Канвертаваная этніка

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Мой улюблёны філолаг — Галіна Барташэвіч, аўтар тома “Дзіцячы фальклор” з акадэмічнага збору вуснай спадчыны нашага народа — пачынае лекцыі з пытання: “Ведаю краіну, дзе школьнікі штодня пачынаюць заняткі са спеваў народнай песні. Што гэта за краіна?” Пасля таго, як аўдыторыя дэманструе веды па геаграфіі Усходняй Еўропы, Азіі і Афрыкі, спадарыня Галіна “прышпільвае” яе адказам: “Не, шаноўныя, гэта — не Румынія, не Паўночная Карэя, не Мазамбік… Гэта — Нарвегія”.

/i/content/pi/cult/539/11755/5-1.jpgМы сёння менш, чым хацелася б, звяртаемся да сваёй песні, танца, традыцыйных музычных інструментаў. Нават, калі трэба адзначыць прыхільнасць да культуры продкаў, абіраем нешта матэрыяльнае — вышымайкі, замкі і палацы, слуцкія паясы. А “дызайнерскі і культурыны прарыў” Японіі, Кітая, Скандынавіі, іншых краін “тэхнасацыяльнага авангарду стагоддзя” пабудаваны перадусім на шанаванні ўласнай нематэрыяльнай этнаспадчыны, што і стварае ўмовы для іх стабільнага існавання ў сучасным свеце.

Адна з постсавецкіх краін, што найдынамічна крочыць скрозь міленіум — Казахстан — вырашыла адзначыць юбілейны для сваёй сваёй дзяржавы 2015 год (550-годдзе Казахскага ханства) менавіта фестывалем фальклору. “Свята дзяржаўнасці — надзвычай важная падзея, таму фэст з запрашэннем фальклорных ансамблей і музыкантаў сусветнага ўзроўню дасць магчымасць нашым сябрам не толькі прадставіць культуру і традыцыі сваіх народаў, але і паспрыяе зараджэнню новых творчых звязкаў, захаванню сяброўства, узаемаўзбагачэнню культур у імя захавання і развіцця мастацтва ды чалавека”, — адзначыла стваральнік фестывалю, кіраўнік упраўлення культуры Акмoлінскай вобласці Саўле Бурбаева.

Фестывальная афіша “Поклічу стагоддзяў-2015” (так з казахскай мовы перакладаецца назва форуму ў горадзе Какшэтаў, што месціцца ў адной вобласці з казахскай сталіцай Астаной) уражвала. Колькасная перавага тут была на баку майстроў усходніх “шаманскіх” гарлавых абертонных спеваў, віртуозаў-выканаўцаў на “рыкаючых” бубнах, звонкіх струнных інструментах, гуртоў гнуткіх усходніх танцаўшчыц. Пяцёра маладых салістаў-віртуозаў і дзевяць фальклорных маладзёжных ансамбляў з Казахстана, Расіі, Беларусі, Манголіі, Кітая ўзялі ўдзел у фестывальнай праграме. На гэтым стракатым фоне казахскі мультыінструменталіст, спявак і кампазітар Едыль Хусаінаў (яму апладзіравалі “Карнэгі Хол”, “Кэнэдзі Цэнтр”, парыжская Асамблея UNESCO), алтайскі сказіцель Балот Байрышаў (аўтар саўндтрэка блокбастара “Паляванне на піранню”, уладальнік прэміі UNESCO за захаванне і прапаганду этнакультуры), башкірскі віртуоз-кубызіст Міндзігафур Зайнатдзінаў (пераможца нарвежскага конкурсу выканаўцаў на варгане з удзелам музыкантаў з 36 краін), іншыя зоркі этнікі сусветнага ўзроўню нават і не моцна “зіхацелі”... Але не ўслухоўвацца ў іх асвечанае сівой даўніной мастацтва цяжка — зацягвае, як струмені горных рэк паўночнага Казахстана, і вабіць, як шапкі туману на навершшы яго гор.

Не дзіўна, што менавіта ў гэтых мясцінах акадэмік Вярнадскі завяршыў трактат пра наасферу, тут пэўны час жылі айчынныя ўцекачы ад прыгнёту царызму і эвакуіраваныя ад фашысцкай навалы мастакі і навукоўцы з Беларусі… Прадстаўнікоў нашай краіны на этнафоруме — ансамбль “Рaме” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — сустракалі шчыра і сардэчна. Умовамі ўдзелу ў фэсце былі этнаграфічнасць і адпаведнасць “караням”, таму пазнаёміўшыся з візітоўкай мінскіх студэнтаў (набліжаныя да аўтэнтычных спевы, назбіраны на этнаграфічнай практыцы плясавы і дударскі рэпертуар, касцюм Цэнтральнай Беларусі, адноўлены Людмілай Дамнянковай і Вольгай Рэднікінай) арганізатары “Поклічу стагоддзяў” не толькі іх запрасілі, але і ўзялі на сябе фестывальныя выдаткі мінчан, якія склалі больш за пяць з паловай тысяч еўра... Ну, хіба беларуская традыцыйная культура дрэнна канвертуецца?.. Дарэчы, казахі ўсе пяць фестывальных дзён (12 — 16 чэрвеня) падкрэслівалі, што чакалі ад Беларусі нарэшце не стылізаванага, а менавіта “сапраўднага” народнага мастацтва, што ў выніку і атрымалі.

Магчыма, дыплом і ўзнагароды, якія “Рaме” прывезлі на сваю кафедру этналогіі і фальклору, прымусяць іх калег па ўстанове і суайчыннікаў задумацца пра тое, што ўжо разумеюць маючыя мадэрновыя будынкі “сусветна-трэндавых” японскіх архітэктараў у Астане, адну з найбольш сучасных банкаўскіх сістэм і адаптаваную да сучаснасці двухузроўневую ўніверсітэцкую адукацыйную лесвіцу казахі: “Традыцыйнае мастацтва — невынішчальнае. Менавіта яно дапамагае людзям кахаць, спачуваць, вучыць шчырасці, узвышае душу і пачуцці. Гэта сапраўды — мова міжнацыянальных зносін і духоўнага адзінства чалавецтва”. Менавіта такімі словамі арганізатары ўрачыста завяршылі “Покліч стагоддзяў-2015”.