Кухонны трылер

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

“Каралева...”, якая страсянула людзей
“Я хачу пісаць такія п’есы, якія б крыху страсянулі людзей”, — гэтыя словы належаць ірландцу Марціну МакДонаху, чыя першая п’еса “Каралева прыгажосці з Лінэна” была напісана ў 1996-м за восем дзён. “Цуд сучаснага тэатра” — так ахрысціла яе строгая прэса, а тэатральная крытыка ўзнагародзіла сур’ёзнай прэміяй Лоўранса Аліўе. “Каралева прыгажосці з Лінэна” — гісторыя пра хатнюю вайну, якая ідзе паміж пажылой мамай Мэг Фолан (заслужаная артыстка краіны Таццяна Ліхачова) і яе сталай дачкой Морын (артыстка Анжаліка Баркоўская). Але гэта яшчэ і гісторыя трагічнага кахання. У героях МакДонаха багата жыццёвых сіл і страсцей.

/i/content/pi/cult/539/11763/8-2.jpg

Сцэна са спектакля. / Фота прадастаўлена тэатрам

У Віцебску п’есу ўвасобіла дыпломніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — яна ж актрыса Коласаўскага тэатра Ірына Цішкевіч. Для яе гэта першы “дарослы” матэрыял (да гэтага былі дзве казкі), прычым вельмі складаны і рызыкоўны для пачаткоўца. Сама дыпломніца жанр спектакля вызначыла як “кухонны трылер”, тым самым падкрэсліўшы бытавую аснову твора поруч з напружанай інтрыгай і цікавымі сюжэтнымі хадамі. Зрэшты, магчыма яна проста не наважылася ўжыць у вызначэнні жанру слова “псіхалагічны”, тым не менш, спектакль пастаўлены ў рэчышчы такога тэатру.

Як станоўчы момант зазначу імкненне рэжысёра змякчыць жорсткасць матэрыялу, агрэсіўную зацятасць герояў, дакладней, гераінь спектакля. Асабліва падрабязна выбудоўвае ўнутраную архітэктуру сваёй ролі Анжаліка Баркоўская. Часта яна ўвасабляе вобразы гераінь са складаным духоўным светам, ахопленых страсцямі альбо з надламанай псіхікай, з тым моцным душэўным болем, які яны нясуць у сабе. Яе Морын жыве ў прыдуманым свеце, дзе ёсць каханне, прыгожыя адносіны, спагада і павага да людзей, а ў рэальным жыцці вымушана сутыкацца са штодзённым брудам і жорсткасцю, будзённай руцінай, якія калечаць яе душу. На жаль, маці Морын, якая, здавалася б, павінна быць самым дарагім чалавекам, становіцца самым галоўным раздражняльнікам, а затым і ворагам. Тут артысткі і рэжысёр даюць сваю, адметную трактоўку сваіх персанажаў і іх суадносін.

Старая Мэг знешне выглядае зусім не сямейным монстрам, не дэспатам, якая бязлітасна трымае на аброці дачку. У выкананні Таццяны Ліхачовай гэта нягучна шоргаючая, як быццам бездапаможная старая, гэткі божы дзьмухавец, але, як кажуць, “сабе на розуме”. Яна хітра і даволі жорстка абараняе звыклы ёй лад жыцця і адносіны з дачкой, якую ўяўляе ледзь не як сваю ўласнасць, і правы на яе хочуць адабраць. Актрыса пры стварэнні вобраза імкнецца да перадачы знешняй характарнасці, у псіхалагічнай матывацыі паводзін сваёй гераіні яна адштурхоўваецца ад яе празмернай крыўдлівасці, помслівасці. Дакладна праводзіць актрыса сцэну, дзе спальвае ліст Пата Дулі да Морын. У гэты момант яна ператвараецца ў падабенства вядзьмаркі.

Поруч з тэмай любові-нянавісці родных людзей, што прыводзіць урэшце да трагічнага фіналу, — забойства маці дачкой і канчатковага вар’яцтва апошняй — у спектаклі выразна прачытваецца і другая, спалучаная з першай, вельмі балючая для Ірландыі (ды ці толькі для яе?) тэма міграцыі і нацыянальнай тоеснасці, самасвядомасці. Яна раскрываецца як праз Морын, так і найбольш выразна праз вобраз яе каханага Пата Дулі, які ўвасобіў вядомы майстар коласаўскай сцэны Генадзь Гайдук. Артыст надаў гэтай ролі сапраўдны аб’ём, шчымліва-пранізлівае, я б сказаў, драматычнае гучанне. Перад намі зусім не класічны герой-палюбоўнік. Артыст акцэнтуе ўвагу на яго добрых чалавечых якасцях: ён з самага пачатку спрабуе зразумець Морын і тыя правілы гульні, якую тая вядзе з ім. Вядома ж, яна больш пачуццёвая, больш акутая жаданнем, жарсцю, а ён насамрэч трапляе да яе ў палон. Герой адчувае сябе даволі няўпэўнена і няёмка ў той канфліктнай сітуацыі з маці, у якую міжволі трапіў. Пэўна ж, гэтая ноч змяніла і яго адносіны з Морын, і яго ўласную самаацэнку. У другой частцы спектакля, калі Дулі чытае свой ліст да Морын, дзе робіць ёй прапанову быць разам, абяцае светлы рай, міжволі верыш у шчырасць яго намераў, у сапраўднасць пачуцця. Пры ўсёй слабасці характару героя гэта ўжо ўяўляецца смелым крокам, які мог бы ўратаваць яе, ды стаў прычынай згубы.

Яскравыя камедыйныя здольнасці выявіў у ролі Рэя Дулі артыст Яўген Бераснеў. Цягам дзеі мяняецца знешнасць яго героя, а нязменнымі застаюцца юнацкая зухаватасць ды інфантыльнасць. Гэты вобраз, так бы мовіць, адцяняе агульны змрочны драматызм і разам з тым надае яму тую жанравую размаітасць, уласцівую ўвогуле творам МакДонаха.

Цікавы, вобразны характар мае сцэнаграфія спектакля (мастак Юлія Карымава). Вялізны чамадан, што ў пачатку, як непасільны цяжар, як цяжкі крыж, цягне за сабой Морын, набывае значэнне шматслойнай метафары, калі трансфармуецца ў шафу (у якой, быццам замураваная, знаходзіцца Мэг). Ды і іншыя рэчы (падвешаныя да драўлянай столі старыя сукенкі ды няхітрае кухоннае начынне, маленькі комін з качаргой), апрача сваёй функцыянальна-бытавой, нясуць і пэўную зместавую, метафарычную нагрузку. Бліжэй да фіналу, цягам разбурэння “хатняга асяродку”, сцэнічная прастора ўсё больш вызваляецца, пакуль аголеная столь, быццам абрынутае неба над галавой звар’яцелай Морын, канчаткова не знікне недзе ўгары.

Аб чым пастаўлены новы спектакль коласаўцаў? Думаю, ён пра тое, як усім нам не хапае спагады, чуласці, увагі, цярплівасці да нашых блізкіх, адным словам, чалавечнасці, як мы развучыліся слухаць, чуць і разумець яшчэ кагосьці, апрача сябе самога, у выніку чаго гэты свет, як быццам створаны для любові, з кожным днём становіцца ўсё больш жорсткім і бездухоўным.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа