Як характар і менталітэт

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Яўген САХУТА, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці
Культура не церпіць наступу навукова-тэхнічнага прагрэсу, асабліва яе матэрыяльная частка. Самі разумееце, што калі ў крамах ёсць шкляны ці парцалянавы посуд, калі ёсць прамысловы тэкстыль, штампаваныя прадметы побыту, то, канешне, ганчары пакінуць сваю працу, ткачыхі перастануць ткаць, мы адмовімся насіць традыцыйны касцюм. Карацей, гэта аб’ектыўная з’ява, характэрная для ўсяго свету.

/i/content/pi/cult/539/11756/12-1.jpgНа Беларусі працэс зацягнуўся амаль да апошняга часу, а Заходняя Еўропа перажыла названы пераход яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя. І наступленне прагрэсу там аказалася настолькі хуткім, што яны і адумацца не паспелі, як у іх прамысловасць выцесніла амаль усю мастацкую вытворчасць.

Добра памятаю пачатак сваёй навуковай дзейнасці ў 1970 — 1980-я, калі я спяшаўся ўхапіць апошнія, як тады думалася, рэшткі традыцыйных народных рамёстваў. Я разважаў так: пройдзе некалькі дзясяткаў гадоў, і гэта знікне, як страцілася ў заходніх краінах. Але, на шчасце, як і іншыя навукоўцы, я памыляўся. Наступілі новыя часы, Беларусь набыла незалежнасць і літаральна на вачах актуалізаваліся іншыя працэсы. У нас адкрыліся вочы на скарбы, якія мы ледзь не страцілі. Гэта проста дзіва, што за некалькі гадоў у свядомасці прынамсі часткі народа адбыліся неверагодныя працэсы! А ў 1980-я гады нам убівалі ў галаву, што ўсё гэта нам не патрэбна, маўляў, навукова-тэхнічны прагрэс забяспечыць усім неабходным. Нашто ж нам тое ганчарства ці ткацтва?

Заходзіў я калісьці да апошняй ткачыхі на ўсю вёску (хаця раней ткалі ў кожнай хаце), а яна кажа, што робіць гэта таму, што ў яе душа просіць. Яна гэтыя посцілкі тчэ ды кладзе ў шафу, бо людзі з яе смяюцца: нашто табе гэта трэба, калі ў краме можна набыць сабе тую покрыўку? А ткалля тая яшчэ распавядала: падарыла сваякам у горад, а яны падарунак выкінулі, бо саромеюцца такого “вясковага” вырабу. А вось у магазіне — як у людзей! Падобнае светаўспрыманне пачало настолькі моцна ўваходзіць у свядомасць, што аўтэнтычныя вырабы сталі ўспрымацца ці як музейны атрыбут, ці як сведчанне адсталага мінулага. Такім чынам знікалі рэшткі традыцыйных рамёстваў.

Але новыя часы вырашылі інакш. Беларусы задалі сабе пытанне: чым мы вылучаемся сярод суседзяў і ўвогуле сярод народаў? Відаць, не лядоўнямі альбо тэлевізарамі: яны не горшыя, але і не лепшыя за астатнія. А вось традыцыйнай культурай — так, таму што яна ў кожнага народа свая, як і характар ці менталітэт — непаўторная.

І вось літаральна за некалькі гадоў мы бачым, што сёй-той з моладзі ўжо можа апрануць касцюм у нацыянальным стылі, няхай сабе толькі ў час свята. Могуць некаторыя засесці і за ганчарны круг ці выцягнуць з бабулінага куфра забытую посцілку ды заслаць у сваёй гарадской кватэры ёй мэблю. Чаму? Таму што такой посцілкі больш няма ні ў каго!

Калі да нас прыязджаюць еўрапейцы, яны кажуць: “Ну, дзе мы можам паглядзець вашу традыцыйную культуру”. І вельмі добра, калі яны трапляюць на нейкую акцыю, якія зараз сталі вельмі папулярнымі, на фестываль, выстаўку, свята ці конкурс. Там мы ва ўсёй красе можам паказаць свае культурныя магчымасці…

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст