100*66,6: сцены-рамы фотаабстракцый

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Чаму лепш назваць нумарам?
Ці можа энтрапія быць прыгожай, а фатаграфія выглядаць як жывапіс? Адказы атрымліваеш, калі трапляеш у галерэйную прастору Беларускага саюза дызайнераў, дзе экспануецца выстаўка “100*66,6” Алега Яравенкі. З гэтага моманту пачынаецца гульня, новы адлік часу — таго, які пануе ў каралеўстве сучасных руін. Фатаграфіі ў памяшканні — як косткі ў мякаці фрукта, яны адно, узаемнаспалучаныя, амаль тоесныя. Фігуру і фон не зблытаць, але паміж імі сцерлася лінія адчужэння, афіцыйных адносін, яны — раўнапраўныя кампаненты аднаго асяроддзя.

/i/content/pi/cult/539/11764/9-1.jpgВыстаўка ўтварае хаосмас праз спробу перавесці мову натуральнага вонкавага разбурэння рэчаў у строгі мастацкі код фатаграфіі, каб адлюстраваную некранутую рэчаіснасць прадставіць у каардынатах, якія зноў вяртаюць тую першаснасць прыроднай недасканаласці, але з больш відавочнымі слядамі чалавечай рукі. Шурпатыя сцены галерэі шэра-блакітнай гамы з сеткай тонкіх падцёкаў, грубаватыя, шырокія калоны становяцца патрэбным абрамленнем, ва ўсіх сэнсах апорай для прац — у роўнай ступені фатаграфічных і жывапісна-абстрактных. Ананімнае (ці аўтар — сам горад?) графіці плямаў і мазкоў — кляксы чорнага і жоўтага на брудна-шэрым, зрыўкі або мазкі, кантраст чырвонага і блакітнага — падгледжанае на сметніку палярнае ззянне, іржавае таўро крыжа ў коле, ветразі старых шпалер, імглістыя згусткі пылу і павуціння, геаметрыя вокнаў і дзвярэй, што хавае за сабой дабыццёвую пустэчу... А ў адным з кадраў — падвоены люстэркам цень фатографа на бліскучай сцяне, адзіная антрапаморфная істота ў некранутым кутку, застыглым у бурштыне дагістарычнага часу. Да таго ж, гэты неспадзяваны прывід — толькі рэха ад прысутнасці чалавека. Ён сыдзе — і больш нішто не парушыць цішыню прадметаў.

Тое ўнутраны сусвет, а звонку выявы дапаўняюцца элементамі інсталяцыі, што яшчэ больш узмацняе эфект структураванасці, еднасці наваколля. Да здымкаў падвешаны ржавыя дэталі, адна з прац прыціснута да чарцёжнай дошкі сагнутай механічнай “рукой”, акрамя практычнай функцыі — фіксаваць мяккія, “жывыя” палотны фатаграфій — яны выконваюць і эстэтычную. Як рэдзі-мэйдавыя дэкарацыі дзейнічаюць і экспанаты галерэі Беларускага саюза дызайнераў: драўляны абшарпаны куфар-стол, фартэпіяна, “фірмовыя” валёнкі Дзмітрыя Сурскага ў паветраводзе, рэальная бляшанка са жвірам — яна рыфмуецца з працятай жоўтым святлом бляшанкай на фатаграфіі, а сапраўдная рыдлёўка ў выглядзе атрамантаванай асадкі — з выявай рыдлёўкі, багнет якой уяўляе карту групы выспаў у моры.

Алег Яравенка, сябра Саюза дызайнераў, фотаклуба “Мінск” і аб’яднання “Фотамастацтва”, так тлумачыць “нумарную” канцэпцыю цыкла: “Калі прыдумваць нейкія літаратурныя словы — “іржа”, “распад”, “сыходзячая натура” — выява штосьці траціць. Лепш нумарам назваць. Ёсць жа фільм, які называецца “Сорак першы”, чаму — зразумела. Работы падобныя, але розныя. Вось якое імя даць? Я серыю проста назваў лічбай, канкрэтна, работы аб’яднаў адным фарматам, “100*66,6” — фармат фатаграфічнага кадра, а здымкі ўсе некадрыраваныя: як зняў, так і ёсць. Яно і нейтральнае, і цікавае. Гэта заднія двары, сметнікі. Вокны трапіліся за горадам. Увогуле, такіх сюжэтаў шмат. Важна было не проста зрабіць карцінку пэўнага фармату, а прывязаць яе да памяшкання, да сцен. Там сцены — рамы. Калі фатаграфіі паказаць у нейкай іншай зале з глянцаванымі белымі сценамі, то трэба падаваць іх ужо ў іншым варыянце: рамы, паспарту, асаблівае асвятленне, а так яны цалкам арганічныя — зайшоў у пакой і трапіў у бардак”.

Лічбавы складнік у назве персанальных выставак, іх змест, сам прынцып стварэння фатаграфічных серый дазваляюць прасачыць тэндэнцыю ў творчасці Алега Яравенкі. Тон быў зададзены першым праектам “Фотаальбом №1” (2002), што ўяўляў з сябе разабраны каляндар. Адна з самых вядомых — выстаўка “Пад’езд №3” (2004), дзейнічала ўсяго адзін дзень у той жа прасторы, дзе і былі зроблены фотаздымкі, — у пад’ездзе Алега Яравенкі ў доме на вуліцы Карла Маркса, 8. Пазней экспазіцыю паказалі ў Германіі, і нечакана высветлілася, што тую незвычайную па фактуры плітку на фота калісьці клалі палонныя немцы. На гарышчы свайго дома фатограф таксама цягам аднаго дня дэманстраваў “Чорна-белы спектакль” (2008): стаяў чорны подыум, ішоў дождж, грала музыка, на манахромных здымках застыла пластыка цела Уладзіміра Канцадайлава, мастака і мадэлі. Відавочна, экспазіцыйная прастора для Алега Яравенкі аказваецца такім жа сродкам мастацкага асэнсавання навакольнай прасторы і яе напаўнення, як і фатаграфаванне.

Ёсць меркаванне, што час музеям і галерэям выходзіць на вуліцы, непасрэдна да гледачоў. Тут наадварот: горад завітаў у галерэйную залу, рассунуў сцены і апратэставаў замкнёнасць яе прасторы.

Паліна ПІТКЕВІЧ