Негатыў і “дзіды”

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Уладзіслаў МІСЕВІЧ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
Не так даўно ў мяне запыталі, чаму “многія ўдзельнікі “Песняроў” розных складаў абвяшчаюць выдатнай тую ці іншую музыку і яе выканаўцаў, а вось ансамбль, у якім самі ўдзельнічалі, нярэдка змешваюць і ўтоптваюць вядома з чым і вядома ў што?”

/i/content/pi/cult/539/11757/5-3.jpgДобрае пытанне, паколькі я сам з тых людзей, якія не шкадуюць слоў, каб выказаць негатыўнае стаўленне да пэўных фактаў існавання “Песняроў”, у тым ліку на адрас калег, калі яны, з майго пункту гледжання, гэтых слоў заслугоўваюць. А ўхвала, да прыкладу, ад мяне гучыць значна радзей.

Панаванне негатыву ў “каляпесняроўскім” коле трапна заўважана. Я і сам падобнае стаўленне заўважаю, у тым ліку і сярод удзельнікаў нашага калектыву, “Беларускія песняры”, на адрас “Песняроў”. І, сталеючы, імкнуся неяк мякка прыцягнуць увагу хлопцаў, што ўсё ж нельга выказвацца ў пэўным тоне публічна. Зрэшты, для музыкантаў, якія доўгі час у прафесіі, рэзкія словы — своеасаблівы спосаб узаемаадносін з калегамі, з публікай. У іх ёсць момант гульні, нейкага какецтва.

Але калі глядзець глабальна, то, на мой погляд, крытычнае і нават скептычнае стаўленне да той з’явы, у стварэнні якой мы бралі ўдзел, — факт хутчэй станоўчы, чым адмоўны. Бо яно выклікана максімальнай самакрытычнасцю (але не па-за межамі), выхаванай у нас Уладзімірам Мулявіным. Прафесійнае самаедства ў чыстым выглядзе! Але калі спраецыраваць якасць на адэкватных музыкантаў і артыстаў, прыходзіш да высновы: усе самаеды! Я тое ж адчуваю пасля кожнага канцэрта, ведаю і меркаванні кожнага з артыстаў “Беларускіх песняроў”: ледзь штосьці не задалося на сцэне — усе ходзяць падаўленыя. (І тут ужо не “Песняры” вінаватыя!) А паколькі ў сілу прафесіі мы ўвесь час на працы, часта ўзнікае ацэначнае: “А вось гэтыя хлопцы робяць лепш!”. Падобныя думкі прымушаюць трымаць сябе ў форме, весці інтэнсіўны разумовы працэс і дзейнічаць на вынік, які адзіна важны ў нашай справе.

Але і раней справа ішла гэткім жа чынам: праграму зрабілі — выдатна, але неўзабаве, у працэсе яе “абкаткі”, адчуванні пайшлі на спад — і трэба рабіць нешта новае: вось песня ідзе не так, як раней, а тут і праграма аказваецца “заезджанай”. І Мулявіна доўгі час не пакідала творчая незадаволенасць бягучай сітуацыяй. Патрэбны быў пошук чагосьці новага — інакш даўно б усе забыліся на нашу кантору. Штосьці было — ну і няхай, а што будзе далей? Вось аб чым варта думаць! Можа, поспех прыйшоў апошнім разам? Як яго ў такім выпадку затрымаць, прадоўжыць? Падобнае стаўленне выглядае сёння элементам “песняроўскай” школы. І яе ідэя працуе больш за сорак гадоў, што здзіўляе і ўражвае.

Па вялікім рахунку, у сітуацыі з крытыкай і самакрытыкай з боку колішніх артыстаў ансамбля “Песняры” я праблемы не бачу. Не на кагосьці, а на сябе нагаворваем. Калі мы існуем у музычным светаадчуванні з негатыўным налётам адносна “Песняроў”, значыць, такая сёння ацэначная шкала. Ды і звычка ўжо выпрацавалася ўсё ўспрымаць менавіта ў падобным святле праз пастаянныя высвятленні адносін. Але градус грамадскага меркавання, відаць, сам па сабе схіляецца ў бок пераацэнкі каштоўнасці зробленага “Песнярамі”. І было б выдатна, каб пры гэтай пераацэнцы ўвесь негатыў, выліты былымі калегамі адзін на аднаго, не стаў вызначальным крытэрыем. Галоўнае, што ёсць у “Песняроў” — шматгадовай вытрымкі вынік. Ці варта над ім ламаць дзіды?

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах