаўняму, вельмі кранальна. У жанчыне ён цаніў перш за ўсё шчырасць, адсутнасць фальшу ў адносінах. Цаніў глыбіню, прыстойнасць, таму што сам быў такі —

вельмі добры чалавек, але не мяккі.

Дый дабрыню сваю ўтойваў, нячаста раскрываўся. Быў, так бы мовіць, у сабе, у сваіх думках. Але мяняўся, калі адчуваў у кімсьці душэўную блізкасць. Напрыклад, ён вельмі любіў майго бацьку. Яны з ім былі такія шчырыя сябры! Вось з ім ён па-сапраўднаму раскрываўся, рабіўся сентыментальным, як і ў адносінах да Ігара. Я лічу, што на яго характары адбілася не толькі ваенная біяграфія, але і цяжкія абставіны дзяцінства і юнацтва. Бацька ў яго памёр рана. Маці не мела прафесіі: яна па паходжанні была з польскіх дваран. У 1930-я жыць было вельмі цяжка, асабліва ў 1933-м, калі пачаўся голад. А потым, калі Уладзімір Уладзіміравіч ужо вучыўся ў кансерваторыі, маці рэпрэсіравалі, і яна загінула ў ГУЛАГу.

…Песні Уладзіміра Алоўнікава — яго візітныя карткі. Знакамітая “Лясная песня” на верш Адама Русака (“Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры, ой, шумлівы ты, лес малады…”) стала сапраўдным гімнам беларускіх партызан — ветэранаў вайны, хаця напісана была ў 1952 годзе. Яна нават увайшла як народная ў зборнік “Песні беларускага народа”, выдадзены Генадзем Цітовічам у 1959 годзе. Ветэраны партызанскага руху ўпарта лічылі “Лясную песню” сваёй і сцвярджалі, што спявалі яе ў час вайны. “Не так даўно на адной з сустрэч выконвалася мая “Лясная песня”, — узгадваў кампазітар у адным з інтэрв’ю. — Былы камандзір партызанскага атрада сказаў: “Гэта была самая любімая песня ў нас у атрадзе”. Я запярэчыў: “Песня напісана пасля вайны!” — “А вы хто такі?” — “Я — Алоўнікаў, аўтар”. — Камандзір, памаўчаўшы, сказаў: “Не, спявалі мы яе ў атрадзе! Гэта наша, партызанская песня!” Спрачацца з ім я не стаў…”

Для аўтара

самае прыемнае і суцяшальнае —

гэта калі яго песню лічаць народнай. Такое прызнанне сапраўды дарагога каштуе!.. Кампазітар здолеў знайсці такія дакладныя абароты мелодыі і так па-майстэрску спалучыў яе з тэкстам, што песня сама сабой увайшла ў народ і стала сваёй у асяроддзі ветэранаў-партызанаў.

На пачатку 1960-х Уладзімір Алоўнікаў напісаў яшчэ адну знакавую песню — на верш Івана Панкевіча. Песня прысвячалася адноўленай з руін, адбудаванай наноў беларускай сталіцы:

Краса беларускага краю

I творчае думкi ўзлет,

Табе сваю песню складаю,

Мой горад, герой-патрыёт.

— Гэта была цудоўная песня, вельмі непадобная на папярэднія, — успамінае Ігар Уладзіміравіч Алоўнікаў. — Яна была энергічная, пульсуючая, рытмічная, бадзёрая, хуткая, віртуозная як для спевака, так і для акампаніятара. Сапраўдная эстрадная песня, вельмі прыгожая. Менавіта гэты зарад бадзёрасці вылучыў яе з ліку многіх песень аб Мінску. У 2001 годзе рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў яна была зацверджана ў якасці гімна горада Мінска. Бацькі ў той час ужо не было, ён пайшоў з жыцця ў 1996 годзе. Але ў свой час, калі песня стала вельмі папулярнай, горад не застаўся ў даўгу перад ім: бацька стаў ганаровым грамадзянінам Мінска і вельмі даражыў гэтым прыгожым статусам.

Дарэчы, раней не аднойчы ўзнікала пытанне аб тым, каб зацвердзіць яго песню на верш Алеся Бачылы “Радзіма мая дарагая” ў якасці гімна Беларусі. Але бацька кожны раз адмаўляўся, спасылаючыся на тое, што не хацеў бы мяняць тэкст і ўвогуле лічыў, што гэта ўсё ж не гімн, а лірычная песня аб Радзіме. Калі ў мяне асабіста пытаюць пра маю ўлюбёную песню бацькі, я адказваю, што гэта “Радзіма мая дарагая”. У ёй выдатна спалучаюцца лірычная песня і ўрачысты гімн, яна і велічная, і адначасова светлая, задушэўная…

На жаль, творчая спадчына Алоўнікава пакрысе забываецца. Напэўна, спрацоўвае вядомае выслоўе: “Новы час — новыя песні”. Але гэтая

жорсткая заканамернасць

не прымяншае значнасць таленавітай музыкі Уладзіміра Уладзіміравіча — выдатнага чалавека і музыканта, вялікага працаўніка і патрыёта. Сёлета спаўняецца роўна 65 гадоў з моманту стварэння ім песні “Радзіма мая дарагая”. За час свайго існавання яна стала сапраўдным музычным сімвалам нашай краіны, яе музычнай візітоўкай. Кожнай раніцай Беларусь абуджаюць пазыўныя Беларускага радыё, якія сплецены з матыву гэтай папулярнай песні. Электронны “букет” з наборам знаёмых гукаў з самага ранку настройвае на пазітыў, нібыта жадаючы прыемных падзей, якіх мы чакаем ад кожнага новага дня.

Напэўна, гэта і ёсць напамін і памяць аб кампазітары, які напісаў мноства цудоўных песень пра Беларусь і яе людзей. Ён марыў аб іх шчаслівым лёсе і выканаў усё, што залежыла ад яго каб сваім чалавечым прыкладам і сваёй музыкай зрабіць наша жыццё прыгожым — такім, якім было яго жыццё і ўласныя песні.

P.S. Пры падрыхтоўцы аўтар карысталася матэрыяламі праграмы "Вёрсты і песні Уладзіміра Алоўнікава" тэлеканала "Лад" (2004 год).

 

Даведка "К"

Уладзімір Алоўнікаў быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені (1944), “Знак Пашаны” (1955), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967) і шасцю медалямі. У 1970 годзе яму было прысвоена званне народнага артыста БССР. З 1962 па 1982 гады ён — рэктар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, пасля — прафесар кафедры кампазіцыі. Апроч песень, ствараў камерна-інструментальныя, харавыя і сімфанічныя творы, пісаў музыку да кінафільмаў.

Яго сын Ігар Алоўнікаў — вядомы піяніст і арганіст, саліст Белдзяржфілармоніі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Акадэміі музыкі, народны артыст краіны. Ад бацькі ён атрымаў у спадчыну не толькі яркі музычны талент, але і высокія маральныя якасці — чалавечую прыстойнасць, сціпласць і прынцыповасць, надзейнасць у словах і справах. А яшчэ — вялікую любоў да Беларусі, яе гісторыі і культуры. Ігар Алоўнікаў — аўтар і выканаўца фартэпіянных транскрыпцый музыкі беларускіх кампазітараў, у тым ліку — твораў бацькі.

Аўтар: Вольга БРЫЛОН
музыказнаўца