Урокі плавання між стэрэатыпаў

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Незнаёмая краіна: спазнанне праз кіно
Фестываль амерыканскага дакументальнага кіно ўвесну адбыўся ў мінскім кінатэатры “Перамога” не ўпершыню. Праграму “Незнаёмая Амерыка” прадстаўлялі рэжысёр Жан-Мішэль Дысар і прафесар Майкл Рынаў. Паказаная мінчанам дакументалістыка “дала магчымасць незнаёмым людзям абмяркоўваць сур’ёзныя рэчы”. Канцэпцыйна ж яна грунтавалася на тым, каб адрознівацца ад галівудскай прадукцыі — ігравых фільмаў, дзе прадказальна працуюць складнікі поспеху. Раскрыццё асобы ў супрацьстаянні стэрэатыпам — вось што цікавіць аўтараў стужак, знятых у 2012 — 2013 гадах, кожная з якіх мае па некалькіх міжнародных узнагарод.

/i/content/pi/cult/539/11749/13-1.jpg

Няма чаго здымаць?

У стужцы “Я спазнаю Амерыку” як сціснутыя спружыны закладзены некалькі пазіцый, важныя для разумення ўсёй праграмы. Першым “стрэліў” сам жанр: фільм-пераадоленне з незразумелым фіналам, дзе перамогі няма або яна зусім невідавочная. Цягам года Жан-Мішэль Дысар здымаў пяць вучняў Міжнароднай сярэдняй школы ў нью-ёркскім Брукліне — тут ёсць спецыялізацыя для дзяцей-імігрантаў. У ЗША героі стужкі прыехалі з Пакістана, Польшчы, Гватэмалы, Бірмы, Гаіці. Рэжысёр здымаў 1-2 дні на тыдзень у школе і столькі ж — у сем’ях дзяцей. Акрамя паходжання, у іх зусім розныя побытавыя культуры. Вывучаючы ж англійскую мову, яны вучацца жыць у новай рэальнасці.

Ітрат яшчэ носіць хустку, але ўжо збіраецца паступаць у каледж, а не выходзіць замуж. Брэндан 10 гадоў жыў без сям’і, а потым прайшоў пешшу пустыню і перасёк амерыканскую мяжу. Ён кажа, што гэта было для яго прасцей, чым знайсці потым агульную мову з маці. Калі ён не здасць экзамен, яго адлічаць, і ён вымушаны будзе працаваць на кухні. Ды ўвесь фільм ён паўтарае: “Я хачу быць футбалістам”… Рэжысёр лічыць, што ўсе яны героі — моцныя дзеці, упэўненыя ў сабе, бо пераезд стаў для іх пераходам да дарослага жыцця, эксперыментам па стварэнні сябе, тварэннем ідэнтыфікацыі.

Разбурэнне стэрэатыпаў — яшчэ адна базавая пазіцыя праграмы. Ці можа спартсмен-азіят быць баскетбалістам? Аказваецца, не — і гэта жорсткае правіла. Праўда, “лінаманія” ахапіла ЗША, калі Джэрамі Лін закінуў у пяці першых гульнях НБА 2012 больш мячоў, чым які-небудзь іншы гулец сучаснасці. Але “лінаманія” скончылася, і Джэрамі застаўся без кантракта. Аднак гісторыя гэта — не столькі пра спорт і грамадскія асновы, якія ня пахіснуць, а хутчэй — пра рэлігійнае пачуццё, паколькі Джэрамі як мантру паўтарае, што ў Творцы ёсць на яго планы.

Фільм пра Джэрамі атрымаўся вельмі прыгожым, часткова ён зняты ў дзіцячыя гады, часткова — цягам спартыўных матчаў. Выдатная атлетычныя фактура, з масай эмоцый і энергіі. У хлопчыка была забяспечаная сям’я і адказная мама, затым у яго з’явіўся “правільны” трэнер, вучоба ў Гарвардзе, але без веры ўсё гэта мала што значыла. Пік кар’еры — гэта той час, калі два тыдні Лін быў самым вядомым чалавекам Амерыкі. Потым усё сціхла.

Зусім без лакіроўкі

“Талеркі, якія верцяцца” мелі ўсе шанцы стаць гламурным нарысам пра рэстаранны бізнес, але… Чыкагскі “Алінэа” мае тры мішленаўскія зоркі, і гэта — лепшы рэстаран Амерыкі. Вось толькі яго шэф Грант на валасок ад смерці: ён змагаецца з ракам... Атмасферны рэстаран Брайтбахаў у глыбінцы штата Аёва славіцца хатняй кухняй, замовы столікаў тут пачынаюцца за шмат месяцаў да святочных дзён. Сям’я купіла тут зямлю 160 гадоў таму, і рэстаран не нашмат маладзейшы. Усё было б добра — і далей людзі частаваліся б смажанымі куранятамі і яблычным пірагом, — але здарыўся пажар. Маленькая абшчына Болстаўна сабралася і адбудавала месца сустрэч, ды неўзабаве здарыўся другі пажар…

У “Габа” нічога экстрэмальнага не адбылося, гэтае месца проста згалела. Арызона — адносна малады штат на мяжы з Мексікай, таму тут папулярная этнакухня, і сям’я Габа ведае масу незвычайных рэцэптаў. Але яна была вымушана выселіцца з дома, а потым зачыніць рэстаран.

Калі дэсерт у Гранта — амаль кінематограф, то блінцы на сняданак у Габа — мяжа выжывання. Але з нейкай невядомай прычыны гаспадар кажа пра любоў да жонкі і дачкі. Усё навокал бурыцца, а ён любіць сваю сям’ю...

Вобраз жа талерак, якія верцяцца, рэжысёр узяў з мюзікла, дзе гэта стандартны трук: тры талеркі ў розных камбінацыях з рознымі прадметамі круцяцца і павінны быць у раўнавазе. Мабыць, гэта адзіны фільм, у якім ёсць кінематаграфічныя тонкасці: у мантажы, у чаргаванні сюжэтных ліній, музычных тэм.

Куды менш “прыгажосці” ў аўтабіяграфічнай стужцы “Калі я іду”: яе здымае Джэйсан Да Сілва, які пакутуе на рассеяны склероз. Да 25 гадоў ён быў паспяховым маладым рэжысёрам і ўспрымаў свой дыягназ як прыгоду. Але хвароба прагрэсавала, цягам часу стала патрэбна сканцэнтравацца на тым, каб пачысціць зубы, пагаліцца, апрануцца... Цудам стала сустрэча з будучай жонкай Эліс і нараджэнне сына, магчымасць працаваць за камерай і перад ёй. Чаму Джэйсану трэба было распавесці пра сваю хваробу? Ён выбіраў паміж хлуснёй, калі пра цябе кажуць іншыя, і цішынёй — калі нічога не адбываецца. Абраў рызыку зняць фільм самому. Крок за крокам, паварот за паваротам, рух ступні, калена, пэндзля, запаволенне маўлення... Калі станавілася немагчыма, Джэйсан звяртаўся да коміксаў: дзякуючы камп’ютарным тэхналогіям ён займеў кантакты, і яго група ў сацыяльнай сетцы склала карту Нью-Ёрка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Аказваецца, у Амерыцы таксама мала пандусаў і парэнчаў, але шмат бардзюраў, прыступак і вузкіх праходаў. Дык у чым сэнс гэтай барацьбы? Па вялікім рахунку, у тым, што яна працягваецца.

Гісторыя Даяны Наяда — таксама з разраду “бліжэй, чым асабістае”. Яна была паспяховай плаўчыхай, потым зрабіла кар’еру спартыўнага каментатара. З юнацтва марыла перасекчы Фларыдскі праліў і зрабіла гэта — з пятай спробы — у 64 гады! Ідэя была ў тым, каб праплыць 166 кіламетраў без спецыяльнага гідракасцюма (абароны ад акул), паказаць, што жанчыны пасля шасцідзесяці не павінны быць нябачнымі ў грамадстве, а яшчэ тое, што мара — гэта сур’ёзна. Настолькі, што Даяну не спынілі прыступ астмы, пераахалоджанне, апёкі ад медуз, параліч цягліц, непагадзь, млоснасць з-за праглынутай міжволі салёнай вады. Кожны раз яна аднаўлялася, пераадольвала неразуменне, збірала каманду і пачынала спачатку.

***

Прызнаюся, часта я дзівілася ад пытанняў публікі пасля сеансаў. Пра цывілізаваныя краіны і варвараў, пра тое, ці паўсюль робіцца такі настойлівы акцэнт на асобу — яе раскрыццё, сцвярджэнне, узаемадзеянне з іншымі?

“Іншыя” для нас — заўсёды ў вядомым сэнсе варвары. Пытанне ў тым, калі варвар становіцца цывілізаваным чалавекам. А быць цывілізаваным азначае вучыцца жыць з іншымі. Ёсць пэўны прывілей у тым, каб быць іншым, вучыцца ў іншага. Варварства будзе ўзводзіць вакол сябе сцены і межы. Пастаўце замест сцен вокны, і хоць прыгожы выгляд вы ўбачыце не заўсёды, гэта больш цікава”, — прыкладна так прагучаў адказ.

“Ці пайшоў, у рэшце рэшт, па вадзе Джэрэмі Лін?” Смех смехам, але… Фільмы заканчваюцца, а гісторыя іх герояў — не. Каб атрымаць адказы на пытанні пра іх далейшы лёс, прафесар Рынаў прапануе наведаць Сеціва. Напрыклад, стан Джэйсана зараз стабілізаваўся, яго сыну больш за паўтара гады, а сам ён абсалютна здаровы. Думаю, нешта новае, што з’яўляецца ў дакументальным кінематографе дзякуючы Інтэрнэту, — гэта калі праблема актуальная і фільм можа вывесці яе на новы ўзровень асэнсавання, грамадства ўключаецца ў яе рашэнне ў іншым маштабе.

“А што азначаюць словы Брайтбаха, нібыта “поспех — гэта тое, колькі тваіх сяброў ляжаць на могілках?” — было і такое пытанне ад гледачоў. Гаспадар рэстарана традыцыйнай кухні мае на ўвазе сямейныя і супольныя каштоўнасці. Некалькі пакаленняў Брайтбахаў жылі ў адным мястэчку, гадамі сябравалі з такімі ж шматдзетнымі сем’ямі, дапамагаючы адзін аднаму. Паміраючы, кожны як быццам заставаўся ў тым жа, блізкім асяроддзі. З імі развітваюцца, але, у пэўным сэнсе, умоўна. Іх памятаюць, і нават перад прыняццем важных рашэнняў Брайтбах прыходзіць на могілкі раіцца з тымі, хто адышоў у іншы свет, супакойваючыся такім чынам. Гэта жыццё, і яго вынік гаспадар рэстарана лічыць поспехам.

Пасля нечалавечага проціборства Даяны Наяда з водамі Фларыдскага праліва і аповеду пра жорсткія рэчы, з якімі ёй давялося сутыкнуцца ў жыцці, абмеркаванне было даволі доўгім. І раптам адзін глядач, як быццам ён нічога не чуў, пытаецца: а для чаго здымаўся гэты фільм? Жан-Мішэль адказаў: “Хіба вы не зразумелі, гэта ж урокі плавання...”

Любоў ГАЎРЫЛЮК, журналіст, арт-крытык