Архіў сведкі біенале

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Нататкі медыятара Нацыянальнага павільёна Беларусі на 56 Венецыянскім біенале. Частка ІV
Чым больш занурваешся ў La Biennale di Venezia, тым больш атрымліваеш задавальнення ад яго абліччаў. Венецыянскае біенале — гэта парад экспазіцый-дэбатаў, марафон уражанняў, і вядома ж, шоу, якое захоплівае сваім абяцаннем большага. Гэта змова яго ўдзельнікаў у тым, што проста зараз адбываецца Гісторыя. І біенале — гэта, вядома, рынак, які працуе па пэўных законах, вядомых для адмыслоўцаў і трошкі прыадкрытых для неафітаў.

/i/content/pi/cult/539/11762/8-1.jpg

Біенале як…

Брытанская журналістка Сара Торнтан, якая ў 2008 годзе напісала бестсэлер-даследаванне пра свет сучаснай арт-сферы “Сем дзён у мастацтве”, прысвяціла асобную главу Венецыянскаму біенале. Аўкцыён “Крысці” , міжнародны кірмаш “Арт-Базэль”, семінар ў Каліфарнійскім інстытуце мастацтваў, Прэмія Цёрнера… Сара Торнтан дае ўяўленне пра структуру свету мастацтва, яго асяродак, апісваючы пэўныя складнікі і “субкультуры”. Яе даследаванне было б не поўным без апісання аднаго са старэйшых міжнародных форумаў. Куратары, мастакі, галерысты, супрацоўнікі аўкцыённых дамоў — адмысловая публіка, якая складае “цэх” сучаснага мастацтва: кожны дае ацэнку гэтай з’яве, высвятляючы яго бакі. Біенале — як траплін для славы, як пляцоўка для эксперыменту, як забава, як уцёкі ад штодзённасці, як прасоўванне нацыянальных інтарэсаў, як тое, што адлюстроўвае “дух часу”…

Для Беларусі, якая толькі трэці раз удзельнічае ў міжнародным форуме, мяркую, біенале можна параўнаць з выхадам у мора. Краіна, дзе, па-сутнасці, дзейнічаюць толькі дзве інстытуцыі, якія маюць дачыненне да сontemporary art, дзе пра рынак мастацтва казаць не даводзіцца, на прэстыжнай пляцоўцы са 120-гадовай гісторыяй выглядае гэткім юнгам, які здзейсняе сваё трэцяе вялікае плаванне на сапраўдным караблі. У той час, калі вопытныя ўдзельнікі мастацкага працэсу ўпэўнена акідваюць позіркам знаёмыя далягляды, мы захоплена ўглядаемся ў новае з верай у неадкрытыя кантыненты. Насамрэч, гэтай верай, напэўна, мы і вабім, бо акрамя сябе і яе нам пакуль няма чаго прапанаваць, па вялікім рахунку.

Незвычайная сустрэча

Цікава, што гэтыя мае разважанні супалі з меркаваннем “прафесійнага гледача” Венецыянскага біенале з дзесяцігадовым стажам Шарунасам (менавіта так ён папрасіў сябе прадставіць). Магчыма, Шарунас — не слынныя візаві Сары Торнтан, але сустрэчу з ім я лічу сваёй галоўнай удачай на біенале. Яна дазволіла паглядзець на міжнародны форум з адпаведнай перспектывы.

Шарунас прыйшоў у беларускі павільён таму, што ўбачыў невялікі агляд пра экспазіцыі Усходняй Еўропы ў брытанскай газеце “The Guardian” (у ім быў адзначаны і праект “Архіў сведкі вайны”). Учыніўшы “вялікі допыт”, ён з вялікай цікавасцю ўнікнуў у “Архіў…”, выявіўшы не толькі вартасці беларускага павільёна, патэнцыйную рэакцыю публікі на яго, але і спецыфіку сёлетняга біенале наогул. У эксклюзіўным інтэрв’ю, які Шарунас пагадзіўся мне даць, ён распавёў і пра новыя трэнды ў развіцці сучаснага мастацтва ў суседняй Літве, якім можна павучыцца, і пра тое, у чым мы, аказваецца, з літоўцамі супадаем. Амаль поўным пераказам нашай бяседы я і хачу з вамі падзяліцца.

Дадам, што Шарунас, хоць і літовец па паходжанні, лічыць сябе “грамадзянінам свету”, жывучы ў розных краінах і стасуючыся выключна на англійскай мове. “Літоўскую я выкарыстоўваю для паэзіі”, — сур’ёзна і адначасова дасціпна казаў ён.

З аднаго боку, як усяго толькі дасведчаны глядач, Шарунас не прэтэндуе на экспертную адзнаку сёлетнему біенале, з іншага, менавіта дасведчанасць і неабавязковая прадузятасць яго меркавання, уводзіць яго, вядома, суб’ектыўныя развагі, у “ранг” вартых ўвагі.

Між мастацтвам і камерцыяй

Шарунас адразу даў крытычную ацэнку сучаснаму форуму, які падтрымлівае новыя павевы ў сучасным мастацтве. “Існуе кацэптуальны канфлікт паміж палітыкай біенале і тым, што тут дазваляецца экспанентам. Напрыклад, більянеры прыязджаюць сюды на вялікіх яхтах, спыняюцца ў цэнтры, хоць для нас не заўсёды відавочны крыніцы іх заробку. З іншага боку, вядома, што біенале толькі на 10% фінансуецца з боку Італіі, а 90% яго бюджэту — гэта датацыі прыватных донараў, тых самых більянераў”, — Шарунас адразу выдае ў сабе эканаміста, які глядзіць не толькі на знешні бок падзеі, а шукае подводныя эканамічныя плыні. — Таму падвойныя стандарты сучаснага біенале ў мяне выклікаюць абурэнне”.

“Напрыклад, каля 100 прыватных павільёнаў сёлетняга біенале плацяць 20 000 еўра за выкарыстанне лагатыпа форума. Гэта прыкладна 2 мільёны еўра, — Шарунас ахвотна прыводзіць лічбы як доказ пэўнай камерцыялізаванасці міжнароднага форума. Я не люблю дарагія павільёны, бо мой досвед пераконвае: экспазіцыі, у якія ўкладзена шмат грошай, звычайна слабейшыя. Тое разумеюць і адмыслоўцы. Так, куратары любяць наведваць шыкоўныя вечарынкі, якія ладзяць падобныя праекты, але я сумняваюся, што яны моцна вераць у магчымасці мастакоў, якія прадстаўлены ў дарагіх павільёнах ”.

Карыстаючыся магчымасцю, пытаюся пра беларускі павільён, які акурат не можа пахваліцца вялікімі інвестыцыямі.

“Ваш павільён мне падабаецца, — адказвае мой візаві. — Тут ёсць паралель паміж прычынамі Першай сусветнай вайны і вытокамі канфліктаў сённяшніх дзён. Гэта своечасовы павільён, і мне падабаецца яго прастата. Усе павільёны Літвы апошніх гадоў былі вельмі простымі, але існавала моцная канцэпцыя.

Увогуле, лічу, што павільёны Усходняй Еўропы маюць шмат агульнага з Кітаем, — Шарунас далей развівае сваю думку. — Я жыў у гэтай краіне пэўны час, і азіяцкія традыцыйныя філосафы вельмі блізкія светапогляду ўсходніх еўрапейцаў. Беларускае, літоўскае мастацтва шмат у чым падобнае да азіяцкага светаўспрымання. Гістарычна мы не мелі вялікага рынку для нашага мастацтва, больш знаходзячыся ў судакрананні з рэальнасцю андэграўнду. Нават калі паглязець на Ёнаса Мекаса, амерыканскага кінематаграфіста літоўскага паходжання, усе яго працы цалкам дакументальныя, заснаваныя на яго паўсядзённым жыцці. Яны — пра рэальнасць, і гэта яшчэ адна вартасць падобнага мастацтва”.

У супрацьлегласць ёй — Шарунас называе выдуманыя праекты дарагіх павільёнаў. “Начыненне падобных праектаў, звычайна, штучна вынайдзенае, усё базуецца на дарагім дызайне, — вяртаецца ён да набалелага пытання. — Рэальнасць, яе асэнсаванне, цікавыя ідэі — адыходзяць у бок. Вядома, што шмат калекцыянераў фінансуюць мастацкія павільёны, бо для іх гэта — інвестыцыі, якія павялічваюць кошты на работы пэўных мастакоў, магчымасць зарабіць яшчэ большыя грошы. У гэтым для мяне — галоўны канфлікт высокіх ідэй і камерцыі”.

Посткаланіяльная перспектыва

Нягледзячы на ўхвалу, Шарунас выказаў сумнеў у тым, што заходняя публіка здолее ўспрымаць “Архіў сведкі вайны”, які прадстаўлены ў беларускім павільёне. “Падчас глабальнага крызісу Захад пачаў наноў задумвацца над вечнымі пытаннямі: хто яны? як працуе іх эканоміка? што робяць іх палітыкі? Але з іншага боку, гісторыя для Захаду, на маю думку, знаходзіцца на дыстанцыі: іх паўсядзённае жыццё круціцца вакол брэндаў, грошай, інвестыцый… Гэта надзвычай кансьюмерысцкі стыль жыцця, і я не ўпэўнены ў тым, наколькі глыбока яны змогуць кантактаваць з чымьсці ўсходнееўрапейскім, беларускім ці кітайскім…”, — сімпатыі майго візаві — навідавоку .

Заўвага Шарунаса правакуе мяне на рэпліку ў адказ: “Але праект добра ўспрымаецца і французамі, і нідэрландцамі, і англічанамі, і амерыканцамі…” І распавядаю, у тым ліку, пра дзіўную рэакцыю прадстаўнікаў Германіі, якія праяўляюць сваю салідарнасць у замоўчванні электронных адрасоў. (Хоць з боку ўдзельнікаў праекта — куратараў, медыятараў — неаднаразова гучалі тлумачэнні ў іх цалкам прадметным выкарыстанні).

Шарунас паставіўся да гэтай праявы скептычна: “Немцы ўвесь час сур’ёзна ставяцца да гісторыі. Але я лічу, што гэта адбываецца аўтаматычна. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але гэта сітуацыя мне нагадвае тую, якая была ў СССР: кожны мусіў верыць, што наступіць камунізм. І такім жа чынам немцы мусяць каяцца ў сваёй гісторыі. Але ці маюць яны час сапраўды думаць пра гэта?” — Шарунас разважае як прадстаўнік Захаду і Усходу адначасова.

У адказ прыводжу пакінутыя гісторыі, разважанні маладых людзей з Германіі, у якіх — шчырае шкадаванне наконт мінулага сваёй краіны. “Магчыма, Германія стамілася ад згадак паражэнняў у дзвюх вялікіх войнах?” — так гучыць мой аргумент.

“Гэта вельмі цікавая ідэя, — раптам адказвае Шарунас, — бо зараз, гледзячы на багаты Захад, не часта цябе напаткае думка пра тое, што ён быў пераможаны. У прыватнасці, Германія. Я мушу больш падумаць пра гэта”, — мой візаві па-майстэрску растаўляе акцэнты, але падаецца шчыра закранутым.

У нашай размове мы часам мяняемся ролямі, калі праграматычны погляд Шарнуса раптам аказваецца адкрытым да шчырага захаплення, сумневу, і наадварот: калі мае перакананні ў перамозе мастацтва “над усім”, цалкам натуральна “пасуюць” перад глабальным поглядам на лакальны кантэкст.

“Больш цікавую рэакцыю, на маю думку, ваш праект можа справакаваць з боку жыхароў Азіі, — кажа Шарунас. — Чым больш я вывучаю азіяцкія краіны, тым больш бачу падабенства паміж каланізацыяй Азіі і, скажам так, каланізацыяй Усходняй Еўропы Захадам і Усходам. На жаль, ва ўсходнееўрапейскім арэале посткаланіяльныя даследаванні слаба развітыя, Азія ў гэтым сэнсе нас апярэджвае. Акурат паглядзець на ваш праект з боку посткаланіяльнай перспектывы — у гэтым мне бачыцца вялікі плён. І натуральна, гэта перспектыва мусіць уключаць погляд сацыёлагаў, антраполагаў… Так, у гэту тэму можна ўвайсці вельмі глыбока”.

Фота аўтара, Ілоны БЯЛЯЦКАЙ і з афіцыйных старонак праектаў у Сеціве

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"