Драйв у рокавым сугуччы

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Тэхналогія стварэння і правядзення фестывалю
Сёння ціша ля Белай вежы ў Камянцы зменіцца гітарнымі рыфамі ды рокавай імправізацыяй. Дзякуючы энергіі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікалая ГРОМІКА, раён узбагаціўся цікавым маладзёжным праектам “Камянецкі драйв”. Для “К” Мікалай Канстанцінавіч распавёў пра “кухню” і тэхналогію правядзення музычнага форуму, яго першыя крокі, складанасці новай справы і варыянты іх вырашэння.

/i/content/pi/cult/539/11746/12-1.jpg

Падчас мінулагодняга фестывалю.

Ад алебарды да грыфа

— Раней у Камянцы праводзілася Свята сярэднявечнай культуры. Да нас некалькі гадоў запар прыязжала каля 30 рыцарскіх клубаў. Мерапрыемствы ладзіліся, зразумела, ля Белай вежы — лепшай дэкарацыі для далучэння да старонак мінулага не прыдумаеш. Але пры ўсіх спрыяльных умовах, мяне, шчыра кажучы, мучыла думка, што ў нас штосьці ідзе не так, як патрэбна. Калі я патрапіў у Мсціслаў на аналагічнае мерапрыемства, усё стала зразумела. Калегам з Магілёўшчыны сама прырода падаравала шыкоўнае месца, дзе зручна праводзіць шматлюдныя пастановачныя баі, кантраляваць глядацкі натоўп, рэалізоўваць квіткі.

У Камянцы ж справа з прыдатнай тэрыторыяй не настолькі ідэальная. Прынамсі, у нас немагчыма выкарыстоўваць конніцу: няма ёй дзе нават развярнуцца. Паўплывалі на абставіны і рамонтныя працы падчас падрыхтоўкі горада да правядзення абласных “Дажынак”: ля вежы правялі рэканструкцыю плошчы, усталявалі адмысловыя агароджы. Стала відавочным, што наша Свята сярэднявечнай культуры не зможа выйсці на наступную якасную прыступку. Таму пачалі шукаць ідэі, каб новы праект не толькі прагучаў на вобласць, але і стаў асацыявацца менавіта з Камянеччынай.

Я сам музыкант, таму вельмі хацелася рухацца ў гэтым кірунку. Памятаеце, як некалькі дзесяцігоддзяў таму вакальна-інструментальныя ансамблі існавалі амаль у кожным калгасе ды сельскім клубе? На вялікі жаль, усё гэта знікла. Добра, што старшыня Камянецкага райвыканкама Андрэй Пісарык падтрымаў нашу ініцыятыву маладзёжнага музычнага форуму.

На чым рытм трымаць будзем?

— Мы разумелі, што для новай справы неабходна прафесійная апаратура, таму перш-наперш пачалі рыхтаваць тэхнічны бок мерапрыемства. На пазабюджэтныя грошы закупілі мікрафоны, маніторныя лініі, мультыкар… Імкнуліся пры магчымасці ўзбуйняць нашы запасы прафесійнага абсталявання, на якім не сорамна будзе працаваць пачаткоўцам і знакамітым калектывам. Спецыяльна падбіралі моцную тэхніку, бо “Камянецкі драйв” адразу задумваўся менавіта як open-air.

І вось тры гады таму запусцілі, што называецца, пробны камень: запрасілі ў Камянец некалькі гуртоў, каб распаліць у жыхароў раёна інтарэс да новага фармату масавых мерапрыемстваў. Тады яшчэ ў форуму нават назвы не было. Проста “абкатвалі” праграму, каб зразумець нашы магчымасці і вывучыць патрабаванні публікі.

У такт з моладдзю

— У 2014 годзе стартаваў новы праект аддзела. Дарэчы, з назвай форуму прыйшлося доўга ламаць галаву. Калектыўна вырашылі, што менавіта ў слове “драйв” адчуваецца рух наперад, бачыцца маладзёжны кірунак. У лагатыпе ж мы не маглі абысці сімвал нашага раёна, таму гітара месціцца на фоне Белай вежы. Таксама наш аддзел распрацаваў макет сувенірнага падарунку для кожнага з калектываў-удзельнікаў.

На плакатах пазначана: “маладзёжны праект”. Так, мы не замахваліся на фестываль. На маю думку, праект — больш жывая, гнуткая канструкцыя, у яго на любым этапе можна ўносіць змяненні. А мы ж толькі пачынаем — карэктыроўкі непазбежныя. Прынамсі, сёлета мы вырашылі ўвесці элемент невялікага спаборніцва: па колькасці выступоўцаў будуць падрыхтаваны адмысловыя ўрны для галасавання. Уладальнік прызу глядацкіх сімпатый атрымае добрую акустычную гітару і выступіць на другі дзень фэсту разам з хэдлайнерамі — гуртом “Apple Tea” (дарэчы, іх лідар Ігар Сацэвіч — наш зямляк!). Наступным летам спадзяюся ўвесці ў рэгламент абавязковае выкананне кампазіцыі на беларускай мове.

Няма славы на гарышчы

— Канешне, каб даць штуршок мерапрыемству, прывабіць больш гледачоў і адразу заявіць пэўную якасную планку, мы звярнуліся па дапамогу да такіх раскручаных гуртоў, як “Дразды” і “J:Mors”. Але я не стаўлю за мэту прывезці на Камянеччыну як мага больш “зорак”: гэта быў бы ўжо не праект, а канцэрт. У першую чаргу, хочацца дапамагчы айчынным гуртам-пачаткоўцам. Тым, хто сёння репеціруе ў падвалах, на гарышчах, у непрыстасаваных будынках. Магчыма, сярод іх будучыя “Бі-2” ці “Начныя снайперы”, але яны не маюць добрай апаратуры, ім бракуе выступаў не толькі перад сябрамі, а на сапраўднай сцэне перад натоўпам слухачоў.

Як часцяком праводзіцца афіцыйны канцэрт? Каб не было “шурпатасцей” і арганізатары спалі спакойна, запісваецца “плюс”. Я ж люблю, калі музыка натуральная. Няхай ў пачаткоўцаў не ўсё адшліфавана і гладка, як хацелася б. Але чалавек выйшаў і сыграў настолькі магутна, наколькі ў яго стае таленту і майстэрства. У нас ўсё празрыста!

Даём магчымасць усім ахвотным з любога куточка Беларусі прыехаць у Камянец і выступіць на крытай эстрадзе ў нашым парку. Акрамя ўласных інструментаў ім нічога не трэба везці: усе тэхнічныя пытанні ў нас цалкам закрыты. Запрошанай камандзе даецца 15 хвілін на саўд-чэк на добра абсталяванай пляцоўцы і пасля — 45 хвілін для музычнага самавыяўлення. Дарэчы, не абмяжоўваем па жанры выступоўцаў: са сцэны можа гучаць рок-н-рол, хэві-мэтал, цяжкі рок ці авангард. Сэнс у тым, што гэта павіна быць толькі жывая музыка.

Фанатаў ногі выратоўваюць?

— Камянец знаходзіцца не так далёка ад Брэста, таму моладзь абласнога цэнтра таксама з’яўляецца нашай мэтавай аўдыторыяй. На першым фэсце мы не ўлічылі транспартны фактар: аказалася, што пасля 19-й гадзіны ў той дзень выбрацца з Камянца было ўжо немагчыма. Сёлета мы выпраўляем недарэчнасць: пасля заканчэння ўсіх суботніх мерапрыемстваў (у нас запланавана нават дыскатэка для ўдзельнікаў і прыхільнікаў форуму) кожны ахвотны зможа, аплаціўшы білет на аўтобус, даехаць да Брэста. Гэта мы ўжо ўзгаднілі з камянецкім філіялам аўтапарка № 9. Ёсць дамовы і з мясцовымі органамі аховы парадку. Спачатку міліцыя крыху недаверліва аднеслася да фэсту, але летась усё прайшло без эксцэсаў.

Талакой ды з падтрымкай

— Мы не закладваем вялікіх грошай на гэта мерапрыемства, разумеючы: “лішніх” радкоў у бюджэце сёння няма. Імкнёмся зацікавіць спонсараў. Летась нам дапамагалі “Белавежскія сыры”. Заўсёды падтрымлівае нашу раённую культуру прыватнае прадпрыемства на чале з Анатолем Мартысюком, не адмаўляе цікавым ініцыятывам Юрый Мароз і акцыянернае таварыства “Белавежскі”. Друкаваную прадукцыю вырабляем дзякуючы сайту Tomin.by. Прапануем стаць сузаснавальнікам мерапрыемства аднаму з дзяржаўных банкаў краіны. Але мы не хочам быць нахлебнікамі, таму ўзамен прапануем ладзіць бясплатна для іх канцэрты, карпаратывы.

Дарэчы, уваход на фэст у нас платны. Кошт білета на два дні — 50 тысяч рублёў, на адзін — 30 тысяч, дзеці да 10 гадоў праходзяць дарма. Мяркую, гэта не тыя сумы, што адштурхнуць патэнцыйных гледачоў. Трэба разумець, што мы нясём выдаткі — і немалыя. Прынамсі, летась выступленне ледзь не сарваў трапічны лівень, з-за якога выйшла са строю апаратура. Рамонт абышоўся нам у круглую суму. На праекце ж мы яшчэ не зарабляем, пакуль толькі укладаючы пазабюджэтныя сродкі ў яго раскрутку.

Гасцёўня з размахам

— Я мару, каб на “Камянецкі драйв” людзі прыязджалі на два дні, ставілі ў парку палаткі — як тое робіцца ў Польшчы. Пад гэту справу можна будзе задзейнічаць стадыён. Спецыфічная музычная тусоўка зможа дадаткова прынесці неблагі эканамічны эфект раёну. Мы размяшчаем афішы мерапрыемтства ў Сеціве, просім удзельнікаў змяшчаць спасылку на нас на ўласных сайтах і старонках у сацыяльных сетках. Да нас ужо просяцца з Кіева, Калінінграда, гарадоў Польшчы. Упэўнены, геаграфія форуму будзе пашырацца.

Магчыма, хтосьці з удзельнікаў “Камянецкага драйва” праб’ецца на вялікую сцэну. Будзе прыемна, што яны пачыналі менавіта ў нас. Творчым людзям неабходна даваць шанс. Мы запалілі маленькі агенчык, каб тыя, хто зможа, накіроўваліся на яго.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"