Ці варта станавіцца Панявежысам-2?

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Абласны тэатр у Маладзечне: дзіцячыя садкі, дрэва 25-годдзя і верны глядач
У свой час на ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне адзін з высокіх гасцей выказаў пажаданне трупе стаць “другім Панявежысам”. Слава пра легендарны тэатр з правінцыйнага літоўскага горада “грукатала” на ўвесь колішні Савецкі Саюз. Там працавалі шматлікія выбітныя літоўскія акцёры, у іх ліку і Данатас Баніёніс. У Панявежыс на спектаклі прыязджалі не толькі гледачы з краін Балтыі, але і тэатральныя “гурманы” Масквы і Ленінграда. Урэшце, кожны тэатр развіваецца па акрэсленым шляху. І параўноўваць калектывы з адрознымі эстэтычнымі кірункамі, нягледзячы на ўмоўную агульнасць (геаграфічную аддаленасць ад сталічных цэнтраў), — справа няўдзячная і, бадай, непатрэбная. Тым не менш, тое пажаданне 25-гадовай даўніны ў адрас маладзечанскага тэатра гучала шчыра, з ноткай ідэалізму, вядома. А як развіваецца маладзечанскі тэатр сёння? На гэта ды іншыя пытанні адказвае дырэктар Мінскага абласнога драматычнага Юрый КРЫВЕНЬКІ, які самым яркім момантам у жыцці калектыву на дадзены момант назваў удзел у праграме ІІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі, дзе трупа прадставіла спектакль “Падобны на Стынга” Ірыны Пісьменнай ў пастаноўцы Мікалая Дзінава.

/i/content/pi/cult/539/11759/6-1.jpg— Выступіць на пляцоўцы Купалаўскага тэатра — гэта адказна і прэстыжна. Другі раз такога можа не адбыцца, — адзначыў на пачатку гутаркі Юрый Паўлавіч. — Таксама ў гэтым сезоне мы правялі абменныя гастролі з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа і Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатрам, вядзём перамовы па абмене з Гродзенскім абласным драматычным тэатрам. Таксама здзейснілі гастрольную паездку ў Брэст. Ну і, вядома ж, выпусцілі прэм’еры: два вячэрнія спектаклі і адзін дзіцячы, навагодні. Трупа тэатра папоўнілася маладымі акцёрамі Аляксандрай Грасевіч і Аляксандрам Каласніцыным. Зусім нядаўна на праслухоўванне прыязджалі будучыя выпускнікі Акадэміі мастацтваў. Думаю над тым, як і чым іх прывабіць, каб пасля атрымання дыпломаў яны прыйшлі на працу менавіта сюды.

Калі казаць пра лічбы, то запаўняльнасць залы ў мінулым сезоне склала 67%, у гэтым імкнемся ўтрымаць планку на паказчыку 82%. Вядома, даводзіцца арганізоўваць абавязковае наведванне спектакляў навучэнцамі прафесійна-тэхнічных каледжаў. Але без гэтага не абысціся ў сітуацыі, падобнай на нашу. Хай і нязначна, але за кошт уласнага прыбытку здолелі падняць зарплату супрацоўнікам — ад 5 да 30%. Хацелася б больш стымуляваць працу...

— Мяркуючы па планах працы, тэатр актыўна асвойвае пляцоўкі дзіцячых садкоў горада. З чым гэта звязана? Напрыклад, для мазырскага тэатра, у якім вядуцца работы па аднаўленні будынка, паказ спектакля ў садках — жыццёвая неабходнасць. Маладзечанскі ж тэатр мае нармальную базу. Паходныя ўмовы, зразумела, не сыграюць на карысць якасці спектакля. Дык чаму нельга сабраць гледача ў сценах тэатра?

— Ставіў тры мэты па гэтым праекце. Найпершая — выхаваўчая. Трэба рыхтаваць тэатральнага гледача на перспектыву, і ў гэтым сэнсе знайшоў падтрымку і разуменне з боку аддзела адукацыі, спорту і турызму, які даў сваю згоду на пракат. Тэатр цікавы самім дзецям, і кантакт з імі — яшчэ і школа прафесіяналізму для маладых акцёраў. Добра, калі яны пасля заканчэння ВНУ адразу трапляюць у “дарослы” рэпертуар. А калі не? Да ўсяго, на садках заўсёды зараблялі прыватныя трупы. Чаму гэта нельга зрабіць дзяржструктуры? Фінансавы план і план па спектаклях (іх 230 за год) трэба выконваць. А на адным паказе ў садку зарабляем мільён рублёў.

— Як у прымаўцы: курачка па зярнятку…

— Ад гэтай сумы трэба адняць транспартныя выдаткі, каб давезці дэкарацыі і касцюмы (артысты дабіраюцца сваім ходам) і аўтарскія адлічэнні. Я разумею, што драматычны тэатр у прынцыпе не павінен ездзіць па садках, але мы вымушаны гэта рабіць. Думаю нават, каб на перспектыву ў рэпертуары з’явіліся спектаклі з улікам псіхалогіі менавіта гэтай узроставай групы. Накшталт “Рэпкі”.

— У горадзе працуе Абласны тэатр лялек “Батлейка”, які традыцыйна абслугоўвае і садкі. У іх і рэпертуар, які трапляе пад катэгорыю “3+”. Атрымліваецца, што драмтэатр міжволі адбірае “хлеб” у сваіх калег-лялечнікаў?

— Тут ёсць свая ратацыя. У іх — лялькі, у нас — жывы артыст. Яны выйграюць па кошце білета, па працягласці спектакля — у іх гэтыя паказчыкі меншыя. Мы па нормах можам іграць два спектаклі ў дзень, у лялечнікаў інакш. Чаргу паказу спектакляў тэатраў рэгулюе аддзел адукацыі, спорту і турызму. Напрыклад, у летні перыяд некаторыя дзіцячыя летнікі заяўляюць, што працуюць выключна з лялечнікамі.

— На пасадзе дырэктара Абласнога тэатра вы працуеце шосты год. За гэты час па аб’ектыўных прычынах змяніліся два мастацкія кіраўнікі. Трэці — Мікалай Дзінаў — пераведзены на пасаду чарговага рэжысёра…

— Так, не ўсе задуманыя праекты, пра якія вялася гаворка з трупай, былі ажыццёўлены. Рэжысёр на пасадзе мастацкага кіраўніка — гэта чалавек, які павінен захапіць як аднадумцаў, так і сваіх апанентаў. Трупа — гэта не сям’я, а, у першую чаргу, — ансамбль, які стварае рэжысёр.

— Хто вызначае перспектыўны рэпертуар тэатра ў адсутнасці мастацкага кіраўніка?

— У апошні сезон паступалі заяўкі ад рэжысёраў, якія добра ведаюць трупу і яе магчымасці. Глядзім таксама на рэпертуар беларускіх тэатраў: што ставяць калегі. Праведзена анкетаванне гледачоў, каб ведаць, чаго хоча публіка. Зыходзячы з гэтага і выбіраем.

— Як і па чыёй ініцыятыве з’явіліся апошнія прэм’еры ў тэатры?

— П’еса Пятра Гладзіліна “Афінскія вечары” — гэта мой выбар. І яна трапляе пад вызначэнне “п’еса для сямейнага прагляду”, пра якія прасілі гледачы ў час анкетавання. Я пачытаў гісторыю ўзнікнення гэтай п’есы, яе пастаноўкі ў тэатрах. Мяне пужала, што драматург запытае непад’ёмную суму аўтарскіх. Але гэта пытанне мы вырашылі.

— Такім чынам, п’еса зацверджана. А чаму ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка запрасілі Валерыя Анісенку?

— Мне хацелася аўтарытэтнага і жорсткага рэжысёра. І паглядзець на рэакцыю трупы, якая з ім ніколі не працавала. Валерый Данілавіч — “гуляючы трэнер”: дысцыплінаваны і вельмі патрабавальны. Хацелася, каб ён навучыў моладзь. У выніку склалася каманда, якая разумела яго з паўслова. Да ўсяго, Анісенка доўгі час працаваў на дырэктарскіх пасадах, і яго парады адміністрацыйнага парадку былі карысныя і мне.

— Наступная прэм’ера — “Вакзал на траіх”…

— У тэатры склалася традыцыя адзначаць юбілеі і круглыя даты артыстаў прэм’ернымі спектаклямі. Актрыса Алена Рахмангулава акурат мела адсвяткаваць сваё 45-годдзе. Яна — аблічча горада і тэатра, на яе ходзяць гледачы. Ад Алены і зыходзіла прапанова папрацаваць з рэжысёрам Юрыем Вута. Мяне задаволіла, што п’еса, абраная для пастаноўкі, — “маланаселеная”. Спектакль мабільны, мінімум дэкарацый. У цэлым, асабіста я ставіў задачу, каб першыя 15 спектакляў прайшлі з аншлагамі. У іншых абласных тэатрах 20 — гэта норма. Але штосці “прабуксоўвае”…

— Няўжо гарадскі глядач адвярнуўся ад тэатра?

— Зусім не. Гарадскі глядач, як і раней, застаецца верным свайму тэатру. І разлічана ў выпадку з “Вакзалам на траіх” усё добра: мінімальны каштарыс, акцёрскі склад. Але пакуль у мяне няма адказу на гэта пытанне аб прычынах згаданай “прабуксоўкі”.

— Пастановачныя групы, запрошаныя з боку, запрошваюць пэўныя сумы ганарараў. Адкуль у невялікага тэатра сродкі на іх аплату?

— Часткова — бюджэт, часткова — сродкі, заробленыя тэатрам.

— Маладзечанскі тэатр першапачаткова быў створаны, як беларускамоўны, што было яго адметнай рысай. Апошнія гады ў рэпертуар сталі ўкараняцца рускамоўныя пастаноўкі. Працэс незваротны?

— Пераклад на беларускую мову павінен быць высокамастацкім. Яшчэ раз пераканаўся ў гэтым, калі паглядзеў у Коласаўскім тэатры тыя ж “Афінскія вечары”, але на роднай мове. На якасны пераклад часцяком не хапае сродкаў... Да таго ж, многія гарады, дзе мы гастралюем, — пераважна рускамоўныя. У перспектыве тэатра — беларускамоўны спектакль рэжысёра Аляксандра Дольнікава “Без Ягора будзе гора” па п’есе Васіля Ткачова. Будзем старацца!

— Мясцовыя прэса надала ўвагу святкаванню Міжнароднага дня тэатра. У той вечар на сцэне абласнога тэатра прайшла цырымонія па намінаванні на лепшую жаночую, мужчынскую ролю і г. д. Вы выказалі спадзяванне, што падзея стане штогадовай. Аднак для гэтага патрэбна, зразумела ж, штогод выпускаць пэўную колькасць прэм’ер. Падзяліцеся творчымі планамі тэатра.

— На закрыццё сезона пакажам “Жыццё ўбогае” Дзіяны Балыка ў пастаноўцы Мікалая Дзінава. Вёў перамовы з рэжысёрам Віталём Баркоўскім аб пастаноўцы спектакля “Дзядзечкаў сон” паводле Дастаеўскага. Хацелася б адкрыць ім сезон.

— І наступны сезон юбілейны: тэатру спаўняецца 25 гадоў. Плануеце ўрачыстасці з гэтай нагоды?

— Вядома! У мяне была ідэя “прытрымаць” усё прэм’ерныя спектаклі і паказаць іх цягам тыдня перад юбілейнай датай. Але тое немагчыма. Трэба “адбіваць” грошы, выдаткаваныя на пастаноўку. У адным з інтэрв’ю рэжысёр Рымас Тумінас на пытанне “Чым Вы займаецеся ў тэатры?”, адказаў: “Я выгадоўваю сад”. Хацелася б у фае тэатра зрабіць інсталяцыю ў выглядзе дрэва, аналагічна таму, якое задзейнічана ў спектаклі “Камедыя” Уладзіміра Рудава, візітоўцы тэатра, і ўпрыгожыць яго стылізаванымі яблыкамі з выявамі ды прозвішчамі тых людзей, якія ўнеслі свой уклад у станаўленне калектыву.

Фота прадастаўлена тэатрам

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр